Загадана выжыць

Гамлетаўскае пытанне «Быць ці не быць?» зноў актуальнае, але сёння ўлада спрабуе знайсці на яго адказ пры дапамозе мадэрнізацыі.



11 кастрычніка скептыкі з «пятай калоны» (у іх ліку і аўтар «азбукі паліталогіі») былі пасаромленыя. Як легендарная птушачка, якая захацела ляцець наўпрост на сонца, кіраўнік маленькай, але ганарлівай краіны заявіў, што на павестцы дня стаіць «колоссальная историческая задача — модернизация страны, прорыв Беларуси в элитный клуб высокоразвитых стран».

Ну як тут не парадавацца за дзяцей і ўнукаў! Іх узровень жыцця павінен вырасці мінімум у сем разоў! Чаму ў сем? А ўсё вельмі проста. Звернемся па тлумачэнне да інфармацыйнай памыйніцы, г. зн. да інтэрнэту. У 2010 годзе, паводле разлікаў МВФ, Беларусь па намінальным ВУП на душу насельніцтва займала 79-е месца (5,6 тысячы долараў). Абмяжуем «элитный клуб высокоразвитых стран» першай дваццаткай. Яе замкнула Ісландыя, у якой 39,6 тысячы долараў на сярэднестатыстычную ісландскую душу. Калі падзяліць другі паказчык на першы, мы і атрымаем неабходны каэфіцыент.

Скрупулёзныя людзі, аднак, мяне паправяць: параўноўваць, маўляў, варта не намінальныя значэнні ВУП, а разлічаныя па парытэце пакупной здольнасці. З імі можна пагадзіцца. У 2010 годзе паводле гэтага паказчыку Беларусь займала 62-е месца (13,9 тыс.), а на 20-м была Вялікабрытанія (35,1 тыс.). Гэта ўжо «цяплей», бо недасяжны каэфіцыент 7 рэдукуецца да 2,5.

Пяць прыкметаў поспеху

Такім чынам, задача пастаўленая. Засталося разабрацца, якімі сродкамі яе выканаць. Зноў звернемся да спісу МВФ (паводле намінальнага паказчыку). За выключэннем Катара і ААЭ, чый прарыў у элітны клуб аплачаны нафтавымі прыбыткамі, астатнія краіны дваццаткі — спрэс дэмакратыі, прычым не ў беларускім, а ў заходнім разуменні.

Якім чынам дэмакратыя спрыяе эканамічнаму росту? Звернемся па дапамогу да нобелеўскага лаўрэата Дугласа Норта. Гістарычны поспех Англіі і паразу Іспаніі ён растлумачыў «памылкай першапачатковага істытуцыянальнага выбару». У ХVI стагоддзі краіны-суперніцы былі вельмі падобныя, але іх размежавала пытанне наконт падатаў. У Іспаніі падаткі размяркоўваў кароль, у Англіі — парламент, г. зн. орган, які выказваў інтарэсы падаткаплатнікаў. У выніку прыбыткі ад калоній Іспанія змарнавала на эфектныя, але не эфектыўныя праекты, а ў Англіі яны пайшлі на фінансаванне прамысловай рэвалюцыі.

Але перанясемся з мінулага ў сучаснасць. У 2008 годзе Сусветны банк апублікаваў даклад Камісіі па эканамічным росце і развіцці, у якім абагульняўся досвед 13 краін, якія растуць на працягу 25 гадоў з хуткасцю не ніжэй за 7 працэнтаў. Аўтары дакладу знайшлі пяць агульных рысаў эканамічнага поспеху.

Па-першае, лідары ўстойлівага росту цалкам выкарыстоўвалі магчымасці ўключэння ў сусветную гаспадарку. Па-другое, яны падтрымлівалі макраэканамічную стабільнасць. Па-трэцяе, яны здолелі пазбегнуць нярынкавага размеркавання рэсурсаў (аб’яднанне ўлады і ўласнасці заўсёды прыводзіць да перакосаў рынку). Чацвёртая рыса — гэта высокая норма зберажэння. Да прыкладу, кітайскія хатнія гаспадаркі накіроўваюць на дэпазіты прыкладна 40% сваіх прыбыткаў.

Пятая рыса — наяўнасць нацыянальнага кансенсусу наконт доўгатэрміновых мэтаў развіцця. Дзве апошнія прыкметы ўстойлівага росту сведчаць пра тое, што людзей пераканалі: варта адмовіцца ад імгненных выгадаў і паверыць у магчымасць укладаць у будучыню. Прычым насельніцтва павінна быць гатовае не проста зберагаць, а ператвараць зберажэнні ў доўгатэрміновыя вытворчыя інвестыцыі.

У рэжыме tet-a-tet

Нескладана заўважыць, што ніводная з пяці прыкмет не з’яўляецца моцным бокам беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі. І макраэканамічная стабільнасць — не выключэнне. Дастаткова прыгадаць 2011 год з яго гіперінфляцыяй і абвалам рубля.

Дарэчы, а якая была роля беларускага парламента ў страце фінансавай стабільнасці ў 2011 годзе? Прыкладна такая ж, як і картэсаў пры іспанскіх манархах. Падмацую сказанае цытатай: «Іспанская пяхота XVI стагоддзя была, паводле агульнага прызнання, лепшай у Еўропе. Тым не менш, хранічнае пераабкладанне іспанскіх сялян, якое прывяло да эрозіі падатковай базы і фінансавага крызісу — выдаткі на войска ў некалькі разоў перавышалі прыбыткі іспанскага бюджэту, — зрабіла непазбежнай паразу Іспаніі ў барацьбе за гегемонію ў Еўропе. Тым часам становіцца зразумела, што менавіта фінансавыя магчымасці — ключавая перадумова ваенных перамог». Так мяркуе Ягор Гайдар.

Гэту ж думку неаднаразова выказвае і Томас Гобс, сучаснік апісаных падзей: «Лондан і іншыя гандлёвыя гарады захапляліся росквітам Нідэрландаў, якога краіна дасягнула пасля звяржэння свайго манарха, караля Іспаніі. Яны былі перакананыя, што падобныя змены ў сістэме кіравання дазволяць і ім дамагчыся такога ж росквіту». «Шырыцца перакананасць у тым, што прадстаўнічы орган у той ці іншай форме павінен абмяркоўваць не толькі неабходнасць надзвычайнага падаткаабкладання, але і мэтазгоднасць выдаткаў, у першую чаргу вайсковых, на якія гэтыя падаткі будуць накіраваныя».

Пра ступень уключанасці Беларусі ў сусветную гаспадарку можна меркаваць па прамых замежных інвестыцыях (ПЗІ). На пачатак 2012 года на кожнага беларуса іх назапасілася 1 375 долараў. Для параўнання, у Эстоніі амаль у 10 разоў больш — 13 170 долараў. Ды і што за інвестыцыі могуць быць у краіну з адзіным палітыкам, якому да таго ж забаронены ўезд у большасць еўрапейскіх дзяржаў?

Паталагічную схільнасць беларускай улады да нярынкавага (адміністрацыйнага) размеркавання рэсурсаў не крытыкаваў хіба што гультай. Самы яскравы прыклад — паскарэнне тэмпаў росту зарплаты ў пачатку выбарчых кампаній. Наступствы перадапошняга (2010 год) паскарэння беларусы расхлёбваюць дагэтуль. Не выключана, што яны сумуюцца з наступствамі бягучага года.

Беларусы — не кітайцы. Ашчаджаць на «чорны» дзень яны не схільныя, ды і якія могуць быць доўгатэрміновыя зберажэнні ў «зайчыках»?! Тым не менш высокія стаўкі па дэпазітах у першым квартале павялічылі норму ашчаджэнняў у 4,1 разу адносна мінулага года і давялі яе да 12,7%. Але гэта часовая з’ява, акрамя таго, высокія стаўкі па дэпазітах азначаюць звышвысокія стаўкі па крэдытах для прадпрыемстваў, што супрацьпаказана дзеля эканамічнага росту.

«Мы — адзіны народ!» Такая афіцыйная формула нацыянальнага кансенсусу. А калі народ адзіны, то і палітык у краіне можа быць толькі адзін. Вось як гэту асаблівасць растлумачыў у кастрычніку брытанскім журналістам наш адзіны палітык (АП): «Демократия — вы лучше меня знаете перевод этого слова — должна быть получена от народа. От народа! Он тебе делегировал полномочия на выборах — осуществляй эту власть в интересах народа». Гэта значыць, ён табе, а ты яму. Пры такіх зносінах у рэжыме tet-a-tet адпадае патрэба як у палітыках, так і ў самой палітыцы.

Арэал пражывання беларускай мадэрнізацыі

Але патрэба ў эфектыўнай эканоміцы не знікае. Адсюль папулярнасць слова «мадэрнізацыя». З прыведзенай ніжэй табліцы вынікае, што яно актыўна перажоўваецца ўжо трэці год запар.

Колькасць артыкулаў, апублікаваных у газеце «Советская Белоруссия», якія змяшчаюць слова «мадэрнізацыя».

2006

2007

2008

2009

2010

2011

2012*

87

93

91

83

160

155

106

*за студзень-кастрычнік

Аднак што разумеюць пад мадэрнізацыяй яе ініцыятары? Звернемся да «Советской Белоруссии» як першакрыніцы афіцыйнай інфармацыі: «У слоўніках паняцце гэта па-рознаму тлумачыцца. Але ў шырокім сэнсе слова гэта не толькі пераабсталяванне, але і арганізацыя выпуску прадукцыі на ўзроўні сусветных стандартаў». Такое меркаванні Аляксандра Лучанка, доктара эканамічных навук, прафесара.

Неяк ужо вельмі звузіў прафесар шырокі сэнс, звёў яго выключна да мадэрнізацыі тэхналагічнай. Але не будзем яго асуджаць. Прафесар — чалавек сістэмы, ён не мае права выходзіць па-за інтэлектуальныя сцяжкі. Хто іх расстаўляе — зразумела. Абмяжуюся цытатай: «Я прагматик и прекрасно это понимаю. Поэтому была поставлена задача, чтобы у каждого руководителя предприятия, от маленького до БелАЗа, на столе лежал план модернизации и финансовый расчет».

Арэал пражывання беларускай мадэрнізацыі абмежаваны тэрыторыяй прадпрыемстваў. Тут прамая аналогія з нямецкай слабадой часоў Аляксея Міхайлавіча (другая палова XVII ст.). Высокі плот. Уваход па пропусках. Інакш мадэрнізацыю ў шырокім сэнсе (г.зн. працэс пабудовы грамадства мадэрну) у межах вузкага сэнсу не ўтрымаць.

Галоўнае пытанне любой мадэрнізацыі — гэта пытанне яе суб’екта. На Захадзе ў ролі суб’екта выступала і працягвае выступаць грамадства. У Савецкім Саюзе, як і ў Расійскай імперыі, мадэрнізацыя заўсёды разгортвалася ў адказ на выклік Захаду, таму яна праводзілася наўздагон (Пятроўская, Сталінская). Зразумела, што яе ініцыятарам выступала эліта ў асобе бюракратыі. Яна і праводзіла свае рэфарматарскія праекты нягледзячы на супраціў грамадства, якое пры гэтым даводзілася ламаць праз калена.

Трыумфальная перамога АП на прэзідэнцкіх выбарах у 1994 годзе — гэта ахоўная рэакцыя беларускай «большасці» ад непазбежнасці мадэрнізацыі. Упершыню гэта непазбежнасць была ўсвядомленая не толькі элітай, але і грамадствам. Ці варта пасля гэтага дзівіцца, што ва ўмовах электаральнай дэмакратыі «большасць» прагаласавала за палітыка, які паабяцаў спыніць рынкавыя рэформы?

На расійскіх датацыях нерэфармаваная беларуская эканоміка дацягнула да канца нулявых гадоў. Але ўсё заканчваецца. Тут варта пагадзіцца з асноўнай высновай мемарандума Сусветнага банка, што быў апублікаваны ў ліпені: «Пры адсутнасці структурных рэформаў эканоміка вычарпала свой патэнцыял росту».

Наверсе ўладнай «вертыкалі» гэта добра разумеюць, але правядзенне структурных рэформаў будзе азначаць перакваліфікацыю ўлады з абаронцы «большасці» ў яе далакопа. Адсюль імкненне і рыбку з’есці, і ногі не замачыць (не выпусціць мадэрнізацыю за межы завадскіх прахадных). Падагульню сказанае чарговай цытатай: «Сегодня задачу поставили. Её надо выполнить и доложить народу, что она выполнена. Тогда мы имеем право на жизнь как власть». З гэтым цяжка спрачацца. Але акрамя права ўлады (у яе цяперашнім выглядзе) на жыццё, існуе і права грамадства на будучыню. І паміж сабой гэтыя правы не стасуюцца.

Каментаваць