Затрыманы Зміцер Дашкевіч, але пікет не адмяняецца

Дашкевіча затрымалі каля дзесяці гадзін раніцы ў раёне Камароўкі. Пра гэта ў Фэйсбук паведаміла яго жонка Наста Дашкевіч.

"Зацягнулі ў срэбраны бус, ззаду якога ехала міліцэйская машына", — напісала Наста

На працягу тыдня Зміцер Дашкевіч збіраў подпісы ў пераходзе метро Кастрычніцкая за ўнясенне бел-чырвона-белага сьцяга ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Учора міліцыя склала на яго пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Нагадаем, сёння, 24 верасня, планавалася публічнае падпісанне звароту ў Мінкульт за ўключэнне бел-чырвона-белага сьцяга ў спіс гістарычных каштоўнасцяў. Публічны пікет павінен пачацца а 11:00 ля ўніверсаму «Цэнтральны» і павінен трываць увесь дзень — да 20:00, паведамляў раней сайт «Маладога фронту».

Напэўна, улады хацелі сарваць мерапрыемства. Аднак, як напісала Наста: "Акцыя адбудзецца паводле плану. Друкуйце бланкі па збору подпісаў і прыходзьце як збіраць, так і падпісвацца". 

На публічны пікет можна прыносіць падпісныя аркушы. Бланк можна спампаваць тут.

Таксама актывісты будуць збіраць сродкі на бел-чырвона-белыя сцягі, стужкі і іншую нацыянальную атрыбутыку.

“Мы запрашаем вядомых беларусаў, каб прадэманстраваць, як шмат людзей розных заняткаў і поглядаў падтрымоўваюць наш нацыянальны сцяг і прагнуць яго вяртання, — распавёў учора арганізатар кампаніі па збору подпісаў Зміцер Дашкевіч. — Перакананы, гэта натхніць многіх патрыётаў, якія пакуль баяцца выказваць сваю пазіцыю. Апроч гэтага мы будзем прасіць падпісантаў ахвяраваць сродкі на выраб нацыянальнай атрыбутыкі, бо ўся наша дзейнасьць фінансуецца толькі намі самімі — складкі маладафронтаўцаў і збор грошаў сярод нашых прыхільнікаў. Тыя ж банеры для падпісных пікетаў каштуюць грошаў, а заўтра мы плануем выставіць ужо пяць такіх пікетаў — чатыры ў Мінску і адзін у Маладэчне”.

Прыходзьце і падпісвайцесь!

Каментаваць