Узгадаць пра зніклых: Дзмітрый Завадскі

Амаль трынаццаць год таму невядомымі быў скрадзены журналіст Дзмітрый Завадскі. Ужо прайшоў і суд, нібыта вінаватыя ў злачынстве адбываюць пакаранне. Але дагэтуль не вядома, ці сапраўды асудзілі забойцаў.



Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ і былы асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі, бясследна знік 7 ліпеня 2000 года


Галоўнае, чаго не можа дамагчыся следства, — знайсці цела журналіста. Таму Дзмітрыя і ўзгадваюць у кампаніі з іншымі зніклымі ў Беларусі. Вечар памяці Дзмітрыя Завадскага прайшоў 21 мая ў межах кампаніі «Мы памятаем» аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Мерапрыемства планавалася правесці традыцыйна — 16 траўня, у Дзень салідарнасці з палітвязнямі і сваякамі зніклых, аднак па просьбе сваякоў было перанесена.

Адкрываючы вечарыну, Марына Хоміч, старшыня «Маладых хрысціянскіх дэмакратаў», адзначыла, што ў 2015 годзе, са сканчэннем тэрміну даўніны расследавання, справа Завадскага будзе спісаная ў архіў, і «знікне там, як знік Дзмітрый Завадскі». «Але наша задача — памятаць. Таму што імёны зніклых у Беларусі павінны гучаць нават пасля таго, як мы ўрэшце даведаемся праўду аб гэтых знікненнях. Таму што Завадскі, Ганчар, Красоўскі, Захаранка — гэта не проста зніклыя, гэта ўжо наша гісторыя", — заявіла Хоміч.

Зразумела, на сустрэчы прысутнічалі і былая жонка Дзмітрыя Завадзкага Святлана, і маці Дзмітрыя Вольга Рыгораўна. Па словах Святланы Завадскай, улады ўпарта маўчаць, што ж насамрэч здарылася з Дзмітрыем і пра тое, як яны шукаюць цела журналіста, прызнанага забітым. Яна адзначыла, што справа Завадскага была прыпынена пракуратурай у 2006 годзе. «Ніхто не працуе са справай, нам толькі рэгулярна прыходзяць адпіскі аб тым, што вядуцца нейкія вышуковыя мерапрыемствы. Але якія мерапрыемствы — нам не паведамляюць, гавораць, што нам пра гэта паведамяць, калі будзе мэтазгодна», — сказала Святлана.

Вядома, адзначыла Святлана, многае было зроблена і дэмакратычнай грамадскасцю, і беларускімі палітыкамі, і еўрапейскімі структурамі, і калегамі-журналістамі для таго, каб гэтая справа працягвала расследавацца і не была забытая. «Аднак усяго гэтага аказалася недастаткова. Мы б хацелі, каб былі вынікі расследавання. Незразумела, няўжо не хапіла нашай уладзе 13 гадоў, каб даць адказ нам на пытанне, дзе Дзіма?» — заўважыла Святлана.

Маці Дзмітрыя, Вольга Завадская, са шкадаваннем адзначыла, што на сустрэчу не прыйшлі праваабаронцы. Яна хацела б больш пагаварыць пра тое, што яшчэ можна зрабіць для таго, каб справа яе сына не была пакладзена ў архіў.

У тое, што па справе Дзмітрыя Завадскага адбываюць пакаранне сапраўдныя злачынцы, яна не верыць. Яна не верыць і ў тое, што матывам выкрадання Дзмітрыя было ягонае «чачэнскае інтэрв’ю», дзе ён расказваў, што падчас вайны ў Чачні на баку чачэнцаў ваявалі супрацоўнікі беларускіх спецпадраздзяленняў. Па афіцыйнай версіі следства, супрацоўнік спецпадраздзялення «Алмаз» Валер Ігнатовіч адпомсціў Дзмітрыю Завадскаму за гэта інтэрв’ю, пазнаўшы ў «баевіку» сябе.

Але ж, адзначае Вольга Рыгораўна, Дзмітрый Завадскі не называў у інтэрв’ю ніякіх прозвішчаў. «Ігнатовіч, вядома, мярзотнік. У мяне няма сумненняў у тым, што ён быў здольны забіць, абрабаваць кагосьці. Аднак я вельмі сумняваюся ў тым, што ён адпомсціў Дзмітрыю. Дзмітрый не называў ніякіх прозвішчаў у сваім інтэрв'ю, Ігнатовіча як беларускага найміта паказаў тэлеканал НТВ. Акрамя таго, Дзмітрый пасля працы часцяком ездзіў зусім адзін рыбачыць на Мінскае мора. І, каб адпомсціць, Ігнатовічу не трэба было рабіць гэты цырк з выкраданнем і гэтак далей», — кажа Вольга Завадская.

Не атрымалі адказаў падчас суду і пытанні, хто і як сачыў за Дзмітрыем Завадскім перад выкраданнем — сведкі ж узгадвалі падазроных людзей і падазроныя машыны. Відавочна, што тут была большая арганізацыя, чым Ігнатовіч з сябрамі.

Таму справа і патрабуе дадатковага расследавання. Але на яе забываюцца. І забываюцца, на жаль, не толькі беларускія следчыя.

Лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які шмат разоў арганізоўваў акцыі-напаміны пра зніклых, зазначыў, што еўрапейскія структуры, можа быць, дзякуючы самой апазіцыі, неяк забыліся пра справы зніклых. Прынамсі, адзначыў Лябедзька, у апошнім дакладзе АБСЕ па сітуацыі ў Беларусі пра зніклых не згадвалася. Як прызнавалі сваякі Дзмітрыя і прысутныя, ведаюць усе: і беларускія палітыкі, і еўрапейскія, і расійскія — аж да Пуціна. Аднак у нейкія моманты яго знікненне, як і знікненне іншых людзей, проста «забываецца».

Лябедзька прапанаваў стварыць своеасаблівы грамадскі трыбунал. «Кажуць, што справы спішуць у архіў. Нам трэба ў прынцыпе падняць гэтае пытанне на новую ступень. Няхай грамадскі трыбунал не будзе мець нейкі юрыдычнай сілы, але ў нас будзе нейкае хаця б экспертнае заключэнне юрыстаў, праваабаронцаў, следчых, каб у выніку такога заключэння справа была адразу ж перададзена ў суд», — адзначыў Лябедзька.

Лябедзька, заявіў, што, нягледзячы на ўсё, ён з’яўляецца аптымістам. «Беларусы могуць дараваць уладзе ўсё: дрэнную эканоміку, нядбайнае кіраванне краінай, можа быць, нават злоўжыванне ўладай. Аднаго яны не даруюць ніколі: забойстваў. Забойстваў палітычных апанентаў і Дзмітрыя Завадскага. І ў нас ёсць і станоўчы прыклад Украіны, калі за забойства журналіста Георгія Гангадзэ адказалі не толькі выканаўцы, але і заказчыкі забойства», — адзначыў Лябедзька.

Калега Дзмітрыя Завадскага Ірына Халіп таксама ўзяла на сябе частку адказнасці за «правалы ў памяці». «Добра гэта ці дрэнна, але, дзякуючы майму становішчу, я шмат размаўляю з еўрапейскімі палітыкамі і журналістамі. І таксама кажу, у асноўным пра палітвязняў. Але я неяк не ўспамінаю пра зніклых. Гэты парадокс «кароткай памяці» нам таксама трэба зжываць. Каб усе памяталі, з чаго, уласна, пачыналася наша дыктатура — з выкрадання і забойства людзей», — адзначыла Халіп.

Пасля гэтага гутарка перайшла ў тое рэчышча, якога дамагаліся сваякі Дзмітрыя: пачалося абмеркаванне таго, што надалей можна зрабіць. Каб справа Завадскага працягнула быць калі не ў цэнтры, дык, прынамсі, ва ўвазе як беларускай, так і міжнароднай грамадскасці. Вядома, на гэтай сустрэчы не прымалася ніякіх рашэнняў. Людзі проста абмеркавалі, што яны могуць зрабіць для таго, каб справа не была здадзена ў архіў. Прапаноўвалася звярнуцца да расійскага Першага канала, штатным супрацоўнікам якога быў Дзмітрый Завадскі, каб яны там, у сябе, паспрабавалі распачаць справу па знікненні Завадскага. Як адзначыла Святлана Завадская, да гэтага часу Першы канал дапамагае ёй, і не забыў ні пра Дзмітрыя, ні пра яе.

Прынамсі, адзін вынік гэтай сустрэчы будзе. Можна будзе разлічваць, што тэма зніклых зноў будзе паднятая ў еўрапейскіх структурах. У бліжэйшы час Лябедзька павінен паехаць на пасяджэнне «Еўранэста» ў Брусэль. Можа быць, ён нагадае еўрачыноўнікам, з чаго пачыналася дыктатура, і што гэтыя справы — зусім не скончаныя...

Нагадаем, Дзмітрый Завадскі, аператар расійскага тэлеканала ОРТ і былы асабісты аператар Аляксандра Лукашэнкі, бясследна знік 7 ліпеня 2000 года. Справу аб выкраданні журналіста некалькі разоў прыпынялася пракуратурай. У апошні раз — у 2006 годзе з фармулёўкай «у сувязі з неадшуканнем без вестак зніклай асобы». У тым жа годзе генеральны пракурор Беларусі Пётр Міклашэвіч паведаміў на прэс-канферэнцыі, што «ў цяперашні час месцазнаходжанне Завадскага не ўстаноўлена, але пракуратура Беларусі працягвае яго пошук».

Каментаваць