Вядомага кнігазнаўцу звольнілі з Прэзідэнцкай бібліятэкі

«Я падаўся некаму бярвеннем у воку», — лічыць былы загадчык аддзелу старадрукаў Валер Герасімаў. Нагодай для звальнення стаў удзел навукоўца ў 6-м Міжнародным кангрэсе беларусістаў.


Валер Герасімаў да нядаўняга часу займаў пасаду загадчыка аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў пры Прэзідэнцкай бібліятэцы РБ. За яго плячыма доўгі шлях тэарэтычных даследванняў, практычнай працы па стварэнні аддзелу, пакупкі ды прывозу ў Беларусь рэдкіх выданняў агульнай працягласцю ў 40 год.

Нагодай для звальнення стаў удзел навукоўца ў 6-м Міжнародным кангрэсе беларусістаў, які штогод праходзіць у Коўна. Там Герасімаў вёў адну з панэляў секцы кнігазнаўства. Нягледзячы на адсутнасць на кангрэсе якога-кольвек палітычнага кантэксту ды ўдзел дзесяткаў вядомых даследчыкаў як з Беларусі, так і з-за яе межаў, дырэкцыя бібліятэкі заўважыла ў гэтым “крамолу”, што і выказала навукоўцу наўпрост у вочы.

Не дапамаглі Герасімаву ані дзяржаўныя граматы ды ўзнагароды, ані спіс з больш як двух сотняў навуковых публікацыяў, ані сотні набытых за апошнія гады рэдкіх выданняў для бібліятэкі:

“Самае старое нашае выданне, нядаўна набылі, 1537 году, т.зв. палеатып, — распавядае сп. Валер, — Ёсць Стату ВКЛ 1744 году, рабочы асобнік, які выкарыстоўваўся ў Наваградскім земскім судзе. За апошнія пяць год набыта каля 200 рэдкіх выданняў. Гэта не так проста, знайсці і купіць той жа Статут у Польшчы, прывезці яго сюды. Так, грошы дзяржаўныя, але гэта і мая праца”.

Трагікамізм сітуацыі яшчэ і ў тым, што дырэкцыя нават не дазволіла Герасімаву правесці развітальную сустрэчу з супрацоўнікамі бібліятэкі ды калегамі-кнігазнаўцамі. Ва ўстанове быў адмыслова аб’яўлены так званы “санітарны дзень”, у выніку чаго і чытачы, і калегі былі змушаныя стаяць пад мокрым снегам каля ўваходу ў бібліятэку, якая месціцца ў Доме Ўраду. Жанчыны-супрацоўніцы, са словаў сп. Валера, нават плакалі ад скрухі.

“На мой погляд, пасля вядомых падзей у сярэдзіне 1990-х нацыянальнае адраджэнне прыняла форму грамадзянскай вайны, — лічыць Герасімаў, —  Толькі не ўзброенай, а ментальна-ідэалагічнай. І ў гэтых баях працэсы люстрацыі, пераследу людзей (нягледзячы на прафесійны досвед) за палітычныя погляды шляхам звальнення з працы, адыгрываюць немалую ролю. Відаць, і я, маленькая пясчынка нацыянальнага адраджэння, падаўся некаму бярвеннем у воку”.

Валер Герасімаў не плануе спыняць навуковай працы, адзінае, што не збіраецца бліжэйшым часам звязвацца з дзяржаўнымі ўстановамі. У свае шэсцьдзесят ён адчувае сябе поўным сілаў і творчых планаў, але шкадуе адно пра досвед, які мог бы перадаць маладым супрацоўнікам ды няскончаныя справы ды праекты, звязаныя з роднай бібліятэкай.

 



Абмеркаванне:

  • Якуб
  • 2017-01-03 22:30:52
Хіба занадта разумны і мае сваю ўласную думку, а не прапанаваную начальствам.

Каментаваць