Віталь Рымашэўскі: улады ператвараюць грамадзян у бяспраўных рабоў

У першы раз за многія гады беларускія палітычныя партыі, грамадскія арганізацыі і прафсаюзы выступаюць разам, арганізуючы супольную акцыю пратэсту — "Марш салідарнасці». Пра гэта 18 красавіка на прэс-канферэнцыі заявіў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі.


"І гэта толькі пачатак нашай больш шчырай каардынацыі дзейнасці. Сёння ўлады не толькі заяўляюць, што яны спадкаемцы Савецкага Саюзу. Яны і метады працы, і правілы жыцця беларускага грамадства ладзяць па мерках СССР”, — падкрэсліў ён.

Паводле яго, СССР выжываў толькі за кошт танных нафты і газа і рабскай працы грамадзян. Сёння ж, калі магчымасці атрымання звышпрыбыткаў ад перапрацоўкі нафты абмяжоўваюцца, улады Беларусі робяць стаўку на другі метад – закабаленне беларускага народу і ператварэнне ўсіх грамадзян краіны ў бяспраўных рабоў у адсутнасць незалежнай судовай сістэмы і справядлівых выбараў. "Сёння прыйшоў час быць салідарнымі”, — заявіў Віталь Рымашэўскі.

Пры гэтым сустаршыня БХД звярнуўся да супрацоўнікаў збанкрутаваных прадпрыемстваў, якія не выходзілі на акцыі пратэсту, а сёння апынуліся фактычна выкінутымі на вуліцу. "Прыйшоў час губляць свой страх”, — дадаў ён, падкрэсліўшы стратэгію мірных акцый пратэсту.

"Можна лічыць, што 1 траўня — гэта крок да агульнанацыянальнага страйку, які мусіць падтрымаць уся краіна: і працоўныя, і служачыя, і іншыя катэгорыі грамадзян. Марш салідарнасці таксама азначае, што мы сёння не падзяляем сацыяльныя патрабаванні і палітычныя. Марш салідарнасці 1 траўня — гэта таксама марш салідарнасці з палітвязнямі”, — адзначыў Віталь Рымашэўскі.

Таксама, паводле яго, запланаваны круглы стол і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія закліканыя падкрэсліць супольныя дзеянні палітычных партый, грамадскіх арганізацый і прафсаюзаў.

Каментаваць