Ваенны ў цывільным: Віктар Шэйман

Віктар Шэйман 26 мая адзначае шасцідзясяты год нараджэння. Для яго самы час падвесці пэўныя вынікі, а для нас — прасачыць эвалюцыю асобы ад звычайнага вайскоўца да чалавека, які шмат гадоў быў «нумарам два» ў краіне.


Пра гэтага чалавека з такім нетыповым для Беларусі прозвішчам напісана шмат. Як толькі Віктар Шэйман святкаваў чарговы юбілей, атрымоўваў ці страчваў пасаду, вылятаў у Венесуэлу ці Зімбабвэ, альбо быў замешаны ў нейкім скандале, недзяржаўная прэса з прэтэнзіяй на сенсацыю адразу ж кідалася смакаваць факты. Некаторыя з іх былі цікавыя, іншыя — фантастычныя і неверагодныя, якія маглі быць прыняты толькі пасля дакладнай праверкі. Шэйман — прадстаўнік таго пакалення, якое ўслед за Лукашэнкам адносна лёгка ў тым далёкім 1994 годзе прыйшло да ўлады і больш ад гэтай улады адмаўляцца ні ў якім разе не жадала


Як прабіўся?

Новы 1990-ы і наступіўшае дзясяцігоддзе не абяцалі 31-гадоваму дэсантніку-афганцу, жыхару Паўднёвага гарадка Брэста Віце Шэйману нічога экстраардынарнага. Маёр, уладальнік ордэна Чырвонай Зоркі і медаля «За адвагу», добры сем’янін, бацька сына і дачкі. І хаця Шэйман атрымліваў гарантаваны заробак, раз-пораз у галаву заляталі трывожныя думкі: што будзе далей? Савецкі Саюз трашчаў па ўсіх швах, і Шэймана, як мільёнаў вайскоцаў, не мог не турбаваць далейшы лёс. Аднак дапамагла падзея, якая закранула ўсіх: выбары ў Вярхоўны Савет Беларусі 12 склікання, прызначаныя на 4 сакавіка 1990 года. Шэйман памятаў леташнія выбары народных дэпутатаў СССР і толькі дзівіўся таму, як простыя працоўныя ці служачыя лёгка перамагалі партыйных бонзаў і высокіх чыноўнікаў, атрымлівалі агульнасаюзную вядомасць.

Шэйман палічыў, што ён не горш за іншых, вырашыў спаймаць птушку шчасця. А раптам? І вось ў адным з лютаўскіх нумароў газеты «Заря» — органа Брэсцкага абкаму і гаркаму КПБ жыхары горада над Бугам змаглі даведацца, што па Брэсцкай-Паўднёвай выбарчай акрузе №105 сярод васьмі кандыдатаў зарэгістраваны ваеннаслужачы вайсковай часткі №92616 Віктар Уладзіміравіч Шэйман. З уліковай карткі кандыдата можна даведаца, што беларус Шэйман (ураджэнец Гродзенскай вобласці — аўт.) атрымаў адукацыю інжынера па эксплуатацыі гусенічнай і колавай тэхнікі ў богам забытым расійскім Благавешчанскім вышэйшым танкавым вучылішчы. У архіве захавался напісаная цвёрдым, амаль каліграфічным почаркам заява Шэймана аб згодзе балатавацца кандыдатам у дэпутаты.


На фоне астатніх кандыдатаў будучы ўсемагутны сакратар Савета бяспекі, Генеральны пракурор і кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі выглядаў даволі сціпла. Усе яго супернікі (некаторыя, праўда, былі шмат старэйшыя за Шэймана) займалі добрыя пасады. Гэта і начальнік базы эксплуатацыі радыётэхналагічнага абсталявання сувязі аэрапорта Брэста, і дацэнт кафедры праблем сацыялізму Брэсцкага палітэхнічнага інстытута, і галоўны ўрач Брэсцкай абласной бальніцы, і начальнік тэхбюро завода «Цветотрон», і начальнік эксперыментальна-канструктарскага бюро машынабудаўнічага вытворчага аб’яднання Брэста, і вядучы інжынер Брэсцкага машынабудаўнічага аб’яднання.


На агульнасавецкае ваеннае свята 23 лютага «Заря» апублікавала перадвыбарчыя праграмы ўсіх кандыдатаў па акрузе №105. Віктар Шэйман прапаноўваў: рэальны суверэнітэт Беларусі ў межах агульнасавецкай абноўленай федэрацыі, дакладнае размежаванне паўнамоцтваў партыйных і савецкіх органаў, істотную эканамічную самастойнасць прадпрыемстваў, падвышэнне жыццёвага ўзроўню і пашырэнне правоў чалавека, «снятие тайны с Чернобыльской катастрофы» і стварэнне ў Беларусі Камітэта па радыётэхнічным кантролі. Звычайная, папулярная па тых мерках праграма, пад якой падпісаўся бы любы. Іншыя праграмы былі больш рашучыя: прыватная ўласнасць, адраджэнне культуры, гісторыі і мовы, ліквідацыя знакамітага шостага артыкула савецкай Канстытуцыі, свабода веравызнання і інш.

Па выніках выбараў 4 сакавіка 1990 года 3669 выбаршчыкаў (з 18113, якія прынялі ўдзел у галасаванні) падтрымалі Шэймана, што дало яму права ўдзельнічаць у другім туры. І тут трэба зрабіць важнае адступленне. З нагоды прызначэння Шэймана дарадцам Лукашэнкі па асобых даручэннях у пачатку студзеня 2013 года ў «Нашай ніве» з’явілася публікацыя Міколы Бугая пра пяць фактаў пра Віктара Уладзіміравіча. Там гаварылася, што на парламенцкіх выбарах 1990 года Шэйман перамог тэатральнага рэжысёра Рыгора Бакіевіча, кіраўніка рэгіянальнай структуры БНФ.

Аднак чалавек з прозвішчам Бакіевіч увоголе не значыцца ў спісе кандыдатаў па акрузе Шэймана, як і ўвогуле ў Брэсце ў 1990 годзе. У другі тур разам з апошнім выйшаў вядучы інжынер Брэсцкага машынабудаўнічага аб’яднання Адам Ярмоліч. 18 сакавіка 1990 года Шэйману даверылі мандат 8654 выбаршчыкў з 15242, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Чым падкупіў выбаршчыкаў Шэйман? Напэўна, вайсковай стрыманасцю, асцярожнасцю. Нават у праграме адчувалася, што Шэйман пазбягае громкіх словаў і пафасу.

Сваю ролю адыгралі і аб’ектыўныя фактары. Выбарчая акруга Шэймана была невялікай (напрыклад, Шклоўская выбарчая акруга №310 Аляксандра Лукашэнкі налічвала больш за 30 тыс. жыхароў) і складалася з пэўнай колькасці вайскоўцаў.

Прафесійны народны абраннік


Дэпутацтва Віктара Шэймана з мая 1990 года па верасень 1994-га — цікавая старонка гэтага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча. І аднолькава складаная ў тым, што Шэйман усяляк пазбягаў публічнасці, даваў даволі рэдкія інтэрв’ю і амаль не выступаў перад мікрафонам. У якасці першага зафіксаванага выступу Шэймана ў Вярхоўным Савеце можна пазначыць 22 чэрвеня 1990 года. Тады Шэйман унёс прапанову аб стварэнні часовай камісіі па справах частак і фармаванняў Узброеных Сіл СССР на тэрыторыі Беларусі. Аднак гэта прапанова падтрымкі не мела. 29 чэрвеня 1990 года Шэйман становіцца членам часовай камісіі Вярхоўнага Савета па прывілеях (кіраўнік — Іван Герасюк). У тую ж камісію ўступілі будучыя ўплывовыя лукашэнкаўскія атачэнцы Іван Ціцянкоў і Леанід Сініцын.

У чэрвені 1990 года Шэйман даў інтэрв’ю «Заре» і падзяліўся ўражаннямі ад першых дзён працы парламента. У вочы кідаецца традыцыйная шэйманаўская рыса пазбягаць рэзкіх, асабліва персанальных ацэнак. Напрыклад, на пытанне журналіста, ці падцвердзіў сваю дзеяздольнасць Вярхоўны Савет, Шэйман адказаў адназначна станоўча: маўляў, мы абралі старшыню, прэзідыум і пастаянныя камісіі. Гэтым ён кардынальна адрозніваўся ад эмацыянальнага Аляксандра Лукашэнкі, які ў інтэрв’ю шклоўскаму выданню «Ударны фронт» летам 1990 года гнеўна прайшоўся і па Вярхоўным Савеце, і па ягоным старшыні — Мікалаю Дземянцею.

У якасці дэпутата Шэйман спакойна ставіўся да нацыянальнай ідэі. На нечарговай пятай сесіі парламента 24-25 жніўня 1991 года Шэйман станоўча галасаваў за ўсе законапраекты, якія заклалі аснову незалежнай Беларусі, у першую чаргу, за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закона (Лукашэнка тады адсутнічаў), а таксама, у адрозненне, напрыклад, ад Ціцянкова, за выключэнне з парадку дня пытання аб заключэнні новага Саюзнага дагавора. 19 верасня 1991 года Шэйман галасуе за бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» ў якасці дзяржаўных сімвалаў.

У пачатку 1992 года Віктар Шэйман, атрымаўшы падпалкоўніка, канчаткова робіць свой выбар на карысць парламента. 15 студзеня пастановай Вярхоўнага Савета ён уводзіцца ў склад камісіі па пытаннях нацыянальнай бяспекі, абароны і барацьбы са злачыннасцю (кіраўнік — Мечыслаў Грыб) на прафесійнай аснове, а ўжо 20 сакавіка таго ж года прызначаецця яе сакратаром. З гэтага часу жыццё Віктара Шэймана непарыўна звязана з Вярхоўным Саветам. 19 мая 1992 года ён уваходзіць у рабочую групу Вярхоўнага Савета для міжпарламенцкай беларуска-літоўскай камісіі. 19 чэрвеня 1992 года прызначаецца намеснікам камісіі пры прэзідыуме Вярхоўнага Савета па забеспячэнні адзінай палітыкі выкарыстання дзяржаўных сімвалаў. У Нацыянальным архіве захаваліся стэнаграмы паседжанняў камісіі. Напрыклад, 23 лістапада 1992 года камісія адмовілася зацвярджаць пяціканцовую зорку ў якасці знакаў адрознення афіцэрскага складу. 17 мая 1993 года Шэйман у складзе дэлегацыі накіроўваецца на трэцяе пленарнае паседжанне Міжпарламенцкай асамблеі краін-удзельніц СНД. Пры галасаванні падтрымлівае парламенцкую большасць па ўсіх прынцыповых пытаннях.


Аднак праблемы ўсіх парламентаў у тым, што іх паўнамоцтвы рана ці позна сканчаюцца. Віктар Шэйман шукаў, на каго б паставіць і атрымаць дывідэнды. Спачатку гэта было Беларускае згуртаванне вайскоўцаў (БЗВ), якое ўтварылася на чале з падпалкоўнікам Мікалаем Статкевічам увосень 1991 года. Шэйман становіцца членам згуртавання і інфармуе астатніх аб дзейнасці Вярхоўнага Савета. Членства Шэймана ў БЗВ распісаць вельмі цяжка з-за адсутнасці шырокага кола крыніц, аднак у фондах Нацыянальнага архіва ў матэрыялах «Славянскага Сабора Белая Русь» маецца дакумент: адмова падтрымаць Аляксандра Лукашэнку ў якасці кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 1994 года. Адна з прычын тычылася членства Шэймана ў БЗВ. Хаця Шэйман дыстанцуецца ад гэтай арганізацыі ў 1993 годзе. Прычына ў тым, што тагачасны міністр абароны Казлоўскі абвясціў барацьбу з палітычнымі рухамі ў арміі. Вясной 1993 года з Узброеных Сілаў быў звольнены Статкевіч і самастойна сышоў Сяргей Гайдукевіч. Таму Шэйман вырашыў не рызыкаваць, тым больш, што на гарызонце намалявалася новая перспектыва ў асобе дэпутата Аляксандра Лукашэнкі.

Паварот да Лукашэнкі


Пасля даклада Лукашэнкі 14 снежня 1993 года па выніках працы часовай камісіі па вывучэнні камерцыйных структур пры рэспубліканскіх і мясцовых органах улады і кіравання папулярнасць апошняга рэзка пайшла ўгару. Вакол яго пачынае фармавацца кола пэўных (у тым ліку і Шэйман), аднак абсалютна розных асобаў, мэта якіх палягала ў тым, каб прывесці гэтага дэпутата да ўлады. Пасля прыняцця Канстытуцыі 15 сакавіка 1994 года гэта было рэальна.

Пад ціскам кіраўніка ўрада Вячаслава Кебіча, які бачыў сябе ў прэзідэнцкім крэсле, Вярхоўны Савет у пачатку красавіка 1994 года абвясціў, што часовая камісія Лукашэнкі выканала сваю задачу, а таму спыняе дзейнасць. Аднак на нечарговай 14 сесіі Вярхоўнага Савета 12 склікання, якая была прысвечана абранню членаў Канстытуцыйнага Суда, Лукашэнка і ягоныя паплечнікі зрабілі спробу аднавіць дзейнасць камісіі. Адмысловую заяву зрабіў менавіта Шэйман, скончыўшы яе такімі словамі: «Мужество потребуется Лукашенко, чтобы доказать свою порядочность». Аднак праца камісіі так і не была адноўлена і Шэйман разам з Лукашэнкам заглыбіліся ў перадвыбарчую барацьбу.

У пачатку чэрвеня 1994 года Шэйман разам з народнымі дэпутатамі Іванам Ціцянковым, Анатолем Лябедзькам, Віктарам Кучынскім і Дзмітрыем Булахавым афіцыйны звярнуўся да кіраўніка Дзяржтэлерадыё Сталярова ў сувязі з закрыццём недзяржаўных радыёстанцый «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная», якія дазвалялі вострую крытыку палітыкі Кебіча. Закрыццё радыёстанцый афіцыйна тлумачылася як рэарганізацыя Дзяржтэлерадыё, аднак відавочнай была палічычная падаплёка. У звароце дэпутатаў ультыматыўна заяўлялася, што калі радыёстанцыі не будуць адноўлены ў эфіры, то парламентарыі ініцыююць збор подпісаў за адстаўку Сталярова.


«Ліёзненскі інцыдэнт»

16 чэрвеня 1994 года радзіма Марка Шагала і невялічкі райцэнтр Віцебскай вобласці назаўсёды ўвайшлі ў найноўшую гісторыю Беларусі. А 24 гадзіне недалёка ад гарадка нібыта адбыўся стрэл па аўтамабіле «Мэрсэдэс», у якім ехаў кандыдат у прэідэнты Лукашэнка і ягоныя давераныя асобы. Машына 1981 года выпуску, у якой знаходзіўся і Шэйман, належала Ціцянкову. Іван Іванавіч ужо даўно забыўся на дэпутацкую дзейнасць і актыўна штурмаваў вяршыні бізнесу.

Пацярпелыя звярнуліся ў міліцыю і паказалі кулявую прабоіну ў левых задніх дзвярах. Экспертыза паказала, што стрэл быў зроблены з пісталета-аўтамата Сцечкіна калібра 7,65, які мог быць толькі ў праваахоўнікаў альбо ў кадравых ваенных. У цэлым вынікі экспертызы былі не на руку Лукашэнку: такая прабоіна, сцвярджалі спецыялісты, магла з’явіцца толькі тады, калі машына не рухалася. Праваахоўнікаў таксама бянтэжыў факт, што пацярпелыя звярнуліся да іх толькі раніцай.

Неўзабаве КДБ праз СМІ заявіў, што замаху на жыццё Лукашэнкі не было, што гэта, хутчэй за ўсё, інсцэніроўка: маюцца сур’ёзныя разыходжанні паміж вынікамі следчага эксперымента і паказаннямі пацярпелых.

Неўзабаве Кебіч паведаміў, што арганізатарамі замаху былі Ганчар і Булахаў, якія жадалі атрымаць пасады ва ўрадзе, але ім адмовілі.

Тое, што «ліёзненскі інцыдэнт» аказаўся пшыкам, пацвердзіў старшыня КДБ Уладзімір Ягораў, выступаючы перад Вярхоўным Саветам 23 сакавіка 1995 года: «Никакой конкретики. Одни общие фразы».

Генеральны пракурор Васіль Капітан, адказваючы 19 чэрвеня 1996 года на пытанне дэпутата Генадзя Карпенкі Два года назад стреляли в нашего «батьку». Как идёт дело?»), заявіў: «Дело приостановлено, так как не нашли стрелявших людей».

Аднак «дело» мела вынікі. У першым туры 23 чэрвеня 1994 года Лукашэнка атрымаў у Ліёзненскім раёне 93% галасоў. Ліёзна саступіла толькі вотчыне будучага прэзідэнта — Шклову (96%).

А тое, што ў яго стралялі сапраўды, Лукашэнка, здаецца, паверыў ужо сам. 16 снежня 2010 года (за тры дні да Плошчы) беларускі кіраўнік на сустрэчы з журналістамі падчас наведвання адноўленага замкавага комплекса ў г.п. Мір Гродзенскай вобласці заўважыў: «Скорей всего, припугнуть хотели, если бы хотели убить, то убили бы».

Аналітыкі і эксперты ў адзін голас сцвярджалі, што Ліёзна — справа рук Шэймана. Пра гэта публічна заяўлялі Сяргей Антончык і Віктар Ганчар, які вінаваціў Шэймана яшчэ ў тым, што той праслухоўвае тэлефонныя размовы праціўнікаў Лукашэнкі. Шэйман старанна адмоўчваўся.

Улада? Улада! Улада…

Стаўшы кіраўніком дзяржавы, Лукашэнка прызначыў свайго таварыша дзяржаўным сакратаром Савета бяспекі і надзяліў гэты орган (шмат у чым дэкаратыўны пры Шушкевічы-Кебічы) самымі істотнымі паўнамоцтвамі. І тут Віктар Шэйман, напэўна, першы раз усвядоміў, якой улады і якіх магчымасцяў ён, былы сціплы вайсковец з сумнеўнымі перспектывамі, дасягнуў.


З імклівай энэргіяй Віктар Шэйман стаў уладкоўваць сваё ведамства. Аб апетытах Віктара Уладзіміравіча сведчыць, напрыклад, дакумент ад 26 снежня 1994 года, які ўжо публікаваў «Новы час» — просьба выдаткаваць для Дзяржаўнага цэнтра бяспекі інфармацыі пры Савеце бяспекі на 1995 год ажно 3 млрд. 580 млн. руб.

Шэйман стаў адным з фігурантаў даклада дэпутата ад БНФ Сяргея Антончыка ад 20 снежня 1994 года. Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што Антончык не змог прад’явіць Шэйману які-небудзь фінансавых абвінавачванняў. А вось пра што пытаўся Антончык 20 снежня 1994 года: «Почему Шейман получил должность полковника? Академического звания не имеет, как Наполеон, больших сражений не выигрывал, за исключением лиозненской битвы». Спецыяльная камісія, якая правярала факты з даклада Антончыка, адказала, што датэрміновае званне палкоўніка — законнае, бо спецыяльным прэзідэнцкім указам пасада дзяржсакратара Савета бяспекі прыраўнена да міністра абароны.

Нягледзячы на ўсё, Шэйман працуе. Ён курыруе самыя важныя палітычныя праекты Лукашэнкі: выбары і рэферэндумы. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года Шэйман становіцца кіраўніком перадвыбарчага штаба Лукашэнкі. Свае асобыя адносіны да Шэймана Лукашэнка падцвердзіў ва ўказе №175 ад 20 сакавіка 2006 года аб прызначэнні Віктара дзяржсакратаром Савета бяспекі — усяго праз дзень пасля выбараў. Хаця, як вядома, такія ўказы павінны падпісвацца толькі пасля афіцыйнага ўступлення на пасаду.


Шэйман таксама пачаў палітыку ліквідацыі найбольш уплывовых паплечнікаў Лукашэнкі. У снежні 1994 года ў адстаўку сышоў віцэ-прэм’ер Віктар Ганчар, у кастрычніку 1995 года — міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, які пасля публічна вінаваціў Шэймана ў сувязях з чачэнскай мафіяй. У снежні 1999 года Шэйману ўдалося перамагчы галоўнага канкурэнта за блізкасць да «цела» Івана Ціцянкова — кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта. Апошні напісаў заяву па асабістым жаданні. Здаецца, і самому Лукашэнку ўжо надакучыў жулікаваты Ваня, які раз-пораз трапляў у скандальныя сітуацыі.

Адзінае, што дастаўляла дыскамфорт Шэйману, дык гэта абвінавачванні ў датычнасці да знікненняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага. Шэйману закідвалі ледзь не стварэнне спецыяльных «эскадронаў смерці» па ліквідацыі палітычных апанентаў рэжыму. Пра гэта напісана шмат і паўтараць няма неабходнасці. Застаецца толькі канстатаваць, што калі супраць гэтых людзей і былі праведзены спецаперацыі, Шэйман не мог пра іх не ведаць.

Цікава, што ў студзені 1990 года брэсцкая «Заря», якую Шэйман не мог не чытаць, апублікавала артыкул пад назвай «Сесар из эксадрона смерти». У ім ішла гаворка пра дзейнаць на пачатку 1980-х гадоў тайных баявых атрадаў ультраправых у Сальвадоры. Члены атрадаў займаліся забойствам і выкраданнем сваіх палітычных праціўнікаў, ажыццяўлялі аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы і г.д.

У сувязі са знікненнямі палітыкаў у Беларусі можна прыгадаць такую падзею — судовую позву Шэймана да газеты «Навіны» ў верасні 1999 года ў сувязі з публікацыяй матэрыяла пад назвай «Кто в теремочках живёт?». Аўтар артыкула закранаў дом і зямельны ўчастак Віктара Шэймана ў в. Падліпкі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Шэйман з ягонымі магчымасцямі мог бы і сам разабрацца з журналістам, аднак вывеў праблему на публічны ўзровень: вось, паглядзіце, усё вырашае толькі суд, таму я не маю нікіх адносінаў да знікнення людзей. Як вядома, суддзя задаволіў позву: газета была вымушана згарнуць дзейнасць.


Хай і праз шмат гадоў, але прыйшла чарга і Шэймана. Гэта абумоўлена логікай няўмольных палітычных законаў, калі «маўр зрабіў сваю справу і маўр павінен сысці». Гэта разумеў і сам Шэйман. Аднак у адрозненне ад іншых былых прызначэнцаў Лукашэнкі ён сумеў даказаць свайму патрону сваю значнасць і неабходнасць і таму атрымаў пасаду кіраўніка Упраўлення справамі прэзідэнта. Гэтае ведамства пасля сыходу Ціцянкова перастала быць палітычным. Аднак Лукашэнка нічога не робіць проста так. Ці спатрэбяцца Лукашэнку ў будучым паслугі Шэймана? Калі так, то ў якіх мэтах?


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • ТРЫ КІТА на якіх трымаецца наша шчасце BY
  • 2018-05-27 13:26:01
Пракаментую сказ у пачатку артыкула, бо болей чытаць не стаў: прасачым "эвалюцыю асобы ад звычайнага вайскоўца да чалавека, які шмат гадоў быў «нумарам два» ў краіне."

Другі чалавек у РБ Аляксандр Лукашэнка. Першы Міхаіл Мясніковіч. Трэці Ўрал Латыпаў. Усе астатнія мелкая рыбешка. Каротка: аснову таго, што створана ў РБ пасля краху СССР і лета 1994, заклаў бацька-заснавальнік ўсіх нашых незалежных перамог сп Мясніковіч і мы памылкова называем словам лукашызм задумку Міхаіла Уладзіміравіча.
сп Лукашэнка ўсяго толькі вельмі добры выканаўца ідэй і стаўленнік "хроснага бацькі". Таму ў крызіснай сітуёвіне 19 нежня 2010 сп Мясніковіч стаў прэмьерам, каб, адпаведна Канстытуцыі, ўлада па-ранейшаму засталася ў старой гвардыі (мафіі) КПБ, калі б што-небудзь здарылася з Лукашэнкам.
Урал Латыпаў звычайны, але вельмі талковы, наёмны работнік і яго, мяркую, вылічыў сп Мясніковіч ды прапаваў Лукашэнку. Так у нас здарыўся рэферэндум-1996 і інш дэмакратычныя радасці

Anatol Starkou
  • ТРЫ КІТА, на якіх трымаецца наша шчасце BY
  • 2018-05-30 14:10:44
Пракаментую сказ у пачатку артыкула, бо болей чытаць не стаў: прасачым "эвалюцыю асобы ад звычайнага вайскоўца да чалавека, які шмат гадоў быў «нумарам два» ў краіне."

Другі чалавек у РБ Аляксандр Лукашэнка. Першы - Міхаіл Мясніковіч. Трэці - Ўрал Латыпаў. Усе астатнія мелкая рыбёшка.
Каротка: аснову таго, што створана ў РБ пасля краху СССР і лета 1994, заклаў хросны бацька-заснавальнік ўсіх нашых незалежных перамог сп Мясніковіч. Але задумку Міхаіла Уладзіміравіча мы памылкова назвалі словам лукашызм.
сп Лукашэнка ўсяго толькі вельмі добры выканаўца ідэй і стаўленнік нашага "хроснага бацькі". Таму ў крызіснай сітуёвіне 19 снежня 2010 сп Мясніковіч стаў прэм'ерам, каб, адпаведна Канстытуцыі, ўлада па-ранейшаму засталася ў старой гвардыі (мафіі) КПБ, калі што-небудзь здарылася б тады з Лукашэнкам.
Урал Латыпаў звычайны вельмі талковы наёмны работнік, якога ў РФ, мяркую, вылічыў сп Мясніковіч i прапаваў Лукашэнку. Так у нас здарыўся рэферэндум-1996 і інш дэмакратычныя радасці.
  • Anatol Starkou
  • 2018-05-30 14:14:52
Пытанне на фб форуме НЧ: "А якая зараз сітуацыя?"

Anatol Starkou: "Здаецца на форуме Народнай волі мы з вамі размаўлялі аб ёй і завецца яна ПЕРАХОДНЫ ПЕРЫЯД перадачы ўлады наступным пакаленням - маладым ч-з бальшавічкам. Бо старыя кадры мафіі КПБ - ці інакш наша пакаленне - старэюць, дый пара ім ад усяго гэтага змагання на пакой."

Пытанне на фб форуме НЧ: "Неяк непадобна, каб яны зьбіраліся на пакой. Хутчэй за ўсё будуць трымацца да апошняга як на Кубе."

Anatol Starkou: "Падобна, бо нявечныя. Дый навошта тады было Акадэмію кіравання пры прэзідэнце і інш. ладзіць? Рыхтуюць нашы бальшавікі нашу будучую эліту - нашу будучую парт-дзярж-гаспадарчую наменклатуру. Без эліты ніяк."

Каментаваць