Віталь Рымашэўскі: Прапановы ЦВК па зменах у працэс правядзення выбараў — здзек з рэкамендацый АБСЕ

Пра гэта заявіў сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.


Істотныя прапановы — празрысты падлік галасоў, магчымасць удзельнічаць у падліку прадстаўнікам незалежных дэмакратычных кандыдатаў — не будуць уведзеныя. Па заявах Ярмошынай, назіральнікі будуць знаходзіцца за тры метры ад сталу падліку галасоў, што не дасць ніякай магчымасці бачыць, як рэальна галасавалі людзі. Таксама ўлады баяцца ўключэння прадстаўнікоў незалежных кандыдатаў ва ўчастковыя камісіі. Уключэнне іх у камісіі вышэйшага ўзроўню не маюць ніякага значэння, бо ўсе фальсіфікацыі адбываюцца ва ўчастковых камісіях”, — заявіў ён.


Можна ўжо чакаць, што выбары будуць зноў брутальна фальсіфікаваныя і што рыхтуецца чарговае крымінальнае злачынства, якое парушае Канстытуцыю і права беларускага народу, кожнага грамадзяніна на свабодныя і сумленныя выбары, на права абіраць улады”, — падкрэсліў сустаршыня БХД.


Паводле яго, у фальсіфікацыях сёння ўдзельнічаюць дзясяткі тысяч сябраў камісій усіх узроўняў, праўладных назіральнікаў, ідэалогаў. “У гэтай сітуацыі трэба, каб незалежных назіральнікаў было як мага больш. Незалежнае назіранне – адзіны сродак, які можа зафіксаваць парушэнні і даказаць, што ўлада ў Беларусі застаецца нелегітымнай. Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі, якім неабыякавы лёс краіны, далучацца да кампаніі назірання “Права выбару”. Удзел у назіранні дае магчымасць кожнаму на свае вочы пабачыць тое, што падчас выбарчай кампаніі людзей падманваюць, а самі выбары фальсіфікуюць”, — заключыў Віталь Рымашэўскі.


Паводле bchd.info

Каментаваць