Выціснуць з сябе раба. З Днём Волі!

Дзень Волі–2016 — якім ён увойдзе ў гісторыю? Шэрым, малалюдным і безвыніковым? А можа, дзясяткі тысяч грамадзян Беларусі выйдуць сёння заявіць пра свае правы, бо захочуць нарэшце «людзьмі звацца»? Пабачым...



«Мы адзін народ!» — пад гэткім лозунгам арганізатары акцыі збіраюць удзельнікаў на Дзень Волі. Як перакананыя арганізатары, складаная эканамічная сітуацыя сёлета значна паўплывае на колькасць удзельнікаў акцыі. Магчыма.

Пакуль яшчэ невядома, колькі чалавек адгукнецца на заклік і прыйдзе а 18.00 да кінатэатра «Кастрычнік». Таму надзея, хаця і вельмі слабая, застаецца. Надзея на тое, што 25 сакавіка 2016 года шматтысячная грамада здолее выціснуць з сябе раба і выйсці на пратэст.

«Ведаеш, сёння ранкам пакінуў жонцы цыдулку і прыехаў у Мінск. Вось зараз тут, выціскаю з сябе раба, па кроплі…» — сказаў мой аднакурснік Андрэй Міхальчанка 21 сакавіка 2006 года, калі мы сустрэліся з ім на Кастрычніцкай плошчы ля намётавага мястэчка. Для яго гэта быў вельмі важны крок і вельмі мужны. Ён ніколі не ўдзельнічаў ні ў якіх акцыях, але тады, у 2006-м, прыехаў на Плошчу падтрымаць пратэст. Бо больш не мог трываць, стаміўся цярпець і баяцца, паверыў, што ўсё можна змяніць.

Усе, хто тады былі на Плошчы Каліноўскага, таксама верылі. «Верым, можам, пераможам!» — асноўны лозунг тых падзей. Водгук украінскіх падзей дадаваў аптымізму. Мы верылі, што пераможам, мы прыйшлі на плошчу, нягледзячы на шматлікія папярэджанні, застрашваючыя смс і снайпераў на дахах. Шмат хто застаўся на плошчы ў намётах, шмат хто дапамагаў ежай і цёплымі рэчамі. Хтосьці — добрым словам ці, як Андрэй, сваёй прысутнасцю.

А пасля быў жорсткі разгон намётавага лагеру, быў Дзень Волі і марш на Акрэсціна, каб падтрымаць тых, каго кінулі за краты напярэдадні. На плошчы Багушэвіча нашу шматтысячную калону на чале з Аляксандрам Казуліным сустрэлі байцы спецназу часткі №3214. Паляцелі шумавыя і дымавыя гранаты. Хтосьці спрабаваў уцячы па крутых схілах вакол праезнай часткі, хтосьці спрабаваў адбівацца. Людзей хапалі, білі, кідалі ў аўтазакі. Памятаю чалавека, які ляжаў на зямлі паміж шэрагамі пратэстоўцаў і спецназу і не варушыўся. Пасля нават хадзілі чуткі, што тады, 25 сакавіка 2006 года, было некалькі забітых. Але, здаецца, яны так і засталіся чуткамі. Потым былі суды, 53 дні галадоўкі Казуліна, яго вызваленне...

У гэтыя дні шмат хто ўзгадваў Плошчу Каліноўскага. У кожнага яна была свая, са сваімі перамогамі і паразамі. Людзі дзяліліся ўспамінамі ў сацсетках. Палітыкі і эксперты спрабавалі ў чарговы раз аналізаваць тыя падзеі на круглых сталах і старонках СМІ, прыходзячы да несуцяшальных высноваў і да чарговых урокаў.

«Я ўдзячны кожнаму чалавеку, які быў на Плошчы. Сапраўды, гэта быў асабісты подзвіг. І вельмі хацелася б, каб мы ўсе разам вярнуліся хаця б да духу Плошчы Каліноўскага. Бо мы мусім быць разам», — сказаў на круглым стале, прысвечаным 10-годдзю падзей 2006 года, Вячаслаў Сіўчык.

«Страх — вельмі эфектыўная зброя ў руках улады. Перад Плошчай у 2006 годзе генеральны пракурор, старшыня КДБ і міністр унутраных спраў краіны неаднакроць папярэджвалі па тэлебачанні, што тыя, хто выйдзе на Плошчу, будуць разглядацца як тэрарысты. Гэта не была пустая пагроза, у нас за тэрарызм можа быць і вышэйшая мера пакарання. І ўсё ж, калі нават паводле афіцыйных звестак, выйшла 34 тысячы чалавек, гэта было вельмі нечакана. Людзі сапраўды перамаглі страх. Я ведаю, што некаторыя развітваліся з сем’ямі, яны не ведалі, ці вернуцца і калі. Гэта быў пераломны момант у жыцці тысяч людзей. Так, на Плошчы не было мільёнаў, але найчасцей лёс краінаў вырашае не большасць, а меншасць, сумленная, мужная і самаарганізаваная частка грамадства», — так ацаніў падзеі тых дзён экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле яго словаў, беларусам сёння не хапае веры: у сябе, у іншых, у краіну, у тое, што Беларусь можа быць беларускай, еўрапейскай і свабоднай.

Я веру. Хто ведае, можа ўжо сёння грамадзяне Рэспублікі Беларусь нарэшце захочуць «людзьмі звацца». І выйдуць на Плошчу. І не мае значэння, як яна будзе называцца — нават калі плошча Бангалор. Галоўнае, каб была надзея і вера ў лепшую краіну для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў.

Каментаваць