Варыянты заўтрашняга дня

5 верасня адбудзецца чарговы з’езд партыі БНФ — палітычнай структуры, пра якую так ці інакш ведаюць ва ўсёй Беларусі. Чакаецца, што ў з’ездзе прымуць удзел каля 360–370 дэлегатаў. Будзе разглядацца два асноўных пытанні: вылучэнне кандыдата ад партыі на наступныя прэзідэнцкія выбары і абранне новага старшыні. Уласна кажучы, інтрыга маецца толькі ў другой частцы. Цяперашні кіраўнік партыі Лявон Баршчэўскі збіраецца сыходзіць са старшынства на іншую «пасаду» — у кандыдаты на прэзідэнцкі фатэль.

5 верасня адбудзецца чарговы з’езд партыі БНФ — палітычнай структуры, пра якую так ці інакш ведаюць ва ўсёй Беларусі. Чакаецца, што ў з’ездзе прымуць удзел каля 360–370 дэлегатаў. Будзе разглядацца два асноўных пытанні: вылучэнне кандыдата ад партыі на наступныя прэзідэнцкія выбары і абранне новага старшыні. Уласна кажучы, інтрыга маецца толькі ў другой частцы. Цяперашні кіраўнік партыі Лявон Баршчэўскі збіраецца сыходзіць са старшынства на іншую «пасаду» — у кандыдаты на прэзідэнцкі фатэль. На пасаду старшыні партыі цяпер прэтэндуюць два намеснікі: Аляксей Янукевіч і Віктар Івашкевіч. Гавораць, што прыхільнікаў абодва маюць пароўну, усё вырашыцца галасаваннем тых, хто не яшчэ вызначыўся.

Аляксей Янукевіч — з плыні маладых апазіцыйных палітыкаў, якія сталі на крыло і хочуць весці за сабой, а не ісці за кімсьці. Віктар Івашкевіч у беларускай палітыцы адзін са старажылаў. Напярэдадні з’езду партыі журналіст «НЧ» Вольга Хвоін паспрабавала даведацца пра мары палітыкаў і іх бачанне сітуацыі ў партыі.

— Як можна ахарактарызаваць апошнія паўтара гады кіравання партыяй Лявонам Баршчэўскім?

Аляксей Янукевіч


Аляксей Янукевіч: Лявон Баршчэўскі прыйшоў на старшынства пасля дастаткова доўгага перыяду, калі ён не прымаў удзел у кіраўніцтве партыі. І яго лінія ў значна меншай ступені, у адрозненні ад Вінцука Вячоркі, была залежнай ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. Цэнтр прыняцця рашэнняў стаў бліжэй да Фронту — гэта першая і пазітыўная адметнасць. Спадар Баршчэўскі адкрыта дэклараваў падчас свайго абрання, што будзе наводзіць парадак у партыі, гэтым і займаўся, у сваім разуменні. Была ў яго і спроба выбудаваць жорсткую партыйную вертыкаль. Асноўным парушальнікам спакою ў партыі выступаў Алесь Міхалевіч. Баршчэўскі са згоды Вінцука Вячоркі здолеў прапанаваць і правесці рашэнне пра выключэнне Алеся. Але час паказаў, што справа была не ў Міхалевічу, і спатрэбіліся больш глыбокія «чысткі». Лявон Пятровіч быў гатовы пайсці далей у гэтым, але яго не падтрымала большасць партыйцаў. Таму навесці той парадак, які ўяўляўся, не атрымалася.

Віктар Івашкевіч


Віктар Івашкевіч: Як спробы навядзення дысцыпліны і парадку ў структуры.

— У якім стане партыя знаходзіцца цяпер?

А. Я.: Адчуваецца ўнутраная напруга. І на гэтым з’ездзе яна мусіць неяк вырашыцца. Але я спадзяюся, што расколу не будзе, бо Фронту няма куды дзяліцца далей. Я перакананы, што пасля з’езда гэта напруга сыдзе на нуль. Падкрэслю, што падзелу на два лагеры, моцнага супрацьстаяння ў самой партыі няма. Гэта ёсць толькі на ўзроўні кіраўніцтва.

В. І.: Партыя знаходзіцца на раздарожжы. Ёсць тыя, хто прапануе дзейнічаць з пазіцыі, што Лукашэнку не змяніць, таму трэба прыстасоўвацца да рэжыму і пакрысе яго цывілізаваць. Ёсць другая пазіцыя: эканамічны крызіс нам Бог дае для таго, каб зрабіць трансфармацыю не чакаючы. Вось з гэты шляхоў і будзем абіраць на з’ездзе. Калі аддаць перавагу першаму шляху, то не трэба працаваць з рабочымі, а варта ісці ў выканкамы на ўмовах прымакоў і прасіцца ў кансультанты. Другі — вымагае працы з сацыяльнымі групамі.

— Што можна сказаць наконт філій партыі?


А. Я.: Я мушу прызнаць, што сёння камунікацыя паміж цэнтрам і рэгіёнамі кепская. Рэгіёны не вельмі цікавяцца тымі рашэннямі, што прымаюцца ў цэнтры і не вельмі натхнённа іх выконваюць. Што тычыцца дзеяздольнасці структураў, то я б сказаў так: усё пазнаецца ў параўнанні. У нас самыя разгалінаваныя і дзеяздольныя рэгіянальныя структуры з усіх апазіцыйных сілаў. Калі гаварыць пра магчымасць рэальна ўплываць на сітуацыю, праводзіць якасныя выбарчыя кампаніі, то не кожная філія на такое здольная, тым больш, калі б трэба было прасоўваць не аднаго, а дзесяць чалавек. Але філіі жывыя. Нават калі недзе ёсць толькі тры-пяць чалавек, то гэта людзі, якія гатовыя працаваць апантана. Хаця ёсць рэгіёны, дзе на сходы па вылучэнню дэлегатаў на з’езд прыходзіла некалькі дзесяткаў чалавек. Натуральна, мы павінны ставіць сабе на мэце павялічваць колькасць сябраў партыі.

В. І.: Там, дзе партыйныя актывісты сядзяць на НДАшных грантах, там больш прыстасаванцкіх настрояў, а дзе людзі працуюць на прадпрыемствах, рэальна адчуваюць жыццё, там настроі больш рэвалюцыйныя. Відаць, яны не лунаюць у аблоках, а бачыць рэальны стан рэчаў.

— Якое месца партыя займае ў Аб’яднаных дэмакратычных сілах?


А. Я.: БНФ выконвае цяпер ролю своеасаблівага хрыбта АДС, бо партыя была адным з ініцыятараў стварэння кааліцыі, цягнула вялікую частку працы. Разам з тым палітычны ўплыў БНФ у АДС цяпер недапушчальна малы. Мы маем яўную меншасць разам з іншымі нацыянал-дэмакратычнымі сіламі ў радзе аб’яднаных Дэмсілаў. На сённяшні момант нельга гаварыць пра тое, што развіццё АДС істотна адпавядае інтарэсам партыі.

В. І.: Ключавое месца. Без БНФ няма АДС. Аляксандр Мілінкевіч і яго паплечнікі гавораць пра стварэнне правай кааліцыі, але без БНФ яе не будзе. Так склалася аб’ектыўна, што ў нас партыя можа і не такая моцная, як у 1990-я, але лепшая за іншыя. Ёсць патэнцыял. Лічу, што трэба працаваць з сацыяльнымі групамі, выходзіць да людзей. Калі мы ператворымся ў НДА, то гэта фактычна шлях да самаізаляцыі і згасання.

— Супрацьстаянне паміж партыяй БНФ і рухам «За свабоду» перыядычна абвастраецца. У чым, на вашу думку, прычыны гэтага?

А. Я.: Стасункі паміж партыяй і рухам складваюцца кепска, хаця вялікая колькасць нашых сябраў у рэгіёнах супрацоўнічае з Рухам. Я лічу, што сітуацыя патрабуе выпраўлення ў тым плане, што мы мусім дамаўляцца пра супольную дзейнасць, кампаніі. Абсалютна не нармальна, калі ў нас атрымліваецца весці дыялог з камуністамі, сацыял-дэмакратычнымі партыямі, і немагчыма наладзіць стасункі з Рухам «За свабоду», Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Прычына гэтага мне бачыцца ў тым, што пасля завяршэння прэзідэнцкай кампаніі 2006 года Фронт не здолеў прыдумаць формулу, як акумуляваць грамадскую энергію, што тады вызвалілася. Я не магу сказаць, што вельмі эфектыўна спрацаваў Рух, але, прынамсі, яны імкнуліся ахапіць гэтых людзей. Магчыма, актыўнасць Руху і нашая немабільнасць справакавала пачуцці канкурэнцыі.

В. І.: Кіраўніцтва руху хоча паставіць партыю пад свой кантроль, зрабіўшы яе служкай на пабегушках. А прыхільнікі аўтаноміі гэтага не прымаюць. Праблема яшчэ ў тым, што Рух імкнецца паўсюль паспець: і грамадская арганізацыя, і палітычная, і праваабарончая. Гэта спекуляцыя, тры пашпарты ў адной кішэні. Праблема і тое, што нашы сябры партыі ў гэта ўцягваюцца, а гэта, у сваю чаргу, падрывае дзейнасць, накіраваную на супрацоўніцтва з грамадствам.

— Калі вы ўзначаліце партыю, што зменіце ў першую чаргу?

А. Я.: Мы павінны пачаць з таго, што цалкам мусім памяняць падыход да нашага планавання. Дагэтуль планаванне дзейнасці адбывалася ад адной палітычнай кампаніі да другой, у прамежках дзейнасць зварочваецца. Таксама варта адкінуць ілюзіі адносна таго, што мы нечага дамагаліся на пачатку 1990-х вызначанымі сродкамі і метадамі, і зараз яны спрацуюць. Таксама варта пазбавіцца ад чаканняў, што адбудзецца эканамічны крах, людзі масава выйдуць, і гэта дазволіць змяніць палітычны рэжым. Лічу, што планы мусяць складацца на поўны палітычны цыкл — чатыры-пяць гадоў, павінны ставіцца высокія, амбітныя мэты, але дасягальныя. Напрыклад, прыцягненне новых людзей, і не проста людзей, а тых, хто гатовы прынесці з сабою новыя ідэі. Улада цяпер, нягледзячы на сваю грувасткасць, куды больш дынамічная і гібкая за нас. Мы мусім ставіць сабе мэту павелічэння папулярнасці ў грамадстве. Каб, скажам, праз некалькі год пра БНФ людзі гаварылі штодня. Мы мусім паказаць людзям, што БНФ — мае ясныя каштоўнасці і можа абараняць штодзённыя інтарэсы людзей. Важна пазбавіцца ад іміджу вечных паражэнцаў, які нам навесіў Лукашэнка. Для гэтага варта ўстрымлівацца ад абвяшчэння мэтаў, калі загадзя вядома, што мы іх не зможам выканаць. Мусім накапіць менавіта багаж поспеху.

В. І.: Я буду вылучацца на кіраўніка партыі толькі тады, калі з’езд вылучыць Лявона Баршчэўскага ў кандыдаты. План маёй дзейнасці — разгарнуць шырокую кампанію, якая дапаможа прыцягнуць сацыяльна незадаволеныя слаі грамадства. Калі з’езд падтрымае гэта — будзем працаваць, а кіраўніцтва партыі будзе ў штабам. Калі не, то я не планую вылучацца

— Што з гэтага рабілася апошнія гады?

А. Я.: Апошнія гады Фронт знаходзіўся ў рэчышчы АДС, пераважная частка нашых энергіі і сілаў сыходзіла менавіта на раскрутку гэтай структуры. АДС у пэўным сэнсе ўзмацніліся, але карысці менавіта партыі ад гэтага не было. І людзі паступова пачалі забываць пра партыю, яе ідэі. Таму цяпер варта скіраваць высілкі менавіта на адраджэнне Фронту.

В. І.: Па маёй ініцыятыве БНФ браў на сябе арганізацыю масавых акцый — Дня Волі, Чарнобыльскага шляху. Толькі мы збіралі такія масавыя акцыі. Усе яны суправаджаліся інфармацыйнымі кампаніямі. Цяпер створаны аргкаміт па правядзенню Кангрэсу прадстаўнікоў працоўных калектываў. Такім чынам мы сцвярджаем сваё лідэрства і ініцыятыву, праўда за гэта ж часта і маем крытыку. Але трэба мець на ўвазе, што такая дзейнасць блакавалася прадстаўнікамі Руху, якія з’яўляюцца сябрамі партыі.

— Якой бачыцца канцэпцыя ўдзелу партыі ў прэзідэнцкіх выбарах?

А. Я.: На гэтым этапе адзінае, што нас павінна турбаваць, гэта ўмовы, на якіх будуць адбывацца гэтыя выбары. Фармат нашага ўдзелу мы мусім вырашыць пазней, гэта справа вясны наступнага года. Трэба сфармуляваць галоўнае патрабаванне: уключыць нашых людзей у выбарчыя камісіі і дапусціць да кантролю за падлікам галасоў. Калі мы гэтага дасягнём, то мае сэнс выстаўляць свайго кандыдата. Але тады не будзе мець сэнсу вылучаць кандыдата ад АДС, тым больш што і працэдура гэтая наўрад ці будзе канчаткова ўзгодненая.

 — Як адчуваеце сябе ў беларускай палітыцы?

А. Я.:
Палітыка — гэта тая сфера дзейнасці, якая мне падабаецца. Разам з тым у Беларусі палітыкі як такой няма, апазіцыя ад яе адлучаная. Натуральна, ёсць моцнае жаданне, каб мы вярнуліся ў палітыку і змаглі ўплываць на падзеі і рашэнні, што прымаюцца. Я лічу сябе моцнай натурай і нейкіх дэпрэсій з нагоды, што не атрымліваецца рэалізаваць свае планы ў мяне не здараецца. Хутчэй ёсць здаровая злосць і жаданне дамагчыся свайго.

В. І.: Сённяшнія ўмовы палітыкі ўспрымаю як рэчаіснасць, дадзенасць. Таму ёсць свае стрэсы, і радасці. Гэта жыццё.

— Ці ставіце сабе мэту прыйсці да ўлады і кім сябе бачыце ў будучыні?


А. Я.: Канешне, як мінімум — спікерам парламенту, як максімум — прэм’ер-міністрам ці прэзідэнтам.

В. І.: Натуральна, калі я заяўляю, што нам трэба ісці на выбары і перамагчы, то маецца на ўвазе, што трэба будзе працаваць ва ўладзе. Але як жаўнер партыі я сыходжу з меркавання, куды пашлюць — тым і буду займацца.

Каментаваць