Дваццаць год лукашызму — гэта дабраславенне для Беларусі

Адзін са знакавых палітвязняў Беларусі — Зміцер Дашкевіч, учора даў прэс-канферэнцыю. Найперш ён падзякаваў усім сваім сябрам, журналістам, праваабаронцам, паплечнікам за падтрымку.



Зміцер Дашкевіч на прэс-канферэнцыі пасля выхаду з турмы. Фота Генадзя Кеснера


«Кожны чалавек, які сутыкаўся з пераследам нашай дзяржавы, разумее, наколькі важная гэтая падтрымка: маральная і духоўная. Мне гэта вельмі моцна дапамагала, і пераацаніць гэта немажліва». У прынцыпе, такія словы кажуць усе палітвязні пасля выхаду. Таму на гэтым журналісты Дашкевіча спынілі. І ён пачаў адказваць на пытанні.

 

— Два дні вы на волі. Якой вы знайшлі гэтую краіну пасля амаль трохгадовай «адсутнасці»?

 

— У прынцыпе — такой жа самай. Можа, яна змянілася кардынальна? Тэлевізар я не глядзеў даўным-даўно. Што тычыцца развіцця падзей, то «маразм крэпчае на нашых шыротах». Калі прааналізаваць, то я прыходжу да такой высновы, што цалкам губляецца сувязь з рэальнасцю, з рэчаіснасцю, і грамадства, людзі, яны самі па сабе, а тая частка, якія прыватызавалі гэтыя 10 мільёнаў жыхароў — самі па сабе, па іншы бок барыкадаў. Прорва гэтая павялічваецца і павялічваецца.

 

— Апошнія паўгады ад вас не было амаль ніякіх звестак. Што гэта было: дзеянні адміністрацыі турмы, ці нейкая твая тактыка, каб лішні раз не дражніць?

 

— Якая ў мяне тактыка? Мяне пасадзілі, я лічу, што я нічога не абавязаны нікому нічога даказваць: ні «блатным», ні «прыблатненным», ні адміністрацыі. Пасадзілі — і сядзіш спакойна. Калі нехта жадае ў нешта пагуляцца — давайце, пагуляемся… Але ў Гародні да мяне ставіліся больш-менш спакойна, таму я і сядзеў спакойна.

 

Са свайго досведу я магу сказаць, што для адміністрацыі палітычны зняволены — гэта такі галаўны боль! Яны проста прашэнні пра памілаванні ад сябе прапаноўвалі пісаць, каб ты напісаў, і валі адсюль, каб цябе больш не бачыць і не чуць. Розніца ў тым, што, атрымаўшы загад, людзі выконваюць яго з задавальненнем і яшчэ нешта ад сябе дадаюць, а ёсць такія, якія выканаюць яго так, спусціўшы рукавы, і кажуць: «Не паддаецца перавыхаванню», і сядзі ты, як сядзіш.

 

Самая беснаватая калонія — гэта, напэўна, Горкі. Там гэта палягае ў тым, што там такі быў кіраўнік операддзела Петраковіч. Адначасова ён быў і «сматрашчы за зонай». Таму не разабрацца, якія загады трэба выконваць, а якія нефармальныя. «Случка» «блатных» адміністрацыяй, і вельмі цяжка выпрацаваць нейкую тактыку. Зазвычай разумееш, гэтыя жывуць па адных правілах і парадках, другія — па іншых. А там гэта не зразумела.

 

— Вас прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні?

 

— Шмат разоў, але тут цяжка разабрацца, гэта была іх ініцыятыва, эмоцыі, альбо загад зверху. Больш-менш афіцыйна гэта адбывалася толькі адзін раз, у Горках, як толькі мяне вывелі з ізалятара. Мяне выклікалі да начальніка, і ён мне кажа: Ёсць інфармацыя, калі напішаш, то выпусцяць, калі хочаш, пішы. Я адмовіўся.

 

Што тычыцца таго, што я напісаў наконт Саннікава, што слушнае было яго рашэнне пісаць на памілаванне, то я скажу, што так, як там узяліся за Саннікава, у гэтай краіне не браліся за нікога, за выключэннем, можа быць, Ганчара і Захаранкі. Таму, што ён напісаў памілаванне, ёсць абгрунтаванне, і яго ён даў. У прынцыпе ж, справа не ў тым, напісаў — не напісаў, а ў тым, як чалавек паводзіць сябе пасля гэтага, якая ў яго пазіцыя, што ён адстойвае. Ёсць людзі, якія нічога не пісалі, але выходзяць, і дыскрэдытуюць сябе, а ёсць, хто напісаў, выйшаў, і ваюе далей.

 

Але яшчэ раз паўтаруся: так, як займаліся Саннікавым, нікім не займаліся.

 

— Ці змяніліся вашыя палітычныя погляды за час у турме, і якія вашыя найбліжэйшыя планы?

 

— Не, палітычныя погляды не змяніліся. А планы — я і надалей планую займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю, але ў якіх формах, я зараз не ведаю. Трэба агледзецца. Відавочна, што «Малады Фронт» трэба перадаваць у больш надзейныя рукі, гэты «хрустальны сасуд». Моладзь падрасла, я бачу лепшых за мяне. Будзем вызначацца.

 

Што будзе рабіць «Малады Фронт»? Я не ведаю, але свята месца пустым не бывае. У бліжэйшы час мы з сябрамі сустрэнемся, яны мне распавядуць пра свае планы, а канкрэтней казаць пра тое, чым будзе займацца «МФ», я не магу сказаць, бо яшчэ і сам гэтага не ведаю.

 

— Тое, што вам дадалі год зняволення, гэта была ініцыятыва калоніі, альбо «загад зверху»?

 

— Я не ведаю, загад быў гэта «зверху» ці прыватная размова. Але мне падаецца, што быў загад, таму што, калі я пачынаў «раскручваць» гэтую сітуацыю, то кіраўніцтва калоніі мне казала так. Мне заставалася два месяцы дваццаць дзён да выхаду. І тут пракурор просіць год. І мне ў адміністрацыі кажуць, што ніхто так па максімуму не дае, як просіць пракурор. Максімум даюць за сур’ёзныя парушэнні, за бунт і гэтак далей. А мне, казалі, дадуць месяц-два. А суддзя — дае па максімуму, па запатрабаванні пракурора. Яны самі былі здзіўленыя, чаму мне далі год. Можа, раскручваць на 411-ы артыкул, была і іхняя ініцыятыва, але колькі даваць, гэта вырашаў суд. А як кіруюцца нашыя суды, гэта мы ўжо колькі разоў бачылі. Колькі, дзе, каму даваць па «палітычных», гэта ўжо, канешне, устаноўка.

 

— Існуе думка, што любы досвед, нават турэмны, ідзе чалавеку на карысць, ён становіцца мацнейшым. Ці можна сказаць гэта пра турэмны досвед?

 

— Я абсалютна згодны з гэтым сведчаннем. Усё ідзе на карысць. Можа, тактычна я недзе і здзяйсняў нейкія памылкі, але стратэгічна я ўсё паўтарыў бы. Канешне, я нікому не параю прайсці тое, што я прайшоў, і не жадаў бы прайсці гэты маразм. Тым не менш, я ні пра што не шкадую.

 

— У турме вы напісалі дастаткова грунтоўную і цікавую аповесць. Ці будзеце працягваць літаратурную дзейнасць?

 

— Калі Бог дасць, можа, чаркану пару радкоў. Штосьці ёсць у падкорцы. Але цалкам перайсці на пісьменніцкую дзейнасць… Як маладафронтаўцы скажуць.

 

— Што мусіць здарыцца ў Беларусі, каб змяніўся гэты рэжым?

 

— Дык яно ўжо здараецца. Калі стратэгічна ўжо разважаць, у філасофію паглыбіцца, я лічу дабраславеннем тое, што Лукашэнка 20 год ва ўладзе. Дваццаць год лукашызму — гэта абсалютнае дабраславенне. Таму што людзі, якія не маглі праз нейкую каштоўнасную шкалу зразумець, што нельга па такім накірунку рухацца, жыць інтарэсамі кіўбасы і гэтак далей — ім гэта Лукашэнка давядзе. І ён свайму электарату, прасавецкаму, даводзіць поўную бесперспектыўнасць гэтай размеркавальнай эканамічнай палітыкі, саюзу з Расіяй і гэтак далей. Хацелі савецкай эканомікі, камуністычных каштоўнасцяў — пажніце гэта.

 

Лукашэнка дыскрэдытуе ўвесь той маразм, які людзі падтрымоўвалі ў 1994 годзе, і некаторыя падтрымоўваюць зараз. І ў гэтым я лічу — нармальна. Няхай Мясніковіч Мядзведзева запросіць на сустрэчу.

 

У сувязі з гэтым мне даўно зразумела, што задача апазіцыі палягае зусім не ў тым, каб крытыкаваць Лукашэнку — гэта робіць БТ 24 гадзіны ў суткі. Той, хто застаўся падтрымліваць Лукашэнку — колькі там у яго засталося, да 25% рэйтынг падаў? — гэта тыя людзі, якім мы ніколі нічога не дакажаш, нават калі гільятыны на плошчах паставіць. А усім астатнім трэба нармальны план пераменаў, і, калі казаць пра беларускую апазіцыю, паслядоўнасць.

 

На маю думку, нам паслядоўнасці не хапае. Мы гаворым адно, а робім пятае-дзясятае, людзям за такімі цяжка ісці. Трэба, каб сказаў — і зрабіў. Альбо зрабіў усё магчымае, каб выканаць абяцанне.

 

— А ў выбарах апазіцыі трэба ўдзельнічаць? Зараз кажуць пра адзінага кандыдата, альбо некалькіх…

 

— Чаму многія так зацыкліліся на гэтай ідэі адзінага кандыдата? Для мяне гэта не зразумела. Я нікога не хачу пакрыўдзіць, але мы ж бачылі гэтых адзіных. Што ў нас, не было адзіных кандыдатаў? Самы круты адзіны кандыдат быў у нас у 2001 годзе. Прафсаюзы — два мільёны чалавек! Ё-мае, самы круты па ўсіх паліттэхналагічных раскладках. І такая ганьба была! Мы стаялі на плошчы, мы плакалі, калі ён з Палявіковай, кіраўніцай перадвыбарчага штаба, казалі нам: «Разыходзьцеся, мы перамаглі, разыходзцеся!» Мы плакалі ў гэты момант, я гэта памятаю. Гэта самы круты кандыдат. Не будзем далей узгадваць, бо перасваруся з шмат кім. Мне падаецца, у параўнанні з такім “адзіным” хай лепш адзінаццаць будзе, хоць павесялей трошкі.

 

Ізноўку, праблема ж не ў тым, што не спрацавала стратэгія ўзяць уладу гэтымі адзінаццаццю кандыдатамі. Справа ў тым, што яна спрацавала, але ніхто не браў гэтую ўладу! 19 снежня за ёй ніхто не прыйшоў! Быў адзін чалавек, які выказаў жаданне кіраваць краінай надалей. Ён ёй і кіруе.

 

А трыццаць тысяч чалавек прыйшлі на плошчу на тры гадзіны, каб паразмаўляць пра караблі, якія бараздзяць прасторы Опернага тэатра… І мы дваццаць год размаўляем пра караблі.

 

— Дык што, трэба было 19 снежня штурмаваць Дом Ураду?

 

— Мы можам рознымі словамі пра гэта гаварыць, вы адныя словы выкарыстоўваць, я другія, а сэнс у трэцім. 19 снежня народ павінен быў вяртаць сабе ўладу! Гэта ж не Аляксандра Рыгоравіча будынак, а народны. І калі народ лічыць, што ў яго забралі гэты будынак, ён павінен яго вярнуць. А дэфініцыі — гэта хай выдумляе, кожны якія хоча. Калі вы прыйшлі вярнуць будынак — вярніце. Калі вы прыйшлі па караблі — адразу напішыце: 18-га мы збіраемся пра караблі якія бараздзят у тры гадзіны. А прыйшлі, пашкрабалі нешта, пашкрабалі… Чаго шкрабаць? Ці бярэце, ці не.

 

Ну што, заўтра атрымаем папярэджанне пракурора, да?

Каментаваць