Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

«За Свабоду» патрабуе вызваліць усіх пратэстоўцаў

Рух «За Свабоду» патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых за ўдзел у пратэстных акцыях.


Рух «За Свабоду» выказвае рашучы пратэст з нагоды вяртання практыкі пакарання арыштамі за ўдзел у мірных акцыях і патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых. З такой заявай выступіла арганізацыя з нагоды арыштаў апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў.

На працягу кастрычніка і пачатку лістапада ў Беларусі назіраецца ўзмацненне жорсткасці пакаранняў за ўдзел у сходах, у судовую практыку грунтоўна вярнуліся арышты.

Так, як стала вядома сёння, палітык Мікалай Статкевіч, які зараз адбывае арышт за пратэст супраць ваенных вучэнняў «Захад-2017», завочна быў асуджаны на яшчэ 10 сутак за нібыта пікет у падтрымку свайго вызвалення 7 кастрычніка.

На 10 сутак арыштаваны Уладзімір Някляеў, раней на тэрміны да 15 сутак былі арыштаваныя Павел Севярынец, Андрэй Шарэнда, Наталля Папкова, на 5 сутак — актывісты з Гомеля Барыс Анікееў, Уладзімір Няпомняшчых і Віктар Рубцоў.

Пакаранне Вячаславу Сіўчыку суд перагледзеў у бок узмацнення: штраф быў заменены арыштам у 5 сутак.

Рух «За Свабоду» асуджае падобную практыку і патрабуе спыніць пераслед і неадкладна адмяніць усе судовыя рашэнні, скіраваныя на пераслед асобаў, якія ажыццяўляюць сваё неад’емнае права на свабоду мірных сходаў, замацаванае у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Рух «За Свабоду» таксама звяртае ўвагу на гэтыя парушэнні еўрапейскіх палітыкаў — удзельнікаў перамоваў з беларускім урадам і заклікае патрабаваць рашэння праблемы на кожнай сустрэчы.

Рух «За Свабоду» заклікае беларускае грамадства ва ўмовах узмацнення рэпрэсіяў супраць грамадскіх актывістаў да салідарнасці: толькі сумеснымі дзеяннямі мы прымусім улады спыніць адвольныя арышты і затрыманні, адмовіцца ад практыкі парушэнняў права на свабоду мірных сходаў. 

Паводле прэс-службы Руху «За Свабоду»

 

Каментаваць