Выбары-2015: разбурэнне стэрэатыпаў

Многія стэрэатыпы, асабліва сацыяльныя, жывуць доўга. Але трохі пазней альбо ледзь раней яны ўсё ж пачынаюць разбурацца: жыццё ламае традыцыйныя ўяўленні пра нібыта непарушны парадак рэчаў... Вось апошні цікаўны прыклад.

 



Радзіма дзеючага прэзідэнта — Шклоў, ва ўяўленні большасці беларусаў — яго надзейны, непарушны аплот. У прынцыпе, лагічна: дзякуючы знакамітаму земляку райцэнтр за апошнія 20 гадоў выдатна змяніўся ў лепшы бок. Ясна, што звычайныя людзі не могуць гэта не адчуваць. Ну і чыноўнікі разумеюць: горад трэба кантраляваць! У выніку мала хто чакае ад мясцовых жыхароў праявы калі не апазіцыйнасьці, то хаця б грамадзянскасці.

Але вось прыехала сёння канкурэнт Аляксандра Лукашэнкі на выбарах Таццяна Караткевіч і аказалася, што гэты стэрэатып бурыцца!

Пачалося з таго, што паслухаць дэмакратычнага кандыдата ў прэзідэнты ў цэнтры горада прыйшло пад сотню шклоўчан. І хоць улады папярэдне дазволілі толькі пікет, яны пайшлі насустрач прысутным — далі Дом культуры.

Далей — больш. Хоць ля Караткевіч і ў зале былі прадстаўнікі мясцовай вертыкалі, а выступ Таццяны, яе дыялогі, дыскусіі з прысутнымі адкрыта здымаліся «чалавекам у цывільным», народ не маўчаў.

За вострым словам у адрас выканкама і Лукашэнка не лезлі ў кішэню нават пенсіянеры. Прама пад камерай невядомага «спецыяліста» неміласэрна крытыкавалі ўладу, яе лідэра: «Ды ён ніколі ў жыцці не аддасць свайго!»

Такой вастрыні непрыхавана радаваліся мясцовыя маладыя хлопцы ў майках з «Пагоняй».

А калі сустрэча скончылася, жыхары ахвотна фатаграфаваліся з кандыдатам у прэзідэнты, прасілі аўтографы.

Вы кажаце, краіну задушыў страх? Людзям нецікавыя выбары? А можа гэтыя высновы — усяго толькі ўчорашнія штампы, няведанне сённяшняга жыцця?

У Бялынічах, дзе таксама пабывала Таццяна Караткевіч, журналісты на свае вочы пераканаліся ў разбурэнні яшчэ аднаго стэрэатыпу — нібыта пенсіянеры і людзі пасталеўшыя сталі самай надзейнай апорай цяперашняй улады. Аднак насуперак гэтаму штампу тон у размове задавалі менавіта прадстаўнікі старэйшага пакалення. Гэта і прадпрымальнікі, і лекары, настаўнікі, рабочыя.

Яшчэ адна зальная сустрэча прайшла ў Магілёве, а ў Беразіно Караткевіч пабывала на мясцовым рынку.

У суботу і нядзелю яе чакаюць яшчэ ў сямі гарадах і мястэчках: Валожыне, Іўе, Лідзе, Бярозаўцы, Наваградку, Дзятлава, Слоніме.

Гэта, дарэчы, яшчэ адзін прыклад разбурэння стэрэатыпаў: нібыта жанчыны-дэмакраты не гэтак актыўныя ў агіткампаніях, як тытульныя апазіцыйныя палітыкі. Але калі падлічыць, колькі раёнаў праехала Таццяна Караткевіч за два апошнія месяцы, то гэта, верагодна, больш, чым назбіраецца ў суме у дзясятка бачных кандыдатаў у прэзідэнты на мінулых выбарах.

Паводле: Свободные новости

Каментаваць