Wall Street Journal: Захад дачакаецца вайны з Расіяй, калі не ўратуе Украіну

Расія ўпарта працягвае нарошчваць прысутнасць сваіх войскаў на мяжы з Украінай. Кіраўнік СНБА Аляксандр Турчынаў распавёў у Вярхоўнай Радзе, што на акупаванай тэрарыстамі тэрыторыі размешчана 8,5 тысяч расійскіх салдат. А каля ўкраінскай мяжы з расійскага боку стаяць яшчэ 52 тысячы ваенных РФ.



А што ў такой сітуацыі гатовыя зрабіць НАТА і Еўрасаюз, каб прымусіць Расію адступіць? — задае пытанне аглядальнік Джон Вінакур на старонках Wall Street Journal.
 
 
«Уладзімір Пуцін са смяхотнай упэўненасцю працягвае адмаўляць прысутнасць яго войскаў ва Украіне», — піша аглядальнік.
 
 
Тым часам у Еўрасаюзе абмяркоўвалі магчымасць пайсці на саступкі Расіі і аслабіць санкцыі. Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель адмяніла сустрэчу з Пуціным з-за ажыўлення баёў на Усходзе Украіны. Але вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыкі Федэрыка Магерыні ўсё ж прапанавала еўрапейскім дыпламатам разгледзець магчымасць аслабіць ціск на Маскву.
 
 
«Яна паводзіла сябе так, быццам ЕС можа намякнуць, што гатовы датэрмінова вызваліць яшчэ не злоўленага злачынца, нягледзячы на пярэчанні міністраў замежных спраў з Усходу Еўропы, краінам якіх таксама пагражае Пуцін», — піша Вінакур.
 
 
Разам з тым, дыпламаты ЕС вырашылі не аслабляць санкцыі супраць РФ. НАТА ж, у сваю чаргу, пагадзіўся размясціць 150 танкаў ЗША ва Усходняй Еўропе. Але пастаўкі амерыканскай зброі Украіне да гэтага часу пад пытаннем. Аглядальнік таксама нагадвае, што прэзідэнт ЗША Барак Абама ў снежні заявіў, што больш жорсткія санкцыі наўрад ці падзейнічаюць на Пуціна.
 
 
«Усе думаюць, што пазбегнуць канфрантацыі з Расіяй важней, чым выратаваць Украіну. Калі гэта азначае, што мы пакінем Украіну, то сапраўды менавіта гэта можа і адбыцца», — працытаваў аўтар былога пастаяннага прадстаўніка ЗША ў НАТА Курта Уокера.

Каментаваць