Змарнавалі толькі грошыкі

Звальненне Рудага з пасады эканамічнага дарадцы і прызначэнне на адказны дыпламатычны фронт якраз сведчыць пра тое, што сістэмных структурных рэформаў Беларусь не дачакаецца.




Усіх, хто спадзяваўся на нейкія эканамічныя рэформы, спасцігла моцнае расчараванне. Дарадца Аляксандра Лукашэнкі па эканамічных пытаннях, найбольшы «рэфарматар» у яго камандзе Кірыла Руды быў выпраўлены паслом у Кітай. Бачна, менавіта ён будзе асвойваць кітайскія крэдытныя лініі.

Гэтая падзея, на фоне прайшоўшага Усебеларускага сходу, досыць знакавая. Руды знакаміты тым, што знайшоў неабходныя фармулёўкі, каб пераканаць свайго патрона ў неабходнасці хоць маленькіх, але рэформаў. «Мы праводзім рэформы, не называючы гэта рэформамі», — знакамітае выслоўе Рудага.

У той жа час перад краінай на Усебеларускім народным сходзе паставілі каласальныя мэты. Эканоміка краіны за 2016–2020 гады павінна вырасці на 12–15%, у тым ліку за гэты год на 0,3%, а за наступны год — мінімум на 1,5%. Гэта нам трэба дамагчыся пяцікратнага (!) росту ВУП. І ўсяго толькі за год.

У прынцыпе, нічога недасяжнага ў гэтым няма. Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Пітэр Долман сказаў журналістам, што эканамічны рост у Беларусі можа перавысіць і 4,5% за год. Аднак гэтага рэальна дамагчыся, калі мы пачнём сапраўдныя структурныя рэформы ў эканоміцы. Якімі, згодна логіцы Усебеларускага сходу, нават не патыхае.

Звальненне Рудага з пасады эканамічнага дарадцы і прызначэнне на адказны дыпламатычны фронт якраз сведчыць пра тое, што сістэмных структурных рэформаў Беларусь не дачакаецца. Сам Руды на Кастрычніцкім эканамічным форуме ў мінулым годзе казаў пра ўмовы правядзення рэформ. Па-першае, калі рэформаў патрабуе грамадства. Па-другое, калі на рэформы згодны «сярэдні клас». І па-трэцяе — запыт на рэформы з боку правячай эліты.

Што тычыцца грамадства, то ягонага жадання рэформаў не заўважае толькі кіраўнік дзяржавы. Ён заўсёды кажа: «Мы гатовыя на рэформы, але грамадства не гатовае». Між тым, згодна чэрвеньскаму маніторынгу грамадскай думкі Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД, Літва), 65,5% апытаных кажуць, што важней змена існага становішча, чым яго захаванне. За захаванне выказаліся толькі 25,5% рэспандэнтаў. 57% лічаць, што краіна развіваецца ў цэлым у няслушным напрамку, наяўнасць крызісу ў краіне прызнаюць 87,8% беларусаў.

Пра запыты рэформаў ад «сярэдняга класа» лепш памаўчым, бо для гэтага патрэбны «сярэдні клас». У Беларусі ён, як мінімум, не сфармаваны, а як максімум, перманентна пасыпаецца дустам у выглядзе абмежаванняў для прадпрымальніцкай дзейнасці альбо гучных пасадак бізнесменаў. Што ж тычыцца «жадання рэформаў з боку элітаў», то з сыходам Рудага ў тых рэфарматараў, якія застаюцца ў краіне, значна абмяжоўваецца «доступ да цела, якое прымае рашэнні».

Пакуль не вядома, хто зойме пасаду Рудага, аднак, гледзячы па ўсім, гэта ўжо не будзе чалавек, які выступае з рэвалюцыйнымі ідэямі і разрывае «зону камфорту» кіраўніка дзяржавы.

На Усебеларускім сходзе Лукашэнка казаў пра рэформы, адзначыўшы: «А хто будзе гэтым займацца?» Нібыта, нават для правядзення «правераных часам і досведам» рэформаў патрэбныя адмыслоўцы, якія ведаюць, як і што рабіць. Маўляў, нават калі не трэба вынаходзіць ровар, трэба той, хто ўмее на ім ездзіць.

І адразу ж выпраўляе гэтага «раварыста» ў Кітай.

Адкуль жа ўзяцца ў краіне ўхваленаму на ўсебеларускім хурале эканамічнаму росту? І яшчэ без рэформаў? Ва ўрада ёсць два варыянты: рэальны і фантастычны. Фантастычны варыянт — гэта калі кошт нафты на сусветным рынку стабілізуецца на ўзроўні 45 долараў за барэль, сярэднегадавы абменны курс складзе 70 расійскіх рублёў за долар, а ВУП Расіі пачне расці прынамсі на 1%.

І рэалістычны варыянт: калі да нас прыляцяць мігранты з Марса і пабудуюць нам квітнеючую дзяржаву. Чаму ён больш рэалістычны? Таму што на рост расійскай эканомікі не спадзяюцца нават эканамісты расійскага «Сбербанка», якія і пры кошце нафты ў 40 долараў/барэль прагназуюць спад ВУП нашага асноўнага гандлёвага партнёра на 0,7%. Да таго ж упарта ходзяць чуткі, што Расія плануе адмяніць экспартную пошліну на нафту, замяніўшы яе ўнутраным падаткам на здабычу карысных выкапняў. Нагадаем, што дзякуючы гэтай экспартнай пошліне мы атрымліваем «лішнія» $1–1,5 мільярда на год.

Такім чынам, даручэнні Усебеларускага народнага сходу ўжо можна лічыць праваленымі. Як кажуць незалежныя эканамісты, крызіс яшчэ толькі пачынаецца. А ўлада і не думае тэрмінова на яго рэагаваць: маўляў, адсядзімся, галоўнае — стабільнасць. І пужае нас негатыўнымі наступствамі рэформ у выглядзе зніжэння ўзроўню жыцця, росту беспрацоўя, інфляцыі, скарачэння сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і гэтак далей.

Але, калі азірнуцца навокал, усе гэтыя праявы крызісу мы ўжо бачым і зараз — толькі без рэформаў. І далей без іх будзе яшчэ горш.


Каментаваць