З дыпламатаў у маркетолагі

Выразна азначаючы прыярытэты сваёй знешняй палітыкі, беларускія ўлады заўсёды намагаліся развіваць і альтэрнатыўныя накірункі. Што гэта за накірункі і ці здольныя яны закрыць вялізнае адмоўнае сальда знешняга гандлю?



Палітычны аспект сувязяў з многімі краінамі для Беларусі не вельмі істотны, таму эканоміка часта выходзіць на першы план. Прадаць прадукцыю праблемных прадпрыемстваў — ці не галоўная задача, якая ставіцца перад айчыннай дыпламатыяй, што робіць сучасную знешнюю палітыку краіны звышпрагматычнай, а шмат якіх беларускіх дыпламатаў ператварае ў маркетолагаў.

Збыць прадукцыю ў развітыя заходнія краіны, натуральна, вельмі складана. Але ў іншыя краіны, тэхналагічны ўзровень якіх часта ніжэйшы за беларускі, магчыма. На думку аналітыка Цэнтра Астрагорскага Сяргея Богдана, з гэткага абагульнення многія ў беларускай уладзе ўспрымаюць усіх альтэрнатыўных партнёраў Мінска як нешта адно, што няправільна.

Усе краіны, да якіх беларуская дыпламатыя мае найбольшую цікаўнасць, можна падзяліць на наступныя рэгіёны ў парадку змяншэння патэнцыйных дывідэндаў: Азія, Блізкі Усход, Лацінская Амерыка і Афрыка. Азіяцкі напрамак — самы важны і найменш засвечаны, а з астатнімі рэгіёнамі Мінск часам трапляе ў розныя гісторыі.

Рэгіён: Блізкі Усход

Ключавыя партнёры: пераменлівыя (Ірак; «Шыіцкая дуга» ў выглядзе Ірана, Сірыі; арабскія суніцкія манархіі — Саудаўская Аравія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты; Турцыя)

Асцярожна мяняем партнёраў

У самым, бадай, вірлівым рэгіёне свету Беларусь цягам апошніх 15 гадоў пастаянна мяняла сваіх галоўных хаўруснікаў, прымудраючыся абапірацца то на садамаўскі Ірак, то на яго галоўнага ворага — асадаўскую Сірыю і яе адзінага абаронцу — Іран, то, наадварот, на варожыя да «шыіцкай дугі» (Іран, Сірыя, частка Іраку) манархіі Аравійскага паўвостраву.

«З самага пачатку для Беларусі былі прыярытэтнымі Лівія і Ірак, — распавядае Сяргей Богдан. — Аднак потым у Іраку скінулі Садама, а з Кадафі справа неяк не выгарала: відавочна, што Мінск спадзяваўся там на шмат большае, чым у выніку атрымаў. Тады пераарыентаваліся на Тэгеран і Дамаск».

Супрацоўніцтва з ісламскай і арабскай рэспублікамі ў 2000-х развівалася, натуральна, зайздроснымі тэмпамі — але да 2009 года было мінімізаванае. Богдан падкрэслівае, што адбылося гэта менавіта па ініцыятыве беларускага боку.

«Ахмадзінежад (тагачасны прэзідэнт Ірана) адкрыта пачаў бравіраваць ядзернай праграмай, і фактычна давёў сітуацыю да таго, што ўжо стала вельмі рызыкоўна мець вельмі шмат гешэфтаў з Іранам. Можна было сутыкнуцца з жорсткім супрацьдзеяннем цэлага шэрагу краінаў — не толькі ЗША, але і іх хаўруснікаў, Ізраіля. Мінск бачыў таксама, што нават яго найбліжэйшы саюзнік — Расія — пабойваецца працаваць з Тэгеранам (памятаеце скандал з адменай паставак у Іран комплексаў С–300?). Ну а ў Сірыі напачатку 2010-х гадоў ужо грамадзянская вайна пачыналася, і ўсе планы Беларусі там абнуліліся», — лічыць эксперт.

Пабедаваўшы крыху з гэтай нагоды, Беларусь пачала правяраць брод у далёкіх землях — краінах Індакітаю, Інданезіі, Малайзіі. Гэта перспектыўныя накірункі, але замяніць імі Блізкі Усход было б вельмі складана, лічыць суразмоўца «Новага часу». Напачатку 2010-х гадоў высілкі беларускай дыпламатыі накіроўваюцца на заможныя суніцкія дзяржавы Аравійскага паўвостраву — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Катар, Аман. Усе гэтыя манархіі з’яўляюцца абсалютнымі ворагамі Тэгерану.

На пытанне, чаму яны сталі хаўруснікамі Беларусі, Сяргей Богдан вылучае версію, нібыта «катарскі востраў, які паабяцалі Лукашэнку — то была такая прыманка, каб адвадзіць яго ад нейкага гешэфту з Іранам».

«У WikiLeaks ёсць некалькі дэпешаў, дзе вядзецца пра тое, што арабскія краіны супрацоўнічаюць са Штатамі ў тым сэнсе, каб пераканаць Расію не пастаўляць С–300 у Іран. Прынамсі, былі прапановы Маскве з боку Саудаўскай Аравіі: маўляў, мы ў вас купім зброі на некалькі мільярдаў долараў, а вы за гэта не пастаўляйце ў Іран ракеты». Беларусь як партнёр Расіі, у тым ліку ў ваенна-прамысловай сферы, не магла не патрапіць пад пільную ўвагу ворагаў Ірану», — лічыць Богдан.

Довадам на карысць яго словаў служыць той факт, што з Аравійскім паўвостравам у Беларусі не шмат чаго і атрымалася — нягледзячы на тое, што Мінск па пэўных накірунках прапанаваў шэйхам эксклюзіўныя ўмовы супрацоўніцтва. Візіт Лукашэнкі ў Эміраты ў лістападзе 2014 года, змястоўная частка якога сталася занадта сціплай, эксперт лічыць хутчэй прыватнай паездкай, чым паказчыкам высокага ўзроўню стасункаў.

І вось — новы паварот. 8–9 лютага кіраўнік беларускай дыпламатыі наведвае разбураны Дамаск і перадае пасланне Лукашэнкі прэзідэнту Башару Асаду, а праз колькі тыдняў Мінск са шматдзённым візітам наведвае містэр Персідская Харызма — міністр замежных спраў Ірана Джавад Зарыф. Наконт мэты неспадзяванага візіту Макея ў Сірыю эксперты ўсіх масцяў губляюцца ў здагадках, а наведванне Беларусі Зарыфам заканчваецца ці не дыпламатычным скандалам, які Тэгеран, між іншым, наўпрост праглынае.

Для Ірана мы — Еўропа

Фармальна Джавад Зарыф прыязджаў у Мінск з пратакольнай місіяй — адкрыць новы будынак іранскай абмасады, у які Тэгеран уклаў безліч грошай. Насамрэч, можна было заўважыць, што акрамя свайго беларускага калегі персідскі міністр сустрэўся тут з усім кіраўніцтвам заканадаўчай і выканаўчай улады нашай краіны — прэм’ерам Кабяковым, старшынёй Савета Рэспублікі Мясніковічам ды прэзідэнтам Лукашэнкам. І... атрымаў ад іх добрыя наганяі.

Галоўны меседж беларускай улады быў шырока трансляваны айчыннымі СМІ: іранскія інвестыцыі не ідуць у Мінск запланаванымі тэмпамі; так «сябраваць» нельга. Харызматык Зарыф у адказ толькі прадаваў зубы. За фасадам дыпламатычнай усмешкі нельга было разглядзець, як ацэньвае ён ступень беларускае гасціннасці.

«Заявы трох беларускіх кіраўнікоў — і ўсё пра адно і тое ж. І ўсё гэта друкуецца. Я не разумею, навошта было рабіць такую крытыку, ды абавязкова — на людзях. Такое ўражанне было, што Мінск стараецца зрабіць гэта адкрыта, каб нехта заўважыў. Хто мусіў гэта заўважыць — можна толькі здагадвацца», — гаворыць Сяргей Богдан.

Але, мяркуе ён, на беларуска-іранскіх дачыненнях такая недыпламатычная крытыка не адаб’ецца ніяк, бо Беларусь Ірану сёння патрэбная як ніколі.

Па-першае, Беларусь — адна з якіх пяці «вокнаў», праз якія Тэгеран мае выхад у свет. Па-другое, прычына ў Сірыі: фактычна знаходзячыся на ўтрыманні іранскага бюджэту, яна стала галоўным геапалітычным праектам Тэгерана за дзесяцігоддзі. Тэгеран страшэнна баіцца «Ісламскую дзяржаву», аддае рэжыму Асада астатняе на барацьбу з фундаменталістамі, і за рэалізацыю беларускіх праектаў па аднаўленні сірыйскай вытворчасці гатовы шчодра ўзнагароджваць.

«Мінск не займаецца дабрачыннасцю. Мінск не займаецца буйнымі палітычнымі, геапалітычнымі праектамі. У Мінска вельмі прагматычная знешняя палітыка. І калі Макей едзе ў разбураны Дамаск, да ўраду, які не кантралюе там і паловы сваёй тэрыторыі, у мяне такое пытанне: а на што ён разлічвае? Калі Беларусь будзе наладжваць у раздзярбаненай вайной Сірыі вытворчасць прадукцыі, то хто за гэта будзе плаціць? Дамаск — не зможа. Відавочна: усё аплаціць Тэгеран».

У доказ эксперт прыводзіць разгорнутую публікацыю нацыянальнага іранскага інфармагенцтва «Fars», прысвечаную візіту Макея ў Дамаск.

«Не буду казаць, што звычайна «Fars» не каментуе візіт беларускіх чыноўнікаў у іншыя краіны, і нават у сам Іран. А там з’яўляецца «прагон» на тры старонкі — аб тым, як крута, што Макей паехаў туды, што гэта — літаральна — пачатак павароту Еўропы да Сірыі. Нарэшце ўсе адумаліся; зараз Беларусь падключыцца да аднаўлення Сірыі, і справы, якія там раней ішлі так кепска, зараз пойдуць добра — вось кароткі змест таго агляду».

Зварот да супрацы з шыіцкімі краінамі стаўся магчымым праз паляпшэнне іх дачыненняў з Захадам. «Захад вядзе з Іранам актыўныя перамовы па ядзерным дасье; Тэгеран ужо рукапажаты. Што да Сірыі, калі раней абсалютна ніякага прымання Асада на Захадзе не было — зараз фактычна ніхто не настойвае на тым, што яго трэба абавязкова скідваць. Дэпутаты французскага парламенту ездзяць да Асада. Таму Мінск палічыў, што кантакты з Тэгеранам і Дамаскам ужо не настолькі рызыкоўныя, як некалькі гадоў таму».

Але ў эксперта ёсць яшчэ адна версія актывізацыі працы на шыіцкім накірунку: гэткая актыўнасць можа мець мэтай павысіць сваю цану ў вачах арабскіх манархій. «Супраца з Тэгеранам для іх — гэта чырвоная ануча, якая вызывае пэўны рэфлекс: супраць гэтага трэба дзейнічаць», — гаворыць ён.

Звяртае эксперт увагу і яшчэ на адзін нядаўні візіт — былога прэс-сакратара, а зараз амбасадара Беларусі ў Турцыі і Іраку (па сумяшчальніцтве) Андрэя Савіных у Ірак, які таксама зараз змагаецца з «Ісламскай дзяржавай». Спадар Савіных правёў перамовы ў Багдадзе і наведаў іракскі Курдыстан.

«Тут трэба разумець, што іракскі Курдыстан зараз — гэта абсалютна празаходняе, праізраільскае ўтварэнне, якое таксама поўны антыпод Тэгерана і Дамаска», — заўважае эксперт.

Не менш цікава на тле актывізацыі сувязяў з Тэгеранам і Дамаскам выглядае праца на турэцкім кірунку. Гістарычны візіт кіраўніка МЗС Турцыі Ахмета Давутаглу, якога ў пэўных колах называюць архітэктарам вайны ў Сірыі (яшчэ да з’яўлення там «Ісламскай дзяржавы»), застаўся амаль не заўважаным беларускімі СМІ.

«Гэта паказвае, што Мінск не складвае ўсе яйкі ў адзін кошык, — упэўнены спадар Богдан. — Давутаглу вельмі рукапажатны на Захадзе — нягледзячы на тое, што ён сабе часам вельмі шмат дазваляе. І гэта выхад для Беларусі на Захад, як Саакашвілі калісьці: праз Анкару Мінск мае магчымасць нават дасылаць нейкія меседжы Вашынгтону».

На ўдакладняючае пытанне аб механізме такой апасродкаванай камунікацыі з ЗША Богдан кажа: «Гэта не значыць, што меседжы перадаюцца для таго, каб Эрдаган завёз іх у Вашынгтон. Але сваімі паводзінамі і ў дачыненні да Турцыі, і да курдаў, і да Сірыі Беларусь імкнецца нешта паказаць Захаду. Іншае пытанне, ці адчувае Захад тыя сігналы — я мяркую, не заўсёды».

Рэгіён: Лацінская Амерыка

Ключавыя партнёры: Венесуэла

Ключ да поспеху: Уга Чавес

Краіны далёкага рэгіёну Лацінскай Амерыкі можна ўмоўна падзяліць на дзве групы: хаўруснікаў ЗША, дзе Беларусі, вядома, нічога не свеціць, і ўсіх іншых, дзе Мінск спрабаваў атрымаць дывідэнды.

Апошнія прадстаўлены, з большага, левымі рэжымамі рознай ступені адыёзнасці. Добрая навіна для Беларусі палягае ў тым, што шматлікія праекты сацыяльна-эканамічнага развіцця ў гэтых краінах маюць патрэбу ў іншаземнай дапамозе, і беларускія тэхналогіі і спецыялісты падаюцца для іх някепскім варыянтам па параметры цана/ якасць. Дрэнныя навіны — тавары пастаўляць туды дужа далёка, дый заплаціць за іх урады не заўсёды могуць.

Відавочна, што Мінск з самага пачатку арыентаваўся ў рэгіёне на плацёжаздольных партнёраў: у гады дарагой нафты тое была, перш-наперш, нафтаносная Венесуэла.

«Тыя рэчы, якія рабіліся ў Венесуэле, — можа, многія з іх былі і сумнеўныя па якасці, — але, тым не менш, яны далі добры прыбытак. Гэта было ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. Мы паказалі, што можам працаваць у такіх умовах. Бо вылезці са свайго ўсходнееўрапейскага хутара і зрабіць нешта на іншым канцы свету — гэта не так проста», — робіць камплімент беларускай дыпламатыі аналітык Цэнтра Астрагорскага Сяргей Богдан.

Паводле яго, многія рэчы, якія там рабіліся, працягваюць працаваць — да прыкладу, венесуэльская нацыянальная сістэма супрацьпаветранай абароны, у праектаванні і стварэнні якой Беларусь брала пэўны ўдзел. «Да праекту, вядома, спрычыніліся яшчэ Расія і Кітай — але беларускія спецыялісты там адыгралі вялікую ролю, былі каардынатарамі. Гэта рэч, якую мы зрабілі, і яна працуе на наш імідж. У гэтым сэнсе тое, што рабілася ў Венесуэле, — істотна».

Аднак пасля смерці Уга Чавеса маштаб супрацоўніцтва з Венесуэлай сур'ёзна зменшыўся. Істотна адбілася гэтая падзея і на кантактах з іншымі краінамі рэгіёну.

«Забуксавалі справы ў Балівіі — там нешта не склалася. Спадзяванні на яе былі вялікія, бо ў Балівіі можна рабіць шмат з таго, што рабілася ў Венесуэле, таму што патрэбы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў абедзвюх краінах крыху падобныя. Справа, канешне, яшчэ і ў тым, што краіна вельмі аддаленая ад Беларусі. Тым больш, гэта краіна сухаземная — таму наўпрост марскім транспартам яе не дасягнеш».

Калі не стала Чавеса, замарудзілася праца і ў Нікарагуа. Там, паводле эксперта, ёсць яшчэ адна вялікая праблема: абмежаваныя фінансавыя магчымасці. «Балівія можа за сябе плаціць, а з Нікарагуа ёсць пытанні. Спачатку там усё актыўна пачыналася, а потым Мясніковіч неяк асцярожна так сказаў, што трэба яшчэ распрацаваць пэўныя пытанні. Чавес за Нікарагуа мог бы заплаціць — гэтаксама як ён, я так мяркую, плаціў Беларусі за праекты на Кубе. Зараз яго няма».

Паступова прасоўваецца праца з Эквадорам — Богдан кажа пра станоўчую тэндэнцыю на гэтым напрамку.

Амаль не прысутнічаюць беларускія тавары ў дзвюх найбуйнейшых дзяржавах рэгіёну — Бразіліі і Аргенціне. У 200-мільённую Бразілію Беларусь заўсёды пастаўляла калійныя ўгнаенні — але, паводле Богдана, «калій прадаць — не надта вялікае дасягненне». Прадаць прадукцыю машынабудавання туды пакуль не асабліва ўдаецца.

Аргенціну эксперт лічыць адным з вялікіх беларускіх правалаў. «Не ведаю, якому «бліскучаму» розуму прыйшло ў галаву адкрыць там амбасаду — бо ніякіх перадумоваў для таго, каб паспяхова развярнуцца, там не існавала. Маглі быць спадзяванні на тое, што праз кантакты на «левай» глебе — з Чавесам і Фідэлем — мы маглі б супрацоўнічаць таксама з левым урадам Аргенціны. Але левыя Аргенціны моцна адрозніваюцца ад тых левых на поўначы кантынента. Урэшце, мы там разгарнулі амбасаду, якая «паспяхова» напрацавала вялізнае негатыўнае сальда [знешняга гандлю]».

Рэгіён: Афрыка

Ключавыя партнёры: Лівія, Егіпет (да рэвалюцыйных падзей); Эфіопія, блок краінаў на поўдзень ад Сахары, Зімбабвэ

Прэзідэнт моцна пакрыўдзіўся

Падзеі арабскай вясны прайшліся зменай палітычных рэжымаў у краінах Паўночнай Афрыкі і спарадзілі няпэўнасць адносна будучыні Егіпта, Лівіі і іншых партнёраў Беларусі ў рэгіёне. Услед за гэтым прыярытэты Мінска змясціліся на поўдзень ад Сахары.

Апошняя аптымізацыя дыпламатычных прадстаўніцтваў нашай краіны добра прайшлася па афрыканскім кантыненце: дзе-нідзе штат амбасадаў быў скарочаны, а ў шэрагу краінаў яны былі адкрытыя. Самая істотная падзея тут, на думку Богдана, — адкрыццё амбасадаў Беларусі ў Нігерыі і Эфіопіі.

Першая — найвялікшая, і да таго ж нафтаносная краіна кантыненту — з аднаго боку, мае пэўныя праблемы з бяспекай з-за міжрэлігійнага супрацьстаяння (палова насельніцтва — хрысціяне, а палова — мусульмане) і дзейнасці тэрарыстычнай групоўкі «Бока харам», што ўзнікла на гэтай глебе. Але, лічыць аналітык, на афрыканскім тле сітуацыя ў Нігерыі яшчэ не самая горшая.

Што да Эфіопіі, то гэта таксама вялікая краіна, якая можа быць для Беларусі перспектыўным рынкам збыту. Што яшчэ важна — гэта былы хаўруснік Савецкага Саюза — а значыць, там ёсць «нашы савецкія людзі», якія ведаюць рускую мову і маюць уяўленне пра нашы тэхнічныя стандарты. Гандляваць з такімі краінамі заўсёды нашмат прасцей, заўважае суразмоўца «Новага часу».

Яшчэ адзін важны момант — у сталіцы Эфіопіі Адыс-Абебе знаходзіцца штаб-кватэра Афрыканскага Саюза. Таму беларускія ўлады, магчыма, разлічваюць на паступовае наладжванне кантактаў з многімі новымі для нас афрыканскімі дзяржавамі праз тамтэйшую амбасаду.

Сяргей Богдан зазначае, што на Эфіопію ў афіцыйнага Мінску былі вялікія планы яшчэ шмат гадоў таму. Але потым здарылася такая гісторыя: «У сярэдзіне 2000-х у нас з Эфіопіяй пачало нешта складвацца. Але пасля на навучанне прыляцелі эфіопскія лётчыкі, якія праз пэўны час дружна папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі. Нашы ім адказалі, што прытулку не будзе. Тады Адыс-Абеба ветліва папрасіла іх вярнуць назад, а ўлады Беларусі іх выпусцілі з краіны — то бок, проста іх не злавілі».

«Вы самі разумееце, што з магчымасцямі нашых сілавікоў і спецслужбаў вылавіць пэўных людзей у Беларусі, тым больш тых, хто мае пэўныя паўднёвыя асаблівасці, праблемы не ўяўляе, — кажа Богдан. — Гэта быў скандал. Кіраўнік Эфіопіі страшэнна на гэта пакрыўдзіўся, і на гэтым тады ўсё фактычна скончылася. Гэта ўсё завісла, пакуль у 2012 годзе ён не памёр. Тады зноўку пачаліся спробы намацаць нейкую глебу. І яны ўжо прывялі да адкрыцця амбасады».

Перспектывы добрыя; праблема застаецца

«Насамрэч, беларуская дыпламатыя нашмат больш рафінаваная, чым часам здаецца, — гаворыць Богдан. — Калі яна адначасова можа працаваць з Арменіяй і Азербайджанам, з Ізраілем і Іранам, з Сірыяй і Турэччынай — гэта вельмі няпроста; гэта азначае, што пэўны ўзровень ужо ёсць».

Ён звяртае асаблівую ўвагу на тое, што афіцыйны Мінск у сваёй супрацы з радыкальнымі рэжымамі дзейнічае вельмі асцярожна — і даўно перастаў адкрыта кідаць выклік Захаду.

«Апошнім такім выклікам быў Садам [Хусейн]. Зараз такіх фокусаў, ці таго, што было з Югаславіяй пры Мілошавічы, ніхто не наважыцца рабіць, — гаворыць эксперт. — Прынамсі, афіцыйны Мінск узнавіў супрацу з шыіцкімі краінамі толькі пасля таго, як ступень рызыкоўнасці знізілася. Яшчэ некалькі гадоў таму, калі пачыналася вайна ў Сірыі, Беларусь магла прадаць Дамаску шмат зброі, і Тэгеран заплаціў бы за ўсё гэта. Але, колькі б Мінск ні абвінавачвалі, дагэтуль аніводнага доказу беларускіх паставак зброі ў Сірыю не было знойдзена — у адрозненне, напрыклад, ад украінскіх. Відавочна, што Мінск стараўся не рызыкаваць, не дапускаць таго, каб нейкія такія пастаўкі былі знойдзены».

Рэвалюцыйныя падзеі ў шматлікіх краінах — партнёрах Беларусі, а таксама ўваход амерыканцаў у Ірак паставілі крыж на многіх айчынных праектах. Пасля гэтага ў МЗС пачухалі патыліцу і «ператасавалі» многія амбасады, кажа аналітык.

Аптымізацыю сеткі дыпламатычных прадстаўніцтваў эксперт ацэньвае станоўча: «Асноўныя рэгіёны, дзе можна штосьці рабіць, зараз «закрытыя».

Ён прызнае, аднак, што і да гэтых падзей у тых рэгіёнах з продажам беларускай прадукцыі часам былі зусім не знешнія праблемы, а звязаныя са здольнасцямі канкрэтных прадаўцоў. «Якую б тыя краіны патрэбу не мелі, без нармальнага маркетынгу, сервісу вы нічога не прадасце».

Аналітык прыводзіць інтэрв'ю са старшынёй гандлёва-прамысловай палаты іранскай правінцыі Казвін, якое выйшла на інфармацыйнай стужцы агенцтва "Fars" з год таму. У ім іранскі чыноўнік сярэдняй рукі расказвае, што ў ягоны рэгіён прыязджала афіцыйная беларуская дэлегацыя, але дасягнутыя дамоўленасці па супрацоўніцтве не выконваюцца.

«Паслаць дэлегацыю, ажыццявіць афіцыйны кантакт — адна справа. Зусім іншая — разгарнуць сетку гандлю, сэрвісу. Дагэтуль ёсць праблема ў тым, каб кіраванне гэтымі працэсамі ажыццяўлялася на прыстойным узроўні», — кажа Богдан.

Ва ўсіх узгаданых рэгіёнах Мінск спрабуе прымяніць даўнюю тактыку: прыцягваць нейкую краіну ў свеце, каб яна фінансавала беларускія праекты ў трэціх краінах. «Яшчэ напрыканцы 1990-х гадоў яны спрабавалі пастаўляць МАЗы, іншую тэхніку ў Судан за грошы Саудаўскай Аравіі. Я так разумею, што па Афрыцы былі спадзяванні, што заможныя арабскія краіны, суніцкія манархіі, ажыццяўляючы сваю гуманітарную палітыку ў Афрыцы, будуць карыстацца таварамі і паслугамі Мінску. Ці гэта спрацавала — не ведаю. Зараз, відавочна, спрабуюць з Сірыяй за іранскія грошы. Цікава, ці атрымаецца гэта».

Эксперт агаворваецца, што пабачыць, хто плаціць за беларускія прадукцыю ды паслугі, можна адно толькі на ўскосных прыкметах: «Калі гэта ёсць, то беларуская прадукцыя пастаўляецца пад нейкія лёгкія ўмовы, без перадаплаты і гэтак далей. Гэтак, як мы паставілі 100 аўтобусаў на Кубу. Калі б Чавес не паабяцаў аплаціць, то ніхто б іх туды не пастаўляў», — мяркуе аналітык.

Разглядаючы ўсе пералічаныя напрамкі для супрацы як перспектыўныя, Богдан заўважае, што, пры ўсіх пазітыўных прагнозах і дынаміцы закрыць адно за кошт пералічаных рэгіёнаў велізарныя дзіркі ў беларускім бюджэце будзе немагчыма. «З часам можна закрываць большыя дзіркі, але гэта, канечне, не вырашае праблемаў палітычнай эканоміі нашай дзяржавы. Не трэба ўскладаць вельмі вялікія надзеі на тое, што нехта можа нам кагосьці замяніць».

Каментаваць