З нелегалаў у спікеры

Двое прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі ўвайшлі ў склад пастаянных кіраўнікоў створаных органаў Форума грамадзянскай супольнасці. Кіраўнік Асамблеі НДА, якой улады Беларусі неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі, Сяргей Мацкевіч узначаліў першую тэматычную працоўную групу «Дэмакратыя, правы чалавека, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць», а таксама быў заяўлены як афіцыйны спікер форума.



Двое прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі ўвайшлі ў склад пастаянных кіраўнікоў створаных органаў Форума грамадзянскай супольнасці. Кіраўнік Асамблеі НДА, якой улады Беларусі неаднаразова адмаўлялі ў рэгістрацыі, Сяргей Мацкевіч узначаліў першую тэматычную працоўную групу «Дэмакратыя, правы чалавека, належнае дзяржаўнае кіраванне і стабільнасць», а таксама быў заяўлены як афіцыйны спікер форума. Старшыня кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка ўвайшоў у склад кіраўнічага камітэта ў якасці прадстаўніка беларускай дэлегацыі (так званы статус country facilitator).

(На здымку: Сяргей Мацкевіч)

Галоўным дасягненнем першага Форума грамадзянскай супольнасці, што адбыўся ў Бруселі ў межах праграмы «Усходняе партнёрства», стала фармаванне структур, якія будуць займацца каардынацыяй дзейнасці ў межах праграмы форума, а таксама запачаткаванне працы на сталай аснове.

Паводле слоў Улада Вялічкі (у форуме ўдзельнічалі 25 прадстаўнікоў ад беларускіх грамадскіх арганізацый), дасягнуць кансенсусу было не так лёгка. Размова ідзе пра адстойванне інтарэсаў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія прыехалі на форум са сваімі прапановамі, і суаднясенне іх з чаканнямі Еўрапейскай камісіі. У выніку быў прапанаваны кампрамісны варыянт: стварыць пастаянны орган — кіруючы камітэт з семнаццаці чалавек, які будзе каардынаваць працу тэматычных груп.

Нагадаю, што ў склад камітэта ўвайшлі кіраўнікі працоўных груп форума, па адным прадстаўніку ад кожнай з дэлегацый краін «Усходняга партнёрства», а таксама прадстаўнікі еўрапейскіх арганізацый грамадзянскай супольнасці. «Тое, што рашэнне пра фармаванне пастаяннага працоўнага органа было прынята, гарантуе, што працэс працягнецца і не будзе насіць характар «адной сустрэчы на год», — лічыць кіраўнік кансорцыума «ЕўраБеларусь».

Форум грамадзянскай супольнасці, як і праграма «Усходняе партнёрства», працуе па чатырох тэматычных платформах: дэмакратыя і належнае кіраванне; эканамічная інтэграцыя і збліжэнне з палітычнымі курсамі ЕС, навакольнае асяроддзе, змена клімату і энергетычная бяспека, кантакты паміж людзьмі. Першая тэматычная група падчас форума сабрала найбольшую колькасць удзельнікаў, і менавіта на ёй уздымаліся вострыя пытанні. У выніку быў выпрацаваны шэраг рэкамендацый для ЕС і ўрадаў краін «Усходняга партнёрства».

Асаблівая ўвага была скіравана на сітуацыю з правамі чалавека ў краінах-партнёрах, неабходнасць узмацніць дэмакратычныя прынцыпы, пашырыць падтрымку плюралізму і незалежнасці СМІ, прыняць захады па забеспячэнні бяспекі і мірнага будаўніцтва. Беларуская дэлегацыя прапанавала ўнесці ў выніковую рэзалюцыю пункт пра неадкладнае вызваленне палітвязняў, якія, на жаль, ёсць у краінах, што ўваходзяць у праграму «Усходняе партнёрства». Заля вітала прапанову авацыямі. Надалей форум будзе рыхтаваць адмыслова для кожнай краіны справаздачы па дэмакратычным кіраванні, якія могуць стаць асновай ацэнкі прагрэсу зменаў у грамадска-палітычным жыцці дзяржаў.

Разам з тым прадстаўнікі трэцяга сектару звяртаюць увагу на праблему некансалідаванасці дзеянняў паміж дзяржаўнымі структурамі і грамадзянскай супольнасцю ў межах праграмы «Усходняе партнёрства». «У нас з’явіліся два лідэры ў грамадзянскай супольнасці — Асамблея НДА і кансорцыум «ЕўраБеларусь», і паміж імі мусіць быць альянс. Неабходна прад’явіць аргументы наяўнасці грамадзянскай супольнасці ў краіне, прад’явіць дзяржаве факт таго, што ёсць з кім размаўляць, што мы ведаем, як арганізаваць грамадска-кансультатыўную раду», — падкрэслівае метадолаг Уладзімір Мацкевіч. Паводле меркавання эксперта, Беларусь цяпер лідзіруе ва «Усходнім партнёрстве», і «калі ты першы хаця б гадзіну, то мусіш быць годным лідэрам. Зараз на беларускай дэлегацыі ляжыць вялікая адказнасць».

Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся на Форуме грамадзянскай супольнасці, для беларусаў цікавасць уяўляе прапанова стварыць дарожныя карты для жыхароў краін-парнёраў праграмы «Усходняе партнёрства». Ініцыятыва была ўнесена ў выніковую рэзалюцыю форума.

«Патрабаванне дэлегатаў форума вельмі канкрэтнае: адмяніць візавы рэжым з краінамі «Усходняга партнёрства», — падкрэсліў прадстаўнік беларускай дэлегацыі Улад Кобец. — Не палегчыць, не спрасціць, не падумаць, а адмяніць. У фінальнай рэзалюцыі было прапісана, што для кожнай краіны мусіць быць распрацавана дарожная карта. Бо адна справа — паездкі людзей з Беларусі і Украіны, іншая — жыхароў Каўказа. Да таго, як будзе распрацавана дарожная карта, прапануецца ўвесці бясплатныя візы для жыхароў краінаў «Усходняга партнёрства». Гэта было вітана форумам, еўракамісарам Бенітай Фэрара-Вальднер і Карлам Більдам — міністрам замежных спраў Швецыі. Пазіцыя па візах будзе агучана ў снежні на сходзе міністраў замежных спраў краінаў Еўрапейскага саюза, а ў маі наступнага года пытанне будзе ўзнята ў Еўракамісіі.

Перад форумам прадстаўнікі беларускай дэлегацыі асцерагаліся, што мерапрыемства будзе мець фармальны характар і не атрымаецца дасягнуць канкрэтных вынікаў. Аднак урэшце старшыня праўлення Інавацыйнага фонду прававых тэхналогій Алена Танкачова заявіла, што цяпер яна з гонарам думае пра грамадзянскую супольнасць Беларусі. Дарэчы, Сяргей Мацкевіч як спікер прадставіць вынікі форума на канферэнцыі міжміністэрскага паседжання палітыкі «Усходняе партнёрства» 8 снежня ў Стакгольме.

 «Поспех беларускай дэлегацыі на форуме быў не выпадковым, — лічыць палітолаг Андрэй Ягораў. — Гэта вынік працяглай працы, якая была распачата кансорцыумам «ЕўраБеларусь» яшчэ ў снежні мінулага года. За гэты час былі разгорнуты дзеянні па лабіраванні фармату форума, праведзена праца па кансалідацыі пазіцыі грамадзянскай супольнасці Беларусі ў межах «Усходняга партнёрства», арганізаваны грамадскія слуханні па пытаннях працы грамадска-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта, каб пазбегнуць імітацыі дыялогу ўладаў з грамадзянскай супольнасцю краіны. Аднак зразумела, што першы форум — толькі пачатак працы. Змястоўнасць мерапрыемства стане магчымым ацаніць праз год, калі будуць падрыхтаваныя неабходныя дакументы і з боку інстытуцыянальнага справа скранецца ў бок практычны.

Каментаваць