Войцэх Бародзіч-Смаліньскі: За санкцыямі супраць Беларусі стаяць не толькі пытанні правоў чалавека

Польшча была адным з ініцыятараў актывізацыі стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Цяперашні кіраўнік еўрапейскага парламента Ежы Бузэк перыядычна звяртаецца да тэмы супрацоўніцтва з Беларуссю, пытанняў унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Пра прагматычныя разлікі і ідэалістычныя чаканні ад дыялогу Беларусі і Еўрапейскага саюза разважае супрацоўнік польскага Цэнтра міжнародных адносін, кіраўнік усходняй праграмы Войцэх Бародзіч-Смаліньскі.



Польшча была адным з ініцыятараў актывізацыі стасункаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Цяперашні кіраўнік еўрапейскага парламента Ежы Бузэк перыядычна звяртаецца да тэмы супрацоўніцтва з Беларуссю, пытанняў унутранай і знешняй палітыкі дзяржавы. Пра прагматычныя разлікі і ідэалістычныя чаканні ад дыялогу Беларусі і Еўрапейскага саюза разважае супрацоўнік польскага Цэнтра міжнародных адносін, кіраўнік усходняй праграмы Войцэх Бародзіч-Смаліньскі.

— У лістападзе Еўрапейскі саюз падоўжыў частковае прыпыненне санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і дзеянне санкцый да кастрычніка 2010 года. Цяпер, калі размова ідзе пра беларуска-еўрапейскія адносіны, надзвычай папулярным з’яўляецца выраз «адчыненае вакно магчымасцяў». Што Вы за ім бачыце?

— Больш за паўгода ў Беларусі назіраецца пазітыўнейшае стаўленне да Еўрапейскага саюза і да актыўнасці, звязанай з ЕС. Гэта, канешне, радуе. Калі чалавек прыязджае ў Беларусь, то на першы погляд падаецца, нібыта тут усё добра і падстаў для санкцый быццам бы няма. Каб зразумець, што адбываецца ў краіне і якія праблемы маюць людзі, трэба пажыць, паназіраць за ўсім. На жаль, большасць чыноўнікаў ЕС такой магчымасці не мае. Яны сустракаюцца толькі з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, апазіцыі, часам НДА.

Праблема ў тым, што за санкцыямі супраць Беларусі стаяць не толькі пытанні правоў чалавека, дэмакратыі. Цяпер Еўрасаюз зацікаўлены ў тым, каб як мага больш завязаць Беларусь на сябе, каб краіна была адкрытая да эканамічнага супрацоўніцтва. Праз гэта падаецца, што Беларусь крок за крокам набліжаецца да ЕС. Таксама я думаю, што пэўную ролю ў змене падыходу Захаду да Беларусі адыграла жаданне ўладаў палепшыць свой знешні імідж, праца ў галіне самапіяру.

— Ці змяніліся ў Польшчы адносіны да Беларусі?

— Мы пазітыўна ставімся да беларусаў і ўкраінцаў. Да расіян таксама, але ёсць негатыўнае ўспрыманне расійскай улады. Я б сказаў, што ў Польшчы ёсць «дзве Польшчы», як і «дзве Беларусі» ў вашай дзяржаве. Адны палякі ездзяць у Беларусь, маюць эканамічныя ці проста чалавечыя кантакты з беларусамі, адпаведна, больш аб’ектыўна ўспрымаюць краіну і тое, што ў ёй адбываецца. «Другая Польшча» трымаецца думкі, што тут аўтарытарная краіна, няма добрых дарог і гэтак далей. І вось гэта другое меркаванне трэба мяняць. Натуральна, у вас не ўсё ідэальна, але і не так дрэнна, як падаецца часам з-за мяжы.

— Удзел у праграме «Усходняе партнёрства» тэарэтычна можа быць шляхам да сяброўства ў ЕС?

— Праграма «Усходняе партнёрства» не адчыняе дзверы на ўступленне ў Еўрасаюз ніводнай краіне-партнёру, а не толькі Беларусі. «Усходняе партнёрства» не з’яўляецца шляхам уступлення ў ЕС, а ёсць спробай прывязаць кожную з краін-партнёраў да ЕС як мага больш. Да таго ж гэта дазваляе зрабіць пэўны жэст у бок Расіі, нагадаць, што Еўрасаюз існуе на геапалітычнай прасторы.

Таксама «Усходняе партнёрства» стварае магчымасці для міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў шэрагу галінаў. Але як будуць гэтыя магчымасці скарыстаныя, залежыць найперш ад уладаў кожнай краіны-партнёра. Я ведаю, што беларускія ўлады вельмі актыўна дасылаюць у структуры ЕС розныя праекты, хочуць зруху ў сферы рэкламы і самапіяру краіны. Для іх «Усходняе партнёрства» — найперш магчымасць увайсці ў еўрапейскі кантэкст і праз гэта забяспечыць вырашэнне ўласных інтарэсаў.

— Многа размоў вялося наконт беларускай «здрады» з ЕС. Даволі нервовая рэакцыя Расіі была і на «Усходняе партнёрства». Але ці маюць грунт гэтыя перажыванні?

— Гульня ў балансаванне паміж Еўропай і Расіяй цягнецца шмат гадоў, і беларускія ўлады добра выкарыстоўваюць слабыя бакі партнёраў. Праблема хутчэй у тым, што прапановы Еўрапейскага саюза менш прывабныя з эканамічнага пункту гледзішча за расійскія. Расія дае грошы, Еўропе наўзамен фінансавай падтрымкі патрэбныя транспарэнтнасць, справаздачнасць, адказнасць. І ў ЕС, здаецца, пакуль не разумеюць гэтай сітуацыі. Адна з ідэй «Усходняга партнёрства» мае на мэце ўніфікацыю заканадаўства шасці краін-партнёраў з еўрапейскім. Гэта фактычна рыхтуе краіны да ўступлення ў ЕС. Але ўніфікацыя заканадаўства — сама па сабе дарагая справа, паралельна з гэтым мусяць адбывацца пэўныя ўнутраныя і знешнія трансфармацыі, якія таксама вымагаюць выдаткаў.

Мне здаецца, што ў ЕС пакуль не зразумелі, што ўлады краін-партнёраў таксама ўмеюць лічыць грошы, улічваць эканамічную мэтазгоднасць. Яны не будуць ініцыяваць інтэграцыю з Захадам, калі не пабачаць сур’ёзных крокаў насустрач.

— Пасля Форуму грамадзянскай супольнасці стала зразумела, што мае месца канфлікт прадстаўнічасці Беларусі ў ЕС: і няўрадавыя арганізацыі, і афіцыйны Мінск імкнуцца займець ініцыятыву ў гэтай сферы. Чаго можна чакаць з такім раскладам?

— Гэта не выключна беларуская праблема. Такое ж неаднадумства існуе і ў Польшчы, і ў іншых краінах. Праблема палягае ў корані «Усходняга партнёрства», якое пачыналася з размоў на міжурадавым узроўні. Ёсць многа экспертаў, якія працуюць на афіцыйныя структуры, яны ж пэўны час займаліся прасоўваннем гэтай тэматыкі і застаюцца ў ёй.

Калі быў арганізаваны гэты форум, стала зразумела, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці маюць зусім іншы, чым ЕС і ўлады, погляд на справы і супрацоўніцтва паміж краінамі. Ніхто з грамадзянскай супольнасці краін-партнёраў не ведаў, што робяць іх урады ў межах чатырох платформаў праграмы. Пытанне найперш у тым, як гэту сітуацыю развязаць. Для Беларусі гэта задача больш складаная, чым, напрыклад, для Украіны. Але для мяне пазітыўным быў той факт, што ў працу беларускай дэлегацыі актыўна ўключыліся прадстаўнікі афіцыйных арганізацый. Хацелася, каб такіх асобаў і арганізацый было больш, тады можна было б дасягнуць пагаднення.

— Адзін з заходніх даследчыкаў выказаў меркаванне, што каляровая рэвалюцыя ў Беларусі немагчымая, бо беларусы ў прынцыпе задаволены бягучым станам рэчаў. Што на гэты конт думаеце вы?

— Цяжка прадказваць, ці будуць бліжэйшым часам змены ў краіне. Але калі прааналізаваць вынікі розных сацыялагічных даследаванняў, то бачна, што беларусам у найноўшай гісторыі ніколі не жылося так добра, як за ўрадам Лукашэнкі. Узровень заробкаў, пенсіяў, дабрабыту паступова расце. Канешне, ёсць кепскія моманты, але эканамічныя індыкатары гавораць пра тое, што беларусы цяжка ставяцца да зменаў. Я лічу, што беларускі народ разумны, таму ўсведамляе, што яго цяперашняе кіраўніцтва не самае лепшае, але альтэрнатывы няма.

Натуральна, можна гаварыць, што няма незалежных СМІ, тэлебачанне манапалізаванае, доступ да інфармацыі абмежаваны і г. д. Але калі нехта хоча атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю, то ў цяперашнім свеце гэта нескладана: можна пераключыць тэлевізар на іншы канал, можна чытаць навіны ў інтэрнэце. Тым больш, што доступ да інтэрнэту ў Беларусі ўвесь час расце. Праблема не толькі ў несвабодзе СМІ. Беларусы ведаюць, што ёсць нейкая апазіцыя, але не ўсе разумеюць, ці яна змагаецца паміж сабою, ці з уладамі. І гэта наводзіць на думкі, ці не будзе новая ўлада горшай?

З усяго гэтага я прыходжу да высновы, што падчас бліжэйшых прэзідэнцкіх выбараў пераменаў не будзе. Натуральна, можна меркаваць, што абвострыцца эканамічнае становішча, і гэта прымусіць людзей захацець змяніць кіраўніцтва. Але пакуль я не бачу такога варыянту.

— З тых асобаў, што заявілі пра свой магчымы ўдзел у бліжэйшых прэзідэнцкіх выбарах, хто мае найбольш шансаў?

— Яшчэ не ўсе патэнцыйныя кандыдаты вядомыя, таксама варта паглядзець, як будуць рэалізоўвацца змены ў выбарчым заканадаўстве. З магчымых апазіцыйных кандыдатаў самым дасведчаным з’яўляецца Аляксандр Мілінкевіч. Ёсць і маладыя патэнцыйныя кандыдаты, яны новыя і верагодна могуць змяніць сітуацыю. Але, зноў жа, расклад робіцца ў межах 15–20 працэнтаў, якія заўжды падтрымліваюць апазіцыю. На жаль, большага пакуль не прадбачыцца.

— Ёсць інфармацыя, што падчас свайго старшынства ў Еўрасаюзе Польшча ўздыме пытанне пра стварэнне ініцыятывы па бяспецы ў Еўропе. Ужо вядома, што гэта будзе за ініцыятыва?

— Цяпер ствараецца многа ініцыятыў, якія будуць прадстаўленыя падчас польскага старшынства. Але канкрэтна нічога не вядома, усё яны знаходзяцца ў міністэрствах у стадыі распрацоўкі. Здаецца, што гэта ініцыятыва будзе прадугледжваць стварэнне супольных еўрапейскіх вайсковых сілаў. У межах ЕС існуе некалькі супольных дывізій, якія маюць права і абавязак абараняць Еўропу ў крытычных выпадках. Падрабязнасці па новай ініцыятыве будуць вядомыя ў лютым наступнага года, калі ўсё больш праясніцца.

---------------------------------------------------------

Даведка:

Войцэх Бародзіч-Смаліньскі — выпускнік Еўрапейскага Цэнтра Варшаўскага універсітэта, выпускнік польскай Акадэміі дзяржаўнай абароны; быў каардынатарам праекту «Партнёрства для Еўропы — Польшча–Беларусь» польскай Фундацыі імя Р.  Шумана, з’яўляецца супрацоўнікам Цэнтра міжнародных адносінаў, кіраўніком усходняй праграмы ў Цэнтры міжнародных адносінаў.

Каментаваць