Выходзіць з сістэмы: хто арганізоўвае выбары ў Беларусі?

Каманда Алеся Лагвінца правяла раследванне, якое выявіла факты вертыкальнага фармавання ўчастковых камісій. З адкрытых крыніцаў, такіх, як сайты школаў, былі правераныя склады ўчастковых камісій па Сухараўскай акрузе №101.


Паводле дадзеных ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары», з 65856 сябраў участковых выбарчых камісій толькі 53 чалавекі — ад апазіцыйных партый (у той час, як высоўвалася 514 прадстаўнікоў). Уключылі кожнага дзясятага апазіцыянера, у той час як для праўладных арганізацый, такіх, як БРСМ ці «Белая Русь», гэта доля склала каля 95%.

Кампанія Алеся Лагвінца, якая запомнілася найперш канцэртам Лявона Вольскага ў Сухарава, пачалася з вылучэння прадстаўнікоў у склады выбарчых камісій. Тамару Сідарэнку, юрыстку з 33-гадовым стажам, у акруговую камісію не ўключылі. Суд гэта рашэнне падтрымаў. На этапе фармавання ўчастковых камісій, каманда Алеся Лагвінца вылучыла па прадстаўніку ў кожную з 34-х камісій на крузе. Уключылі толькі двух: Уладзімера Бараноўскага (камісія ўчастку №346) і Зміцера Маняка (№370). Хто ж астатнія? Хто арганізоўвае выбары ў Беларусі?

Каманда Алеся Лагвінца правяла расследванне, якое выявіла факты вертыкальнага фармавання ўчастковых камісій. З адкрытых крыніцаў, такіх, як сайты школаў, былі правераныя склады ўчастковых камісій па Сухараўскай акрузе №101.

21 з 34 камісій на 100% (з дакладнасцю плюс-мінус адзін чалавек) складаецца з калегаў па працы.

Па астатніх 13 камісіях сітуацыя аналагічная, але праверыць месцы працы некаторых чальцоў камісій не атрымалася.

20 камісій цалкам складаюцца з настаўнікаў і супрацоўнікаў адміністрацый школаў, гімназій і каледжа, размешчаных на акрузе. Яшчэ 5 камісій — з супрацоўнікаў камунальных службаў (ЖЭУ, ЖКХ). Астатнія камісіі складаюцца з супрацоўнікаў іншых дзяржаўных прадпрыемстваў.

Месца працы сябраў выбарчай камісіі даведацца вельмі проста: амаль у кожнай камісіі ёсць чалавек, вылучаны гэтым працоўным калектывам. Вось тыповы склад участковай камісіі па акрузе №101:

Імя, Прозвішча, Імя па бацьку

Якім чынам вылучаны(а) ў камісію

Месца працы і пасада

Варэнік Марына Леанідаўна

Ад Беларускай аграрнай партыі

Сярэдняя школа №23, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

Гідлеўская Іна Антонаўна

Ад Беларускага фонду міру

Сярэдняя школа №23, педагог-псіхолаг

Ганчарова Надзея Анатольеўна

Ад Рэспубліканскай партыі

Сярэдняя школа №23, педагог-псіхолаг

Драздова Наталля Уладзіміраўна

Ад Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Дубовік Ганна Іванаўна

Ад Беларускага Таварыста Чырвонага Крыжу

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Кваша Людміла Аляксандраўна

Ад працоўнага калектыву сярэдняй школы №23 г. Мінска

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Арлоўская Алена Віктараўна

Ад Белай Русі

Сярэдняя школа №23, сакратар

Радчанка Ірына Уладзіміраўна

Ад Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Ракуць Жанна Вацлаваўна

Ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Сачко Святлана Вячаславаўна

Ад Камуністычнай партыі Беларусі

Сярэдняя школа №23, дырэктар

Угарэнка Галіна Леанідаўна

Ад БРСМ

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Хурсевіч Наталля Мікалаеўна

Ад Беларускага прафесійнага саюзу працаўнікоў адукацыі і навукі

Сярэдняя школа №23, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце

Шурко Ірына Аляксандраўна

Ад Беларускага саюзу жанчын

Сярэдняя школа №23, настаўнік

Пераважная большасць чальцоў камісій вылучаныя 13 праўладнымі партыямі і арганізацыямі.

Гэта Беларуская аграрная партыя, Рэспубліканская партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Камуністычная партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларускі фонд міру, Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускае таварыства чырвонага крыжу, Белая Русь, Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў, Беларускі саюз афіцэраў, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў.

З дапамогай гэтых 13 арганізацый уладай ствараецца бачнасць разнастайнасці ў складзе выбарчых камісій. Але фактычна разнастайнасці няма: камісіі складаюцца з працоўных калектываў са шматгадовай гісторыяй адносінаў. Старшынямі камісій звычайна з’яўляюцца найвышэйшыя па пасадзе ў гэтых калектывах.

«Усё гэта пераўтварае першапачаткова дэмакратычны механізм арганізацыі выбараў грамадскімі камісіямі ў цырк. Форма захоўваецца, але з-за адсутнасці палітычнай адукацыі абсалютна губляецца сэнс таго, што адбываецца. І ў большасці выпадкаў сябры камісій гэтага не разумеюць, бо яны рабілі гэта ўсё жыццё. Акрамя таго, яны не хочуць губляць працу. Гэтыя тры чыннікі: адсутнасць палітычнай адукацыі, працэс, што паўтараецца, і страх згубіць працу робяць змены ў выбарчым працэсе, выкліканыя ініцыятывай знізу, амаль немагчымымі. Так працуе сістэма», — расказвае менеджар кампаніі Алеся Лагвінца Пётр Маркелаў.

Маркелаў бачыць два шляхі, каб змяніць сістэму: «Нам трэба ці абавязаць мясцовую адміністрацыю ўключаць у камісію ўсіх заяўленых прадстаўнікоў апазіцыйных і незалежных сілаў, ці дакладна апісаць у заканадаўстве працэдуру адбору чальцоў камісіі. Гэтая працэдура павінна адпавядаць наступным патрабаванням: у першую чаргу павінна ўлічвацца адукацыя прэтэндэнта — перавагу павінны мець кандыдаты з юрыдычнай адукацыяй. Акрамя таго, падставай для ўключэння ў камісію павінен стаць досвед працы ў грамадскім сектары — сацыяльная актыўнасць. Трэці чыннік — гэта жаданне самога прэтэндэнта. Трэба заканадаўча забараніць у любой форме прымушаць да ўдзелу ў выбарчых камісіях».

Актывіст упэўнены, што вельмі важна дакладна апісаць артыкул 13 Выбарчага кодэксу: адкрытасць і галоснасць пры правядзенні выбараў і рэферэндумаў. «Адкрытасць і галоснасць — гэта поўная адкрытасць усіх працоўных дакументаў камісіі, а таксама інфармацыя аб месцы працы кожнага чальца камісіі», — удакладняе ён.

«Пакуль гэтыя змены, датычныя працэсу фармавання камісій і адкрытасці іх працы, не рэалізаваныя, выбары ў Беларусі нельга лічыць свабоднымі і справядлівымі, а рашэнні выбарчых камісій легітымнымі. Удзел у выбарах у такім выпадку можна разглядаць толькі як інструмент камунікацыі з выбаршчыкамі і збору дадзеных, якія дыскрэдытуюць існуючую сістэму. Прысутнасць імя кандыдата ў спісе для галасавання — гэта гульня па правілах сістэмы. Пакуль мы існуем і з’яўляемся часткай сістэмы, сістэма не знікне. Каб яе перамагчы, з яе трэба выйсці», — падсумаваў Маркелаў.

Каментаваць