З ЛЮБОЎЮ І НАДЗЕЯЙ

Ад рэдакцыі

 

Імя Вячаслава Оргіша добра вядомае ў дэмакратычным асяродку. Доктар філасофіі, ён доўгі час працаваў у «Народнай волі». Яго артыкулы вызначаліся выразнай апазіцыйнасцю. Але вось нядаўна ён перайшоў працаваць у «СБ» Беларусь сегодня» — галоўную газету ўладаў. Такія рэзкія пераходы заўсёды выклікаюць пытанні. Сам В. Оргіш, як можна зразумець з яго артыкула пад красамоўнай назвай «Прыйшоў час сыходзіць з барыкад», сваё рашэнне тлумачыць прынцыповымі матывамі. Не па факту пераходу, а па зместу артыкула, з ім палемізуе вядомы палітык, прафесар Юры Хадыка. Свой артыкул Юры Віктаравіч даслаў у «СБ», аднак газеце яго не надрукавалі, а размясцілі на сайце. З-за парушэння роўнасці ўмоў для палемікі, а таксама з улікам таго, што дэмакратычны асяродак «СБ» (тым больш сайт) з-за адназначна зададзенай пазіцыі выдання не чытае, Юры Хадыка звярнуўся да нас з просьбай надрукаваць яго артыкул. Мы з задавальненнем гэта робім, тым больш што праблемы, якія ён узняў, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці.



Ад рэдакцыі

Імя Вячаслава Оргіша добра вядомае ў дэмакратычным асяродку. Доктар філасофіі, ён доўгі час працаваў у «Народнай волі». Яго артыкулы вызначаліся выразнай апазіцыйнасцю. Але вось нядаўна ён перайшоў працаваць у «СБ» Беларусь сегодня» — галоўную газету ўладаў. Такія рэзкія пераходы заўсёды выклікаюць пытанні. Сам В. Оргіш, як можна зразумець з яго артыкула пад красамоўнай назвай «Прыйшоў час сыходзіць з барыкад», сваё рашэнне тлумачыць прынцыповымі матывамі. Не па факту пераходу, а па зместу артыкула, з ім палемізуе вядомы палітык, прафесар Юры Хадыка. Свой артыкул Юры Віктаравіч даслаў у «СБ», аднак газеце яго не надрукавалі, а размясцілі на сайце. З-за парушэння роўнасці ўмоў для палемікі, а таксама з улікам таго, што дэмакратычны асяродак «СБ» (тым больш сайт) з-за адназначна зададзенай пазіцыі выдання не чытае, Юры Хадыка звярнуўся да нас з просьбай надрукаваць яго артыкул. Мы з задавальненнем гэта робім, тым больш што праблемы, якія ён узняў, на жаль, не страцілі сваёй актуальнасці.

Калі я чытаў вялізны артыкул доктара філасофскіх навук, прафесара В. Оргіша «Прыйшоў час сыходзіць з барыкад», які быў змешчаны ў нумарах 238 і 239 «СБ» за 2008 год, я зрабіў больш за 50 паметак, якія выклікалі пярэчанні. І зразумеў, што адказаць на кожную з іх немагчыма. Тады я стаў іх сістэматызаваць і высветліў, што тэмаў для абмеркавання менш. Таму палеміка можа мець цывілізаваны характар.

Апалогія апазіцыі

Не шанцуе беларускай апазіцыі. Яна падвяргаецца крытыцы не толькі ў прамовах прэзідэнта, але і ў публікацыях многіх палітолагаў. Яскравы прыклад — В. Оргіш. Я толькі пералічу, у чым ён абвінавачвае прыхільнікаў апазіцыі. Захад не бачыць магчымасці, каб беларуская апазіцыя істотна ўплывала на палітычны працэс у краіне, страчвае да яе цікавасць і таму адводзіць ёй ролю «другога плана». Апазіцыя не хоча дыялога з уладай і глядзіць «непрыміруча» на палітычнага праціўніка. Яе вярхушка нічому не вучыцца, і ёй уласцівы інфантылізм мыслення. Апазіцыйны аўтарытэт А. Саннікаў, апазіцыйны ветэран У. Мілінкевіч і гуру ПБНФ Ю. Хадыка — тыповыя палітычныя фундаменталісты. У апазіцыі няма інстытуцыянальнага каркасу. Іншымі словамі, інтэлектуальных магчымасцей узначаліць дзяржаўныя органы. Апазіцыя ўспрымае намер Бруселю, які схільны да дыялогу з існуючым рэжымам, як памылку, таму што ёй уласціва «барыкадная культура». Апазіцыя прайграла ўсё, што можна прайграць, таму што яе амбіцыі не адпавядаюць амуніцыі.

 1996 год. Першы справа Юры Хадыка
В. Оргіш называе існуючыя Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) тытульнай апазіцыяй і прадказвае ёй хуткі заняпад, калі яна не стане сістэмнай апазіцыяй. Іншымі словамі, калі яе прадстаўнікі не ўвойдуць у структуры ўлады. Я не згодны і з гэтым. АДС — сістэмная апазіцыя і займае тое месца, якое для апазіцыі адводзіць існуючы палітычны рэжым. А ён не прадугледжвае магчымасці прысутнасці апазіцыі ў структурах улады. Калі ж такая магчымасць існавала, у складзе ВС і XII і XIII скліканняў былі ўплывовыя і канструктыўныя апазіцыйныя фракцыі. Таму няма розніцы паміж тытульнай і сістэмнай апазіцыяй у нашых умовах. Праблема ў існуючай выбарчай сістэме. В. Оргіш не верыць, што яна можа памяняцца. А я — веру.

Я ў тытульнай — а таму адказнай — апазіцыі з моманту яе арганізацыйнага паўстання. Выступаючы на першым дазволеным уладамі мітынгу ў студзені 1989 года на стадыёне «Дынама» ў прысутнасці прыкладна 30 тысяч чалавек, я параўнаў тагачасных прыхільнікаў дэмакратыі з лёгкай кавалерыяй Вялікага князя Вітаўта, якая распачала атаку на гуфы нямецкага рыцарскага войска пад Грунвальдам праз воўчыя ямы. І не дайшла да ворага, пакуль не запоўніліся ямы целамі коней і вершнікаў. Сапраўды, мы кінулі выклік сістэме, якая здавалася непарушнай. Разлічваць на хуткую перамогу было немагчыма.

А што мы бачым сёння? Перадвыбарчы лозунг БНФ «Адраджэнне» 1990 года «За Беларусь!» з 2004-га стаў афіцыйным лозунгам дзяржавы. Пэўны час — з моманту славутых «Детей лжи» і да пуцінскіх «мух и котлет» — мы былі «барыкаднай» апазіцыяй. Бо рэферэндум 1995 года зняважыў беларускія нацыянальныя сімвалы і да 2003 года існавала рэальная небяспека суверэнітэту краіны. А дзе сёння І. Ціцянкоў, які публічна здзекаваўся з бел-чырвона-белага сцягу? А слухаючы сёння прамовы прэзідэнта пра незалежнасць, я ў захапленні, бо няма нічога дадаць да яго выказванняў. Акрамя таго, што сапраўды незалежнай можа быць толькі краіна свабодных людзей. Так, у апошнім інтэрв’ю А. Лукашэнка паабяцаў шчыльна заняцца праблемай правоў чалавека ў Беларусі. Даўно час.

Цяжка пералічыць, колькі праектаў рэфармавання беларускай гаспадаркі распрацавала апазіцыя. Яны выкладзены ў брашурах, кнігах і артыкулах вядомых эканамістаў Л. Злотнікава і Л. Заікі, М. Залескага і В. Шлындзікава, Я. Раманчука і І. Нікітчанкі, С. Багданкевіча і Б. Жалібы. Ды і многіх іншых.

Гэта да інтэлектуальнага і кадравага патэнцыялу беларускай апазіцыі.

Пра галоўнае

Але я адышоў ад галоўнага абвінавачвання ў няздольнасці апазіцыі да дыялогу з урадам і ў неразуменні Бруселя, які такі дыялог распачынае. Дзіўна, але, здаецца, В. Оргіш не ведае, што Брусель распачаў такі дыялог яшчэ ў 1997 годзе, калі ўвесну ў Мінск прыляцеў пасол Марэна, каб улагодзіць адносіны ўрада і апазіцыі, якую прадстаўлялі Г. Карпенка і П. Краўчанка. Хто быў з урадавага боку, не ведаю. Аднак ініцыятыва ЕС правалілася, і ў верасні Брусель прыняў першыя санкцыі ў адносінах Мінска. Без усялякай ініцыятывы з боку апазіцыі.

Але гісторыя дыялогу на гэтым не скончылася. У хуткім часе Б. Герэмек дамогся адкрыцця ў Мінску прадстаўніцтва АБСЕ, якое ўзначаліў Ханс-Георг Вік. Два гады ён арганізоўваў дыялог улады і апазіцыі. І амаль арганізаваў. Была складзена папера пра доступ апазіцыі да дзяржаўных СМІ. Папера, падпісаная прадстаўніком прэзідэнта Сазонавым. Аднак яна хутка была адкінута, бо А. Лукашэнка падтрымаў ідэю «шырокага дыялога», за якую агітавалі В. Абрамава, Т. Процька, Ю. Загуменаў, А. Фядута. Нетытульная апазіцыя, як сказаў бы В. Оргіш. Пад гэтай назвай хаваўся не дыялог, а права звярнуцца да вышэйшай інстанцыі са сваімі скаргамі і прапановамі. Зразумела, што тытульная апазіцыя адкінула гэткі фармат. І сёння нават В. Оргіш не памятае, што такі дыялог, за які ён агітуе, і з такой апазіцыяй, якая яму падабаецца, меў месца. Але не меў вынікаў. Калі не лічыць два парламенцкія тэрміны сп. Абрамавай.

Таму сто разоў мае рацыю А. Саннікаў, калі падкрэслівае, што вострай праблемай у Беларусі ёсць не дыялог з ЕС — ён ідзе і будзе ісці, — а ўнутрыбеларускі дыялог улады з тытульнай (сістэмнай) апазіцыяй. Такі дыялог і далей будзе заставацца мэтаю дэмакратычнага Захаду, які так лёгка, як лічыць В. Оргіш, не забывае пра свае ідэалагічныя каштоўнасці і правы чалавека.

Конь Калігулы

І тут я падыходжу да галоўнага абвінавачвання на свой адрас. В. Оргіш цытуе адно маё выказванне, што прагучала на «Радыё Свабода» 27 чэрвеня 2008 года. «Гэта факт: рэжым усталяваўся, у яго шмат прыхільнікаў. І такую структуру значна лягчэй разбурыць, калі ўнутры яе будуць знаходзіцца прыхільнікі суверэнітэту, прыхільнікі прававой краіны, прыхільнікі правоў чалавека». Дзіўна, што гэта выказванне стала «дакладным тлумачэннем таго, чаму ні адзін кандыдат ад апазіцыі на вераснёўскіх выбарах не трапіў у парламент». Не думаю, што кандыдаты ад апазіцыі цытавалі маё выказванне ў сваіх улётках. Ці ўвесь народ слухаў 27 чэрвеня перадачы «Радыё Свабода». Яшчэ больш дзіўна, што гэтае выказванне можна лічыць «траянскім канём» апазіцыі. Заўсёды лічыў, што выраз «траянскі конь» — эўфемізм словаў «хлусня», «падман». Мая ж фраза — адкрытая дэкларацыя мэты, змагання з узнятым забралам. Сэнс, процілеглы «траянскаму каню».

Аднак з разгорнутых разважанняў В. Оргіша вынікае, што яго абурылі словы «разбурыць такую структуру». Ён прыхільнік эвалюцыі. Аднак сусветны вопыт сведчыць, што ні адзін аўтарытарны, дыктатарскі ці тыранічны рэжым не эвалюцыянаваў у дэмакратычны без злому прававой структуры сістэмы. Партугалія, Іспанія, Італія, Германія, Грэцыя, усходнееўрапейскія краіны т. зв. сацыялістычнага лагеру, рэспублікі Прыбалтыкі таму прыклад. Толькі ў некаторых выпадках разбурэнне прававых падвалін рэжыму суправаджалася сацыяльнымі забурэннямі. Пра іх магчымасць трэба ведаць і пазбягаць іх. Менавіта ў гэтым сэнс маёй фразы.

Шлях Беларусі да дэмакратыі пачаўся ў канцы 80-х гадоў. Але хутка змяніўся на адваротны. Мы не здолелі ні пераканаць, ні ізаляваць большасць камуністычнай наменклатуры. І прэзідэнт Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, пабудаваў сваю «вертыкаль» з ужо гатовага матэрыялу. Але ж гэтая «ўплывовая сіла» — не клас, як піша В. Оргіш, а клан, аб’яднаны толькі прагаю да ўлады. Ён і стварыў прававую базу дзейнага рэжыму, якая разлічана на недапушчэнне канкурэнцыі за ўладу.

Толькі сумленныя, свабодныя выбары могуць мірна вырашыць гэту ключавую праблему Беларусі. Можна не сумнявацца, што дэмакратычны свет і беларуская апазіцыя будуць разам змагацца за такія выбары.

Адсутнасць канкурэнцыі заўсёды вядзе да застою і загнівання ў кіруючых колах, што выражаецца ў хабарніцтве, хлуслівых справаздачах і паказным адзінадушшы. З цягам часу дэмакратычныя па форме інстытуты выраджаюцца ў дэкаратыўныя бяздзейсныя структуры, якія адыгрываюць ролю фігавых лісткоў рэжыму. Калісьці адзін з першых рымскіх імператараў Калігула (Сапажок), які карыстаўся тытулам першага сенатара, гаварыў, што можа зрабіць сенатарам свайго каня. Баюся, што калі б А. Лукашэнка меў свайго скакуна, то мог бы сказаць тое ж самае. Цалкам на законнай аснове.

Піянеры супраць камуністаў

У адным магу пагадзіцца з паважаным крытыкам. Апазіцыі не хапае адзінства. А дэмакратычны рух пачынаўся так добра. Як саюз прыхільнікаў дэмакратыі з лепшымі сіламі КПСС. І мне дзіўна і смешна сёння, калі даўно няма КПСС, чуць антыкамуністычныя філіпікі з вуснаў маладзёнаў ва ўзросце каля 30. Сённяшнія камуністы не нясуць калектыўнай адказнасці за справы таго часу. Ды і калектыўную адказнасць не прызнае ні закон, ні хрысціянская мараль. Толькі персанальную адказнасць прызнае наша культура.

Як я памятую, сп. Оргіш прысутнічаў на апошнім Кангрэсе дэмакратычных сіл. Ён павінны памятаць, які гвалт узнялі некаторыя маладыя нетытульныя апазіцыянеры пры абмеркаванні новай стратэгіі АДС. Менавіта вакол тэзіса пра дыялог з уладаю і праблемы існавання АДС з удзелам ПКБ. Яшчэ больш сорамна за тых сталых апазіцыянераў, былых камуністаў, якія гэты гвалт падтрымалі. Я магу прапанаваць толькі адно тлумачэнне гэткай дзіўнай сітуацыі.

Вядома, што яшчэ царская ахранка вынайшла самы эфектыўны сродак змагання з радыкальнай апазіцыяй, якая кідала бомбы. Гэты сродак — правакацыя. Славуты Азеф, кіраўнік баявога крыла партыі эсэраў і член Дзярждумы, таму яскравы прыклад. Думаць, што АДС дзейнічае ў стэрыльных умовах, наіўна.

Як існаванне Бога высвятляецца шляхам назірання за яго справамі, так і прысутнасць малых азефаў адчуваецца па некаторых крызісах у межах ці за межамі АДС.

Я неаднаразова крытыкаваў адзіны незалежны сацыялагічны цэнтр, які працуе ў Беларусі. Не за тое, што спецыялісты НІСЭПД няправільна праводзяць апытанні ці падлічваюць пададзеныя галасы. Толькі за тое, што не могуць пры падвядзенні і абмеркаванні вынікаў улічыць эфект страху, які абавязкова прысутнічае ў несвабодным грамадстве. Гэты эфект найбольш праяўляецца пры высвятленні палітычных поглядаў. Што цалкам натуральна. Так, сацыёлагі цягам многіх гадоў сцвярджаюць, што падтрымка дэмакратычных партый у грамадстве падае і замерла на мяжы статыстычнай памылкі. Улічыў гэта ў сваім выкрыцці тытульнай апазіцыі і прафесар Оргіш. Ён прывёў табліцу дынамікі індэксу даверу апазіцыйным партыям і тэхніку падліку гэтага індэксу. Пры першым поглядзе бачна, што індэкс адмоўны і ніжэй за 0,5. Здаецца, горш не бывае. Але дастаткова рашыць элементарнае алгебраічнае ўраўненне з адным невядомым (што лёгка зрабіць нават без асадкі — трэба скласці з адзінкай індэкс і атрыманую лічбу падзяліць напалам, каб атрымаць долю тых, хто давярае) і вы пабачыце, што працэнт давяраючых апазіцыі з лістапада 2000-га да кастрычніка 2008 года вагаўся ў межах ад 24% да 33% без якой-небудзь тэндэнцыі да падзення!

Гэтая ацэнка добра карэлюе з лічбамі, якія апазіцыйныя кандыдаты атрымлівалі падчас прэзідэнцкіх выбараў з 1994 да 2006 года. Таму неяк не верыцца, што сума падтрымкі партый АДС каля 10%. Іншая справа, рэйтынгі былых кандыдатаў. Адразу па выбарах яны ляжаць у межах 30%. Але пасля сыходу чалавека з інфармацыйнай прасторы паступова падаюць. Так што дарма В. Оргіш прадказвае заняпад апазіцыі. Калі будзе рэфармавана выбарчае заканадаўства і на выбарчых участках не будзе панаваць яго вялікасць адміністратыўны рэсурс, АДС атрымае каля трэці месцаў у парламенце пры прапарцыйнай сістэме галасавання.

Так што прэтэнзіі АДС на раўнапраўны дыялог з уладаю апраўданыя. Іх амбіцыі адпавядаюць амуніцыі.

Тое, што новае…

Застаецца спыніцца толькі на станоўчай праграме для апазіцыі, накіданай доктарам філасофскіх навук. Яна налічвае 7 тэзісаў. Большасць з іх не новая. І гэта сведчыць пра супадзенне поглядаў на тактыку АДС. Апазіцыя дэ-факта прызнала легітымнасць прэзідэнта яшчэ ў 2001 годзе, калі прыняла ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах. Слушна і тое, што галоўнае змаганне ідзе з «палітычным класам», які сфармаваўся вакол А. Лукашэнкі. Сапраўдную вагу статыстыкі, якую прыводзіць В. Оргіш, я паказаў вышэй. Прапанова шукаць кансенсус з кіруючай элітай слушная. А вось папярэджанне баяцца прыўладнай партыі, створанай на грунце РГА «Белая Русь» — тыповая прафесарская фантазія. Такія структуры, як Адзіная Расія, не могуць эвалюцыянаваць у дэмакратычныя партыі. Сумненні В. Оргіша адносна здольнасці апазіцыі ўлічваць новыя палітычныя рэаліі пакіну без каментару.

Мне здаецца, што я крыху асвятліў занадта змрочны палітычны пейзаж, намаляваны прафесарам В. Оргішам. Бо мы жывём у адной краіне, якую любім, і ўсе хочам, каб нашым дзецям і ўнукам было ў ёй добра.

Каментаваць