Выйграе Мінск

Сустрэча «нармандскага фармату», якая працягвалася каля 18-ці гадзін, наўрад ці спыніць баі на ўсходзе Украіны. Прынамсі, хуткага спынення агню не будзе. А вось афіцыйны Мінск будзе ў палітычным выйгрышы.



Фота: Reuters


З чым яны ехалі ў Мінск

Канцлер Германіі Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд перад мінскім самітам наведалі як Пятра Парашэнку, так і Уладзіміра Пуціна. З гэтых візітаў стала вядома, што прапанавалі Меркель і Аланд для вырашэння крызісу ва Украіне палітычнымі метадамі. У асноўным гэта былі, скажам так, мадэрнізаваныя мінскія пагадненні.

Па-першае, гэта спыненне агню. Па-другое — новая дэмілітарызаваная зона. Калі раней мінскія пагадненні прадугледжвалі адвод цяжкага ўзбраення на адлегласць 30 кіламетраў, то зараз прапануецца ўжо 70. Па-трэцяе — далейшае вырашэнне пытання Данбасу: прадстаўленне яму шырокай аўтаноміі ў складзе Украіны.

Пра ўсё гэта ўжо размаўлялі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма і прадстаўнікі так званых «ЛНР» і «ДНР». Аднак амаль нічога (за выключэннем галоўнага — абмену палоннымі), не выконвалася.

Самым галоўным пытаннем «мінскай нармандскай сустрэчы», безумоўна, была дэмілітарызаваная зона і будучы статус Данбасу. Данецкія і луганскія сепаратысты за час нібыта перамір’я адхапілі ад Украіны каля 500 квадратных кіламетраў тэрыторыі, і, канешне ж, хочуць уключыць гэтую тэрыторыю ў сваю «шырокую аўтаномію». Пытанне і ў тым, што маецца на ўвазе пад гэтай шырокай аўтаноміяй для Луганска і Данецка. І па гэтым пытанні яшчэ будуць спрэчкі і дамовы.

Пры чым тут Пуцін?

Раней для вырашэння гэтых пытанняў Расія настойвала на перамоўным працэсе ў Мінску паміж прадстаўнікамі сепаратысцкіх тэрыторый і ўладамі Украіны. Маўляў, мы тут не пры чым, гэта апалчэнцы ваююць, а мы так, назіраем, а таму не мусім і перамаўляцца з кім-небудзь пра што-нішто. Зараз Пуцін становіцца адным бокам у перамовах. Чым, дэ-факта, прызнае расійскі ўдзел у Данбаскай заварушцы. У прынцыпе, яму ад гэтага не халодна і не горача, бо гэты ўдзел ужо шматкроць пацверджаны рознымі доказамі.

Канешне, без падтрымкі Масквы гэтая вайна не была б магчымай. Праз некантралюемую Кіевам мяжу з Расіяй плывуць зброя і тэхніка, якія, па меркаванні Пуціна, апалчэнцы «набываюць у ваенторгу». У тым ліку залпавыя агнямёты «Бураціна», зенітныя комплексы «Панцыр–С1» коштам у 14 мільёнаў долараў, знішчаныя нядаўна ўкраінскімі войскамі (акрамя Расіі, такой тэхнікі на ўзбраенні ні ў каго няма) альбо зенітны комплекс «Бук», які па памылцы збіў малазійскі «Боінг».

Дзякуючы Маскве, гэты канфлікт пачаўся (узгадайце, усё пачалося з «Рускага міра») і працягваецца. Але ці здольны Пуцін спыніць гэтую вайну? Наўрад ці.

Канешне, варта Расіі перастаць гнаць у Данбас «гуманітарныя канвоі» са зброяй, то праз тыдзень-два ў сепаратыстаў папросту скончацца боепрыпасы. Так лічыць, напрыклад, судырэктар праграм знешняй палітыкі і міжнароднай бяспекі «Цэнтра Разумкова» Аляксей Мельнік. Па ягоным меркаванні, са спыненнем паставак зброі і боепрыпасаў можна будзе зафіксаваць сітуацыю хаця б на ўзроўні замарожанага канфлікту. Але і ён кажа пра тое, што кіраўнікі баявых падраздзяленняў падкантрольныя Маскве «не цалкам». З пэўнай доляй упэўненасці можна казаць, што прынамсі частка «палявых камандзіраў» успрымуць «нармандска-мінскія дамоўленасці» як «здраду Радзіме» з боку Пуціна, заявяць, што ён «зліў Наваросію» і працягнуць калі не паўнавартасныя ваенныя аперацыі, то дакладна партызанскую вайну.

Здольнасць дамаўляцца

Канешне, гэты «нармандскі мінскі фармат» быў чарговай спробай даціснуць Уладзіміра Пуціна ў пытанні аб спыненні падтрымкі сепаратыстаў. Без такой падтрымкі, мяркуе Захад, вайна пакрыху сыдзе ў нішто.

У папярэдніх сустрэчах Меркель высунула ўльтыматум Пуціну: альбо новыя пагадненні, альбо ЗША распачне пастаўкі Украіне ўжо летальнай зброі. Дый новыя санкцыі ў адносінах да Расіі на падыходзе. Разам з нізкімі коштамі на нафту яны ўтвараюць узрыўны кактэйль для расійскай эканомікі. Па меркаванні Меркель, гэтага дастаткова, каб Пуцін, прынамсі, задумаўся.

Аднак нават калі мінская сустрэча лідараў дзяржаваў дасць нейкі плён, і будуць дасягнутыя некаторыя пагадненні, то няма ніякіх гарантыяў, што гэтыя пагадненні будуць выконвацца. Пуцін з высокай званіцы напляваў на міжнароднае права ў пытанні Крыма. «Мінскія дамоўленасці» аб спыненні агню, падаецца, не выконваліся ніводнага дня. А калі і выконваліся, то выключна ўкраінскім бокам, а сепаратысты ў гэты ж час перагрупоўвалі сілы, што і стала вынікам іхняга наступу, які дазволіў ім пашырыць тэрыторыю ўплыву на 500 квадратных кіламетраў, як казалася раней.

Зараз «ДНР» абвясціла мабілізацыю. Невядома, канешне, колькі чалавек яны мабілізуюць, і колькі з гэтых людзей сапраўды будуць ваяваць, а не перабягуць на ўкраінскі бок пры першым жа зручным выпадку. Але сам факт паказальны: пакуль высокія бакі спрабуюць пра нешта дамовіцца, палявым камандзірам на Данбасе іхнія дамоўленасці — да аднаго месца. Перапынак у баявых дзеяннях у чаканні дамоваў, калі такі будзе, яны скарыстаюць для нарошчвання сваіх сілаў.

А, як кажа ваенны эксперт Андрэй Паротнікаў, адмабілізаванае войска ўтрымліваць без дзеянняў — вельмі дорага і бязглузда. Адмабілізаванае войска проста павінна ваяваць. Гэта яшчэ адзін ускосны адказ сепаратыстаў на ўсе дамоўленасці, хай яны тройчы мінскія альбо нармандскія.

Чаму Мінск?

Раней перамовы ў «нармандскім фармаце» планавалася правесці ў сярэдзіне студзеня ў Астане. Але потым сустрэчы перанеслі ў Мінск, узяўшы яшчэ амаль месяц на падрыхтоўку. Чым не спадабалася Астана?

Гэта псіхалагічны прыём Пуціна. З аднаго боку, ён хоча на перамовах трымацца ўпэўнена. Гэта магчыма ў братэрскім Мінску. З іншага боку, ён хацеў выклікаць няўпэўненасць і дыскамфорт у ягоных апанентаў: Меркель і Аланда. Як жа, столькі гадоў казалі пра «апошнюю дыктатуру ў Еўропе», пра санкцыі, фактычна ізалявалі Аляксандра Лукашэнку, пазбавіўшы яго вышэйшых міжнародных кантактаў з кіраўнікамі дзяржаваў… А зараз давялося ехаць у Мінск і ручкацца з тым самым «апошнім дыктатарам».

У Астане такога не зробіш. З Казахстанам у Еўропы нармальныя адносіны, а вось з Расіяй, нягледзячы на ўваходжанне ў ЕАЭС, усё больш напругаў. Менавіта Назарбаеў рэзка настойваў на «чыста эканамічным» ЕАЭС, без аніякай палітыкі. Менавіта ў Астане Пуціну масава адпраўлялі падручнікі па гісторыі, калі ён заявіў, што «Назарбаеў — унікальны чалавек, зрабіў дзяржаву там, дзе яе ніколі не было». Не выключана, што добразычлівыя казахі маглі б нейкім чынам нагадаць Пуціну пра гэтыя словы падчас яго візіту на «нармандскі фармат». У Беларусі ж такога чакаць не даводзіцца.

Пуцін у Мінску пачувае сябе як рыба ў вадзе. Можа быць, нават больш упэўнена, чым Аляксандр Лукашэнка. У адрозненне ад Меркель і Аланда.

Што выцісне Мінск?

Нягледзячы на тое, што Лукашэнка не раз казаў пра сваю «неміратворчасць», менавіта Мінск становіцца пляцоўкай для важных перамоваў па сітуацыі ў рэгіёне. Гэта, безумоўна, будзе скарыстана беларускай прапагандай як чарговы прарыў на міжнароднай арэне.

Сам візіт Меркель і Аланда, напэўна, будзе абсмоктаны прадзяржаўнымі аналітыкамі як «прызнанне памылковасці пазіцыі Еўропы ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва, якую яны вялі на працягу больш дзесяці гадоў». На гэтым фоне можна весці размовы і пра еўрасанкцыі супраць афіцыйнага Мінска, прынамсі, пра «персанальныя санкцыі» ў адносінах да Аляксандра Лукашэнкі і некаторых беларускіх чыноўнікаў.

Досвед гэтага ў Еўропы ўжо ёсць. Паўтара гады таму ЕС дзеля паляпшэння магчымасці стасункаў з афіцыйным Мінскам «часова» зняў санкцыі з кіраўнік беларускага МЗС Уладзіміра Макея. Гэтае зняцце санкцый было, канешне, прынята «з магчымасцю перагляду», калі Макей не выканае ролю «паштовага голуба» паміж Мінскам і ЕС. Альбо ён гэтую ролю паспяхова выконвае, альбо пра перагляд рашэння забыліся: у Беларусі ўсё па-ранейшаму, уключаючы палітвязняў, а Макей прадстаўляе краіну ў замежжы.

Мінск ужо пачаў знешнепалітычную артпадрыхтоўку па гэтым пытанні. Літаральна напярэдадні «мінска-нармандскага фармату» той жа Макей выказаў пажаданне-патрабаванне, каб на сёлетнім саміце «Усходняга партнёрства» ў Рызе Беларусь была прадстаўленая «на раўнапраўнай аснове». Чытай — каб туды паехаў Аляксандр Лукашэнка.

На фоне візіту ў Мінск Меркель і Аланда гэтае патрабаванне выглядае лагічна, а Еўропа апынаецца ў двухсэнсоўным становішчы. Сапраўды, чаму Меркель і Аланду можна ездзіць у Мінск, а Лукашэнку ў Рыгу — нельга? Можа, і яму дазволіць скатацца ў Прыбалтыку? Што ў гэтым кепскага? Падавалася б, ну што такое — адзін візіт?

Справа ў тым, што нельга быць крыху цяжарным. Калі Лукашэнку прымаюць як кіраўніка дзяржавы на еўрапейскім саміце, калі ён едзе з афіцыйным візітам, гэта амаль аўтаматычна з’яўляецца ягонай легітымацыяй. Ён лічыцца легітымным кіраўніком дзяржавы, і, адпаведна, Еўропа прызнае вынікі беларускага галасавання як сапраўдныя выбары.

А калі былі сапраўдныя выбары, значыць, і разгон Плошчы–2010 слушны, і Статкевіч сядзіць законна, і рэпрэсіі пасля выбараў — не рэпрэсіі, а ўсяго толькі «навядзенне канстытуцыйнага парадку».

Наўрад ці Пуцін, абіраючы Мінск «зонай перамоваў», пра гэта думаў. Але ж афіцыйны Мінск свой статус арганізатара перамоўнага працэсу будзе скарыстоўваць напоўніцу. Як гэта атрымаецца — пытанне. Але тое, што спробы будуць — да варажбіткі не хадзі.

Бінга! Выйгрыш!

У выйгрышы ў выніку «нармандскага фармату» ў Мінску застаецца сам афіцыйны Мінск. Наўрад ці «мінскі нармандскі фармат» прынясе канчатковы мір ва Украіну. Наўрад ці ад гэтых перамоваў нешта кардынальна зменіцца. У любым выпадку, за гэтымі перамовамі будуць перамовы яшчэ і яшчэ — хаця б па вызначэнні статусу Данбаса. Аднак прарыў міжнароднай ізаляцыі беларускага кіраўніцтва як ніколі мае шанцы.

Як напісала нямецкая "Frankfurter Allgemeine": «Праблема еўрапейцаў у тым, што дыктатар Лукашэнка ідзе ім насустрач — і, улічваючы геапалітычную канфрантацыю, навязаную ім Расіяй, яны павінны будуць, зменшага, часткова, пайсці на саступкі Лукашэнку». І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Каментаваць