Дзе яшчэ, у якой краіне Міністэрства транспарту і камунікацый здольнае арганізаваць транспартны калапс? І не проста транспартны калапс, а транспартны калапс напярэдадні вялікіх чатырохдзённых выходных, калі па краіне перасоўваецца вялікая колькасць людзей.

Фота favoritednepropetrovsk.com

Іншым разам, калі глядзіш на рашэнні нашых уладных органаў, згадваецца стары савецкі фільм пра Бураціна. А менавіта тая яго частка, дзе драўлянаму чалавечку кажуць: «Бураціна, ты сам сабе вораг!». Дзе яшчэ, у якой краіне Міністэрства транспарту і камунікацый здольнае арганізаваць транспартны калапс?

І не проста транспартны калапс, а транспартны калапс напярэдадні вялікіх чатырохдзённых выходных, калі па краіне перасоўваецца вялікая колькасць людзей. З 26 лютага чыноўнікі Мінтранса запатрабавалі ад прыватных міжгародніх перавозчыкаў змяніць парадак аказання насельніцтву транспартных паслуг.

Прычым, змяніць так, каб «парадак аказання насельніцтву транспартных паслуг» стаў максімальна НЯЗРУЧНЫМ для таго самага насельніцтва.

Напрыклад, маршруткі зараз павінны адпраўляцца толькі з аўтавакзалаў. Перавозчыкі абавязаны распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў, колькасць рэйсаў, вызначыць маршруты і ездзіць выключна па іх. Спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках («спыніцеся, калі ласка, вунь на тым павароце» больш працаваць не павінна). Заключыць дамову з мясцовым аператарам на ажыццяўленне рэгулярных пасажырскіх перавозак (гэта значыць, заплаціць аператару і аўтавакзалу). І гэтак далей.

Выкананне гэтых цалкам не патрэбных патрабаванняў зойме мінімум тыдзень бегатні з паперкамі. І ўвесь гэты тыдзень машыны, замест таго, каб развозіць людзей, будуць стаяць «на прыколе». Да чаго гэта прывяло — зразумела.

Без транспарту застаўся, напрыклад, Салігорск. Цяпер гэты горад са сталіцай злучае толькі рэйсавы аўтобус, які ходзіць адзін раз на дзень. З-за новага заканадаўства перавозчыкі адмянілі ўсе маршруткі ў Полацк і Наваполацк, частку рэйсаў у Ліду, Слуцк і Капыль. У Лепелі пасажыры штурмавалі касы аўтавакзала: загадзя там квіткі не прадаюць, бо ўсе аўтобусы — праходзячыя. Касіры раілі прыходзіць на вакзал за дзве гадзіны да адпраўлення транспарту.

Самае смешнае, што ў той жа дзень, 26 лютага, набылі дзеянне асноўныя нормы дэкрэта Лукашэнкі №7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». У гэтым дакуменце кіраўнік краіны адназначна сфармуляваў органам дзяржаўнага кіравання простыя і зразумелыя пасланні: усяляк дапамагаць сумленнаму бізнесу; памяншаць умяшанне чыноўнікаў у арганізацыю і вядзенне бізнесу; стымуляваць самазанятасць і прадпрымальніцкую ініцыятыву, а таксама развіваць справядлівую канкурэнцыю для павелічэння задаволенасці спажыўцоў.

Фота www.svaboda.org

Увёўшы свае навацыі адначасна з дэкрэтам №7, Мінтранс не проста нівеліраваў дакумент кіраўніка краіны — ён наўпрост зняпраўдзіў яго. Маўляў, дэкрэты не вартыя і паперы, на якой напісаныя, мы ўсё роўна будзем рабіць так, як захочам.

То бок, Мінтранс не толькі арганізаваў транспартны калапс, а яшчэ і моцна падставіў Аляксандра Рыгоравіча.

Чаму так атрымалася — зразумела. Калі глядзець на літару дэкрэту, то, па логіцы, без працы павінны застацца безліч чыноўнікаў — правяраючых, кантралюючых і гэтак далей. Пазбавіцца цёплага месца нікому не хочацца. Таму ў Мінтрансе вырашылі не палепшыць, а пагоршыць умовы вядзення бізнесу — каб было чым заняцца транспартнай інспекцыі, чыноўнікам аўтавакзалаў, а праз іх і цэнтральнаму апарату. Узгадняць маршруты, распрацоўваць час і месца парковак (вакзалы ж не гумовыя, два аўтобусы на адну платформу не ўпхнеш), «кантраляваць выкананне», «сачыць за распарадкам»… Уяўляеце, колькі народу займаецца такой — мала каму, апроч чыноўнікаў, патрэбнай — справай у цэлым па краіне?

«Скарачэнне дзяржапарату» ў Міністэрстве транспарту таксама становіцца немагчымым. Нават трэба дадаваць вакансіяў кантралёраў.

Хіба выбудаванай у Беларусі патэрналісцкай дзяржавы ў тым, што за ўсё адказвае адзін чалавек. Мы ўсе ведаем гэтага чалавека. Улада асацыюецца выключна з імем Аляксандра Лукашэнкі. Але і вінаватым ва ўсім усё роўна будзе кіраўнік дзяржавы. У народзе ў любым выпадку ўзнікне думка, што «гэта Лукашэнка нешта нахамутаў». Ніхто не паверыць у тое, што яго міністэрства можа выдаць нешта без яго ж згоды. Ён да гэтага нас прызвычаіў.

Лішняе пацвярджэнне таму — петыцыя супраць навацый Мінтранса, якую ў інтэрнэце за суткі падпісалі 9 тысяч чалавек. Скіраваная яна не куды-небудзь, а ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

Зразумела, Аляксандр Рыгоравіч можа гучна абурыцца і запатрабаваць адмены гэтых палажэнняў. Гэта яму, можа быць, нават дадасць пару балаў у рэйтынгу і ў імідж «абаронцы простага народа». Але, калі пасля яго патрабаванняў нічога не зменіцца, той яго рэйтынг прасядзе яшчэ больш.

Чаму не зменіцца? Мінтранс аперуе не дэкрэтамі і ўказамі, а законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках». Для таго, каб змяніць закон, павінен сабрацца парламент. А збярэцца ён на сесію толькі 2 красавіка, і наўрад ці змены ў закон пра аўтатранспарт будуць яго першым пытаннем.

Шкада, што ў краіне не засталося незалежнай сацыялогіі. Цікава было б паглядзець, як сістэма самазахавання чыноўніцтва абрыне рэйтынг Лукашэнкі — пасля тых самых чатырох доўгіх выходных, калі людзі проста не змогуць зручна з’ездзіць да родных.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • язук алекшын
  • 2018-03-07 07:04:58
Мы iх i так i гэтак, а яны нiяк. Як усюды i ва усiм.
  • Yury
  • 2018-03-08 15:21:54
Улада за 25 год дасягнула толькі посьпехаў у Хабарніцтве і нарошчваньні замежных пазыкаў якія ужо і аддаць немагчыма. Жудасны вір катастрафічных падзеяў набліжаецца да Блакітнавокай каб прайсьціся вогненным катком па рабавальніках.

Каментаваць