Вольга Абрамава: Пазіцыя ўладаў адносна смяротнага пакарання неразумная і ўпёртая

Што насамрэч перашкаджае ўмацаванню іміджа Беларусі? Ці спрацавалі міжнародныя санкцыі ў дачыненні да нашай краіны? Што для Беларусі смяротнае пакаранне? Пра гэта разважае палітолаг, экс-дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і Палаты прадстаўнікоў 2-га і 3-га скліканняў Вольга Абрамава.


 

 

Да нядаўняга часу міжнародныя парламенцкія структуры ігнаравалі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, бо не лічылі ўтвораны пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года парламент легітымнай структураю. І вось цяпер карціна мяняецца. У Мінску пройдзе сесія ПА АБСЕ, пра зняццё табу на супрацу з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў заявіў нават германскі бундэстаг. З чым гэта звязана? Як мяркуе Вольга Абрамава, зараз адбываюцца дэманстратыўныя змены ў стаўленні да Беларусі.

 

У невідочным плане на ўзроўні прыняцця пракламуемых рашэнняў камунікацыі з Палатай прадстаўнікоў адбываліся пастаянна. У тым ліку і з асобнымі дэпутатамі, якія мелі рэпутацыю дэмакратычна арыентаваных. Нават у той час, калі беларускі парламент стаў звацца Нацыянальным сходам, ён ніколі не быў напоўніцу выключаны з сістэмы міжнародных зносінаў, — падкрэслівае суразмоўца. — Дастаткова шмат было закулісных стасункаў альбо стасункаў на індывідуальным узроўні, і гэтыя стасункі давалі пэўныя вынікі

 

Пустое крэсла

 

Да прыкладу, працягвае палітолаг, гэта тычыцца стасункаў з ПА АБСЕ. Калі Вольга Абрамава была абрана ў Палату прадстаўнікоў 2-га склікання, як і Уладзімір Навасяд, па просьбе парламента яны бралі ўдзел у паездцы ў Вену, з якой яны прывезлі так званае “пустоге крэсла”.

 

Гэта было ўпершыню. Мы абое былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання. Мы чатыры гады былі ў групе апазіцыйных дэпутатаў, якія ў сваёй большасці (я асабіста каля трох месяцаў) выступалі за неабходнасць санкцыяў. А вось калі мы сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, мы паехалі ў Вену, дзе правялі каласальную колькасць сустрэчаў. Калі пайшла гаворка пра тое, хто зойме крэсла, дагэтуль займанае дэпутатамі Вярхоўнага Савета 13-га склікання (а прадстаўнік ЗША заявіў, што хацеў бы бачыць на гэтым месцы менавіта дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання), то адна з удзельніц ад расійскага боку сказала — дык вось яны, Абрамава і Навасяд, дэпутаты менавіта таго Вярхоўнага Савета. Пры ўсёй колькасці сустрэчаў было прынята ўсё ж радыкальнае рашэнне, і мы прывезлі “пустое крэсла”, пасля чаго “вакансія” была запоўнена ўжо зусім іншым чынам, — узгадвае экс-парламентар.  

     

Няправільнае рашэнне

Увогуле, працягвае Вольга Абрамава, тое, што ўсе гэтыя гады Беларусь была выключана са знешнепалітычных стасункаў, з’яўлялася няправільным рашэннем.

Як бы тое не было, але для нашае краіны гэта было стратнае рашэнне. Палітыка санкцыяў неэфектыўная альбо малаэфектыўная ў дачыненні да такой краіны, як Беларусь. Я шмат разважала і прыйшла да высновы, што такая палітыка вядзе перад усім да большай кансалідацыі насельніцтва вакол лідара, вакол улады. Гэта самае першае наступства. Не трэба было выключаць Беларусь з сістэмы міжнародных дачыненняў, трэба было знайсці іншыя механізмы ўдзеяння, якія дазвалялі б пакінуць Беларусь у арбіце міжнародных сувязяў, найперш з адукацыйнымі мэтамі, — упэўнена палітолаг. — Таму я магу толькі вітаць любыя варыянты ўцягвання Беларусі ў сістэму еўрапейскіх стасункаў.


Неабходны мараторый на смяротнае пакаранне

А што рабіць з Саветам Еўропы і Парламенцкай Асамблеяй СЕ (ПАСЕ), у якой Беларусь нават не мае статуса спецыяльна запрошанай?

Пакуль мы не ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне, пра што можа ісці гаворка датычна Савета Еўропы?! Гэта абсалютна дурніцкая, упёртая і неразумная пазіцыя беларускага кіраўніцтва ў гэтым пытанні. Я, дарэчы, публічна выступіла ўпершыню па гэтай праблеме з трыбуны парламента ў 2001 годзе на слуханнях па знешняй палітыцы. Я сказала, што нам тэрмінова трэба ўводзіць гэты мараторый. Мяне падтрымаў яшчэ дэпутат Нарэйка, і было прынята рашэнне аб запрашэнні дэпутатаў ПАСЕ і правядзенні парламенцкіх слуханняў па гэтым пытанні, — нагадвае Вольга Абрамава. — І гэтыя слуханні прайшлі нават у пашыраным фармаце з удзелам многіх спецыялістаў. І што далей? А нічога. Нават журналісты сёння не памятаюць, што адбылося такое магутнае мерапрыемства. Дарэчы, шмат юрыстаў, у тым ліку і статусных, якія ўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве, далучыліся да пункту гледжання, што мараторый уводзіць неабходна. Так што трэба прыбіраць усе перашкоды, разграбаць заканадаўчыя завалы, якія існуюць на шляху ўцягвання Беларусі ў агульнаеўрапейскія працэсы, і паслядоўна рухацца ў гэтым накірунку.      

Каментаваць