Забыты дзень нашае гісторыі

27 ліпеня да 1997 года быў выбітным днём у гісторыі сучаснай Беларусі. Менавіта 27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР з настойлівай ініцыятывы апазіцыі БНФ прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.



Падавалася, гэты дзень мог бы стаць сапраўды Нацыянальным святам, святам незалежнасці на доўгія гады, святам, якое аб’ядноўвае, злучае, кансалідуе нацыю.  Але не стаў.

Ад 1991 да 1996 года 27 ліпеня яшчэ быў дзяржаўным святам. Але пасля той трагічнай лістападаўскай (1996) недарэчнасці, якую ўлады чамусьці наракаюць рэферэндумам, гэты дзень знік з афіцыйнага календара дзяржаўных святаў. Кіроўная вярхоўка вырашыла лічыць днём незалежнасці не 27 ліпеня і нават не 25 сакавіка, калі ў 1918 годзе была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. А 3 ліпеня, калі ад гітлераўцаў быў вызвалены Мінск. Так, дата важная, таму і лічылася яна за Саветамі Днём горада. Але ці цягне яна на дзень незалежнасці ўсёй Беларусі? Адказы на гэтае пытанне, поўныя і аргументаваныя, ужо даўно далі самрэчныя прафесіяналы.

Сыход у нябыт

Але не пра гэта гаворка. Нават пасля 1996 году прынамсі ў Мінску 27 ліпеня ладзіліся акцыі прадстаўнікоў дэмакратычнае супольнасці. Але з кожным годам удзельнікаў тых мерапрыемстваў было ўсё менш і менш.

Апошнія гады дата 27 ліпеня, як гэта не сумна канстатаваць, літаральна сышла ў нябыт. Яе папросту няма. Ні для ўлады, ні для тых, для каго мусіла б быць хоць крыху знакавай. Мне не давялося чуць ці чытаць пра тое, што хоць хтосьці 27 ліпеня 2013 году будзе штосьці ладзіць менавіта з нагоды гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце нашае краіны.

Манкурты і даты

Што да ўлады, то тутака ўсё зразумела. Кіроўная вярхоўка робіць усё, каб насельніцтва (а менавіта насельніцтвам, а не народам, называе ўсіх нас галоўны чыноўнік) забылася на тое, што найноўшая гісторыя Беларусі пачалася не пасля абрання першага прэзідэнта краіны. Хаця, не будзь 27 ліпеня 2000 году, ці стаўся б цяперашні галоўны чыноўнік  самай афіцыйнай асобай, надзеленай абсалютнай уладай?

Кіроўная вярхоўка, і гэта факт, ненавідзіць усё беларускае, хоць і спрабуе рабіць выгляд, што гэта не так. Паказальнае пампезнае адкрыццё плошчы дзяржаўнага сцягу з каленапрыкланеннем першай асобы, клятвамі і пацалункамі чырвона-зялёнага палотнішча больш-менш вядомымі асобамі перад аб’ектывамі фота- і тэлекамераў тутэйшых і замежных журналістаў не пераконвае наконт непахіснасці той самай незалежнасці. Як і ўзвядзенне чарговай мегабудыніны пад назовам “палац незалежнасці”.

Фальш замест рэальнасці

Улада гатовая выдумляць новыя даты, новыя святы, пераймяноўваць вуліцы “па шматлікіх просьбах ветэранскіх арганізацыяў”. Але ўлада забываецца на тое, дзе яе карані, чыноўнікі мэтанакіравана спрабуюць забыцца самі і прымусіць забыць “насельніцтва”, адкуль пайшлі самі, як самі прарваліся да ўлады. Небаракі пры “ўладным карыце” (пра што любіць казаць галоўны чыноўнік) прымушаюць сябе забыцца на тую абставіну, што, калі б не было 27 ліпеня 2000 года, то яны б і сёння сядзелі па сваіх правінцыях, або былі б другагатункавымі парабкамі ў расійскага капіталу на тэрыторыі “паўднёва-заходняга краю”. А не буржуазілі ў Драздах у доларавамільённых вілах і не ездзілі б на аўто, кошт якіх перавышае заробак за некалькі гадоў не самага апошняга спецыяліста. 

Ад зманкуртаванага чынавенства, якое не бачыць, якое нават не жадае бачыць далей за браму ўласнага маёнтку і не адчувае нічога апроч напоўненасці ўласнага кашальку, якое жыве сённяшнім днём, якое з’яўляецца “временщиком”, чакаць памяці пра гістарычна важныя даты ў гісторыі нашай новай Беларусі не выпадае. Гэта аб’ектыўна.

Але што казаць пра тых, хто супрацьстаўляе сябе, хаця б фармальна, гэтай уладна сістэме без гістарычнай памяці і маралі? Дзе вы, спадары? Пра што думаеце, чым заклапочаныя? Адказу не чую.

А 27 ліпеня 2013 году прайшло незаўважаным. Абсалютнай большасцю (насельніцтва? народа?). За рэдкім, вельмі рэдкім выключэннем. 

Каментаваць