Выбары: што атрымаем за нашы грошы?

Кампанія па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў уваходзіць у «гарачую фазу». На вуліцах з’явіліся пікеты прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія актыўна стасуюцца з народам. Аднак ці будзе гэтая кампанія нечым адрознай ад ранейшых — вялікае пытанне.
Збор подпісаў у Бабруйску

Збор подпісаў у Бабруйску



«Жоўтая картка»


Згодна з пастановай ЦВК ад 8 чэрвеня, перад прыняццем рашэння аб фармаванні выбарчай камісіі на абмеркаванне павінна выносіцца пытанне «аб дзелавых і палітычных якасцях асоб, вылучаных у склад камісіі», а калі лік прэтэндэнтаў у склад камісіі перавышае прадугледжаную колькасць, заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і ладзіцца персанальнае галасаванне.

Падавалася б, у такіх варунках сябры палітычных партый маюць перавагу пры стварэнні камісій. Але рэальнасць апынулася нават горшай за прагнозы адмыслоўцаў. Пастанова ЦВК — адно, а правапрымяняльная практыка — іншае. Недзе, як у Магілёўскай вобласці, ТВК фармавалася адмысловымі «рабочымі групамі», ніяк не прапісанымі ў заканадаўстве. Недзе, як у Брэсцкай вобласці, за камісіі галасавалі спісам, а не персанальна. У Гродзенскай вобласці ў дачыненні да апазіцыянераў (адрозна ад прадстаўнікоў праўладных партый і аб’яднанняў) сабралі нават характарыстыкі ўчастковых. Улічваючы, што мала які актыўны апазіцыянер не мае адміністратыўнага пакарання за сваю дзейнасць, зразумела, што «хуліган» не можа быць у камісіі.

Як адзначаюць у кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», агульны крытэр, які негалосна скарыстоўваўся пры вызначэнні сябраў ТВК і АВК, — досвед удзелу ў выбарчых камісіях. У той час калі прадстаўнікоў апазіцыі туды не ўключаюць з зайздроснай рэгулярнасцю, гэта нагадвае анекдот: «Прэзідэнтам краіны можа быць асоба, якая мае досвед прэзідэнцкай працы не менш за пяць гадоў».

У выніку колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у АВК склала 1,8% ад агульнай колькасці іх сябраў. Падчас парламенцкіх выбараў 2008 года іх працэнт у складзе АВК — 2,2, а на парламенцкіх выбарах 2012-га — 3%. То бок, у параўнанні з выбарамі 2008 года знізіўся амаль удвая.

Рух «За Свабоду» ўжо паспеў з гэтай нагоды паспрачацца з Лідзіяй Ярмошынай. Прадстаўнікі РЗС абвясцілі, што выносяць ЦВК «жоўтую картку» за дыскрымінацыю дэмакратаў па палітычных поглядах. Старшыня ЦВК у адказ заявіла, што лепей бы РЗС заняўся справаводствам, бо іх дакументы на вылучэнне кандыдатаў у ТВК і АВК проста непісьменна складзеныя і ўвогуле маглі не разглядацца (у выбаркамы трапілі толькі два прадстаўнікі РЗС з 48 прэтэндэнтаў).


Некаторыя раўнейшыя


Аднак, як высветлілася падчас абскарджвання неўключэння ў камісіі ў судзе, аналагічныя «папяровыя праколы» дапускалі і праўладныя арганізацыі. На падставе інфармацыі, атрыманай у судах, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што Беларускі саюз жанчын і Беларускае аб’яднанне ветэранаў «не вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад акруговых камісій належным чынам». «Замест пратаколаў пра вылучэнне сваіх прадстаўнікоў у камісіі яны накіравалі ў органы, якія фармуюць камісіі, копіі пратаколаў, што парушае патрабаванні выбарчага кодэкса. Апроч таго, гэтыя дакументы не ўтрымліваюць абавязковых звестак, якія патрабуе частка 7 артыкула 35 Выбарчага кодэкса: не пазначаны месцы знаходжання гэтых арганізацый, у шматлікіх выпадках не пазначаная партыйнасць накіраваных у камісіі асобаў», — зазначыў палітык.

Ён дадаў, што менавіта адсутнасць рэквізітаў сталася падставай для неўключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў Руху «За Свабоду», але «прадстаўнікоў праўладных арганізацый увогуле ўключалі спісам без аніякіх дакументаў пра вылучэнне і без аніякіх прававых падстаў».

Чаму АВК і ТВК такія важныя? Яны ж не праводзяць наўпроставага падліку галасоў? Ды таму, што яны, па-першае, кантралююць складанне спісаў выбаршчыкаў, а па-другое, разглядаюць скаргі на парушэнне выбарчага заканадаўства і на дзеянні выбарчых камісій ніжэйшага ўзроўню. А ТВК яшчэ і «ажыццяўляюць кантроль за захаваннем роўных прававых умоў перадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў у дэпутаты».

Без прысутнасці ў іх апазіцыянераў пра роўныя ўмовы перадвыбарнай дзейнасці кандыдатаў можна забыцца.


Што прапануюць кандыдаты?


Асноўнымі арганізатарамі выбараў, канстатуюць «Праваабаронцы за сумленныя выбары», з’яўляюцца пяць найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў — «Белая Русь», БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, ФПБ. Агулам гэтыя аб’яднанні вылучылі 42 чалавекі ў ТВК і 663 у АВК, з іх 37 сталі сябрамі ТВК (88% ад вылучаных) і 605 сябрамі АВК (91,2% ад вылучаных).

Ужо вядомыя некалькі «праўладных» прэтэндэнтаў у кандыдаты, якія гэтым разам пачалі збіраць подпісы. Зноў пазмагацца за крэсла дэпутата збіраецца спартоўца і дзеючы дэпутат з «Белай Русі» Вадзім Дзевятоўскі. «Акурат займаюся гэтым пытаннем», — каротка і без падрабязнасцяў сказаў «Еўрарадыё» старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі. Цікава, што Алімпійскія гульні якраз пачынаюцца разам з агітацыяй на парламенцкіх выбарах.

Дэпутацкія мандаты апроч яго збіраюцца паднавіць сябры «Белай Русі» дэпутаты Аксана Няхайчык і Валер Барадзеня. Пад сцягам ФПБ збірае подпісы за сваё вылучэнне спявачка Ірына Дарафеева, якая заявіла, што перадвыбарчую праграму будзе распрацоўваць пасля магчымай рэгістрацыі.

Застацца народным абраннікам жадае таксама дэпутат Вольга Палітыка. Яна беспартыйная, таму вылучаецца праз збор подпісаў. А да народа пойдзе са сваёй ранейшай праграмай. «Там усё актуальна засталося, база будзе тая ж. Каб наша заканадаўства забяспечвала дастойны ўзровень заробкаў для сумленных грамадзян, каб заканадаўчая база дазваляла развівацца малому і сярэдняму бізнесу», — сказала Палітыка «Еўрарадыё». Узнікае пытанне, што ж яна рабіла ўвесь папярэдні парламенцкі тэрмін, калі не выканала сваіх абяцанняў?

Відавочна, што праўладныя прэтэндэнты на парламенцкае крэсла не могуць прапанаваць народу нічога новага, апроч як «развівацца і працаваць», як тое агучыў на Усебеларускім сходзе Лукашэнка.  Таму, каб закрыць поўную нястачу ідэй ва ўлады і патрэбныя свае выбарчыя камісіі.

Нязгодныя


Апазіцыя на тое, каб трапіць у парламент, не спадзяецца. Яна па-ранейшаму разлічвае на прапаганду падчас кампаніі сваіх ідэяў і эканамічных праграм, а таксама на збор доказаў таго, што беларускія выбары не адпавядаюць стандартам АБСЕ. Аднак сёлета яе тактыка істотна змянілася.

Калі раней апазіцыянеры, выбраўшы ўсе магчымасці агітацыйнай кампаніі, здымаліся з выбараў, каб «не легітымізаваць уладу», то зараз хаця б яе частка пойдзе «да канца». «Асноўная стратэгія правацэнтрысцкіх сілаў будзе ў падтрымцы нашых кандыдатаў, каб за іх прагаласавала большасць беларускага грамадства, і мы маглі б даказаць, што выбараў у Беларусі няма», — паведаміў адзін з лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі (РЗС, Аб’яднаная грамадзянская партыя і БХД), сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

То бок, апазіцыя сёлета мае намер дайсці да этапу галасавання. Як кажа лідар АГП Анатоль Лябедзька, тактыка байкоту (ці хаця б спроб яго арганізаваць) была слушнай у мінулым, калі для набыцця мандату патрабавалася яўка ў 50% і трэба было набраць 50%+1 голас выбаршчыкаў. Зараз умовы змяніліся: дэпутата абіраюць простай бальшынёй галасоў. Відавочна, гэта адна з моцных, і наўрад ці станоўчых змен у выбарчым заканадаўстве. Бо яна фактычна не дапускае правядзення другога туру выбараў.

За нашыя ж грошы


Выдаткі на парламенцкія выбары складуць 0,2% ад усіх выдаткаў на агульнадзяржаўную дзейнасць, або 20 млн. 62 тыс. 26 дэнамінаваных рублёў і 50 капеек. То бок, прыблізна $10 млн. Што на мільён больш, чым раней. Кажуць, гэта звязана з дадатковымі выдаткамі на тэрытарыяльныя камісіі.

Амаль столькі ж выдаецца на дзяржаўныя органы, якія забяспечваюць дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі, або на апарат міждзяржаўнай інтэграцыі. На дашкольную адукацыю, альбо на сацыяльную абарону вылучаецца ў 4,5 разоў менш, на маладзёжную палітыку ці на кінематограф — у 3 разы менш, падлічыла «Радыё Свабода».

Пакуль што няма падстаў казаць, што за гэтыя грошы Беларусь наладзіць празрыстыя і свабодныя выбары па стандартах АБСЕ. Наадварот, сыходзячы з практыкі стварэння выбарчых камісій, ёсць усе шанцы на тое, што нашы выбары пройдуць «як заўжды». Дык ці варта марнаваць на іх грошы? Ці не аддаць хаця б палову той жа дашкольнай адукацыі?

Лідзія Ярмошына казала, што сёлета назіральнікі пабачаць працэс падліку галасоў, то бок сябры камісій не будуць закрываць бюлетэні сваімі філейнымі часткамі. Аднак вернемся да таго, з чаго пачыналі — і кандыдатуры ў АВК і ТВК планавалася абмяркоўваць. Правапрымяняльная практыка вельмі адрозніваецца ад самых шчырых дэкларацый…


Каментаваць