Заўсёды з цэнзарам у галаве

Афіцыйна ў Беларусі цэнзуры няма. Аднак у кожным рэдактары ці журналісце жыве ўнутраны цэнзар. І шырыня яго паўнамоцтваў залежыць найперш ад палітычнай сітуацыі ў краіне.

 



Паводле ацэнак міжнародных экспертаў, Беларусь уваходзіць у лік краін, дзе сітуацыя з цэнзурай у СМІ вельмі кепская. Так, Камітэт у абарону журналістаў (CPJ) у сваёй справаздачы за мінулы год адзначае, што Аляксандр Лукашэнка кіруе найбольш «цэнзураванай» краінай свету, працягвае палітыку падаўлення крытычнай журналістыкі і падаўлення свабоды меркаванняў. Чатыры чалавекі былі арыштаваныя за выказванне сваіх меркаванняў. А жорсткая рэакцыя на «плюшавых мядзведзікаў» адлюстроўвае рэпрэсіўную палітыку ўладаў.

На праблемы цэнзуры і абмежавання свабоды слова ў Беларусі звяртае ўвагу і міжнародная арганізацыя «Індэкс цэнзуры» (Index on Censorship). Аналітычны даклад гэтай арганізацыі пад назваю «Беларусь: Сетка пад кантролем» утрымлівае высновы, што наша краіна мае адзін з найгоршых рэйтынгаў свабоды прэсы і свабоды выказвання ў свеце. І гэта тычыцца не толькі традыцыйных СМІ. Новыя лічбавыя тэхналогіі, у першую чаргу інтэрнэт, далі новыя магчымасці для свабоды слова, але ў той жа час яны забяспечылі ўлады і «новымі інструментамі для задушвання свабодных галасоў і адсочвання іншадумцаў».

У сувязі з гэтым у аналітычных дакументах, датычных Беларусі, утрымліваюцца заклікі да ўладаў краіны спыніць несуразмерныя і залішнія юрыдычныя і неправавыя практыкі, якія падрываюць свабоду выказвання, правесці неадкладныя рэформы, якія б гарантавалі свабоду слова ў Беларусі. Асобным пунктам ёсць прапановы змяніць заканадаўства ў частцы, што прадугледжвае крымінальную адказнасць за паклёп, абразу асобы, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь ды паклёп у дачыненні да кіраўніка Беларусі.

Судовыя іскі да недзяржаўных выданняў часцей грунтуюцца якраз на прэтэнзіях у абразе, прыніжэнні гонару і годнасці. А газета «Згода», пераемніцай якой ёсць «Новы час», спыніла сваё існаванне ў сакавіку 2006 годзе з-за нібыта распальвання міжнацыянальнай варожасці, калі апублікавала карыкатуры на прарока Мухамеда. У студзені 2008 года выпускаючы рэдактар газеты «Згода» Аляксандр Сдвіжкоў быў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкуле 130 ч. 2. КК РБ (наўмысныя дзеянні, скіраваныя на абуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці ці розні, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці, здзейсненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх паўнамоцтваў).

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года шэраг рэдакцый недзяржаўных СМІ зведалі ператрусы, канфіскацыю тэхнікі, любімае многімі слухачамі «Аўтарадыё» ўвогуле было зачыненае. Загад аб спыненні вяшчання «Аўтарадыё» быў вынесены на падставе рашэння Рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Афіцыйнай прычынай пазбаўлення радыёстанцыі частот стала «невыкананне творчай канцэпцыі і распаўсюджванне інфармацыі, якая змяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці»: падчас выбарчай кампаніі «Аўтарадыё» пусціла ў эфір ролікі кандыдатаў у прэзідэнты Саннікава і Някляева, у якіх былі заклікі прыходзіць «на Плошчу».

Галоўны рэдактар штотыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Скурко гаворыць, што цяпер у Беларусі цэнзуры ў класічным яе выглядзе няма: «Няма забароненых тэмаў, але ты можаш пісаць толькі пра тое, што пацвярджаецца сабранай фактурай. Калі будзе публікацыя без доказаў, гэта можа пацягнуць судовыя іскі, санкцыі. Так, у прынцыпе, ва ўсім свеце — за бяздоказныя сцвярджэнні трэба адказваць. Іншая справа, што на частку тэмаў, якія тычацца высокіх чыноўнікаў, іх маёмасці, рашэнняў дзяржаўнай важнасці, немагчыма знайсці фактуру: яна закрытая. Права журналіста на атрыманне інфармацыі дзейнічае ў Беларусі роўна наадварот: чыноўнік часта не мае права без дазволу начальніка штосьці сказаць журналісту».

Андрэй Скурко

Андрэй Скурко не схільны ставіць у адзін шэраг з механізмамі класічнай цэнзуры і «наезды» на рэдакцыі СМІ ў часе палітычнай кампаніі–2010, бо гэта «агульная тактыка запалохвання», якая прымянялася і да палітычных партый, і да грамадскіх арганізацый. «Яшчэ адзін спосаб уздзеяння на незалежныя СМІ — праз папярэджанні Міністэрства інфармацыі. Часта яны выглядаюць як фармальныя прычэпкі, мэта якіх — абмежаваць дзейнасць выдання, змусіць марнаваць час на судовыя разбіральніцтвы. Дзяржаўным чыноўнікам варта памятаць, што абмежаванні свабоды слова, якія дапускаюцца ў Беларусі, шкодзяць іміджу нашай дзяржавы ў свеце», — адзначае спадар Скурко.

Галоўны рэдактар недзяржаўнай «Брестской газеты» Віктар Марчук гаворыць, што за дзесяць гадоў існавання газеты калектыў з наўпроставай цэнзурай ніколі не сутыкаўся. Тым не менш...

Віктар Марчук

«Былі факты фотацэнзуры — калі фота дзяржаўных чыноўнікаў не задавальнялі тыпаграфію, нам гаварылі, напрыклад, што яны кепска апрацаваныя. Асноўны панятак, з якім мы жывём, — самацэнзура. Але для кожнай газеты гэта індывідуальна. Кожны вызначае ў палітыцы газеты мяжу дазволенага. Мы ўстанавілі сабе даволі шырокія межы: пішам на любыя тэмы — і пра вышэйшых чыноўнікаў, і пра мясцовых. Але ёсць тэмы, якія мы імкнёмся не выносіць на публіку. Найперш, гэта неправераная інфармацыя, асабліва калі яна закранае палітычную тэматыку. Што тычыцца сацыяльных, бытавых праблем, то мы не абмяжоўваем сябе. Вось нядаўна пісалі пра Тарфяную вуліцу Брэста, жыхары якой дамагаюцца завяршыць добраўпарадкаванне. Нядаўна пісалі, як на вуліцы Цаглянай людзі жывуць у бараках у вельмі кепскіх умовах, потым гэтую тэму падхапілі іншыя выданні. І нядаўна было пасяджэнне чыноўнікаў, дзе прадстаўнікі гарвыканкама выказаліся за вырашэнне праблемы», — распавядае Віктар Марчук.

Здавалася б, такая пазітыўная ацэнка, але спадар Марчук дадае: «Я не магу сказаць, што цэнзуры няма. Ёсць сур’ёзная самацэнзура. Праўда, маё меркаванне: гэта мусіць быць паўсюль, бо ў адваротным выпадку СМІ скочваецца да скандалаў. А вось наколькі самацэнзура моцная, залежыць ад таго, у якім грамадстве мы жывём. Паколькі нашая палітычная сістэма, мякка кажучы, не надта дэмакратычная, то ўзровень самацэнзуры ў нас у разы вышэйшы, чым у заходніх выданнях».

Матэрыял створаны ў супрацоўніцтве з арганізацыяй Index on Censorship (Індэкс цэнзуры), http://www.indexoncensorship.org/

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2013-03-28 21:21:16
Няможна называць газету "Новы час" пераемніцай "Згоды", бо яна выдавалася і да 2006 г. пад шыльдай ТБМ. Што пасля 2006 г. у "НЧ" з зачыненай
"Згоды" перайшоў А. Кароль, гэта іншая справа.

Каментаваць