З аптымізмам у будучыню

Партыя БНФ падвяла вынікі 2013 года. Хутчэй, не столькі падвяла, колькі акрэсліла задачы на 2014-ы. Прынамсі, Сойм ПБНФ, які адбыўся 7 снежня, абвешчаны, як апошні ў гэтым годзе.



Калі, канешне, не здарыцца нейкіх тэрміновых падзеяў, якія вымусяць склікаць яшчэ адзін Сойм. Але, гледзячы па тым, што галоўнае для ўсіх зараз — Украіна, то такіх падзеяў чакаць наўрад ці трэба.
 
 
Сойм збіраўся даволі млява. Відавочна, што БНФаўцамі ўжо валодае перадсвяточны настрой. Нават нягледзячы на тое, што праграма мерапрыемства была даволі цікавай і насычанай. Найперш, меркавалася заслухаць эканаміста Аляксандра Чубрыка з Інстытута прыватызацыі і менеджмента, па прагнозе эканамічнага развіцця Беларусі на наступны год і ў найбліжэйшы перыяд. Лідэр партыі Аляксей Янукевіч павінен быў распавесці пра саміт Усходняга партнёрства і ўкраінскія падзеі, а потым Ігар Лялькоў і Рыгор Кастусёў мелі дакласці пра падрыхтоўку да мясцовых выбараў, дата якіх ўжо абвешчаная.
 
 
З дакладам Чубрыка ўсё зразумела: ён навуковымі словамі распавёў пра тое, што хутка ўсім нам капец, і без структурных рэформаў краіне не выжыць, а калі выжыць, то жыць будзем «плохо, но недолго». Найперш, усе манетарныя і фіскальныя паказчыкі амаль люстэркава паўтараюць сітуацыю перад крызісамі 2009 і 2011 гадоў. Асноўныя з іх: перавага ўнутранага попыту перад знешнім гандлем (то бок імпарта ў краіну над экспатрам у яе), кепская сітуацыя з валютнымі рэзервамі, катастрафічнае падзенне даверу да беларускага рубля, якое не выратоўваюць нават шалёныя стаўкі па дэпазітах. Ускладняецца сітуацыя тым, што ў 2009 і 2011 гадах нам было дзе ўзяць крэдыты, а зараз мы, хутчэй, расплочваемся за іх: новыя ніхто пакуль не абаяцае ні на якіх умовах.
 
 
«Я не бачу зараз магчымасці пазбегнуць сітуацыі, калі ўлада змушаная будзе праводзіць больш жорсткую манетарную і фіскальную палітыку і правядзе дэвальвацыю», — кажа Чубрык. Але такі звязак падзеяў разам з утаймаваннем інфляцыі (без гэтага ўтаймавання дэвальвацыю праводзіць бессэнсоўна) прывядзе да таго, што крэдыты для прадпрыемстваў стануць занадта дарагія, урад падтрымліваць гэтыя прадпрыемствы не будзе, то бок — спыненне вытворчасці, вымушаныя адпачынкі, скарачэнні і сацыяльны выбух, альбо сапраўды перабудова эканомікі. Што ж да перабудовы, то на гэты крок сённяшняя сістэма наўрад ці здольная.
 
 
Адзінае, чаго не сказаў эканаміст — калі гэта ўсё адбудзецца. У кулуарах некаторыя сябры Сойму жартаўліва скардзіліся, што не ведаюць, да якой даты трэба скупіць усю валюту.
 
 
Пасля невялічкага перапынку слова ўзяў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч з аналізам палітычнай сітуацыі пасля саміту Усходняга партнёрства. Ад чаго ў аўтара гэтых радкоў склалася ўражанне, што ён патрапіў на Сойм не таго БНФа. Сапраўды, тое, што ў Расіі кожны другі — гэбэшнік, кожны першы заражаны імперскімі амбіцыямі, а на Захадзе, куды не плюнь — агенты ўплыву Расіі, мы звыклі чуць ад сябраў Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ. Партыя БНФ, у адрозненне ад КХП-БНФ, была больш стрыманай у гэтым рэчышчы. Зараз жа ацэнкі зблізіліся. У прынцыпе, глядзіце самі.
 
 
Янукевіч пра саміт УП для Беларусі: «І напярэдадні саміту, і на самім саміце даводзілася чуць ад еўрапейскіх палітыкаў, гатовых размаўляць шчыра, такое меркаванне, што вельмі шмат хто ў Еўропе гатовы спісаць Беларусь з усіх рахункаў. Думка пра тое, што Беларусь страчаная, на жаль, вельмі моцна пашыраецца сярод еўрапейскіх палітыкаў. Думка пра тое, што Беларусь перакрочыла тую мяжу, калі можа самастойна прымаць рашэнні ў знешняй і ўнутранай палітыцы, тую мяжу, якая адрознівае самастойную дзяржаву ад залежнай дзяржавы, ад калоніі, — гэтая мяжа беларускім кіраўніцтвам перакрочаная.
 
 
І сапраўды, залежнасць Беларусі ад расійскай эканомікі ў апошнія гады як мінімум наблізілася да той крытычнай мяжы, за якой ідзе страта суверэнітэта. Суверэнітэт Беларусі, яе незалежнасць знаходзяцца пад вельмі-вельмі-вельмі вялікай пагрозай. Тое, што шмат хто на Захадзе ўспрымае Беларусь як дзяржаву, якая аўтаматычна знаходзіцца ў фарватэры расійскай палітыкі, і Беларусь не вартая самастойнага прадстаўніцтва, гэта азначае, што незалежнасць Беларусі знаходзіцца ў трывожнай сітуацыі».
 
 
Пра Расію: «Тое, што мы назіраем зараз у Беларусі — павышэнне ролі і ўплыву Крамля — гэта праблема не толькі Беларусі, але і ўсяго рэгіёна. Я меў магчымасць прыняць удзел у сустрэчы кіраўнікоў партыяў, якія ўваходзяць ў Еўрапейскую народную партыю.
 
 
Там казалася, што Расія імкнецца ўзяць пад кантроль палітыку не толькі ў Беларусі, Украіне і Малдове, але на ўсёй прасторы не толькі СССР, але і былога камуністычнага лагеру. У балтыйскіх краінах, Баўгарыі, Румыніі, ва ўсіх іншых посткамуністычных краінах. Скупаюцца сродкі масавай інфармацыі: у некаторых краінах да 90% СМІ ўжо належыць альбо кіруюцца Расіяй. Адбываецца мабілізацыя ўсіх былых спецслужбоўцаў, якія былі звольненыя, адпраўленыя на пенсію, у адстаўку. З імі зноў вядзецца праца з Масквы. Відавочна, што гэта робіцца не з таго, што Расія не ведае, куды падзець ггрошы, атрыманыя ад сваёй нафты».
 
 
Пра Пуціна: «У Пуціна ёсць жахлівы план, як увайсці ў гісторыю тым, хто аднавіў Расійскую імперыю. Ён ужо ўнутры Расіі задушыў апазіцыю, ўзяў пад кантроль медыі, не сутыкаецца зараз з выклікамі, забяспечыў сабе эканамічны дабрабыт на шмат гадоў наперад.
 
 
Адзінай ягонай пакуль не рэалізаванай амбіцыяй застаецца адбудова новай Расійскай Імперыі, і застацца ў гісторыі асобай, якая аднавіла гэую імперыю і надала ёй новую моц. І як бачым, гэта не проста хворая рыторыка, гэта хворая рэчаіснасць, якая падмацаваная нафтадоларамі».
 
 
Пра Еўропу: «Еўрапейскі саюз не выяўляе належнай актыўнасці па прыцягненні на свой бок краінаў нашага рэгіёну. Адзін з выступоўцаў на саміце дакладна сфармуляваў: ад прапановаў Расіі, якія робяцца краінам рэгіёна, вельмі складана адмовіцца, а прапановы Еўрасаюза вельмі складана зразумець. Міністр замежных справаў Карл Більдт на саміце заявіў, што яны ніколі не разглядалі УП як пашырэнне каштоўнасцяў ЕС, а УП — гэта толькі дапамога тым краінам, якія прынялі гэтыя каштоўнасці і прынялі рашэнне па еўраінтэграцыі.
 
 
Гэта хібная пазіцыя, і мы не можам сказаць, што нацыі самастойна прымаюць рашэнні, калі яны знаходзяцца пад уплывам Расіі, пад шантажом, пад эканамічным і інфармацыйным ціскам. У гэтай сітуацыі крывадушна казаць пра тое, што хай нацыі самастойна вырашаюць, а мы пастаім убаку. Такая пазіцыя азначае згоду еўрапейцаў з тым, што Расія ўжывае несумленныя прыёмы ціску, каб пазбавіць нацыі Усходняй Еўропы свайго голасу».
 
Пра Украіну і водгукі для Беларусі: «Відавочна, што можна ставіць крыж на расійскай палітыцы ва Украіне пасля Еўрамайдану. Пуцін будзе імкнуцца хутчэй запусціць Еўразійскі эканамічны саюз, і адзінай еўрапейскай краінай у гэтым саюзе з’яўляецца Беларусь. Таму ўплыў Расіі будзе ўзмацняцца, і нездарма ўжо цягам гэтага тыдня ў Баранавічы прыбудуць першыя расійскія знішчальнікі. Раней казалася, што іх база будзе ў Лідзе, зараз яны лятуць у Баранавічы, на відавочна непадрыхтаванае месца. Гэта спроба як мага хутчэй «засталбіць тэрыторыю» у тэрміновым парадку. Таму змаганне супраць расійскіх баз для нас набывае новы імпульс».
 
 
Ну, і гэтак далей. Але ўсё ж спадар Янукевіч здолеў павярнуць сваё мысленне ў больш актуальны бок, калі пачаў адказваць на надзённыя пытанні.
 
 
Па-першае, праца над «Народным рэферэндумам». Па словах Янукевіча, апошнія месяцы яна была «тэхнічнай», узгадняліся пытанні, фармулёўкі і гэтак далей. Па ягоным меркаванні, яшчэ да Новага года беларусам можа быць зроблены падаруначак у выглядзе канчаткова акрэсленых пытанняў, на якія яны павінны даць адказ.
 
 
Што тычыцца далейшай стратэгіі мясцовых выбараў, то праца ідзе па плане. Спадар Кастусёў адзначыў, што на сённяшні дзень зацверджаныя 99 кандыдатур ад Партыі БНФ, надалей гэты спіс будзе толькі пашырацца. У Віцебску, Слоніме і Брэсце ўжо прайшлі першыя семінары па навучанні кандыдатаў. Ігар Лялькоў, у сваю чаргу нагадаў, што кампанія будзе агітацыйнай, а не сапраўднай. А таму кожны кандыдат павінен ахапіць як мага больш народу. У сувязі з гэтым ён заклікаў кандыдатаў вылучацца адразу ў тры саветы — раённы, гарадскі і абласны. Па беалрускім заканадаўстве такое магчыма. Але ці не надарвуцца кандыдаты, працуючы ў такім тэмпе?
 
 
Ну і трэцяе пытанне — пытанне адзінага кандыдата. Аляксей Янукевіч сказаў, што ў апошні месяц перамовы пра кандыдата «заблыталіся», бо выйшаў на волю Павал Севярынец, які даў, не пабаюся гэтага слова, выспятка усім, хто займаўся гэтым пытаннем. У выніку, у нейкай ступені прагрэс у гэтым ёсць, перамовы інтэнсіфікаваліся. Аднак Янукевічу не падабаецца, што ў працэсе перамоваў узнікаюць прозвішчы ўжо «адыграных» у палітыцы людзей, якія, можа, і не хочуць займацца ізноў такой справай. Да прыкладу ён прывёў прозвішча Аляксандра Казуліна. Але гэтыя прозвішчы ўзнікаюць, па ягоных словах, «у працэсе абмеркаванняў», а не сапраўдных перамовах ці вызначэннях.
 
 
Па меркаванні Янукевіча, сапраўды, імя «адзінага» кандыдата мы зможам пачуць толькі праз два-тры тыдні пасля мясцовых выбараў. Бо нашыя палітыкі думаюць «этапна» — ад этапу да этапу. Скончыцца этап мясцовай кампаніі — можна будзе падумаць і пра прэзідэнцкую.
 
 
Будзе цяжка дамовіцца, зазначыў Янукевіч. Але ўжо тое, што «будзе цяжка», але «дамовяцца», падаецца, сумненняў у яго не выклікае.
 
 
Што ж, гэта будзе самы чаканы вынік 2014 года.

Каментаваць