Выбары: назіранні назіральніка

Апошняя выбарчая кампанія і арганізацыя галасавання хутчэй дэлегітымізуюць уладу ў вачах тых, хто меў хоць якое дачыненне да выбараў у якасці назіральніка, даверанай асобы кандыдата, журналіста, сябра камісіі, удзельніка «каруселі».


Калі раней на выбарах адбываліся махінацыі на ўзроўнях датэрміновага галасавання, падчас падліку галасоў, падчас звядзення лічбаў у акруговых камісіях, гэта рабілася патаемна. Камісіі ўсімі намаганнямі стараліся схаваць факты фальшаванняў. Цяпер альбо задзейнічаныя ў выбарчай сістэме выканаўцы расслабіліся ад беспакаранасці, альбо яны так нягегла імкнуцца прадэманстраваць Еўропе «прагрэс» у арганізацыі выбараў і адначасова зацята выконваць дырэктывы «зверху» па яўцы. У любым выпадку, махінацыі выбарчыя камісіі сёлета здзяйснялі нахабна і адкрыта.


Сябры камісіі на выбарчым участку 607 падлічваюць бюлетэні


Перш за ўсё гэта тычыцца яўкі выбаршчыкаў. Практычна паўсюль на выбарчых участках назіральнікі фіксавалі прыпіскі колькасці прагаласаваўшых. Напрыклад, на выбарчым участку 607 Каліноўскай выбарчай акругі №108 на трэці дзень датэрміновага галасавання яўка на паперы (у пратаколе) была павялічана на 161 чалавек (рэальна прагаласавала 75), па выніках датэрміновага галасавання было прыпісана яшчэ 90 чалавек. І ў дзень галасавання прыпіскі дасягнулі апагею: паводле падліку назіральнікаў, на ўчастку галасавалі 343 выбарца, паводле «падлікаў» камісіі — 715 (!!!).


Пратакол аб выніках галасавання на ўчастку 607 Каліноўскай акругі 108


На ўчастку 625 Каліноўкай акругі № 108 зафіксавалі ўкід бюлетэняў. Паказальна, што акуратны стос бюлетэняў у празрыстай скрыні для датэрміновага галасавання праляжаў палову дня і ўсю ноч, пакуль яго не сфатаграфаваў журналіст. Нават кіраўніца ЦВК заявіла, што не сутыкалася з падобным у сваёй практыцы.

Назіральнікі акругі 108 фатаграфавалі пячаткі (камісія дазваляла) на скрынях для датэрміновага галасавання і бачылі, што яны адрозніваюцца.



У лякарнях, інтэрнатах і ВНУ актыўна выкарыстоўваўся прымус да галасавання, асабліва датэрміновага. Паўсюдна ў мэтах падвышэння яўкі выкарыстоўваліся так званыя «каруселі», калі бяспраўныя супрацоўнікі бюджэтных устаноў, якія моцна залежаць ад мясцовага начальства, накіроўваюцца на розныя ўчасткі і галасуюць па некалькі разоў.


Скрыня для датэрміновага галасавання на ўчастку 625 (на дне можна ўбачыць акуратны стос бюлетэняў)


Увогуле, паводле праваабаронцаў, панятак «датэрміновае галасаванне» згубіў свой сэнс: на выбарах адбываўся шматдзённы галасавальны марафон: колькасць галасаваўшых датэрмінова пераваліла за 30%.

Проста неверагодныя факты фальшаванняў фіксаваліся падчас падліку галасоў. І хаця падлік традыцыйна не праходзіў галосна і адкрыта (большай часткі бюлетэняў і пазнакаў у іх не было відаць), на ўчастках 607 і 618 назіральнікі запісалі на аўдыё і відэа лічбы, што агучваў старшыня камісіі падчас асобнага падліку датэрміновага галасавання, галасавання на даму і галасавання ў асноўны дзень. Сумы адпаведных лічбаў папросту не сыходзіліся з выніковымі лічбамі пратаколу: у адных кандыдатаў галасы па выніку адбіраліся, іншым дадаваліся, таксама штучна змяншалася колькасць тых, хто галасаваў супраць усіх.


Старшыня участковай выбарчай камісіі ўчастка 626 закрывае ад фатографа пратакол аб выніках датэрміновага галасавання 




Каментаваць