З кім ісці поруч?

Выбар паміж Захадам і Усходам — гэта не выбар паміж аб’ёмамі эканамічнай дапамогі, гэта выбар паміж цывілізацыйным развіццём і цывілізацыйнай дэградацыяй.



Выбар паміж Захадам і Усходам — гэта не выбар паміж аб’ёмамі эканамічнай дапамогі, гэта выбар паміж цывілізацыйным развіццём і цывілізацыйнай дэградацыяй.

Калі я працаваў над тэкстам папярэдняй «Азбукі паліталогіі», дык яшчэ не ведаў пра начны інцыдэнт у Оршы, калі з цягніка знялі Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна і Аляксандра Атрошчанкава. Сімвалічна, што інцыдэнт адбыўся ў цягніку «Мінск — Масква». Стварэнне знакаў, якія аб’ядноўваюць грамадства, — адна з найважнейшых задач палітычнай эліты, і ў гэтым сэнсе нашы топ-чыноўнікі не пакутуюць на недахоп крэатыўнасці. У сакавіку яны сумесна з расійскімі калегамі прынялі ўдзел у яшчэ адным сімвалічным дзеянні, якое стварыла праблемы авіяпасажырам. Цікава, калі б паміж сталіцамі Саюзнай дзяржавы курсавалі цеплаходы, то ці часта пасажыры станавіліся б ахвярамі такога кшталту сімваластварэння?

Нагадаю: чарговы фантан крэатыву паўстаў на фоне заклікаў няўхільна выконваць Закон і захоўваць Парадак. У якасці каментара працытую словы амерыканскага сацыёлага Чарльза Цілі: «Прымус у імя «Закону і Парадку», калі ён ужываецца дзяржавай і яе афіцыйнымі прадстаўнікамі, часам цяжка адрозніць ад злачынства і разбою, якія падрываюць сацыяльны парадак».

Метадам выключэння

Але пойдзем далей. Заключная частка артыкула акадэміка Анатоля Рубінава «Общество. Власть. Время» прысвечана геапалітычнаму выбару Беларусі. Выбіраць даводзіцца з трох «главных мировых центров влияния»: амерыкана-еўрапейскага блоку, Кітая і расійскага блока.

На баку першага блока асноўны навукова-тэхнічны патэнцыял, ад якога залежыць увесь астатні свет. Але рэзкі разварот на Захад пагражае стратай ільготных цэн на расійскія энерганосьбіты. «Одного этого уже было бы достаточно, чтобы обрушить экономику нашей страны. Все остальные нюансы можно даже не рассматривать». Выдатнае прызнанне! Калі скарыстацца ўлюбёным ідыяматычным выразам «адзінага палітыка» (АП), яно «дорогого стоит». Кожны раз, калі з самай высокай трыбуны нам вяшчаюць пра вартасці беларускай эканамічнай мадэлі, мы не павінны забываць, што для яе абвальвання «одного этого было бы достаточно».

А што Захад? Акрамя дарадцаў па «дэмакратызацыі», ён нічога прапанаваць не ў стане. Яго рэальны інтарэс палягае ў адрыве Беларусі ад Расіі, бо Саюзная дзяржава ўяўляе для Захаду канкурэнта «в виде эффективного производителя»!

Што да Кітаю, дык хоць ён і ператварыўся ў «майстэрню свету» і сёння з’яўляецца галоўным кандыдатам на ролю краіны будучыні, «но даже при самых лучших наших отношениях у Китая своя судьба и свое предназначение». З гэтым цяжка не пагадзіцца. Паміж канфуцыянскім Кітаем і праваслаўнай Беларуссю ляжыць цывілізацыйная прорва.

Так метадам выключэння мы ўпіраемся ў Расію, якая нягледзячы на «демократические разборки» мае ўсе шанцы выйсці ў сусветныя лідары. Але ёй адной не даць рады. Вось тут і павінны адыграць сваю ролю інтэграцыйныя працэсы на постсавецкай прасторы. Калі хтосьці думае, што ў расійскім блоку Беларусі адведзена роля «нахлебніка», дык ён памыляецца. Выразнае кіраванне, сучасная прамысловасць і пастаўленая на навуковую аснову сельская гаспадарка — усё гэта «не только не обеднит, но, напротив, усилит Россию».

Адкрыем гандлёвы баланс за студзень-люты. З Расіі мы імпартавалі тавараў на $4,6 мільярда, а экспартавалі — на $2,2 мільярда. І без калькулятара лёгка падлічыць сальда. Яно перавышае аб’ём экспарту, а ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 89%. І гэта пасля чарговых прэферэнцый на газ і нафту! Дык наколькі маюць рацыю тыя, хто мяркуе, нібыта ў расійскім блоку Беларусі адведзена роля «нахлебніка»?

«Слабы» долар

Сёння мы назіраем масавы ад’езд беларусаў у Расію. Пакідаць родныя мясціны суайчыннікаў прымушае дыспарытэт заработнай платы: у снежні 2011 года ў Расіі сярэдні заробак быў $790, у Беларусі — $355. «Уся справа ў прыродных рэсурсах», — тлумачыць акадэмік. Па-першае, цэны на энергарэсурсы для Беларусі ўсе гэтыя гады былі значна вышэйшыя, чым у Расіі. Але акрамя «па-першае», маецца і «па-другое». Дадатны баланс знешняга гандлю за кошт продажу сыравіны дазваляе Расіі мець «слабы» долар, а расійскім прадпрыемствам «без больших ограничений покупать импортные составляющие для своего производства и, продавая свои товары, в конечном счете получать прибыль». Адсюль рукой падаць да галоўнай высновы: без увядзення адзінай валюты Беларусі ўласнымі высілкамі сваіх праблем не вырашыць.

Калі мне памяць не здраджвае, да кастрычніка 2011 года і мы жылі пры «слабым» долары. Наступствы вядомыя: экспартнаарыентаваную беларускую эканоміку «танны» долар ледзь не давёў, як кажуць, да ручкі.

Не менш разбуральнымі былі наступствы і для Расіі. Калі спачатку 90-х гадоў на апрацоўчыя прамысловасці прыпадала 37% дададзенага кошту, то ў 2010 годзе — 16%. «Слабы» долар пасунуў знешні гандаль фактычна ў сярэднявечча. Параўнаеце: у 1991 годзе мінеральная сыравіна складала 26% сумарнага экспарту Расіі, у 1999 годзе — 44,9%, у 2010 годзе — 68,8%. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што калі ў 1991 годзе ВУП на душу насельніцтва ў Расіі перавышаў сярэднесусветны ўзровень на 54%, то ў 2009-м — толькі на 17%...

Тое, што ў часы майго басаногага дзяцінства называлася «сыравінным прыдаткам прамыслова развітых краін», сёння завецца «энергетычнай дзяржавай». Эканоміка сучаснай Расіі пабудаваная на экспарце сыравіннай рэнты ў абмен на імпарт інавацыйнай рэнты міжнародных карпарацый у выглядзе гатовай прадукцыі. Яна функцыянуе ў інтарэсах вузкага кола алігархаў, якія кормяцца з «трубы». Але дзе тут месца Беларусі?

Колькі слоў пра эмісійную палітыку Банка Расіі. Яна ніяк не звязана з запатрабаваннямі эканомікі. «Эмісія рубля, — тлумачыць фінансавы аналітык Уладзіслаў Жукоўскі, — вось ужо 12 гадоў цвёрда прывязана да прытоку нафтадолараў і да замежных крэдытаў, а Банк Расіі, па сутнасці, ператварыўся ў падраздзяленне Федэральнай рэзервовай сістэмы і звёў усю грашова-крэдытную палітыку да дзейнасці валютнага абменніка».

Пераход на расійскі рубель, чыя «сіла» залежыць ад прытоку нафтадолараў, прымусіць беларускую апрацоўчую прамысловасць паўтарыць лёс расійскай. Тут дарэчы будзе нагадаць і пра праблемы грэчаскай эканомікі, прыкаванай да «моцнага» еўра і таму пазбаўленай магчымасці адказваць на крызісы дэвальвацыяй уласнай валюты.

Няздольныя змяняцца — асуджаныя

Аднак у геапалітычнага выбару, апроч эканамічнага, маецца і цывілізацыйны складнік. Не ўпэўнены, што пра гэта здагадваюцца ў кабінетах на Карла Маркса, 38. Занадта ўжо там усе занятыя падлікам барышоў ад чарговых беларуска-расійскіх дамоваў. Але я, прафесійны беспрацоўны, не абцяжараны такога кшталту меркантыльнымі падлікамі, і таму магу дазволіць сабе напышліва разважаць на, здавалася б, абстрактную тэму.

Традыцыйна пачну з цытаты: «Пытанне не ў тым, у які бок мы пойдзем. У любым выпадку мы пойдзем у кірунку эканамічнай плыні. Пытанне толькі ў тым, які кошт мы заплацім. Пойдзем поруч з эканамічнай неабходнасцю — і яна стане нашым сябрам і дабрадзеем. Ці эканамічная плынь зацягне нас пад сябе, як пад бульдозер» (Мікалай Трэнёў, эканаміст).

Натуральна, што эканаміст звяртае ўвагу на эканамічную плынь, але ёсць яшчэ і плынь культурная, уменне ісці поруч з ёй — не менш значнае для выжывання беларускай нацыі і дзяржавы.

Культурная (адпаведна, і цывілізацыйная) блізкасць Беларусі і Расіі, здаецца, відавочная. Заходняя цывілізацыя грунтуецца на трох кітах: грэчаскай філасофіі, рымскім праве і каталіцызме-пратэстантызме. Пры ўсёй маёй павазе да старажытных грэкаў і рымлянам, прасачыць іх уплыў на беларускую культуру я не ў стане. Што да рэлігійнага фактару, дык разабрацца з ім нам дапамогуць апытанні НІСЭПД. У верасні 2009 года праваслаўнымі сябе лічылі 79% жыхароў рэспублікі, а каталікамі — толькі 11%. Такая грунтоўная перавага на карысць праваслаўя пацвярджаецца і адказамі на пытанне пра давер. Праваслаўная царква пры гэтым апынаецца па-за канкурэнцыяй: у чэрвені 2011 года ёй давяралі 63%, у той час як каталіцкай царкве — 38%.

Дык у чым пытанне, хіба не мае рацыі АП, які рашуча развярнуў замежнапалітычныя аглоблі ў бок Расіі? Пытанне ў тым, што з пункту гледжання «Азбукі паліталогіі» цывілізацыі не з’яўляюцца статычнымі сацыяльнымі канструкцыямі. Яны нараджаюцца, растуць, дасягаюць сталасці, пасля чаго пачынаюць дэградаваць. У фінале цывілізацыю, якая дэградуе, чакае альтэрнатыва: яна можа даць жыццё новай цывілізацыі (антычная цывілізацыя спарадзіла заходне-хрысціянскую) ці будзе паглынутая іншай цывілізацыяй (узгадаем лёс Візантыі).

Хуткасць сацыяльных працэсаў сёння надзвычай высокая, і цывілізацыі, не здольныя змяняцца, асуджаныя на знікненне. Так, ад праваслаўнай цывілізацыі ўжо адпалі ўсе праваслаўныя ўсходнееўрапейскія краіны. Падмацую сказанае аўтарытэтам культуролага Ігара Якавенкі: «Расія да таго крызісу, які разгортваецца на нашых вачах, была краінай сутнасна ўчорашняй, бо ў Расіі не засвоены, не зацверджаны базавыя каштоўнасці сусветных краін-лідараў — еўраатлантычнай цывілізацыі. Для рускага чалавека, напрыклад, прыватная ўласнасць не святая. Для рускага чалавека не відавочна, што ўлада павінна быць пад законам, а не над законам».

За два апошнія дзесяцігоддзі з Расіі на Захад пераехала больш за 5 мільёнаў чалавек. Сярод іх пераважалі маладыя і адукаваныя людзі, большасць з іх дасягнулі поспеху ў новых умовах. Гэта азначае, што якасная дыстанцыя паміж «прасунутымі» рускімі і сярэднестатыстычнымі прадстаўнікамі заходняй цывілізацыі скарацілася да мінімуму. Але калі «прасунутыя» далучаюцца да чужой цывілізацыі, то якія шанцы «непрасунутых» захаваць канкурэнтаздольнасць сваёй? А галоўнае, якая перспектыва ў нас і ў нашых дзяцей ад цывілізацыйнага выбару, зробленага АП і Ко?
 

Каментаваць