«Вольная Беларусь» без беларусаў

Поспех рэформаў у першую чаргу залежыць ад здольнасці рэфарматараў ствараць кааліцыі ў сваю падтрымку. Прапануем 3001-е абмеркаванне праграмы «Вольная Беларусь», падрыхтаванай калектывам аўтараў на чале з Зянонам Пазьняком.

«Цвёрдасць пазіцыі, якую не ў сілах змяніць ход прайгранай бітвы, — характэрная прыкмета кіруючай меншасці ў грамадстве, якому пагражае распад. Кантраст з рухомасцю і шматграннасцю творчых меншасцяў у грамадствах, якія развіваюцца, ашаламляльны», — адзначае Арнольд Тойнбі, гісторык.

Нагодай для цытавання класіка цывілізацыйнага аналізу стала публікацыя праграмы «Вольная Беларусь», падрыхтаванай калектывам аўтараў на чале з Зянонам Пазьняком. Праграма апублікаваная для абмеркавання. Гэтай прапановай на партале tut.by за некалькі дзён скарысталася 3000 чалавек, таму прапаную маю «Азбуку паліталогіі» лічыць 3001-м абмеркаваннем.


Невясёлая сацыялогія

У першым абзацы дакумента палітычны рэжым у Беларусі названы недэмакратычным і аўтарытарным. Адзначаецца, што ён праводзіць палітыку прамаскоўскай унутранай акупацыі і русіфікацыі. Абмяркоўваць тут, на першы погляд, няма чаго. Палітыка кожнага аўтарытарнага і недэмакратычнага рэжыму можа разглядацца як акупацыйная. Гэта падставовая паліталагічная ісціна.

Звернемся па каментар да амерыканскага эканаміста Мансура Олсана, які разглядаў сучасныя дзяржавы як вынік супрацьстаяння паміж бандытамі-гастралёрамі і мясцовымі стацыянарнымі бандытамі. Калі першыя абіраюць насельніцтва па максімуму, дык другія «аптымізуюць забраныя ў насельніцтва даходы, пачынаюць зберагаць іх і інвеставаць», што стварае ўмовы для трансфармацыі бандытаў у кіраўнікоў-аўтакратаў.

Такім чынам, для правядзення палітыкі ўнутранай акупацыі ўладзе не абавязкова быць прамаскоўскай. Свая, родная ўлада з гэтай задачай здольная выдатна спраўляцца. Яна ж не па ўказанні з Масквы, а дзеля вырашэння ўласных задач зацікаўленая ў русіфікацыі.

Звернемся да табліцы, скла­дзенай на падставе апытанняў НІСЭПД. У год першых прэзідэнцкіх выбараў у паўсядзённых зносінах карысталіся беларускай мовай 16%, праз тры гады — 6%, а яшчэ праз два — толькі 3%. Адкуль такая дынаміка? Ніякая палітыка русіфікацыі не магла быць яе прычынай, тым больш, што колькасць рускамоўных за гэты ж час не ўзрасла, а скарацілася!

Парадокс тлумачыцца проста. Перабудова перавяла насельніцтва былых рэспублік СССР са стану палітычнай апатыі ў стан палітычнага ўзбуджэння, складовай часткай якога стала нацыянальная (этнічная) мабілізацыя. Але ўжо да другой палове 1990-х гадоў яе рэсурс быў вычарпаны. Звярніце ўвагу на дынаміку варыянтаў адказаў: «руская і беларуская» і «змяшаная». У 1994 годзе прызнацца нават самому сабе ў выкарыстанні трасянкі рэспандэнту было няпроста. Але ў 1997 годзе ўсё ўстала на свае месцы.

У год першых прэзідэнцкіх выбараў будучы адзіны палітык (АП) дзейнічаў рацыянальна, калі зрабіў двухмоўе часткай сваёй выбарчай праграмы. У маі 1995 года на першым канстытуцыйным рэферэндуме за наданне рускай мове роўнага статусу з беларускай прагаласавала 83,2% ад колькасці тых, хто прыняў удзел у рэферэндуме. Неабходна падкрэсліць, што падлік галасоў забяспечвала даярмошынская ЦВК. Пра яе бесстароннасць сведчыць, у прыватнасці, яўка ў 64,8%. Праз паўтара года яўка падскочыла на 20 пунктаў — да звыклых па цяперашніх мерках 84,2%! Але гэта ўжо іншая гісторыя.


Нібы вавёрка ў коле

Беларускае грамадства, на думку аўтараў дакладу, засела ў XX стагоддзі. У гэтым галоўны вынік антынароднага рэжыму. Прыметнікі «аўтарытарны» і «антыдэмакратычны» нязгоды ў мяне не выклікаюць. Але чаму рэжым антынародны?

У 1994 годзе на першых і апошніх свабодных прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі АП у другім туры падтрымала 80,3% выбаршчыкаў ад колькасці тых, хто прагаласаваў (56% ад спісачнага складу), ягонага апанента, прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча, — 14,2%. Паводле ўсялякіх мерак — больш чым пераканаўчая перамога!

Аднак звернемся да вынікаў першага тура. Кандыдаты ад нацыянальна-дэмакратычных сіл (Пазьняк, Шушкевіч) атрымалі на дваіх 22,7%, а іх ідэйныя апаненты з прасавецкага лагеру (Дубко, Кебіч, Лукашэнка, Новікаў) — 72,4% пры яўцы 79%. Калькулятар падказвае, што падтрымка другіх апынулася ў 3,2 разы вышэйшай. Больш пераканаўчай ілюстрацыі электаральнай структуры беларускага грамадства, мабыць, і не знайсці.

Але электаральная структура — гэта толькі вытворная ад сацыякультурнай структуры. За квартэт кандыдатаў у 1994 годзе галасавала сацыяльная перыферыя: пажылыя, з нізкім узроўнем адукацыі, якія пражываюць у малых гарадах і сельскай мясцовасці.

Першыя і ўсе наступныя прэзідэнцкія выбару зафіксавалі галоўную характарыстыку беларускага грамадства — раскол. Для разумення яго прыроды нам спатрэбіцца ўяўленне пра два тыпы ўзнаўлення культуры: статычны і інтэнсіўны.

Першы ўласцівы традыцыйнай цывілізацыі. Ён накіраваны на падтрыманне ўсіх сістэм грамадства ў нязменным стане ў адпаведнасці з уяўленнямі, што ідэалізуюць мінулае. Другі пануе ў ліберальнай цывілізацыі. Ён характарызуецца імкненнем пастаянна павышаць сацыяльную эфектыўнасць.

Сучасная Беларусь, безумоўна, выйшла за рамкі традыцыйнай цывілізацыі, але перайсці мяжу ліберальнай цывілізацыі так і не здолела. Яна затрымалася ў прамежкавым стане, які спалучае элементы абедзвюх цывілізацый.

«Раскол, — тлумачыць гісторык Аляксандр Ахіезер, — паталагічны стан грамадства, што характарызуецца супярэчнасцю паміж субкультурамі адной культуры». У нашым выпадку, гэта субкультуры, якія склаліся пад уплывам традыцыйнай і ліберальнай цывілізацый.

Расколатае грамадства — нібы вавёрка ў коле — бяжыць па крузе, бо актывізацыя каштоўнасцяў адной часткі грамадства прыводзіць у дзеянне сілы іншай часткі грамадства, якая адмаўляе гэтыя каштоўнасці. Як тут ні прыгадаць ліберальную хвалю, спароджаную перабудовай, а ўслед за ёй актывізацыю прадстаўнікоў сацыяльнай перыферыі. Іх электаральная актыўнасць і забяспечыла першую перамогу будучаму пентачэмпіёну.


Хтосьці абавязкова дасягне поспеху

Якім чынам аўтары праграмы ўлічваюць раскол? Ніякім! Думаю, яны нават не падазраюць пра яго існаванне. Але гэта яшчэ паўбяды. На 76-ці старонках праекта новай Беларусі мне не ўдалося адшукаць раздзелу, прысвечанага аналізу сучаснага стану беларускага грамадства.

Тут напрошваецца паралель з дыялогам паміж Напалеонам і Лапласам, аўтарам пяцітомнай «Нябеснай механікі»:

— Вы напісалі такую вялікую кнігу пра сістэму сусвету і ні разу не згадалі пра Бога!

— Сір, я не меў патрэбы ў гэтай гіпотэзе.

Праграма «Вольная Беларусь» — гэта праграма крокаў на пераходны перыяд, якія неабходна зрабіць пасля змены рэжыму, для чаго спатрэбіцца Нацыянальная ідэя і людзі ідэі. Без актыўнай усенароднай падтрымкі, зразумела, не абысціся. Але калі сама сабой падтрымка не ўзнікне, дык яе неабходна будзе стварыць з дапамогай асветы грамадства.

Чаму такі арыгінальны спосаб змены рэжыму не быў рэалізаваны раней і чаму ён спрацуе ў найбліжэйшай будучыні, аўтары праграмы не тлумачаць. Тым не менш, усе іншыя схемы загадзя запісваюцца ў разрад абстрактнага папулізму.

Але ўявім, што гэта здарылася: антынародны рэжым ліквідаваны! Першы крок на шляху пераменаў — выбары ў парламент паводле абноўленай і скарэктаванай (!) Канстытуцыі 1994 года. Працэдура выбараў, натуральна, запатрабуе часу, таму на перыяд да шасці месяцаў улада павінна будзе перайсці да Нацыянальнага выканаўчага камітэту.

У свой час камуністам для ўтрымання ўлады спатрэбілася стварыць «новага чалавека». За 73 гады (тры пакаленні) задача была вырашана, але толькі часткова. І гэта нягледзячы на моц дзяржаўнай прапаганды, падмацаванай сілавымі структурамі. Біблейскі Майсей сорак гадоў (два пакаленні!) вадзіў свой народ па пустыні дзеля вырашэння аналагічнай задачы.

Спадзяюся, чытачы «НЧ» не забыліся, што беларускае грамадства, на думку аўтараў дакладу, засела ў XX стагоддзі. Такім чынам, і сёння структура каштоўнасцяў і палітычных пераваг беларусаў прынцыпова не змянілася ў параўнанні з лёсавызначальным 1994 годам.

Аб'ём «Азбукі паліталогіі» не дазваляе мне пералічыць канкрэтныя мерапрыемствы ў палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сферах, рэалізацыя якіх ужо праз пяць гадоў непазнавальна зменіць Беларусь да лепшага, а праз 10 гадоў выведзе яе ў шэраг магутных усходнееўрапейскіх краін.

Але адкуль вынікае, што план радыкальных мерапрыемстваў будзе падтрыманы большасцю? Поспех рэформаў у першую чаргу залежыць ад здольнасці рэфарматараў ствараць кааліцыі ў сваю падтрымку. Ні слова пра гэта ў праграме няма.

У тым, што рана ці позна цяперашні рэжым знікне, я не сумняваюся. Гэта будзе азна­чаць, што ў чарговы раз дзяржава фактычна распадзецца і ўлада апынецца ў брудзе. Пры гэтым, нібы прусакі са шчылін, палезуць ахвочыя яе з гэтага бруду дастаць… І хтосьці абавязкова дасягне вялікага поспеху. Але хто?


Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-05-21 14:24:40
Ахвочым пачытаць пра "Вольную Беларусь": http://belisrael.info/?p=10438 http://belisrael.info/?p=10609
  • Валентин
  • 2017-05-21 15:33:52
Позняк- трус и клеветник. Когда он в самый непростой период для страны сбежал в эмиграцию, он стал политическим трупом. Программа, в принципе неплохая, есть много ньюансов. Но как он собирается её воплотить в жизнь, сидя в США и поливая грязью тех, кто пытается здесь хоть что-то изменить? Пусть там и остаётся в своём Нью-Йорке и не высовывается.
  • Тю
  • 2017-05-25 00:23:52
Добра, што такі дэбіл ня жыў пад час вайны, бо нарабіў бы табліцу з колькасцю габрэйскіх вязняў у Бухэнвальдзе з 41-го па 45-ты год і запытаўся бы "А ці патрэбна габрэям свабода"?

Каментаваць