Вольга Класкоўская: «Я прыехала, каб падтрымаць брата»

Пераслед іншадумцаў уносіць карэктывы ў лёсы не толькі вязняў, але і іх сем’яў. Вольга Класкоўская, сястра арыштаванага Аляксандра Класкоўскага, тыдзень таму вярнулася ў Беларусь пасля шасці гадоў эміграцыі. Яна патлумачыла сваё рашэнне адмовіцца ад палітычнага прытулку намерам падтрымаць брата, яго сям’ю. Быць побач з роднымі ў цяжкія часіны іх жыцця. З Вольгай Класкоўскай журналіст «НЧ» Вольга Хвоін размаўляла пра трагедыі, што нітуюць сем’і і чужых людзей, пра «агні вялікага горада» і настальгію па радзіме.



Пераслед іншадумцаў уносіць карэктывы ў лёсы не толькі вязняў, але і іх сем’яў. Вольга Класкоўская, сястра арыштаванага Аляксандра Класкоўскага, тыдзень таму вярнулася ў Беларусь пасля шасці гадоў эміграцыі. Яна патлумачыла сваё рашэнне адмовіцца ад палітычнага прытулку намерам падтрымаць брата, яго сям’ю. Быць побач з роднымі ў цяжкія часіны іх жыцця. З Вольгай Класкоўскай журналіст «НЧ» Вольга Хвоін размаўляла пра трагедыі, што нітуюць сем’і і чужых людзей, пра «агні вялікага горада» і настальгію па радзіме.

— Пра стан здароўя Аляксандр не піша. Мяркую, што ён пра многае не піша, бо цэнзары з КДБ папросту не прапусцяць. Я атрымала ўжо два лісты ад брата, і ў адным з іх частка тэксту закрэсленая чорным атрамантам. Палітвязні цяпер стараюцца пісаць нейтральна, каб іх лісты даходзілі на волю. Аляксандр падкрэслівае, што гатовы да любога развіцця падзей. Ён юрыст па адукацыі і выдатна разумее, што чатыры абвінавачванні па трох артыкулах не скончацца мяккім прысудам. Таму маральна ён падрыхтаваны да жорсткага прысуду. Вельмі сумуе па дзецях, просіць, каб перадавала прывітанні ад яго. Сям’я для Сашы — вельмі балючая тэма, у часе зняволення ён заўжды падкрэсліваў, што найперш хвалюецца за сваіх родных. У апошнім лісце падзякаваў за шашкі, шахматы, нарды, якія я перадала яму ў СІЗА КДБ, сказаў, што гэта было цэлае свята, бо ўсёй камерай вечар гулялі ў нарды. З пэўных крыніцаў я атрымала інфармацыю, што, магчыма, пакаранне ён будзе адбываць ва ўстанове пры турме для супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Калі будзе так, то для Сашы гэта плюс, бо сярод прадстаўнікоў свайго цэху ўсё ж лягчэй.

— Ці былі ў вас складанасці з перадачамі ў следчы ізалятар, у чым найперш маюць патрэбу зняволеныя?


— У мяне не было праблемаў з перадачамі. Але ёсць абмежаванні па вазе, і мы свой ліміт перадач ужо вычарпалі — гэта прыкладна тры перадачы ў месяц атрымліваецца. Але можна амаль штодня дасылаць пасылкі, абмежаванняў няма. Наколькі ведаю, усё даходзіць. Адзінае патрабаванне — усё мусіць быць у празрыстых пакунках, каву, цукар трэба перасыпаць. Саша вельмі дзякаваў за садавіну, гародніну, бо там не хапае вітамінаў. Важна не забывацца пра нашых блізкіх, бо кожная перадача — гэта свята для іх. Апроч таго, ёсць пэўныя правілы паводзінаў з сукамернікамі — прынята дзяліцца, калі табе нешта перадаюць з волі. Саша не паліць, але прасіў перадаваць яму цыгарэты, думаю, каб дзяліцца з калегамі па няшчасцю. Важна імкнуцца згладзіць шэрасць будняў, дасылаць нешта забаўляльнае. Настольныя гульні я перадавала з парады жонкі Аляксандра Атрошчанкава.

— Ці ёсць у вас паразуменне са сваякамі палітвязняў, маўляў, Аляксандр працаваў у гэтай сістэме, дык заслужыў такое?

— Ніякіх папрокаў, непаразумення няма. Больш за тое, родныя палітвязняў для мяне цяпер самыя блізкія людзі. Мы стэлефаноўваемся, сустракаемся, каля Чырвонага касцёла ў Мінску молімся за нашых родных. Ды і проста маральна мы падпітваем адзін аднаго. Гора зблізіла нас. Я цешуся, што цяпер маю кола такіх шчырых, надзейных, высакародных сяброў.

— Ці зрушылася справа з адмовай у набыцці кватэры для шматдзетнай сям’і Аляксандра?

— На гэтым тыдні Сашава жонка Наталля атрымала ліст з выканкаму, што сям’я ўсё ж уключаная ў ільготнае крэдытаванне як шматдзетная. Але ўсе тэрміны мінулі, у кватэры, якую яны будавалі, пачынаецца аддзелка. Былі ўнесеныя сродкі на будаўніцтва, Саша быў галоўным кватэраздымшчкам па дакументах, але, калі трапіў у следчы ізалятар, стаў лічыцца неплацежаздольным. Жонка пачала пераафармляць дакументы на сябе, але з-за таго, што следчы КДБ затрымаў генеральную даверанасць на імя Наталлі, застаецца мізэрны шанец, што сям’я адваюе сваё жыллё. Але я не збіраюся гэтую тэму пакідаць, я для таго і прыехала, каб падтрымліваць брата і яго сям’ю. Будзем дамагацца, каб Сашава сям’я мела свой кут, і яму было куды вярнуцца.

— Дзеці Аляксандра Класкоўскага ведаюць, дзе іх тата?


— Старэйшаму сыну адзінаццаць гадоў, дачцэ — сем, і яны ведаюць, што здарылася з бацькам. Малодшаму — Арсеню — сёлета будзе толькі тры гадкі. Сваякі вырашылі яму нічога не паведамляць, бо навошта рабіць траўму. Праўда, хлопчык глядзеў беларускую тэлевізію і ў адным з прапагандысцкіх фільмаў пабачыў бацьку. Давялося прыкласці намаганні, каб крыху патлумачыць сітуацыю. Дзеці перажываюць, бо былі моцна звязаныя з бацькам. Жонка таксама перажывае, ды і мы, родныя. Гэта адзіны суцэльны боль.

— Нядаўна буйныя дзяржаўныя СМІ надрукавалі артыкул, у якім ганьбіцца і ваш брат, і бацька — Аляксандр Класкоўскі, вядомы журналіст. Як гэта было ўспрынята?


— Мой бацька Аляксандр Класкоўскі — дасведчаны, прафесійны журналіст. Ён уздымае непрыемныя для сённяшніх уладаў тэмы, але прыдрацца юрыдычна да яго матэрыялаў складана. І застаецца толькі дыскрэдытаваць асобу. Але гэта смеху вартае. Бацька па-філасофску паставіўся, і нават з гумарам. Мяне больш за ўсё пакарабаціла, што аўтар гэтых пасквіляў майго брата назваў злачынцам. Калі б была нармальная цывілізаваная краіна, то мы б гэта ўжо абмяркоўвалі ў судзе. Бо людзі нават без юрыдычнай адукацыі ведаюць пра прэзумпцыю невінаватасці. І да рашэння суда, хай нават і беларускага, ніхто не мае права, тым больш публічна, называць чалавека злачынцам. Быў намер дыскрэдытаваць нашу сям’ю, але гэта выклікае толькі смех.

 — Вы адмовіліся ад палітычнага прытулку ў Еўропе, хаця пражылі там шэсць гадоў, вярнуліся ў Беларусь дзеля брата. Але ў мяне склалася ўражанне, што вы там не прыжыліся.

— Ад самога моманту, калі пераехала беларуска-польскую мяжу ў 2005 годзе, я марыла вярнуцца на Бацькаўшчыну. Я аб’ехала ўсю Еўропу. Былі розныя моманты — і ўзлёты, і падзенні. Але настальгія, вакуум, адсутнасць рэальных сяброў, звыклага асяроддзя, сваякоў... Агні вялікага гораду не заменяць гэтыя святыя рэчы. Калі б не здарылася гэтай трагедыі, я б усё адно вярнулася на радзіму. Я не шкадую пра сваё вяртанне, нягледзячы ні на што. У мяне проста крылы выраслі. Гэта вялікая падпітка ад сяброў, ад родных. Я не магу словы падабраць, проста цудоўна...

— Вы заўважылі, што там у вас не было сапраўдных сяброў. Гэта значыць, што да эмігрантаў ставяцца з насцярогай?

— Канешне. Маімі сябрамі былі беларусы, якіх я сустрэла за мяжой. Напрыклад, у Швецыі, я лічу, адна з лепшых беларускіх дыяспар. У нас дагэтуль цёплыя, шчыльныя стасункі. Але гэта кропля ў моры. Я паўсюдна адчувала сябе ізгоем. Міграцыйныя структуры, большасць прадстаўнікоў заходняга грамадства не саромеюцца падкрэсліць сваю грэблівасць, часам, падаецца, нават асалоду ад гэтага атрымліваюць. Гэта не залежыць ад твайго развіцця, здольнасцяў. Проста адкрыта кажуць: ты тут госць, і калі нешта не падабаецца, вяртайся на сваю радзіму.

— Цяпер многія маладыя беларусы загаварылі пра эміграцыю, бо не бачаць сваёй будучыні ў Беларусі. Да чаго варта рыхтавацца тым, хто наважыцца змяніць краіну жыхарства?


— Перш за ўсё, раю вельмі добра падумаць, усё ўзважыць, усе плюсы і мінусы. Для чалавека, які цесна знітаваны з радзімай, боль настальгіі будзе жудасным. Канешне, калі ёсць пагроза жыццю, волі, то выбіраць не даводзіцца. Пражыўшы гады за мяжой, магу сказаць, што гэта ілюзія — агні вялікага града. Ніхто нас нідзе не чакае. Адразу скажу, што будзе цяжка. Нават калі будзе крыніца даходу, калі адваюеш свой сацыяльны плацдарм. Я сустракала беларусаў, у якіх ледзь да вар’ятні не даходзіла, бо настальгія ламала іх. Гэтыя сталыя людзі часам плакалі як малыя дзеці, калі размаўлялі пра Беларусь. Калі ёсць выбар, я раю заставацца ў Беларусі.

Лёша, Даша і Арсень Класкоўскія


— Наколькі беларускія праблемы зразумелыя, блізкія еўрапейцам?

— Магу сказаць, што больш за ўсіх разумеюць, арыентуюцца, спачуваюць нам палякі. Бо яны блізкі нам народ, да таго ж мелі падобныя трагічныя старонкі ў сваёй гісторыі. Там любы чалавек — ці то прыбіральшчык, ці то выкладчык — добра арыентуецца ў нашай сітуацыі. Я шмат спачування бачыла і чула ад палякаў. Што тычыцца Заходняй, Паўночнай Еўропы, то мала хто называе нас Беларуссю — мы для іх Белая Расія. Наколькі яны ведаюць, што да чаго ў нас? З гэтым знаёмыя палітыкі, праваабаронцы, журналісты. Для шараговага абывацеля нашая краіна закрытая, ды і не надта яны цікавяцца. Магу сказаць пра Швецыю, дзе пасля апошніх выбараў цікаўнасць да Беларусі павялічылася, было многа інфармацыі ў СМІ. Гучыць банальна, але са свайго досведу эміграцыі магу сказаць: беларусы мусяць самі навесці парадак у краіне, ніхто за нас гэтага не зробіць.

— У якім з гарадоў Еўропы вы пачуваліся найбольш камфортна?

— Варшава. Польшча — славянская краіна; сугучнасць менталітэту, іншых рэчаў, блізкасць да нас. Я амаль год пражыла ў Парыжы, але ён падаўся мне чужым, не магу сказаць, што я адчуваю настальгію па гэтым горадзе, хаця многія мараць патрапіць туды хаця б на дзень-два. Стакгольм уразіў сваёй раскіданасцю. Мы прызвычаіліся, што ў нас усё кампактна, а ў Швецыі ўсё раскідана. Часам, каб дабрацца да нейкага месца, у Стакгольме трэба было патраціць палову дня. Што тычыцца прыгажосці, то, паклаўшы руку на сэрца, для мяне Мінск — самы прыгожы горад.

— Як змянілася Беларусь за час вашай адсутнасці тут?

— Я дагэтуль не маю цэлай карціны, бо шэсць гадоў — вялікі тэрмін. Калі выпадаеш з асяроддзя, трошкі пачуваешся іншаземцам. Я прыглядаюся, адкрываю для сябе Беларусь наноў. Радуе, што паболела беларускай мовы ў тым жа транспарце, змяніўся настрой у грамадстве. У 2005 годзе было менш палітычна заангажаваных людзей. Канешне, ёсць кантраст па ўзроўню жыцця, бо мы прайграем. Не магу пакуль прызвычаіцца да сэрвісу ў крамах. А Мінск, мой горад, парадаваў. Камфортны, еўрапейскі. Тым больш, што мне ёсць з чым параўноўваць.

* * *

Былы супрацоўнік міліцыі лейтэнант Аляксандр Класкоўскі быў затрыманы ў ноч на 21 снежня ў сябе дома ў сувязі з удзелам 19 снежня ў несанкцыянаванай акцыі ў Мінску і змешчаны ў СІЗА КДБ. Яму прад’яўлена абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (чч. 1 і 2 арт. 293 КК), у знявазе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і ў самавольным прысваенні звання або ўлады службовай асобы (арт. 382 КК). Класкоўскаму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Пасяджэнне суда па справе Аляксандра Класкоўскага адбудзецца 11 мая ў Ленінскім судзе Мінска.

Каментаваць