«Згубілі амаль 50 тысяч чалавек!» Жыхар Брэста выявіў, што са спісаў знікла 20% выбарцаў

Берасцеец Дзяніс Турчаняк, кандыдат у дэпутаты гарсавета і сябра «Руху «За Свабоду», напісаў зварот да старшыні гарсавета. Па падліках Турчаняка, значная колькасць выбарцаў падзелася невядома куды.
Турчаняк расказвае, што параўнаў сёлетнюю статыстыку з дадзенымі папярэдніх мясцовых выбараў. «Выявілася, што колькасць выбарцаў у Брэсце ў гэту выбарчую кампанію па незразумелых мне прычынах зменшылася на 5459 чалавек», — сцвярджае Турчаняк.

Ён звярнуўся ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленне па Брэсцкай вобласці. Тыя адказалі, што ў горадзе жыве 344 тысячы чалавек, з якіх 64 тысячы узростам да 15 гадоў.

Таксама не маюць права галасаваць асобы узростам 16-17 гадоў. Іх, паводле папярэдніх падлікаў, 8 тысяч чалавек.

Агулам мусіла налічыцца 272 тысячы патэнцыйных выбарцаў. Тады як афіцыйна — 224 тысячы.

«Па маіх падліках, колькасць выбарцаў у горадзе Брэсце на 48375 чалавек (або на 21,6%) больш, чым паказаў Брэсцкі гарвыканкам.

На маю думку, пры падрыхтоўцы звестак аб колькасці выбарцаў мелі месца незаконныя маніпуляцыі, якія парушаюць маё права галасаваць і быць абраным на сапраўдных свабодных, таемных і адкрытых выбарах, — мяркуе Турчаняк. — Лічу, што колькасць выбарцаў зацверджана Брэсцкім гарвыканкамам не дакладна».

У выніку актывіст падаў зварот, у якім патрабаваў правесці праверку і прадаставіць дакладную колькасць выбарцаў па кожнай акрузе Брэста.

Паводле Нашай Нівы

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць