Заяўка на пікет у Дзень Канстытуцыі

27 лютага актывісты Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры падалі заяўку ў Мінскі гарвыканкам на правядзенне 15 сакавіка ў цэнтры сталіцы пікетавання з нагоды Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.



У заяўцы, між іншым, адзначаецца, што ў акцыі будуць удзельнічаць не болей за 20 актывістаў ініцыятывы з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія вядуць нармальны лад жыцця і карыстаюцца павагай у грамадстве, прычым большасць з іх — жанчыны сталага ўзросту. 

Пад час пікетавання мяркуецца выкарыстанне плакатаў наступнага зместу: “У Канстытуцыі правы і свабоды на паперы, а нам яны патрэбныя ў жыцці!”; “Забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)” і “Патрабуем ад чынавенства выканання Канстытуцыі краіны!”.

Заяўнікі акцыі звяртаюць увагу гарадскіх уладаў на тое, што права на свабоднае выказванне свайго меркавання і правядзенне пікету дадзена артыкуламі 33 і 35 Канстытуцыі краіны і артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. “Механізм рэалізацыі гэтага права вызначаны Законам “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”. Мінгарвыканкам, як  орган выканаўчай улады, павінен забяспечыць рэалізацыю нашага права на свабоднае выказванне нашага меркавання пад час правядзення пікету”, — падкрэсліваецца ў заяўцы. Яе аўтары гарантуюць грамадскі парадак і бяспеку ўдзельнікаў пікету пад час яго правядзення.

У адпаведнасці з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” прадстаўнікі грамадскасці просяць вырашаць па зазначаным тэлефонам усе ўзнікаючыя пытанні па даце, месцу і часу правядзення акцыі. “Мы готовыя выслухаць Вашыя прапановы па ўсім момантам пікетавання ў адпаведнасці з названым артыкулам і, напрыклад, змяніць месца правядзення акцыі”, — гаворыцца ў заяўцы.

Як адзначыла НЧ лідар ініцыятывы, юрыстка Тамара Сяргей, паколькі Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сілаю, асноўны закон краіны, дзе зафіксаваны правы і свабоды чалавека, з'яўляецца тым дакументам, які абараняе людзей. “А людзі, у сваю чаргу, павінны вучыцца карыстацца гэтым найважнейшым прававым дакументам і абараняць яго дзеля сябе і грамадства. Вось чаму мы выходзім на гэты пікет менавіта ў Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка”, — сказала юрыстка.

Каментаваць