Вынікі і выклікі

У дзяржаве ўсё ідзе паводле плану. Лукашэнка лётае ў Кітай, дэпутаты старога парламенту занятыя бюджэтам. А вось у апазіцыі ўсё незаўважна віруе, асабліва пасля таго, як Алена Анісім і Ганна Канапацкая патрапілі ў «палату №6».


Пасля доўгіх дыскусій Аб’яднаная грамадзянская партыя, ад якой Ганна Канапацкая ішла на выбары і сябрам якой з’яўляецца, вырашыла не прапаноўваць ёй адмовіцца ад дэпутацкага мандата. Канапацкая будзе працаваць у заканадаўчым органе краіны.

І вось тут узнікла пытанне, на якое ўвагу звярталі хіба што гадоў 15 таму. У Канапацкай — паспяховы бізнес, а дэпутатам нельга займацца ніякімі іншымі справамі, апроч дабрачыннасці. І таму бізнесоўка вырашыла пакінуць сваю справу.

На маёй памяці аналагічны выпадак адбыўся, калі ад бізнесу дзеля дэпутацтва адмовіўся Сяргей Скрабец. Абраны дэпутатам у 2000 годзе, ён пакінуў пасаду дырэктара канцэрна «БелБабаеўскае».

Канапацкай ёсць на каго пакінуць справу. Балазе, бацька дэпутаткі ад АГП — вядомы бізнесмен Анатоль Трухановіч.

«У нас вельмі добрая, дружная сям’я, адчуваю падтрымку бацькоў, сястры ў любой сітуацыі. Бацька заўсёды мяне вучыў паступаць па сумленні, па гонару і па розуме... Тата патэлефанаваў і сказаў: «Ні ў якім разе не складай мандат!» Мой бацька заўсёды быў прыхільнікам пераменаў, лібералізацыі эканомікі, ён чалец АГП, сябар Міхаіла Чыгіра, менавіта яны прывялі мяне на першы ўстаноўчы з’езд партыі. У нашай сям’і любяць паўтараць прымаўку: дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся. Таму меркаванне таты адназначнае: трэба ісці ў парламент і працаваць», — распавяла Канапацкая.

І, дарэчы, у парламенце яна будзе зарабляць менш, чым у сваёй фірме, якая кансультуе інвестараў у Беларусь.

Канапацкая пакуль не вызначылася са сваімі памочнікамі. А вось Алена Анісім некаторых ужо абрала.

Ёй складаней, яна прайшла па рэгіёне. А таму яе памагатыя павінны заставацца «на месцах», у акрузе, у Стаўбцоўскім раёне. Паводле заканадаўства, дэпутату дазваляецца мець да 5 памочнікаў, адзін ці два (стаўка ці паўстаўкі) могуць атрымліваць заробак, іншыя ж мусяць працаваць на грамадскіх пачатках. У Гарадзеі памочнікам Анісім стане Леанід Качановіч, у Коласаве — ягоны брат Анатоль Качановіч. Цяпер дэпутатка шукае памочніка па Стоўбцах.

«Што тычыцца сталага памочніка, які будзе працаваць на стаўцы, то яшчэ шукаю. Нехта адмаўляецца па сямейных абставінах, іншыя — толькі ўладкаваліся на новую працу», — кажа Алена Анісім. Яна лі­чыць, што асноўным памочнікам павінен быць юрыст, які будзе дапамагаць дэпутатцы з прававымі працэдурамі.

Канешне, дэкларуюць дэпутаткі кожны сваё. Канапацкая адразу пойдзе ў бой за змену выбарчага заканадаўства, Анісім — за беларускую мову. Але змагацца ім давядзецца і з іншымі праблемамі. Напрыклад, з напаўняльнасцю бюджэту самымі скрайнімі сродкамі.

Вось, напрыклад, наш урад за квартал да завяршэння года адкарэктаваў аб’ёмы квот на вытворчасць алкаголю, што рэалізуюцца на мясцовым рынку. У два разы скарочана квота на выпуск беларускай тэкілы, сур’ёзна зрэзаныя планы па рому і віскі. Зменшаны квоты на выпуск гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў, «вінаў пладовых мацаваных марачных, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі».

А вось павялічаныя квоты на каньяк, віна фруктова-ягадныя, віны вінаградныя і брэндзі. То бок, павялічваецца выпуск прадукцыі нізкай цэнавай катэгорыі (апроч каньяку, ён проста папулярны) і, адпаведна, нізкай якасці. Значыць, ні пра якую «культуру піцця» і супраціў алкагалізацыі насельніцтва размова не ідзе.

І гэта ў тыя часы, калі МУС Беларусі працягвае барацьбу за ўзнаўленне практыкі забароны продажу алкаголю ў начны час — з 22 да 9 раніцы.

Прыглядзецца новым дэпутатам давядзецца і да дзейнасці дэпутатаў старых. Прынамсі, «песімістычны» бюджэт, пра які мы шмат пісалі, можа стаць вельмі аптымістычным. Не па нашай правіне, канешне.

Калі прадстаўнікам нафтаздабываючых краін не ўдасца дамовіцца аб сумесных дзеяннях, то кошты барэля нафты могуць упасці ніжэй за 20 долараў. Гэта прагноз міністра нафты і горнаруднай прамысловасці Венесуэлы Эўлохіа дэль Піна. А міністр нафтавай прамысловасці Алжыра Нудэдзін Бутэрфа заявіў, што нафта можа зноў знізіцца да 30 долараў.

Справа ў тым, што пасля зняцця санкцый з Ірана, той адваёўвае свае пазіцыі на нафтарынку любымі сродкамі. І не гатовы абмяжоўваць яе здабычу. А ў АПЕК няма ніякіх рычагоў, каб прымусіць сваіх чальцоў выконваць падпісаныя дамоўленасці. І шанцаў, што падзенне цэн будзе спыненае, практычна ніякіх.

А Беларусь моцна залежыць ад кошту нафты. Нафтаперапрацоўка — адна з асноўных крыніц паступлення ў краіну валюты. Чым танней нафта, тым менш грошай. Калі змрочныя прагнозы апраўдаюцца, «песімістычны» бюджэт з 35 доларамі за барэль будзе выглядаць «аптымістычным». І яго давядзецца карэктаваць.

А ў стане апазіцыі ёсць яшчэ адна інтрыга. Рух «За Свабоду» выбірае новага лідара.

Аляксандр Мілінкевіч, які быў старшынёй руху з 2006 года, заявіў, што не будзе балатавацца на наступны тэрмін. Лічыцца, што галоўныя прэтэндэнты на новага лідара Руху — цяперашнія намеснікі Алесь Лагвінец і Юрась Губарэвіч. Аднак, як кажуць у Руху, не ўсё так адназначна.

«Яшчэ толькі пачаліся рэгіянальныя сходы, і там могуць вылучацца іншыя кандыдатуры. Я б не разглядала толькі гэтыя дзве кандыдатуры», — кажа сябра Рады Руху «За Свабоду» Іна Кулей. Паводле яе меркавання, інтрыга будзе захоўвацца да апошняга моманту. З ёю салідарны каардынатар руху па Магілёўскай вобласці Аляксандр Сілкоў. Паводле Сілкова, самае цікавае, што ўпершыню «нават мы не ведаем вынікаў выбараў».

Не хапала яшчэ, каб апазіцыя ў сваіх выбарах ператварылася ва ўладу з загадзя вызначанымі вынікамі выбараў.



Каментаваць