Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Выратаваць Міхаіла Жамчужнага

Нагодай для прэс-канферэнцыі на сядзібе БНФ 15 жніўня сталі чарговыя здзекі з палітвязня Міхаіла Жамчужнага, нядаўна пераведзенага ў калонію ў Горках.

Сустрэча была арганізаваная грамадскай арганізацыяй "Платформа". Удзел прымалі доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, актывіст анархісцкага руху Мікола Дзядок, маці палітвязня Аляксея Жалнова Яўгенія Жалнова, праваабаронцы Андрэй Бандарэнка (Платформа) Ганна Шапуцька (Форум "Свабоду палітвязнм Беларусі") і Васіль Завадскі (ТаймАкт),

Напачатку Андрэй Бандарэнка распавёў аб тым, што здарылася з Міхаілам Жамчужным у апошнія тыдні: у выніку шэрагу правакацый Міхаіл апынуўся перад пагрозай атрымання так званага "нізкага сацыяльнага статусу". Прадстаўнікі адміністрацыі паспрабавалі прымусіць яго пайсці ў 13-ы атрад, своеасаблівы "анклаў", дзе знаходзяцца асуджаныя з гэткім статусам. Міхаіл адмовіўся, за што быў двойчы накіраваны ў ШІЗА. Яго далейшае становішча вельмі нетрывалае. Адміністрацыя горкаўскай калоніі вядомая тым, што актыўна аказвае ціск на зняволеных (асабліва палітычных) рукамі іншых вязняў, звычайна гэтак званых "блатных". Інакш чым "жорсткім і бесчалавечным абыходжаннем" гэта назваць нельга — лічыць Бандарэнка.



На сённяшні дзень Міхаіл ужо другі раз з моманту прыезду ў ПК-9 адбывае пакаранне ў штрафным ізалятары, больш за тое, дадаў праваабаронца, існуе небяспека ўзбуджэння новай крымінальнай справы па артыкуле 411 КК РБ (Злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы).

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок, які ў 2015-м годзе сам адбываў пакаранне ў горкаўскай калоніі адзначыў, што ПК-9 стала сапраўднай прэс-зонай для палітычных, дзе нефармальныя турэмныя нормы з'яўляюцца інструментам, падаўлення непакорных арыштантаў, які ўжываецца праз іншых вязняў, што працуюць на адміністрацыю.

У той жа час былы палітвязень дадаў, што прэсінгу ў калоніях падвяргаюцца не толькі палітычныя (аб справах якіх грамадства даведваецца дзякуючы падтрымцы СМІ і праваабаронцаў), але нашмат часцей — звычайныя вязні, якія перажываюць свае няшчасці моўчкі, бо не маюць да каго звярнуцца. Таксама, лічыць Мікалай Дзядок, тое што адбываецца з Міхаілам Жамчужным гэта праблема не толькі горкаўскай калоніі і нават не толькі МУС, а бяда усяго грамадска-палітычнага ладу краіны. бо як зэкі так і адміністрацыя — дзеці сучаснага грамадства, якія ўбралі ў сябе яго аўтарытарныя каштоўнасці і практыкі, якія і рэплікуюць за турэмнымі сценамі. Турма — гэта копія нашага грамадства ў мініяцюры, і рэфармаваць яе, не змяняючы ўсю палітычную сістэму, не атрымаецца.

Узяўшы слова, праваабаронца Васіль Завадскі, былы начальнік медыцынскай службы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС заўважыў, што ў ранейшыя часы Дэпартамент спрабаваў змагацца з каставай сістэмай, але не зараз. На яго меркаванне, супрацоўнікі калоній, якія дзейнічаюць такімі спосабамі ганьбяць сваю службу і саміх сабе. Устае рытарычнае пытанне: калі адміністрацыя дапускае такія злачынныя дзеянні, то хто ў калоніі злачынца: арыштанты, якія часта знаходзяцца ў турмах па надуманых абвінавачваннях, ці самі супрацоўнікі?

Разглядаючы магчымасці зваротаў на заканадаўчым узроўні, праваабаронца Ганна Шапуцька заявіла, што ніякай веры ані супрацоўнікам адміністрацыі, ані ўладам увогуле няма, і таму марна спадзявацца на іх шчырасць турэмных афіцэраў. Са шкадаванне яна заўважыла, што Міхаіл Жамчужны дагэтуль прызнаны палітвязнем толькі нацыянальнымі праваабончымі арганізацыямі, але не міжнароднымі, што па-ранейшым дазваляе ўладзе казаць пра адсутнасць палітзняволеных з высокіх трыбун. Вялікую ўвагу сп.Шапуцька надала лісту ад Жамчужнага, датаваным 27 ліпеня, у якім ён напісаў літаральна наступнае:

"Я адчуваю пагрозу. За паўгода змяніў тры зоны... Судзячы па раздрукоўках з сайта "Вясна" гэта ініцыятыва ДІНа (Дэпартамента выканання пакаранняў)".

Калі заўсёды аптымістычны Міхаіл кажа пра пагрозу — сітуацыя сапраўды цяжкая, кажа Ганна.

Былы суддзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў, характарызуючы сучасную турэмную сістэму Беларусі ахарактарызаваў яе як "сталінскую" і назваў галоўнай праблемай менавіта гістарычную пераемнасць карных устаноў Беларусі і ГУЛАГа.

"Нашы турмы — закрытыя для грамадскасці. Менавіта таму там з вязняў могуць здзекавацца" — сказаў Пастухоў, дадаўшы, што Беларусі патрэбная неадкладная рэформа ўсяго пенітэнцыярнага корпусу і нават прапанаваў у якасці эксперыменту стварыць у Беларусі прыватную папраўчую ўстанову.



Падводзячы вынік пасяджэння, Андрэй Бандарэнка падкрэсліў,  што спробы замежных структур замаўчаць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у тым ліку з палітвязнямі, толькі развязваюць рукі ўладзе, і тое, што адбываецца з Міхаілам Жамчужным — яшчэ адно таму пацвярджэнне. "Платформа" ўжо направіла ў Генеральную пракуратуру заяву аб катаваннях Міхаіла з дапамогай крымінальных паняццяў. У бліжэйшых планах — звярнуцца да прадстаўніцтва Еўрасаюза і ў міжнародныя праваабарончыя структуры.

Падрабязней аб турэмных кастах, г. зв. "нізкім статусе" і яго выкарыстанні для кантролю за зняволенымі можна прачытаць тут.

Каментаваць