З «трэцяга свету» — у «першы» і назад

Вайна за прыродныя рэсурсы ідзе выключна ў галовах носьбітаў экстэнсіўнай культуры. Проста адны ад вытворчасці рыбалоўных кручкоў пераходзілі да біятэхналогій, а іншыя праядалі рэшткі савецкай спадчыны.



Цывілізацыйны аналіз — мая слабасць. Зразумела, гаворка ідзе пра аналіз на ўзроўні «азбукавых ісцін». Аднак нават на ім адшукаць у Беларусі «таварышаў па розуме» не так лёгка. Зрэшты, жыццё працягвае падкідваць сюрпрызы. На гэты раз сюрпрыз чакаў у выглядзе артыкула доктара філасофскіх навук, прафесара Чэслава Кірвеля «Усходнеславянскі свет: куды ісці?» (часопіс «Беларуская думка», № 8, 2015).

На старонках НЧ я ўжо маю пэўны вопыт завочных дыскусій з асобамі з навуковымі ступенямі (доктар філасофіі Вячаслаў Оргіш, акадэмік Анатоль Рубінаў). Таму без лішніх словаў пераходжу да аналізу артыкула прафесара Кірвеля.

Агульны здабытак

У сучасным свеце, лічыць Кірвель, выявіліся дзве тэндэнцыі: з аднаго боку — глабалізацыя, з другога — рэгіяналізацыя (фарміраванне новых цэнтраў развіцця і сілы, якія аб’ядноўваюць у сабе цэлую групу дзяржаў). Гуртавацца на рэгіянальным узроўні дзяржавы прымушае надзвычай жорсткая канкурэнцыя за рэсурсы.

Тут міжволі прыгадваеш «адзі­нага палітыка»: «Ідзе жорсткая барацьба не толькі за перадзел рэсурсаў, доступ да рэсурсаў, ідзе барацьба за перадзел свету».

Вось так уяўляюць свет у XXI стагоддзі людзі экстэнсіўнай культуры (ад лац. extensivus — той, што пашырацца). Магчымасць эканамічнага росту яны звязваюць выключна з уцягваннем у гаспадарчую дзейнасць дадатковых рэсурсаў. «Экстэнсіўная стратэгія, — падкрэслівае культуролаг Ігар Якавенка, — гістарычна першасная. Паводле свайго зыходнага імпульсу яна носіць біялагічны характар. Кожны від імкнецца ўцягнуць у біялагічны абарот (спажыць, з’есці, выкарыстаць) максімум прыродных рэсурсаў».

Выстаяць ва ўмовах вельмі жорсткай канкурэнцыі за рэсурсы, паводле цвёрдага пераканання філосафа, Беларусь, Расія і Украіна змогуць толькі пры ўмове стварэння самадастатковага цэнтра развіцця і сілы. Толькі ў гэтым выпадку Расія зможа захаваць тэрытарыяльную цэласнасць і, адпаведна, — багацце сваіх нетраў.

Прывяду ключавую цытату артыкула: «І тут трэба зразумець самае галоўнае: нетры Заходняй і Усходняй Сібіры, у выпадку цеснага і раўнапраўнага саюза ўсходнеславянскіх народаў, стануць іх агульным стратэгічным рэсурсам». Для тых, хто з першага разу не зразумеў, філосаф паўтарае: «Гэта наш агульны здабытак. Наш агульны патэнцыял для далейшага стабільнага развіцця без рэсурснага голаду. У выпадку рэалізацыі такога сцэнару перад усходнеславянскімі краінамі адкрываецца перспектыва працяглага і ўстойлівага развіцця».

Зноў прыгадаем Ігара Якавенку: «У экстэнсіўна арыентаванай культуры прыродныя рэсурсы — перш за ўсё зямля, а таксама ўсё, што жыве на зямлі і нараджаецца з зямлі, — лічацца агульным здабыткам. Яны належаць Богу, цару, нашаму роду-племені. Асобны чалавек, сям’я, род устанаўліваюць з універсальным рэсурсам — зямлёй — адносіны карыстальніка».

Ахілесава пятка Расіі, мяркуе філосаф, — дэмаграфія. Без стратэгічнага эканамічнага, палітычнага і ваеннага саюза з астатнімі ўсходнеславянскімі краінамі яна наўрад ці зможа захаваць сваю тэрытарыяльную цэласнасць і эфектыўна асвойваць свае радовішчы сыравінных і энергетычных рэсурсаў. Расіі для гэтага проста не хопіць насельніцтва.

За саюз без выключэнняў

Вось такая логіка. На побытавым узроўні яна зразумелая. Але прапаную з дапамогай мазжачку і верхніх аддзелаў спіннога мозгу падняцца да ўзроўню азбукавых паліталагічных ісцін.

У Расіі 50% дзяржаўнага бюджэту фарміруецца за кошт вуглевадародаў, а яшчэ 30% — за кошт імпартнага ПДВ, імпартных акцызаў і пошлін, якія, як нескладана здагадацца, галоўным чынам забяспечваюцца за кошт продажу ўсё тых жа вуглевадародаў. У выніку атрымліваецца каля 80%.

Паводле разлікаў эканаміста Андрэя Мовчана, гэта багацце фармуе каля 5% насельніцтва краіны! Да іх варта прыплюсаваць і ахоўнікаў, ролю якіх у рэсурсных эканоміках цяжка пераацаніць.

У Расіі адзін ахоўнік прыпадае на 208 жыхароў, у Германіі — на 480, у Швецыі — на 750. Уражвае і статыстыка па «шчыльнасці» паліцэйскіх: у Расіі на 100 тысяч жыхароў прыпадае 975 паліцэйскіх, у Германіі — 300.

А за кошт якіх крыніц жыве астатняя (асноўная) маса насельніцтва Расіі-матухны? Адказ на гэтае пытанне відавочны: за кошт цэнтралізаванага пераразмеркавання дзяржавай прыроднай рэнты. Прыгажосць вертыкальнага прынцыпу жыцця ў чыстым выглядзе! На самым версе — нацыянальны лідар з завоблачным рэйтынгам, надзелены правам аднаасобна вырашаць, каму і колькі выдзяляць грошай.

У любой іншай дзяржаве, у бюджэце якой пераважае прыродная рэнта, назіраецца тое ж самае. Як тут ні прыгадаць Венесуэлу, сусветнага лідара па разведаных запасах нафты. Між іншым, Венесуэла — «гэта, вобразна кажучы, частка Беларусі, а Беларусь — гэта частка Венесуэлы». Спадзяюся, чытачы НЧ здагадаліся, хто аўтар такога глыбокага абагульнення?

З агульнага правіла выпадае Нарвегія, бюджэт якой на 40% фармуецца за кошт прыроднай рэнты. Тлумачэнне ляжыць на паверхні. У Нарвегіі дэмакратычныя інстытуты сфармаваліся задоўга да таго, як былі знойдзеныя нафта і газ.

Дабрабыт беларусаў таксама падсілкоўваецца расійскай прыроднай рэнтай. У «тлустыя» гады, паводле разлікаў дзяржаўных эканамістаў, яе ўклад у наш ВУП перавышаў 15%. Але халявы ніколі не бывае зашмат. Акрамя таго, за гады існавання Саюзнай дзяржавы беларускаму боку так і не ўдалося юрыдычна замацаваць сваё права на прысваенне расійскай прыроднай рэнты.

Гісторыя беларуска-расійскай інтэграцыі — гэта не ў апошнюю чаргу гісторыя нафтагазавых канфліктаў (войнаў). Не буду марнаваць газетную плошчу на падрабязнасці: кожны можа з імі азнаёміцца, пашукаўшы трошкі ў інтэрнэце.

Барацьба за «наш агульны здабытак» беларускім бокам вядзецца сёння пад лозунгам стварэння «раўнапраўнага саюза без з выключэнняў і абмежаванняў». Па зразумелых прычынах, Расія не спяшаецца з усталяваннем такога ўзроўню інтэграцыйнай блізкасці. А больш чым двухразовае падзенне коштаў на нафту ў 2015 годзе можа канчаткова пахаваць надзеі беларускага боку.

Мільёны на фоне тысяч

Экстэнсіўная культура ўсімі сіламі адмаўляе рынкавую канкурэнцыю, бо ў канкурэнтнай барацьбе перамагае інтэнсіўны, здольны да аптымізацыі. Таму там, дзе філосаф бачыць надзвычай жорсткую канкурэнцыю за рэсурсы, у рэальнасці ідзе жорсткая канкурэнцыя за рынкі збыту. У тым ліку і за рынкі збыту рэсурсаў.

Пераадоленне гістарычнай інерцыі — зусім не простая задача. Не кожнаму доктару філасофіі яна па сілах. Цытую: «На Сібір сёння з адкрытай пажадлівасцю глядзяць і ЗША, і Японія, і Кітай, і многія іншыя краіны. Падкрэслім, што пры рэалізацыі такога сцэнару (сыход Украіны на Захад) мэта раздрабнення ўсходнеславянскага свету, ператварэння яго ў каланіяльную або паўкаланіяльную перыферыю іншых цэнтраў сілы будзе дасягнутая. Менавіта над ажыццяўленнем гэтай задачы зараз вельмі напружана працуюць «сусветныя штабы».

Не ўпэўнены, што існуюць «сусветныя штабы», але ў тым, што свет дынамічна развіваецца, я не сумняваюся. Крыху эканамічнай статыстыкі: 459 тысяч супрацоўнікаў «Газпрама» ў 2014 годзе забяспечылі кампаніі чысты прыбытак у памеры $ 3,5 мільярда. Прыбытак «Apple» за той жа год склаў $ 39,5 мільярда. Яго забяспечылі 80 тысяч супрацоўнікаў.

А цяпер узброімся калькулятарам. Чысты прыбытак у разліку на аднаго супрацоўніка ў амерыканскага вытворцы кампутараў апынулася ў 65 разоў вышэй, чым у расійскай кампаніі, якая горда называе сябе «нацыянальным здабыткам».

Пасля такой параўнальнай статыстыкі самы час звярнуцца да часопіса «Форбс», які апублікаваў на днях справаздачу аб даходах кіраўнікоў найбуйнейшых дзяржкарпарацый Расіі: «Нягледзячы на тое, што прыбытак кампаніі ў рублёвым выражэнні знізілася ў 7 разоў, а ў доларавым — у 9 разоў, узнагароджанне старшыні праўлення «Газпрома» Аляксея Мілера вырасла з $ 25 мільёнаў да $ 27 мільёнаў, і ён заняў першы радок у рэйтынгу».

У расійскіх рублях па цяперашнім курсе атрымліваецца каля 5 мільёнаў на дзень. Апошняя лічба выдатна глядзіцца на фоне 33 тысяч, заробленых сярэднестатыстычным расіянінам за кастрычнік.

Зразумела, тэарэтык славянскага адзінства такую статыстыку не агучвае, што не перашкаджае яму з веданнем справы разважаць пра перспектыву нашых дзяцей і ўнукаў стаць дробнай разменнай манетай на сусветным рынку працы: «Рабства ХХI стагоддзя — гэта рынак таннай працоўнай сілы; гэта тэрыторыя для размяшчэння шкодных вытворчасцяў і шкодных адходаў; гэта месца для скідвання няякасных тавараў; гэта «сыравінныя прыдаткі» для іншых краін і г.д. Але такога павароту падзей усходнеславянскія народы не павінны дапусціць ні пры якіх абставінах».

Між іншым, усе цяперашнія азіяцкія «тыгры» на пачатковых этапах індустрыялізацыі адваёўвалі свае месцы на міжнародных рынках за кошт таннай працоўнай сілы. Напрыклад, бацька сінгапурскага цуду Лі Куан Ю ў кнізе «Сінгапурская гісторыя: з «трэцяга свету» — у «першы», у якой ён, у прыватнасці, апісвае, з дапамогай якога аргументу яму ўдалося ўгаварыць нарвежскага бізнесмена арганізаваць вытворчасць кручкоў для лоўлі фарэлі: «...кітайцы маюць спрытныя пальцы. Гэта была даволі кваліфікаваная праца, бо пёры мусілі быць умела прыла­джаныя да кручкоў».

За кошт размяшчэння такіх вытворчасцяў і рабіў Сінгапур свае першыя крокі з «трэцяга свету» ў «першы».

У спісе краін па ВУП на душу насельніцтва паводле парытэта пакупніцкай здольнасці ў 2014 годзе Сінгапур заняў трэцяе месца ($ 82 762), Расія — 49-е ($ 24 805), Беларусь — 64-е ($ 18 151), а Украіна — 105-е ($ 8 668).

Пакуль адны краіны ад вытворчасці рыбалоўных кручкоў пераходзілі да біятэхналогій, іншыя праядалі рэшткі савецкай індустрыяльнай спадчыны. Гісторыя апошніх дзесяцігоддзяў сведчыць, што рухацца можна не толькі з «трэцяга свету» ў «першы», але і ў адваротным кірунку.

(Працяг будзе)

Каментаваць