«Выбары–2016»: скарыстоўваць без спадзяванак

Па шчырасці — больш за ўсё ў гэтай кампаніі пад умоўнай назвай «парламенцкія выбары» здзіўляюць паводзіны некаторай часткі апазіцыі.


З уладай усё ясна. Мэта кіроўнага рэжыму — атрымаць прызнанне так званых «выбараў» ды «Палаты прадстаўнікоў» Еўропай (з перспектывай розных бонусаў), нічога пры гэтым не змяняючы. Ці, больш дакладна, якраз змяняючы — але ў горшы бок.

Выбараў як такіх у Беларусі насамрэч няма ад «рэферэндуму–96». Менавіта тады Аляксандр Лукашэнка наўпрост насуперак Канстытуцыі і заканадаўству зняў з пасады законнага старшыню ЦВК Віктара Ганчара і прызначыў Лідзію Ярмошыну, якая днямі назвала «недапушчальным», што кандыдаты скарыстоўваюць выбарчую кампанію… «дзеля палітычных мэтаў сваёй партыі». Далей — болей: кандыдат, па меркаванні Ярмошынай, павінен звяртацца да выбаршчыкаў «як кандыдат у дэпутаты, а не нейкі палітычны дзеяч, які вырашае нейкія пытанні, што тычацца не выбаршчыкаў акругі, а краіны ў цэлым».

У дзвюх фразах — процьма абсурду. Можа, Лідзіі Ярмошынай, якую часам запрашаюць на міжнародныя мерапрыемствы па выбарчай тэматыцы, там забыліся растлумачыць, што для «вырашэння пытанняў выбаршчыкаў акругі» існуюць мясцовыя органы ўлады. А парламент (якога на самай справе ў Беларусі няма) — заканадаўчы орган менавіта краіны ў цэлым. І месца для правядзення палітычных дэбатаў ды прыняцця палітычных рашэнняў, якія тычацца краіны ў цэлым. І парламенцкія фракцыі складаюцца пераважна з прадстаўнікоў палітычных партыяў, дый наогул на парламенцкіх выбарах у першую чаргу вырашаецца, якія партыі перамогуць.

Аднак гэта абсурд толькі тады, калі гаворка ідзе пра сапраўдныя дэмакратычныя выбары і пра сапраўдны парламент, а не пра «палатку», якая ёсць аналагам Вярхоўнага Савета СССР даперабудоўчага часу. Ці мо нейкай мяшанкі з «парламентамі» сацлагераўскіх краінаў, дзе была імітацыя не толькі выбараў, але і псеўдаапазіцыі ў гэных «парламентах». Кажу «мяшанкі», бо ў нашым варыянце псеўдаапазіцыю калі і дапусцяць, дык аднаго-двух дэпутацікаў, не болей (у ГДР, ЧССР, ПНР дапускалі болей, хаця сутнасці рэжымаў гэта не змяняла).

Прэтэндэнты на ролю «кішэннай апазіцыі» маюцца. Гэта, напрыклад, кампанія «Гавары праўду», кіраўніцтва якой дзеля шчасця яе адыгрываць ахвяравала нават брэндам, пад які гэта кампанія стваралася, — сваім лідарам Уладзімірам Някляевым. Бо ён на «кішэннага» ніяк не падыходзіў. Роля кішэнных наогул падыходзіць яшчэ некаторым кандыдатам, прынамсі, усім тым, хто нічога не кажа выбаршчыкам пра тое, што выбараў насамрэч няма. Наадварот, заклікаюць прыходзіць і галасаваць, каб потым «народны абраннік», якога, насамрэч, не абіралі, а прызначалі, вырашаў праблемы выбаршчыкаў акругі. То бок, рабіў тое, пра што кажа Лідзія Ярмошына.

На маю думку, шанцы для такіх «абраннікаў» ёсць. Але канкрэтнага прагнозу рабіць не буду, таму што гэта — чалавечы фактар, які прагназаванню паддаецца цяжка (або, прынамсі, тут трэба быць не палітычным аглядальнікам, а псіхааналітыкам). Мяркую, што рашэнне пра гэта могуць прыняць (ці змяніць, калі папярэдне ўжо прынялі) у апошні момант. Магчыма, прызначаць статыстаў — ці, хутчэй, элементы дэкору. А магчыма і не: вырашаць, што Еўропа і без такой дэкарацыі праглыне «выбары» — па геапалітычных прычынах.

Ні пра што іншае, апроч бутафорыі, гаворкі наагул няма. Ні на якія рэальныя саступкі рэжым ісці не збіраецца. Рэальныя саступкі — гэта, найперш, каб прадстаўнікі розных бакоў абавязкова былі ў кожнай выбарчай камісіі (калі бакі іх вылучаюць, натуральна), і каб падлік бюлетэняў быў цалкам празрысты. Тое, што толькі асобныя прадстаўнікі дэмакратаў трапілі ў некаторыя камісіі (як, прыкладам, аўтар гэтых радкоў), нічога не змяняе. Гэтаксама зразумела, што выбары — калі гэта выбары — трэба праводзіць у адзін дзень, датэрміновае галасаванне павінна быць жорстка абмежаваным. Гэта мінімум, але нават і гэтага мінімуму няма. То бок, і выбараў няма.

Але нават у гэтых умовах, з прадвызначаным вынікам (бо ніхто не замінае намаляваць вынік, які хочаш, незалежна ад рэальнага галасавання) найбольш актыўных кандыдатаў не зарэгістравалі па высмактаных з пальца зачэпках. Напрыклад, Мікалая Казлова і Алеся Лагвінца, якому сама Ярмошына зрабіла рэзкую заўвагу з нагоды канцэрта Лявона Вольскага на яго пікеце. А чаму нельга ладзіць канцэрт, хіба гэта забаронена?

Але адмовілі ў рэгістрацыі не за гэта, а за «агітацыйныя матэрыялы», да якіх прыраўнялі візітоўкі, і за «подкуп выбаршчыкаў» газетай «Народная воля». Якую, дарэчы, раздавала не каманда Лагвінца, а рэдакцыя «НВ» дзеля папулярызацыі свайго выдання. Што можна прыдумаць больш смеху вартага?!

У Мікалая Уласевіча ў Астраўцы праблемы з друкаваннем праграмы; у вядомага рэжысёра Юрыя Хашчавацкага ролік з яго яскравым выступам знік з YouTube, паколькі гэта, нібыта, парушэнне «аўтарскіх правоў» беларускага тэлебачання. Якія аўтарскія правы тэлебачанне мае на перадвыбарчы ролік?! Можа, тады і да адказнасці за словы кандыдата прыцягваць не кандыдата, а БТ?

Здавалася б, навошта ўсё гэта? На вынікі, што абвесціць афіцыёз, усё адно ж не паўплываеш, усё схоплена. Адказ уяўляецца адзіным: «абы ціха». Гэта з той жа скрыні, што і словы старшыні ЦВК наконт таго, што «кандыдат — не палітычны дзеяч» (памятаем-памятаем, «палітык у краіне адзін», як выказваўся пра сябе Лукашэнка) і што кандыдат мусіць уздымаць пытанні толькі «выбаршчыкаў акругі», а не «краіны ў цэлым». Дэпутаты дэпутатамі, каго трэба, таго і прызначым — аднак каб кандыдаты не ўздымалі вострых праблемаў, каб не крытыкавалі ўладу, каб не развівалі палітычную актыўнасць.

Не так даўно на сайце радыё «Свабода» быў артыкул «Крэмль мае намер выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для стварэння гібрыдных пагроз, — даклад аналітычнага цэнтру». У ім падкрэсліваецца, што «Расія хоча ператварыць Беларусь у “шэрую зону”, якая будзе крыніцай пагроз бяспекі і стабільнасці краінам Захаду і Украіне». Пазначана, што «аўтарамі дакладу з’яўляюцца кіраўнікі арганізацыі Арсень Сівіцкі і Юры Царык, якія лічацца лаяльнымі ўладам аналітыкамі». Якое гэта мае дачыненне да выбараў? Непасрэднае. Захаду пасылаецца чарговы месідж, гэтакая страшылка: прызнавайце выбары, якімі б яны ні былі (іншых усё адно не будзе), заплюшчвайце вочы на беларускую дыктатуру дзеля сваіх геапалітычных інтарэсаў.

Такім чынам, робіцца разлік на тое, што Еўропа прызнае (адзначыўшы недахопы з якой-небудзь прыдатнай фармулёўкай). Што, дарэчы, мажліва. На жаль…

Аднак найбольш здзіўляюць не напаўзаплюшчаныя вочы еўрасаюзаўскіх чыноўнікаў, не канфармісты з розных палітычных рухаў. Здзіўляюць дэмакратычныя прадстаўнікі, якія слушна сцвярджаюць, што выбараў у Беларусі няма, а тым часам з дзіцячай радасцю паведамлялі, што іх зарэгістравалі кандыдатамі на «выбары» ў «Палату прадстаўнікоў».

Я не пра тых, хто паведамляе пра гэта з іроніяй — я менавіта пра дзіцячую радасць. Цукерку дадуць, думаеце? Не спадзявайцеся. Выбараў у Беларусі няма ўжо два дзясяткі гадоў з гакам. І не прадбачыцца. Гаворка пра тое, што рэальна ніякіх выбараў не будзе, пытанне толькі «прызначаць — не прызначаць». Скарыстоўваць палітычную кампанію — у прыватнасці, дзеля таго, каб тлумачыць людзям, што выбараў на самай справе няма, і што важна, каб яны былі, каб была змяняльнасць улады на выбарах — можна і трэба. Як і ўздымаць падчас кампаніі іншыя вострыя палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя праблемы. Аднак захапляцца ёю як такой — ніякім чынам не да месца. Тым больш, спадзявацца, што вас абяруць. Калі сапраўды і абяруць, дык усё роўна не прапусцяць.

Словам, скарыстоўваць кампанію варта менавіта так, як забараніла Лідзія Ярмошына.



Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2016-09-04 10:04:07
"...«подкуп выбаршчыкаў» газетай «Народная воля». Якую, дарэчы, раздавала не каманда Лагвінца, а рэдакцыя «НВ» дзеля папулярызацыі свайго выдання". А-яй, аўтар, нестыковачка... Сам Лагвінец месяц таму прызнаваў: "Уся ўзнагарода заключалася ў тым, што я даваў тым, хто падыходзіў да майго пікету, асобнік „Народнай Волі“. Грошы зь іх за газэту я ня браў." www.svaboda.org/a/lahvinca-nie-zaregistravali/27908888.html

Каментаваць