З праваабаронцаў робяць замежных агентаў

Сёння, 8 ліпеня, калегія суддзяў Ніжагародскага абласнога суда адмовіла ў задавальненні апеляцыйнай скаргі Камітэта супраць катаванняў і пакінула ў сіле рашэнне суддзі Савецкага раённага суда Ніжняга Ноўгарада Вольгі Таненковай, якая прызнала законным прадстаўленне пракурора Алега Панасенка. На падставе гэтага прадстаўлення арганізацыя была занесеная Мінюстам РФ у рэестр некамерцыйных арганізацый, «якія выконваюць функцыі замежнага агента».



Чарговая праваабарончая арганізацыя марна спрабуе даказаць, што працуе на карысць расійскага грамадства, але гэта не патрэбна ўладам сённяшняй Расіі. Яшчэ ў студзені пракурор Ніжагародскай вобласці вырашыў, што дзейнасць Камітэта супраць катаванняў “накіраваная на змяненне дзяржаўнай палітыкі”, і арганізацыя раптам стала замежным агентам. Ужо колькі месяцаў (з карсавіка) праваабаронцы спрабуюць адстаяць сваю годнасць у судзе.

— Камітэт супраць катаванняў заўсёды і ўсюды заяўляў, што змагаецца з практыкай прымянення катаванняў, якая існуе ў нашай краіне насуперак Канстытуцыі, федэральным законам і службовай інструкцыі, — сказаў падчас разгляду апеляцыйнай скаргі старшыня Камітэта супраць катаванняў Ігар Каляпін. — Катаванні ў РФ заўсёды лічыліся цяжкім злачынствам. І дзяржаўная палітыка заўсёды была накіравана на іх прадухіленне. Менавіта таму адзнака пракуратурай Ніжагародскай вобласці нашай дзейнасці як накіраванай на змяненне дзяржаўнай палітыкі ўяўляецца мне абсурднай. Паважаны суд, я заўсёды ў сваёй практычнай дзейнасці спрабаваў добрасумленна вывучыць і зразумець пазіцыю свайго апанента, якімі б абсурднымі ні былі яго довады. Хачу далажыць, што добрасумленна спрабаваў стаць на пазіцыю пракурораў і ў гэты раз. Я спрабаваў знайсці ў нашай працы нейкі пабочны эфект, нейкую сацыяльную, палітычную функцыю, якую мы выконваем, можа быць, нават не наўмысна.
 

І я думаю, што такая дапаможная функцыя ў нашай арганізацыі сапраўды была. І паколькі ў мяне ёсць вялікае падазрэнне, што гэта маё выступленне з'яўляецца для нашай арганізацыі «апошнім словам», я хачу сказаць аб гэтай дапаможнай функцыі.
 

Усе пятнаццаць гадоў нашага існавання мы на канкрэтных прыкладах дэманстравалі грамадзянам, што спрэчкі і канфлікты з службовымі асобамі, з органамі дзяржаўнай улады, нават такія вострыя як незаконнае прымяненне гвалту, можна і трэба вырашаць не на барыкадах, не на мітынгах, а ў зале суда. Мы заўсёды і фармальна, і нефармальна выступалі за тое, каб усе пытанні і канфлікты вырашаліся ў рамках прававога поля. Пры гэтым мы стараліся, па меры сваіх сціплых сіл, развіваць і ўдасканальваць юрыдычныя механізмы, якія дазваляюць грамадзянам адстойваць свае правы цывілізавана, з дапамогай законных прававых працэдур. Менавіта для гэтага я працаваў у Грамадскай назіральнай камісіі, у Камісіі па правах чалавека пры губернатары, у Прэзідэнцкім Савеце, менавіта для гэтага наша арганізацыя падрыхтавала і выдала дзясяткі тысяч брашур і дапаможнікаў, мэтай якіх было павышэнне ўзроўню прававых ведаў усіх катэгорый расійскіх грамадзян. Вобразна кажучы, мы заўсёды стараліся адвесці людзей з вуліцы і прывесці іх у залу суда. Менавіта гэтую функцыю нашай арганізацыі Пракуратура палічыла «функцыяй замежнага агента», сцвярджаючы такім чынам, што дзяржаўная палітыка накіравана ў нашай краіне некуды ў іншы бок.

У Расіі ўжо больш за 50 некамерцыйных арганізацый прызнаныя “замежнымі агентамі”. Сярод іх — не толькі Камітэт супраць катаванняў, але і такія вядомыя арганіцыі, як "Грамадскі вердыкт", "Мемарыял", "Юрыкс" (Юрысты за канстытуцыйныя правы і свабоды), "Агора" і "Экаабарона!-Жэнсавет", “Салдацкія маці Санкт-Пецярбурга”.

Нагадаем, у 2012 годзе быў прыняты «Закон аб замежных агентах», згодна з якім палітычныя арганізацыі, якія фінансуюцца з-за мяжы павінны самастойна рэгістравацца ў Мінюсце ў якасці замежных агентаў, а з 2014 года Мінюсту дазволена самому ўключаць арганізацыі ў рэестр замежных агентаў.

У масавай свядомасці расіян словазлучэнне "замежны агент" азначае нешта накшталт "ворага народа", "нацыянал-здрадніка", "пятай калоны", магчыма таму расійскія ўлады аднеслі да гэтай катэгорыі найбольш уплывовыя праваабарончыя арганізацыі.

Спис расийских некамерцыйных арганизацый, яких аднесли да "замежных агентащ" можна паглядзець тут.

Каментаваць