Падарунак да Дня дзіцяці: дзіцячы садок зачыняецца

Нечакана бацькі дзетак, што наведвалі праснакоўскі дзіцячы сад, былі пастаўлены перад фактам, што з чэрвеня ён зачыняецца. Такое рашэнне прынялі чыноўнікі з Капыльскага райвыканкама. Вяскоўцы з ім не згодныя і спрабуюць змагацца.

Вёска Праснакі — цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Праснакі». Месціцца на ўскрайку Капыльскага раёна ў 20 кіламетрах ад райцэнтра. Тут жывуць больш за 300 чалавек. Традыцыйная драўляная вёска знаходзіцца ў атачэнні новых прэзідэнцкіх дамоў з каляровымі двухскатнымі дахамі. З сацыяльных устаноў у вёсцы да гэтага часу існавалі толькі крама «Родны кут» і невялікі дыхтоўны двухпавярховы дзіцячы яслі-сад.


Некалькі дзён таму прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі на бацькоўскім сходзе агучылі рашэнне Капыльскага райвыканкама аб ліквідацыі дзіцячага саду.


Бацькі спрабуюць абскардзіць рашэнне Капыльскага райвыканкама праз калектыўны зварот да старшыні райвыканкаму.


У нас цудоўны дзіцячы сад, цёплы і утульны, — кажа Жана Сімановіч, маці дваіх дзяцей. — Адчынілі яго ўсяго 4 гады таму. Тады сад наведвалі толькі чацвёра дзяцей. Патрачана шмат грошай на мэблю і абсталяванне. Адкрыццё садка было святам для вёскі і раёна. Яго здымала сталічнае тэлебачанне. Нават губернатар прыязджаў. Тады яшчэ зрабілі паказуху: навезлі дзяцей і з Грозаўскага сада разам з іх цацкамі, маўляў, бачыце, як іх шмат.


Зараз садок наведваюць шасцёра дзетак, я і яшчэ адна маці таксама збіраліся аддаць сваіх дзяцей. Было б восем...

У такі светлы і ўтульны сад дзеткі ходзяць з задавальненнем

У такі светлы і ўтульны сад дзеткі ходзяць з задавальненнем


Чым жа не дагадзіў чыноўнікам Праснякоўскі дзіцячы садок? Аказваецца, зачыніць яго вырашылі з-за малакамплектнасці. Замест гэтага бацькам прапануецца вазіць дзяцей за шэсць кіламетраў у Грозава. Там будзе створана група на базе Грозаўскай агульнаадукацыйнай школы. Чаму ў школу? Таму што будынак дзіцячага садка ў Грозаве даўно знаходзіцца ў аварыйным стане.


Але і грозаўская школа зусім не прыстасаваная для маленькіх дзяцей. Кажуць, прапанаваныя пад садок класы цёмныя і халодныя. Будаўніцтва пачнецца толькі з першага ліпеня, пакуль што там няма ні кухні, ні сантэхнікі.

Ніна Анатольевна Смірнова, бабуля дзяцей дашкольнага ўзросту, лічыць, што закрыццё дзіцячага садка вырашыць і лёс прадпрыемства:

Многія маладыя сем’і спецыяльна пасяліліся ў гэтай мясцовасці, паколькі ёсць дашкольная ўстанова, дзе дзеці будуць дагледжаны. Зарплаты нават вядучых спецыялістаў недастаткова, каб кожны дзень самому адвозіць дзіця ў садзік. Да таго ж працоўны дзень сельскагаспадарчага працаўніка ненармаваны і не супадае з распарадкам дня дзіцячых дашкольных устаноў.


Яўгенія Уласевіч адна выхоўвае чацвярых дзяцей ва ўзросце ад 9 месяцаў да 7 гадоў. Працуе памочнікам выхавацельніцы на палову стаўкі ў дзіцячым садзе. Двое яе дзяцей наведвалі Праснакоўскі сад-яслі. Жанчына ўзрушана навіной і не хавае роспачы:

Бывае, што дзіця захварэе і яго трэба тэрмінова забраць з садка. Да Грозава — 6 кіламетраў, а ў мяне няма асабістага транспарту. Нават патрапіць на бацькоўскі сход будзе праблемай. Аўтобус школьны — стары і халодны...


Вяскоўцы здзіўляюцца, няўжо зачыніць добра абсталяваны, цёплы і ўтульны сад дзяржаве больш выгадна, чым перабудоўваць школьны будынак у Грозаве?


Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорта і турызма Ганна Механікава і вядучы спецыяліст гэтага ж аддзела Ларыса Нупрэйчык патлумачылі закрыццё садка:

Па нарматывах патрэбна, каб у групе было 12 дзяцей. На ўтрыманне дзіцяці ў дзіцячым садзе на год выдзяляецца 11 мільёнаў 700 тысяч рублёў. Фактычныя выдаткі на ўтрыманне аднаго дзіцяці ў дзяржаўнай установе «Праснакоўскі дзіцячы сад» склалі 68 мільёнаў рублёў.


— Чаму адчынілі 4 гады таму назад?


Бо было хадайніцтва ад кіраўніка сельскагаспадарчага прадпрыемства ААТ «Праснакі», і быў перапоўнены Грозаўскі дзіцячы сад. Да таго ж сельскагаспадарчае прадпрыемства «Праснакі» прадставіла будынак на аснове бясплатнай арэнды.


Супрацоўнікі аддзела адукацыі не змаглі назваць суму выдаткаў на перабудову пад дзіцячы сад будынка Грозаўскай школы, якая таксама пакутуе ад недахопу навучэнцаў і мае няпэўную будучыню.



Зараз праснакоўцы чакаюць адказ на свой калектыўны зварот у Капыльскі райвыканкам з просьбай не зачыняць дзіцячы садок. Пачакаем і мы.

Каментаваць