Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Ворагам бесчалавечнай улады прысвячаецца

У Музеі Янкі Купалы адкрылася мемарыяльная выстава «Страчаныя абліччы». Экспазіцыя, сабраная навуковым супрацоўнікам музея, гісторыкам Паўлам Каралёвым, прысвечаная беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад сталінскага тэрору ў 1920-1950-я гады.

Афіцыйна выстава прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і 130-годдзя з дня нараджэння ягонага сябра паэта Цішкі Гартнага, жыццё якога было трагічна абарванае ў 1937 годзе. Але па зместу і духу выставы можна казаць, што яна прымеркаваная да 80-годдзя піку бальшавісцкага тэрору.

На выставе прадстаўленыя шматлікія фотаздымкі, лісты, гістарычныя матэрыялы, асабістыя рэчы дзеячаў беларускай літаратуры і культуры, імёны якіх былі на доўгі час выкрэсленыя з афіцыйнай гісторыі. Наведнік зможа ўбачыць рарытэты, звязаныя з Цішкам Гартным, Уладзімірам Дубоўкам, Алесем Дударам, Міхасём Чаротам, Тодарам Кляшторным, Уладзімірам Жылкам, Уладзіславам Галубком і іншымі рэпрэсаванымі дзеячамі культуры.


Дамінантай экспазіцыі выступаюць ўражваючыя інсталяцыі з фотаздымкаў беларускіх пісьменнікаў і паэтаў, расстраляных 29 кастрычніка 1937 года. Таксама на выставе прадстаўленыя асабістыя рэчы, якія былі знойдзеныя падчас раскопак у Курапатах, дзе былі расстраляныя і пахаваныя тысячы мірных грамадзян.


“Раней, яшчэ пры савецкай уладзе, але калі ўжо прыадкрылася праўда пра рэпрэсіі, прынята было лічыць, што расстраляная нацыянальная інтэлігенцыя — нявінныя ахвяры. Я так не лічу. Яны для той улады сапраўды былі небяспечныя, бо змагаліся за нацыянальнае адраджэнне, за культуру, мову, каб беларусы маглі “людзьмі звацца”. І у гэтым сэнсе сапраўдныя ворагі той злачыннай, бесчалавечнай улады”, — адзначыў падчас прагляду экспазіцыі Вінцук Вячорка.

Праект рэалізуецца Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы сумесна з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва, Нацыянальным гістарычным музеем, якія, уласна, і прадставілі для выставы некаторыя дакументы са сваіх фондаў.

Выставу можна адведаць да 2 лістапада 2017 года.

Фота аўтара



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2017-10-05 11:50:54
Успамінаю, як хадзіў на першую ў Мінску мемарыяльную выставу, прысвечаную Цішку Гартнаму... У Траецкім прадмесці амаль 30 год таму.
Павел Каралёў - малайчына, вядома. Але чаму "Страчаныя абліччы"? Няхай бы хоць так: "(Ня)страчаныя абліччы" (па аналогіі з праектам "(Не)расстраляная паэзія").
  • ТН
  • 2017-10-05 17:20:32
Дзякуй за памяць

Каментаваць