Вайсковых хаўрусаў зашмат не бывае

Беларусь з афіцыйным візітам наведаў міністр абароны РФ Анатоль Сердзюкоў. У Мінску ён меў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ўдзельнічаў у сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі.

Беларусь з афіцыйным візітам наведаў міністр абароны РФ Анатоль Сердзюкоў. У Мінску ён меў сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ўдзельнічаў у сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі.

«Аб’яднанне абаронных патэнцыялаў Беларусі і Расіі з’яўляецца важным фактарам у нейтралізацыі сучасных выклікаў і пагроз, — заявіў Анатоль Сердзюкоў. — Сучаснае ваенна-палітычнае становішча характарызуецца імкненнем кіраўніцтва ЗША да глабальнага лідэрства. Пра гэта сведчыць працэс пашырэння NATO і планы Вашынгтона па разгортванню СПА ў Еўропе». А міністр абароны Беларусі Леанід Мальцаў адзначыў, што ваенныя ведамствы дзвюх краін працягваюць пашыраць супрацоўніцтва. 

На калегіі былі разгледжаны пытанні аб праекце міждзяржаўнай дамовы, накіраванай на тэхнічнае развіццё рэгіянальнай групоўкі войскаў, аб правядзенні мерапрыемстваў сумеснай аператыўнай і баявой падрыхтоўкі сістэмаў і войскаў сувязі ўзброеных сіл Беларусі і Расіі, аб ходзе падрыхтоўкі праекта дамовы паміж краінамі па ваенна-навуковаму супрацоўніцтву.  І шмат чаго іншага. Была падпісана дамова паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Расіі аб стварэнні сістэмы інфармацыйнага забеспячэння ваеннага супрацоўніцтва.

Эксперт Раман Якаўлеўскі адзначае, што падчас візіту маглі падымацца пытанні больш цікавага змеcту, чым агучаныя афіцыйнымі СМІ. «Сердзюкоў не першы раз у Мінску і ведае пра патэнцыял беларускага ваенна-прамысловага комплексу, які насамрэч значны. Наколькі вядома, у папярэдні прыезд міністра абмяркоўваліся праекты допуску расійскага капіталу да беларускіх абаронных прадпрыемстваў (напрыклад, аб’яднанне «Агат») і сумесных абаронных замоваў. Але, відавочна, усё ўпіраецца ў фінансавыя магчымасці Беларусі як дзелавога партнёра», — мяркуе Якаўлеўскі.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з Анатолем Сердзюковым заявіў, што «ўзаемадзеянне паміж міністэрствамі абароны Беларусі і Расіі з’яўляецца прыкладам супрацоўніцтва, якога павінны прытрымлівацца і грамадзянскія ведамствы дзвюх краін».

Напярэдадні візіту Сердзюкова ў расійскім выданні «Камерсант» з’явілася інфармацыя, што ў рамках стварэння адзінай сістэмы СПА Беларусь звярнулася да расійскага кіраўніцтва з просьбай паставіць на льготнай або бясплатнай аснове ўзбраенне супрацьпаветранай абароны для размяшчэння на заходніх межах краіны. «Камерсант сцвярджае, што размова ішла «пра ўвесь спектр найноўшых комплексаў супрацьпаветранай абароны». Не супраць Беларусь дапоўніць гэта ўзбраенне расійскімі баявымі самалётамі.

«Гэтая тэма не новая, — сцвярджае Раман Якаўлеўскі. — Проста Лукашэнка пра яе нагадаў. Пасля лютаўскага сустрэчы з Мядзведзевым у Маскве была падпісаная рамачная дамова аб адзінай сістэме СПА. Пазней Лукашэнка прызнаўся, што быў падпісаны і іншы дакумент, які і прадугледжваў камплектаванне беларускай СПА расійскім узбраеннем за кошт Расіі. Але з таго часу якой-небудзь дадатковай інфармацыі пра выкананне Расіяй такіх абавязкаў не з’яўлялася. Магчыма, мог паўплываць і фінансавы крызіс. Не сакрэт, што ў Расіі ёсць праблемы з пастаўкамі новых відаў узбраенняў для ўласнага войска. Па некаторых дадзеных, беларускі ваенна-прамысловы комплекс цяпер перажывае (зрэшты, як і астатнія галіны) востры недахоп фінансавання».
 

Каментаваць