Запрашаем на лекцыі пра авангард, мадэрнісцкую неакласіку, уяўленні

Пачатак ХХ стагоддзя – найцікавейшы перыяд для даследчыкаў пераломных эпох. Змены ў сацыяльным жыцці, супярэчнасці ў палітычнай, эканамічнай, культурнай сферах сталі падставай для перагляду каштоўнасных арыенціраў у еўрапейскім грамадстве.



Дынамічнасць новага часу задала і новы пульс культурнага жыцця, пра што сведчыць развіццё філасофіі, мастацтва, навукі, рэлігіі. Кожная з гэтых сфер можа стаць прызмай для аналізу тых трансфармацый, якія адбываліся ў грамадстве ў гэты час.

Прыклад мастацтва авангарду дазваляе нам убачыць культурна-цывілізацыйныя працэсы ў іх найбольш вострым, глыбокім адлюстраванні. У сваіх памкненнях знайсці стыль новага часу мастакі зыходзілі з пераканання, што зменлівы сусвет не можа быць увасоблены ў статычнай прасторы. Прадметам мастацкага аналізу становяцца дасягненні тэхнікі, фізічныя і касмічныя феномены, пераўтварэнні ў грамадстве.

Цэнтр Сучасных Мастацтваў і Лятучы ўніверсітэт запрашаюць у кастрычніку на пяць лекцый з цыкла “Авангард, мадэрнісцкая неакласіка, уяўленне”:

Лекцыя Ігара Духана:

“Генезіс авангарду і апакаліптыка мяжы ХХ і XXI стагоддзяў”, 7 кастрычніка, 19.00.

Лекцыя прысвечана ўздзеянню ідэй авангарднай апакаліптыкі (К. Малевіч і інш.) на тэорыю і мастацтва авангарду. Лекцыя таксама больш падрабязна прадставіць слухачам Крысціну Лоддер як спецыяліста па авангарду – тым самым падрыхтуе да больш ўдумлівага і асэнсаванага ўспрымання яе лекцыі.

Лекцыя Крысціны Лоддэр (Велікабрытанія):

“Казімір Малевіч і архітэктура Супрэматызму”, 10 кастрычніка, 19.00.

Лекцыя прысвечана руху Малевіча ад жывапісу да архітэктуры з дэталёвым абмеркаваннем асобных фактараў, якія абумовілі намер Малевіча развіваць Супрэматычную архітэктуру, а менавіта – новая роля авіяцыі, ўтапічныя імпульсы Рэвалюцыі, філасофія Мікалая Фёдарава, узаемадзеянне касмічных падарожжаў і сацыялізму ў навуковай фантастыцы Аляксандра Багданава, ідэі Канстанціна Цыялкоўскага і інш.

Лекцыя Ігара Духана:

“Эль Лісіцкі – “канцэптуальны персанаж” авангарду”, 17 кастрычніка, 19.00.
Лекцыя будуецца на суаднясенні тэарэтычных маніфестаў Эль Лісіцкага («Проун», «Мастацтва і пангеаметрыя») з яго творчай практыкай 1920-х і 1930-х гадоў. Абмяркоўваюцца ПРОУНы, графіка, экспадызайн.

Лекцыя Ігара Духана:

“Неакласіцызм ХХ стагоддзя – праграмаванне стылю”, 24 кастрычніка, 19.00.

Разглядаюцца ідэі неакласіцызму ў архітэктурна-мастацкай практыцы (І. Жаўтоўскі, Р.Бафіл, М. Філіпаў і інш.) як адлюстраванне стратэгій новага мадэрнізму.

Лекцыя Ігара Духана:

“Gesamtkunstwerk Сталін. Сталінскі неакласіцызм і оптыка Барыса Гройса”, 28 кастрычніка, 19.00
Дыскусія аб суадносінах авангарду і неакласікі. На прыкладзе твораў Барыса Гройса (“Gesamtkunstwerk Сталін” і інш.) прасочваецца станаўленне новага бачання сталінскага ампіру як адлюстравання авангарду.

Усе лекцыі будуць адбывацца па адрасе: Цэнтр Сучасных Мастацтваў, г.Мінск, вул. Някрасава, 3. Тэл. 293-92-36.

Уваход вольны!

Актуальную інфармацыю шукайце на сайце: fly-uni.org

Лектары:

1) Крысціна Лоддэр: брытанскі мастацтвазнаўца, гісторык мастацтва, даследчыца рускага авангарду і канструктывізму. Віцэ-прэзідэнт Таварыства Малевіча. Ганаровы прафесар Эдынбургскага ўніверсітэта
і Дзяржаўнага ўніверсітэта Кента. Аўтар шматлікіх артыкулаў па тэматыцы рускага авангарду і канструктывізму ў Расіі і Заходняй Еўропе.

2) Ігар Духан: кандыдат архітэктуры, доктар філасофскіх навук, загадчык кафедры мастацтваў Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, член Еўрапейскага таварыства культуры, Міжнароднага і Беларускага саюзаў дызайнераў. У якасці запрошанага прафесара чытаў лекцыі ў Баўхаўзе, Брытанскай бібліятэцы, Каралеўскім універсітэце Белфаста, універсітэтах Паўночнай Караліны, Палерма і інш.

Каментаваць