Віталь Рымашэўскі: Лукашэнка жыве ў віртуальнай Беларусі

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі пракаментаваў пасланне 21 красавіка Аляксандра Лукашэнкі да народу і Нацыянальнага сходу.

"Адчуванне, што Аляксандр Лукашэнка і беларускі народ жывуць у розных краінах. Уражанне, што ён стварыў для сябе віртуальную Беларусь і проста закрываецца ад тых праблем, якія існуюць насамрэч”, — заявіў ён.

На яго думку, адны заявы Лукашэнкі наўпрост супярэчылі іншым.

"З аднаго боку, кажа пра адзінства нацыі, а з другога — да вялікіх груп насельніцтва — незалежных журналістаў, апазіцыі, "дармаедаў” — ставіцца як да ворагаў народу і прапануе ўжываць тыя ж самыя метады, як у Савецкім Саюзе”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.

"Беларускі народ чакае ад Аляксандра Лукашэнкі адказу толькі на адно пытанне: калі ён сыдзе і перадасць уладу дэмакратычнаму ўраду. На гэта пытанне адказу няма. А адсутнасць адэкватнага разумення кіраўніцтвам краіны сітуацыі, яго жаданне кіраваць старымі савецкімі метадамі і няўменне прызнаваць свае ўласныя памылкі непазбежна вядзе Беларусь да сацыяльнай і эканамічнай катастрофы. Адказаць на гэта можна толькі кансалідацыяй усіх здаровых сілаў грамадства: бізнесу, дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў — і іх супольнымі дзеяннямі, скіраванымі на абарону людзей ад гвалту і на патрабаванне свабодных і справядлівых выбараў і адстаўкі дзейснай улады”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

bchd.info



Каментаваць