Восем змоваў і адна рэспубліка

Большасці беларусаў усё яшчэ складана ўявіць лад, які абапіраўся б на закон, а не на рэпрэсіі.

За два месяцы, што прайшлі пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў, думка пра змову ў галаве «адзінага палітыка» (АП) так і не рассмакталася. Прывяду адно з яго апошніх выказванняў: «События 19 декабря лишний раз подтвердили, что против нашей страны был организован настоящий заговор. Спонсировали его иностранные спецслужбы, а роль черновых исполнителей отводилась местным политическим «вождям».

Большасці беларусаў усё яшчэ складана ўявіць лад, які абапіраўся б на закон, а не на рэпрэсіі.

За два месяцы, што прайшлі пасля заканчэння прэзідэнцкіх выбараў, думка пра змову ў галаве «адзінага палітыка» (АП) так і не рассмакталася. Прывяду адно з яго апошніх выказванняў: «События 19 декабря лишний раз подтвердили, что против нашей страны был организован настоящий заговор. Спонсировали его иностранные спецслужбы, а роль черновых исполнителей отводилась местным политическим «вождям».

Такім чынам, мы маем адну змову, прычым сапраўдную, і дастаткова шматлікі калектыў чарнавых выканаўцаў у выглядзе мясцовых палітычных «правадыроў». Галоўнай асаблівасцю апошніх (а гэта ні для каго не сакрэт) з’яўляецца іх поўная няздольнасць дамаўляцца паміж сабой. Адсюль напрошваецца выснова: калі змова мела месца, то не адна, іх было не менш за восем. Хто лічыць маю выснову нелагічнай, хай кіне ў мяне каменем ці хоць бы агучыць аргументаваную рэпліку.

Свет праз прызму рэпрэсій

Жыццё поўнае парадоксаў. З аднаго боку, беларусы славяцца сваёй талерантнасцю, з другога — колькасцю зняволеных на 100 тысяч насельніцтва. Паводле гэтага паказчыка яны займаюць другое месца ў Еўропе пасля Расіі і трэцяе — у свеце. Мне могуць запярэчыць, што справа тут не ў беларусах (не ў народзе), а ва ўладзе. Згодзен, не самі ж людзі прыгаворваюць сябе да працяглых тэрмінаў зняволення. Для гэтага існуюць адмыслова выбраныя ўладай прафесіяналы — суддзі. Аднак адбіраюцца яны з народа, і таму ў культурным плане ад народа нічым прынцыпова не адрозніваюцца.

Апытанні НІСЭПД дазваляюць нам зірнуць на беларускую культуру пад нечаканым ракурсам. У чэрвені 2009 года сацыёлагі вырашылі высветліць, што прымушае беларусаў выконваць законы. У лідарах апынуўся «страх пакарання». Яго адзначылі больш за палову апытаных — 52%, яшчэ 20% растлумачылі законапаслухмянасць суайчыннікаў звычкай, і толькі 16% — правільнасцю законаў. А вось як падзяліліся адказы на пытанне «Якіх наступстваў, на Вашу думку, можа быць больш — станоўчых ці адмоўных — ад змякчэння пакарання за малаважныя крымінальныя злачынствы?»: адмоўных — 53%, станоўчых — 29%. Такая «сацыялогія» мае патрэбу ў тлумачэнні.

Прымусіць чалавека падпарадкоўвацца можна заахвочваннем (ідэальным ці матэрыяльным) і пакараннем. Гэтыя спосабы ўніверсальныя, і мы без цяжкасці адшукаем іх у любой культуры. У гэтым сэнсе адна культура ад другой адрозніваецца суадносінамі пералічаных элементаў. Але і ў межах асобна ўзятай культуры гэтыя суадносіны не з’яўляюцца раз і назаўжды дадзенымі, што дазваляе нам разглядаць гістарычны працэс як рух са свету рэпрэсій у свет узнагарод. Зразумела, што ўлада асобна ад грамадства здзейсніць гэты паступальны рух не ў стане.

У рамках Саюзнай дзяржавы прынята гаварыць пра беларусаў і рускіх як пра дзве галіны аднаго народа (у снежні 2009 года з гэтым пагадзіліся 67% беларусаў). У гэтай сувязі будзе цікава ацаніць рэпрэсіўны складнік рускай культуры. На думку вядомага расійскага культуролага Ігара Якавенкі: «У рускай культуры функцыі рэпрэсіі носяць універсальны характар. Яна фармуе ўнутраны свет чалавека, дае яму мадэлі разумення свету — як зямнога, так і нябеснага. Рэпрэсія дазваляе арыентавацца ў сацыяльным космасе, задае нормы і каштоўнасці, забяспечвае барацьбу з хаосам. Яна ўваходзіць як істотны момант у сямейныя адносіны, пранізвае сабой выхаванне, адукацыю, афармляе адносіны да сакральных сутнасцяў».

У якой ступені ўсё пералічанае вышэй уласціва беларускай культуры? Пытанне няпростае. Але з апытанняў НІСЭПД вынікае, што каля паловы беларусаў бачаць свет праз прызму рэпрэсій.

«Давай, Сашок, давай!»

Знаёмства з элементамі культуралагічнай азбукі дазваляе нам зразумець яшчэ адзін парадокс. Сталін расстрэльваў і знявольваў, Хрушчоў вызваляў. Але калі першы і сёння ўспрымаецца шматлікімі асобамі няйначай як «бацька народаў», то другога, калі і ўзгадваюць, то пераважна ў сувязі з яго анекдатычнай сімпатыяй да царыцы палёў кукурузы.

На думку людзей заходняй (цэнтраванай на заахвочванні) культуры, каб стаць законным (легітымным) прэзідэнтам, неабходна займець на выбарах падтрымку большасці. На думку ж прадстаўнікоў культуры рэпрэсіўнай, колькасць галасоў тут не пры чым. Улада, як адзначае Якавенка, «ствараецца, пазнаецца і перажываецца ў акце справядлівай рэпрэсіі». У гэтым сэнсе Хрушчоў дазваляў сабе занадта шмат чалавечага, руйнуючы тым самым вобраз трансцэндэнтнага ўсходняга ўладара. Не цягнуў на такога ўладара і Гарбачоў з яго «новым мЫшлением», замешаным на агульначалавечых каштоўнасцях.

Справядлівыя рэпрэсіі ў народным уяўленні — гэта ў першую чаргу рэпрэсіі, скіраваныя ўладаром супраць свайго бліжэйшага асяроддзя (баяраў). У гэтай сувязі я ўзгадваю свайго памерлага цесця, які, радасна паціраючы рукі, прамаўляў у 1994 годзе: «Давай, Сашок, давай!» Наіўная душа, ён чакаў паказальных судовых працэсаў. Ён верыў, што ўсенароднаабраны не толькі верне яму абясцэненыя зберажэнні, але і пакарае тых, хто іх у яго выкраў.

Паказальных судоў над карупцыянерамі я штосьці не ўзгадаю. Але канца гісторыі не наступіла. Месца, першапачаткова прызначанае для карупцыянераў, занялі «нацыянал-экстрэмісты», яны ж «нацыянал-патрыёты». Паступова іх выцеснілі прадстаўнікі «так званай апазіцыі». Мой цесць падмены не заўважыў, ды яму гэта было і ўсё роўна. Галоўнае, што застаўся вораг, і застаўся той, хто працягваў яго караць. Сёння спіс ворагаў папоўнілі «замежныя спецслужбы». Жыццё працягваецца! Свет для такіх, як мой цесць, па-ранейшаму поўны сэнсу, і гэты сэнс яму надае Улада, здольная сілай душыць сваіх ворагаў.

У мяне няма звестак, які працэнт беларусаў ухваліў/асудзіў жорсткі разгон дэманстрантаў на плошчы Незалежнасці 19 снежня. Спадзяюся, сацыёлагі НІСЭПД адпаведныя пытанні ўключаць у чарговую анкету. Што тычыцца адносін да самой акцыі пратэсту, то ў снежні яе ўхвалілі толькі 17% рэспандэнтаў, у той час як процілеглы пункт гледжання выказалі ўжо знаёмыя нам 52% апытаных, паставіліся да яе абыякава — 24%.

Стымулам па галаве

На лістападаўскім рэферэндуме 1996 года 80% жыхароў краіны, дзяржаўны гімн якой пачынаецца словамі: «Мы, беларусы, — мірныя людзі», не падтрымалі прапанову па адмене смяротнага пакарання. На IV Усебеларускім народным сходзе АП нагадаў пра гэты факт: «У нас состоялся референдум, более 80 процентов населения высказалось за сохранение этой чрезвычайной меры, и я не могу пойти против всего народа. Мы делаем замер в обществе: количество людей, которые требуют оставить смертную казнь, не уменьшается. Как я могу пойти против народа?!»

Улічваючы, што праводзіў рэферэндум 1996 года ЦВК пад кіраўніцтвам Віктара Ганчара, а падпісвала выніковы пратакол у пасадзе в.а. старшыні камісіі Лідзія Ярмошына, прапаную паставіцца да афіцыйнага выніку ўсенароднага волевыяўлення з пэўнай доляй скептыцызму. Аднак і па апытаннях НІСЭПД прыхільнікі смяротнага пакарання складаюць у Беларусі хай і адносную, але большасць: супраць адмены — 48%, за адмену — 42% (кастрычнік 2010 года).

Нагадаю, стаўленне да смяротнага пакарання ў XXI стагоддзі з’яўляецца своеасаблівым тэстам на прыналежнасць да цывілізаванага свету, і здаць гэты тэст беларусы пакуль не ў стане. Самае цікавае, што сярод прыхільнікаў уступлення Беларусі ў ЕС доля тых, хто падтрымлівае захаванне смяротнага пакарання, большая, чым сярод прыхільнікаў аб’яднання рэспублікі-партызанкі з Расіяй (51% vs. 47%)! Прызнаюся, я не ў стане зразумела растлумачыць, чаму па-еўрапейску арыентаваныя беларусы адрозніваюцца павышанай агрэсіўнасцю.

Культуролагі вылучаюць уладную і нізавую рэпрэсіі. Паміж імі існуе дыялектычная сувязь. У момант распаду дзяржаўнасці, калі ўлада, па словах АП, «валяется в грязи» і ўжо ў сілу гэтага няздольная выконваць рэпрэсіўную функцыю ў поўным аб’ёме, пачынаецца разгул крыміналу. Вазьму на сябе смеласць сцвярджаць, што ў рамках рэпрэсіўных культур дзейнічае закон захавання рэпрэсій, гэтакі своеасаблівы аналаг законаў захавання масы і энергіі.

Рух рэпрэсіўнага цэнтру цяжару з верхніх узроўняў сацыяльнай іерархіі на ніжнія дэфармуе звыклыя маральныя нормы і каштоўнасці, дыскрэдытуе стымулы, якія падахвочваюць да працы. Праілюструю сказанае дадзенымі НІСЭПД. У «ліхія 1990-я» напярэдадні першых прэзідэнцкіх выбараў (снежань 1993 года) рэйтынг фактараў, што вядуць да ўзбагачэння, на думку беларусаў, выглядаў наступным чынам: асабістыя сувязі — 72%, несумленнасць — 56%, праца — 37%, адукацыя — 22%. У студзені 2007 года ва ўмовах сацыяльна-эканамічнай стабільнасці на першае месца выйшла праца — 68%, істотна пацясніўшы пры гэтым асабістыя сувязі — 43%. Да іх ушчыльную наблізілася адукацыя — 38%, а несумленнасць апусцілася на самае дно — 16%.

Сусветны крызіс не змяніў сістэму каштоўнасных прыярытэтаў беларусаў, што ўскосна сведчыць пра захаванне за Уладай манапольнага права на гвалт.

Гвалт — універсальны рэгулятар канфліктаў у традыцыйных грамадствах. Носьбіты традыцыйнага светапогляду, сутыкнуўшыся з праблемай, адразу ж фармулююць два класічныя пытанні: «Хто вінаваты?» і «Што рабіць?». Пасля таго, як адказ на першае пытанне знойдзены, пошук адказу на другое пытанне цяжкасцей не выклікае, бо дзеянні пачынаюць развівацца ў рамках звыклага алгарытму: спыніць, стукнуць, збіць на горкі яблык. Можна даць палкай па галаве. Ёсць і такі варыянт.

Дадзены алгарытм дзеянняў досыць эфектыўны пры арганізацыі простых форм працы. Паны стагоддзямі лупцавалі прыгонных, і рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці ад гэтага толькі павялічвалася. Але я сумняваюся, што замена розгі палкай дазволіць «придать белорусской экономике новый облик, модернизируя ее структуру, а также промышленность и сельское хозяйство на основе самых передовых производств и технологий, создавая стимулы для отечественных и иностранных инвестиций».

Дарэчы, пра стымулы. Адкрыем у чарговы раз слоўнік: лацінскае «stimulus» — вострая палка, якой падганяюць быдла.

Каментаваць