З’езд БХД: без асаблівых спадзеваў

Беларускія хрысціянскія дэмакраты ў шосты раз спрабуюць легалізавацца. Раней улады пяць разоў адмаўлялі ў рэгістрацыі партыі. 12 снежня ў Мінску прайшоў шосты Устаноўчы з’езд БХД. Пэўна, самы кароткі ў палітычнай гісторыі краіны.



Гэты з’езд, па словах сустаршыні агргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Паўла Севярынца, меў тэхнічны характар. Тэхнічны, але паўнамоцны і прадстаўнічы, зазначыў ён: кожны дэлегат (а іх было 56 чалавек) прадстаўляў як мінімум дваццаць заснавальнікаў партыі. Такім чынам, неабходная колькасць у тысячу чалавек была дасягнутая.

Збольшага, хрысціянскія дэмакраты праводзілі сваё мерапрыемства, каб у чарговы раз «зрабіць тэставанне» беларускай уладзе. Гэта асабліва важна зараз, калі санкцыі Еўропы ў адносінах да прадстаўнікоў беларускай улады, прыпыненыя на чатыры месяцы.

«Справа ў тым, што сярод умоваў Еўрасаюза для канчатковага зняцця санкцый фігуруе рэгістрацыя палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Еўрапейцы спадзяюцца, што лібералізацыя рэжыму будзе ўключаць у сябе палёгкі для незалежнай прэсы, паляпшэнне выбарчага заканадаўства і рэгістрацыю партый і аб’яднанняў. Таму мы робім такі тэст для ўладаў. Мы падаем устаноўчыя дакументы і глядзім, як да гэтага паставяцца ўлады. Калі БХД не будуць рэгістраваць, гэта значыць, што ніякіх свабодных выбараў і далейшых пераменаў улады рабіць не збіраюцца», — сказаў Севярынец.

Між тым, папярэдняя спробе зарэгістраваць БХД адбылася ўсяго паўгады таму, перад прэзідэнцкімі выбарамі. Тады заснавальнікі партыі таксама спадзяваліся, што перадвыбарчая «лібералізацыя» дазволіць зарэгістраваць арганізацыю. Тым не менш, гэтыя спадзяванні былі марныя.

Дэлегаты з'езда на рэгістрацыі

«Ілюзіяў мы не маем. Хутчэй за ўсё, будзе адмова, але «па веры вашай будзе вам». Таму мы падаем і падаем на рэгістрацыю. Да тых часоў, пакуль не праб’ем гэтую сцяну», — зазначыў Севярынец.

Зразумела, вынік рэгістрацыі альбо нерэгістрацыі партыі будзе агучаны — асабліва для еўрапейцаў. «Еўрапейцы тады павінны будуць працягваць замарозку. Зрэшты гэта, канешне, будзе іх рашэнне. Але наш вердыкт будзе адназначны: калі нас не рэгіструюць, значыць, улады нават не збіраюцца гуляцца ў гэтую «лібералізацыю». Яны маюць намер усё атрымаць, але нічога не аддаць», — мяркуе палітык.

«Еўрапейцам мы параім працягваць ціск усімі магчымымі сродкамі, каб дамагчыся свабоды і аднаўлення ў правах палітвязняў, — а ў Беларусі з’явіўся яшчэ адзін палітвязень, Міхаіл Жамчужны. Безупынна патрабаваць рэгістрацыі палітычных партый і грамадскіх арганізацый, патрабаваць рэгістрацыі ў краіне незалежных СМІ, акрэдытацыі тэлеканалу «Белсат», журналістаў «Радыё Рацыя», патрабаваць зменаў у выбарчае заканадаўства, каб прастора свабоды ў Беларусі пашыралася. Еўрапейцам нічога не застанецца, як ажыццяўляць ціск. Умовы для гэтага спрыяльныя: Масква грошай больш не дае, Лукашэнка мае вялікую патрэбу ў еўрапейскіх грошах. Таму Еўропа. На мой погляд, Еўропа можа гэта належным чынам скарыстаць», — мяркуе Павел Севярынец.

З'езд невялікі, але прадстаўнічы

Што датычна самога з’езду, то гэта быў, пэўна, самы хуткі ўстаноўчы з’езд у гісторыі БХД, ды і ўвогуле ў гісторыі беларускай палітыкі. Разам з традыцыйнай малітвай «Ойча наш» і спевам гімна «Магутны Божа», уся падзея заняла роўненька 25 хвілін. Севярынец агучыў колькасць дэлегатаў, прапанаваў прымаць рашэнні простым падняццем рук. Такім чынам вельмі хутка зацвердзілі назву партыі, яе праграму, статут, абралі кіроўныя органы. Амаль за ўсё, апроч кіраўніцтва, дэлегаты прагаласавалі адзінагалосна. Па сустаршынях некалькі чалавек устрымалася.

Усе аднагалосна

А потым дэлегаты гэтага самага кароткага ўстаноўчага з’езду ў гісторыі пачалі проста абмяркоўваць вынікі сваёй працы, асабліва пад час прэзідэнцкіх выбараў, і планаваць працу далей.

Шмат хто з БХД удзельнічаў у кампаніі назірання па выбарах прэзідэнта «Права выбару — 2015». Яна была прызнаная найбольш паспяховай: на іх вынікі спасылаліся міжнародныя назіральныя місіі, шмат інфармацыі было дадзена назіральнікамі і для СМІ. Таму каардынатар гэтай кампаніі, Дзяніс Садоўскі, зазначыў, што іх праца была найбольш эфектыўнай. А таксама заявіў пра намер гэтую кампанію працягнуць у наступным годзе: на парламенцкіх выбарах 2016-га года.

Дзяніс Садоўскі мае намер працягнуць назіранне за выбарамі

Увогуле, прайшоўшым выбарам было нададзена шмат увагі на гэтым мерапрыемстве. Па гэтай падзеі БХД прыняла аж дзве рэзалюцыі. У першая яны пералічылі высновы і хібы беларускай выбарчай сістэмы, і заявілі, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца дэмакратычнымі, свабоднымі і празрыстымі. А таму беларускі народ пазбаўлены права праз свабодныя, дэмакратычныя і справядлівыя выбары самастойна кіраваць сваёй краінай і фарміраваць ўсе ўзроўні ўлады ў краіне.

У другой рэзалюцыі БХД адзначыла, што для рэальнай змены рэалізацыі права беларусаў на свабодныя і справядлівыя выбары, неабходна выканаць тры ўмовы. Па-першае, змяніць выбарчае заканадаўства і правапрымяняльныя практыкі і нормы. Па-другое, зарэгістраваць усе дэмакратычныя аб’яднанні і палітычныя партыі. Па-трэцяе, стварыць роўныя ўмовы дзейнасці дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

Пры гэтым, як адзначыў вядучы з’езда, Віталь Рымашэўскі, сябраў выбарчых камісій у краіне, якія фальсіфікавалі выбары — сто тысячаў чалавек. А назіральнікаў ад «Права выбару» было ўсяго толькі дзве тысячы. Так што і пашыраць сетку ахвотных назіраць за выбарамі таксама трэба.

Так што наперадзе ў БХД — значныя падзеі і задачы. Гэта рэгістрацыя, дакументы на якую будуць пададзеныя літаральна праз тыдзень. Гэта і парламенцкая кампанія 2016-га года. І асаблівым для БХД будзе 2017-ы год, у якім акрамя староддзя Кастрычніцкай рэвалюцыі будзе святкавацца і такое ж стагоддзе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.

Каментаваць