Залатая рэшта

Аляксандр Лукашэнка працягвае, «кіруючыся прынцыпамі гуманнасці», вызваляць палітвязняў. На свабоду выйшаў экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус. За кратамі застаюцца некалькі асобаў, у тым ліку ключавых у палітычным жыцці краіны. Іх вызваленне адцягваецца ў часе і адначасова абстаўляецца застрашваючым антуражам.

Аляксандр Лукашэнка працягвае, «кіруючыся прынцыпамі гуманнасці», вызваляць палітвязняў. На свабоду выйшаў экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус. За кратамі застаюцца некалькі асобаў, у тым ліку ключавых у палітычным жыцці краіны. Іх вызваленне адцягваецца ў часе і адначасова абстаўляецца застрашваючым антуражам.

 Калі экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву нават дазволілі сустрэцца на спатканні з жонкаю, то старшыня «Маладога Фронту» — моладзевай арганізацыі, зарэгістраванай у Чэхіі, — апошнія дзевяць месяцаў зняволення параўноўвае з катаргаю. Асабліва адзначылася кіраўніцтва горацкай калоніі, дзе Дашкевіч утрымліваўся. Дашкевiч меў шматлікія скаргі на нестатутнае абыходжанне з ім у турме, якое можна трактаваць як катаванні. Два месяцы да яго не маглі патрапіць адвакаты.

Цяпер Дашкевіч — у глыбокскай калоніі. Журналіст сайту westki.info атрымаў ліст ад Дашкевіча, у якім ён просіць «маякнуць нашым, што ў яго ўсё добра». «Тут працуюць сумленныя людзі, каторыя кіруюцца толькі законам, і яны не маюць ніякага дачынення да бясчынстваў, якія тварыліся і творацца ў Горках. Даць такую інфармацыю трэба тэрмінова», — гаворыцца ў лісце.

Лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч быў затрыманы разам з Эдуардам Лобавым 18 снежня 2010 года. Маладафронтаўцаў абвінавацілі ў хуліганстве і асудзілі да пазбаўлення волі.

Цікава, што лісты з падрабязнасцямі пра жорсткія ўмовы ўтрымання пачалі даходзіць цягам апошняга месяца. «Выпадкова» на этапе з Дашкевічам у адной камеры апынуўся Андрэй Саннікаў, які перадаў праз сваю жонку такія словы: «Ратуйце Дашкевіча любымі спосабамі, інакш ён не выжыве». Дашкевічу прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

У зняволенні застаецца давераная асоба Саннікава Дзмітрый Бандарэнка. Нядаўна ён упершыню патэлефанаваў з магілёўскай калоніі. «Было першае тэлефанаванне, і першы раз ён схадзіў у турэмную краму, «атаварыўся». Лісты даходзяць усе, але вельмі дзіўна — пачкамі. Восем дзён не было маіх лістоў, а потым адразу перадалі 5 лістоў. Ён піша: «Адчуваю, што будзе нейкая падлянка, і вось калі здарылася такое з Саннікавым і Дашкевічам, не расслабляюся і нечага з трывогай чакаю», — распавяла ягоная жонка Вольга.

Абмежаванне волі на «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна адбывае сустаршыня аргкамітэту па стварэнні БХД Павел Севярынец.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч 5 кастрычніка сустракаўся са сваім адвакатам.Як расказала жонка Статкевіча Марына Адамовіч, сустрэча прайшла з парушэннем правоў асуджанага: «Сустрэча праходзіла не адзін на адзін, як таго патрабуе заканадаўства, а праз шкло, праз перамоўную трубку, у прысутнасці кантралёра, які фактычна мадэраваць размову і перыядычна выключаў гук пры зносінах Статкевіча з адвакатам» . Адвакат паведаміў жонцы Статкевіча, што ў яго «праходзіць траўма, якую ён атрымаў, працуючы на лесапільні ў калоніі. Аднак, як адзначыла Адамовіч, да цяжкіх работ Статкевіча па-ранейшаму не дапускаюць.

 Ужо два месяцы, як быў арыштаваны Алесь Бяляцкі (яго, дарэчы, вылучылі на Нобелеўскую прэмію міру за заслугі ў справе абароны правоў чалавека 2012 года). Справа Бяляцкага ўжо перададзеная ў пракуратуру, пасля чаго яна будзе скіраваная ў суд. Алесь Бяляцкі ўжо пачаў знаёміцца з матэрыяламі сваёй справы.

Прапановы падпісаць прашэнне аб памілаванні ёсць і Мікалаю Аўтуховічу — ваўкавыскаму прадпрымальніку, асуджанаму на 5 гадоў узмоцненага рэжыму нібыта за незаконнае захоўванне пяці патронаў і паляўнічай стрэльбы. Ён адбывае пакаранне ў Івацэвіцкай калоніі.

«Ціск на яго працягваецца. Мікалая абмяжоўваюць у пасылках, у сустрэчах з жонкай. І як іншых палітзняволеных, угаворваюць падпісаць паперу, што прызнаўся ў садзеяным і гатовы стаць на шлях выпраўлення, ад чаго ён катэгарычна адмаўляецца. Да яго таксама падсылаюць людзей, каб справакаваць бойку або нейкае сур’ёзнае правапарушэнне, каб потым павялічыць тэрмін. Ён сказаў, каб я перадаваў усім, што ён пакуль трымаецца», — распавядае са словаў палітвязня яго давераная асоба Алег Волчак.

Да ліку палітзняволеных на гэтым тыдні праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінскі Камітэт дадалі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча — яны былі асу­джаныя да зняволення нібыта за падпал Дома правасуддзя ў Мінску. «РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт», эксперты праваабарончай супольнасці Беларусі па выяўленых аб’ектыўных крытэрах лічаць Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі, палітычнымі зняволенымі дзеючага ў Беларусі рэжыму», — гаворыцца ў адпаведнай заяве праваабаронцаў.

Падчас саміту «Усходняга партнёрства», што праходзіў у Варшаве, быў прыняты «пакет прапаноў» для Беларусі. Еўропа прапанавала даць Беларусі дзевяць мільярдаў еўра ў абмен на выкананне некаторых патрабаванняў. Сярод іх — вызваленне і рэабілітацыя палітвязняў, перамовы ўлады з апазіцыяй, свабодныя парламенцкія выбары. Адстаўкі прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ЕС не патрабуе. Афіцыйны Мінск (запрашэнне было накіраванае міністру МЗС Сяргею Мартынаву) удзел у саміце праігнараваў.
 

Каментаваць