За самага маладога!

Маладыя хрысціянскія дэмакраты падтрымаюць пад час надыходзячых прэзідэнцкіх авбараў самага маладога кандыдата ў прэзідэнты Беларусі. І нават не дапускаюць думкі, што ён можа з'явіцца «ад улады».



Каля 40 маладых людзей — актывістаў і каардынатараў аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты» у нядзелю ў Мінску абмяркоўвалі і планавалі свае дзеянні на наступны год. Гэта яны робяць традыцыйна па восені. Але зараз фармат сходкі ў нечым змяніўся.

Варта адзначыць, што раней такія мерапрыемствы адбываліся ў фармаце ўстаноўчага сходу рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Маладыя хрысціянскія дэмакраты». Так было ў 2011 і 2012 гадах — недзе ў кастрычніку маладыя людзі праводзілі свае з’езды. Традыцыйна, Міністэрства юстыцыі адмаўляла ў рэгістрацыі арганізацыі, і традыцыйна гэтую адмову пацвярджаў Мінюст. Зараз, па меркаванні маладзёнаў — занадта гарачы час, каб ізноў «бадацца» з гэтымі ўладнымі органамі.

Таму зараз сустрэча не мела фармата ўстаноўчага з’езду. Як паведаміла старшыня МХД Марына Хоміч, гэта проста сход рэгіянальных каардынатараў аргкамітэту па стварэнні ГА «Маладыя хрысціянскія дэмакраты». «У гэтым годзе патрэбы ў з’ездзе для МХД не было. У нас зараз — проста пашыраная сустрэча з рэгіянальнымі ўдзельнікамі і кіраўнікамі нашых суполак. Мы падсумоўваем вынікі і распрацоўваем новыя кампаніі» — адзначыла Хоміч.

Марына Хоміч: Галоўная задача на будучы год для МХД -- уваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс

Адна такая кампанія і была зацверджаная пад назвай: «Беларусь — у Балонскі працэс». Моладзь жадае, каб нашая адукцыйная сістэма была інтэграваная ў еўрапейскую сістэму адукацыі.

Гэтая кампанія для МХД будзе дастаткова напружанай, бо, шчыра кажучы, за яе правядзенне МХД узялася некалькі запозна. Як распавяла сама Хоміч, яшчэ ў 2012 годзе Беларусь падала заяўку ў Балонскі камитэт, і гэтая заяўка была адкладзеная на два гады па трох асноўных прычынах. Гэта адсутнасць у вну самакіравання; адсутнасць акадэмічных свабодаў ва ўніверсітэтах Беларусі, і слабога ўдзелу студэнтаў у кіраванні роднымі вну. «Сёння гэтае пытанне паўстала даволі востра: ужо зараз, на гэтай восеньскай сесіі Палаты прадстаўнікоў павінны уносіцца змены ў Кодэкс аб адукацыі, а ўжо ў траўні 2015 года будзе вырашана: альбо «Палатка» пахавае беларускую адукацыю, альбо мы прымем шэраг рэформаў у сістэму адукацыі, і Беларусь усё ж уступіць у Балонскі працэс», — адзначыла Хоміч.

Такім чынам, «на ўсё пра ўсё» у МХД ёсць крыху больш чым паўгода, каб «націснуць» на дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і адказных чыноўнікаў, і прымусіць улады пайсці ў Балонскі працэс.

Кампанія будзе ў стандартным выглядзе — збор подпісаў, як «папяровых» так і «электронных» за тое, каб Беларусь падключылася да агульнаеўрапейскай сістэмы адукацыі. З гэтаю мэтаю ўжо створаны і працуе адмысловы сайт, дзе можна паставіць свой подпіс анлайн. «Электронны» збор подпісаў распрацаваны з усімі патрабаваннямі Закона аб зваротах грамадзянаў, так што ён будзе мець моц юрыдычна, і адразу ж скіроўвацца ў адпаведныя дзяржаўныя ўстановы», — адзначыла Хоміч.

Цікава, што «папяровы» падпісны аркуўш распрацаваны супольна з Балонскім камітэтам, і ўтрымлівае 8 прапановаў, сярод якіх адмова ад прымусовага размеркавання студэнтаў, наданнне студэнтам правоў кіравання ў вну і гэтак далей.

Карацей, збор подпісаў — праца для МХД даўно звыклая і апрабаваная. Яна была неаднаразова апрабаваная: напрыклад, у межах кампаніі «Стоп спайс» — кампанію за забарону наркатычных сумясяў для палення, якую МХД праводзіла у мінулым і пазамінулым гадах.

Наконт выніковасці гэтай кампаніі Хоміч кажа стрымана: «У нашым рэжыме нельга працаваць так, як мы хочам, і рабіць нешта поўнамасштабна. Але мы працуем па прынцыпе «Палітыка — тут і сёння». Можна нешта змяняць і пры дзейснай уладзе, і рабіць тое, на што мы здольныя пры існуючым рэжыме».

Калі паглядзець на беларускія крымінальныя навіны, можна пабачыць, што інфармацыя пра самагубства, калецтва і смерць у выніку ўжывання спайсаў з’яўляецца да шкадавання рэгулярна. «Тым не менш, яшчэ год таму проста зрабіўшы запыт у Інтэрнэце «купить спайс в Минске», можна было атрымаць нумары тэлефонаў прадаўцоў і лёгка ўсё набыць. Зараз, дзякуючы і нашым намаганням, улада звярнула ўвагу на гэтую праблему, нумары тэлефонаў зніклі, наркотык перастаў быць агульнадаступным, для яго набыцця трэба прыкладаць дадатковыя высілкі. Супрацоўнікі міліцыі сталі прыходзіць і праводзіць «інфармацыйныя гадзіны» ва ўніверсітэты, школы, іншыя ўстановы адукацыі» — адзначыла Хоміч.

Безумоўна, адзначыла яна, вынішчыць ужыванне спайсу адна МХД не здольная, але дзяукуючы гэтай кампаніі грамадства ўсё ж значна прасцунулася ў барацьбе з гэтай брыдотай.

Але ў наступным годзе ў нас плануюцца прэзідэнцкія выбары. І менавіта моладзь традыцыйна ў гэты час з’яўляецца «рукамі і нагамі» апазіцыі. Менавіта маладзёны раскідваюць улёткі і абыходзяць кватэры са зборам подпісаў. Каго падтрымае МХД?

— Зразумела, мы абмяркоўвалі нашую палітыку ў гэтым пытанні. Як моладзевая арганізацыя мы будзем падтрымліваць у сённяшніх варунках самага маладога кандыдата, які будзе балатавацца на прэзідэнцкі пост, — кажа Хоміч.

— Чаму самага маладога, а не «адзінага ад дэмсілаў»?

— Калі ён будзе адзіным, дык гэта будзе наогул цудоўна! Мы за тое, каб ён быў «адзіны» і самы малады!

— А калі «самы малады кандыдат» будзе з процілеглага боку?

— Мы, як моладзевая арганізацыя, заўсёды выступалі за яднанне апазіцыі, і ледзьве не першымі выступілі за такое яднанне на прэзідэнцкай кампаніі 2015 года.

— Я меў на ўвазе, калі гэты «самы малады» кандыдат будзе выстаўлены з боку ўлады…

— Ну, уладныя колы мы не разглядаем, — смяецца Хоміч.

Паказальна, што лідэрка маладзёвай арганізацыі ўпэўненая — ніякіх маладых і новых кадраў ва існуючай ўладзе няма. І не будзе ніякага «праўладнага маладога» кандыдата ў прэзідэнты. Улада наўрад ці здолее прапанаваць моладзі што-небудзь новае, крэатыўнае і цікавае.

А вось хто стане «самым маладым кандыдатам» у беларускай апазіцыі — гэта яшчэ вялікая загадка. Збольшага, усе маладыя прэтэндэнты, якія маюць прэзідэнцкія амбіцыі, сабраныя ў сяброўскім для МХД аргкамітэце па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя». Але ж збольшага ўсё гэтыя амбіцыйныя маладыя палітыкі маюць незнятыя судзімасці за выбары 2010 года, што можа стаць сур’ёзнай перашкодай для іх рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты.

Ці «рыпнецца ў прэзідэнты» нехта ад БХД, каб МХДоўцам было каго падтрымліваць?

Каментаваць