Запрашэнне быць свіннёй

Старшыня Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова сказала, што для атрымання грашовага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду трэба, каб усе палітычныя вязні сышлі з турмаў. Але ж яны самі не хочуць.



Старшыня Нацбанка Беларусі Надзея Ермакова сказала, што для атрымання грашовага крэдыту ад Міжнароднага валютнага фонду трэба, каб усе палітычныя вязні сышлі з турмаў. Але ж яны самі не хочуць.

Сітуацыя ну проста як у той фальклорнай кабеты, якая не ведае, што рабіць са свіннямі, якія зламалі плот ды папсавалі грады. З аднаго боку, трэба іх адлупцаваць ды ў катух загнаць. Але ж калі надышоў час забіваць, хай свінчо не крыўдзіцца, а вылазіць. Гаспадар вунь шыла вострыць, гаспадыня ваду грэе, і два суседскія дзецюкі прышлі з вяроўкай, каб дапамагчы цягнуць свінню на дошкі — смаліць, мыць, дзяліць. Кумпякі асобна, паляндвіцы асобна.

Ужо і чарка “за свежаніну выпіта, а свінчо не спяшаецца. Нешта яно сабе думае.

Вось такая святая прастата, як паслухаеш, уласціва найноўшай фінансавай лэдзі краіны. Чыстае прагматычнае стаўленне да людзей, як і ў яе галоўнага працадаўцы.

Да людзей — як да свіней.

Здавалася, дзівіцца няма чаму. У нашай краіне ўладныя асобы слоў для абразы апанентаў не шукаюць. Але тут выпадак надзвычайны ў сэнсе сваёй арганікі. Ніяк не можа ўявіць спадарыня, што нехта адважыцца не паслухаць галоўнага спадара. Нават тыя, якіх ён без прычыны кінуў у турмы, а зараз вызваляе, бо зарабіць хоча...

Але галоўнай фінансавай лэдзі далёка да так званага галоўнага сенатара. Хачу, каб усе адчулі сітуацыю. Беларускі ўрад праводзіць свае пасяджэнні ў адпаведным доме, які месціцца за плячыма помніка Леніну. Аднаго з самых знакамітых тэрарыстаў і палітычных забойцаў усіх часоў і народаў. Для якога не існавала ніякай законнасці, апроч рэвалюцыйнай. Прынцыпова. Ніякіх судоў, следства, пракурорскага нагляду. Філосафаў — выгнаць з краіны (пашкадаваў!), паэтаў — расстраляць, некалькі соцень папоў — павесіць, царкоўную маёмасць — канфіскаваць.

Як разважаў Уладзімір Ілліч, гэта трэба зрабіць менавіта зараз, калі па дарогах валяюцца тысячы памерлых ад голаду людзей. Каб астатнія адчулі высокі гуманізм рабоча-сялянскай улады. І падтрымалі ў якасці асноўнага для жыцця прынцып рэвалюцыйнай мэтазгоднасці. Суседа забралі — радуйся, што не цябе. Цябе забралі — сам вінаваты, што папаўся.

Наша дзяржава ўжо колькі год жыве па законах надзвычайнага становішча, хоць ніколі афіцыйна яго не абвяшчала. Таму яе стала надзвычай многа, яна пішчом лезе ў кожную дзірку. Куды трэба і не трэба, куды ўвогуле лезці забаронена. А на самай справе, дзяржава прыватызавана так званай уладнай вертыкаллю. Статусныя месцы ў ёй займаюць людзі малапісьменныя. Яны прынялі на сябе столькі функцый, прысвоілі столькі паўнамоцтваў, і не ведаюць, што з гэтым багаццем рабіць.

Закон аб надзвычайным становішчы, які дазваляе пры розных катаклізмах ужываць дзяржаўны прымус у адносінах да грамадзян і арганізацый у пашыраным маштабе. Раптам палякі ці эстонцы на нас нападуць, ці расійскія дыверсанты адключаць электрычнасць падчас тэлевізійнай прамовы Лукашэнкі. Неабходнасць такога закона зразумелая ўсім, і ніякага пярэчання не выклікае.

Чаму ж тады вертыкальшчыкам хочацца большага? Каб нават гурток філатэлістаў даваў тлумачэнні наконт сваёй дзейнасці так званым органам правапарадку?

Вось прынялі папраўкі да закону аб КДБ. Цяпер без дазволу “славных чекистов, ніхто нават марку на паштоўку не зможа наклеіць. Чаму?

На думку акадэміка, таму што па ўсім свеце ідзе хваля пратэстаў. І замежныя ўлады змушаны страляць па пратэстантах гумавымі кулямі, выкарыстоўваць вадамёты, біць людзей дубінкамі. З той нагоды, што загадзя не прынялі меры, не вызначылі парадак правядзення масавых мерапрыемстваў. А вось такія спікеры-акадэмікі, што праседжваюць лавы ў двухпалатным беларускім парламенце, ужо ўсе вызначылі. Цяпер гумавая куля трапіць у пратэстанта не на плошчы, а як толькі ён выйдзе з уласнай кватэры.

На думку акадэміка, так яно і мае быць. Каб не было магчымых правакацый падчас акцый, каб не стваралася пагрозы жыццю і здароўю іншых людзей.

Ну што на гэта скажаш? Можна было б разгарнуць Канстытуцыю нават у розных яе рэдакцыях, можна было б працытаваць закон аб надзвычайным становішчы… Але ж нашто — у краіне, дзе ўлады не прытрымліваюцца законаў, юрыдычны факультэт, як лічыў Юры Дамброўскі, з’яўляецца “факультэтам лішніх рэчаў.

Святая, можна сказаць, акадэмічная, прастата. Але тая бабулька, што падкладвала паленца ў вогнішча, на якім палілі ерэтыка, была больш шчырай. Бо не ведала, што робіць. А ў нашым выпадку даводзіцца ці лічыць усіх паважаных дзеячаў дурнямі, ці пагаджацца самому на ролю свінні, якую цягнуць з хлеўчука на кілбасы.

Каментаваць