«Змовы пад коўдрай», або пагрозы Еўропе

Расійскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» 24 лютага распаўсюдзіла паведамленне, што Еўрапейскі саюз афіцыйна ўключыў Беларусь у праграму «Усходняе партнёрства». Гэтая навіна ўмомант ускалыхнула палітычныя колы Мінска. Пасля стала вядома, што расійскі журналіст памыліўся. Але палітыкі з апазіцыйнага стану тэрмінова выступілі з заявамі наконт магчымага ўключэння нашай краіны ў гэтую праграму, адзначыўшы, што калі чуткі з’яўляюцца, значыць гэта каму-небудзь патрэбна.



Расійскае інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости» 24 лютага распаўсюдзіла паведамленне, што Еўрапейскі саюз афіцыйна ўключыў Беларусь у праграму «Усходняе партнёрства». Гэтая навіна ўмомант ускалыхнула палітычныя колы Мінска. Пасля стала вядома, што расійскі журналіст памыліўся. Але палітыкі з апазіцыйнага стану тэрмінова выступілі з заявамі наконт магчымага ўключэння нашай краіны ў гэтую праграму, адзначыўшы, што калі чуткі з’яўляюцца, значыць гэта каму-небудзь патрэбна.

(На фота: Хаўер Салана вітаецца з Аляксандрам Казуліным. Справа – старшыня БАЖ Жанна Літвіна. Фота Юліі Дарашэвіч)


Асноўны пасыл заключаўся ў тым, што ўдзел у еўрапейскіх праектах немагчымы без выканання беларускімі ўладамі раней акрэсленых патрабаванняў змяніць сітуацыю з выкананнем правоў і свабод чалавека ў дзяржаве. Цяпер стаіць пытанне, ці будзе запрошаны Аляксандр Лукашэнка на вясновы саміт «Усходняга партнёрства» ў Празе, што можа стаць паваротнай кропкаю ва ўзаемаадносінах паміж ЕС і Беларуссю.

 Старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі звярнуў увагу, на якім фоне адбываецца прыняцце рашэння аб далучэнні Беларусі да праграмы «Усходняе партнёрства» — з’яўленне новых палітычных зняволеных, разгоны акцый і затрыманні, візіт еўрапейскіх чыноўнікаў без агучвання мэтаў і вынікаў (маецца на ўвазе візіт генсека ЕС Хаўера Саланы).

«Нам прапануюць заплюшчыць вочы на рэпрэсіі і прыняць менавіта рэжым Лукашэнкі і даць яму магчымасць нароўні прадстаўляць сваю краіну з кіраўнікамі іншых краінаў, — адзначыў каардынатар «Хартыі–97» Андрэй Саннікаў. — Калісьці мы папярэджвалі сваіх сяброў з Расіі пра магчымую «лукашызацыю» іх дзяржавы. Гэта адбылося. Цяпер такая пагроза існуе для Еўропы. Мы павінны ведаць і ўсведамляць, якую пагрозу нясуць гульні з апошнім дыктатарскім рэжымам Еўропы.

 Хаўер Салана з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. Фота Юліі Дарашэвіч
Былы старшыня Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч параўноўвае цяперашнія міжнародныя перамовы са «змоваю пад коўдрай», калі кожны пераследуе ўласныя інтарэсы. «Чаму менавіта цяпер забываюцца на высунутыя раней умовы? Ні адна з іх не была выкананая. Адных палітвязняў памянялі на другіх. Можа, больш вядомы быў рэктар і кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, але цяпер таксама людзі сядзяць у турме за палітычную дзейнасць — няма ніякага сумневу ў гэтым. Ёсць іншыя прыклады палітычнага пераследу за пэўнае стаўленне да рэжыму. Чаму Салана кажа, што ўмоў больш няма? Адказ, мне здаецца, відавочны. Восенню павінныя адбыцца выбары ў Еўрапарламент, новаабраныя дэпутаты зробяць пэўны ператрус у выканаўчай уладзе. Кіраўніцтва ЕС і Лукашэнка маюць аднолькавыя мэты — яны хочуць застацца пры ўладзе. Яны хочуць паказаць, што ў міжнародных справах, у адносінах з Беларуссю ёсць вялікія дасягненні. Імкнуцца дапамагчы Лукашэнку даказаць, што ў Беларусі адбыліся змены рэжыму, што ён робіцца больш дэмакратычным. Не можа быць палітыка амаральнай, як бы ні хацелася застацца пры гэтых пасадах», — пакрэсліў С. Шушкевіч.

Былы палітвязень Аляксандр Казулін таксама выступіў з заявай, нагадаўшы, што ўсе чакаюць ад кіраўніцтва краіны інстытуцыянальных пераменаў, а ад візіту Саланы — далучэння Беларусі да фундаментальных каштоўнасцяў, правоў і свабодаў, па якіх «грамадзяне краіны ўжо засумавалі». «Нам хацелася б, каб еўрапейскія каштоўнасці ў самым высокім разуменні гэтага слова прыходзілі ў нашу краіну. І тыя дзеянні, што адбываюцца, былі ў дапамогу Беларусі, яе грамадзянам, а не ў дапамогу дзеючаму палітычнаму рэжыму», — падкрэсліў палітык.

Даведка

Ідэя стварэння праграмы «Усходняе партнёрства» ўпершыню прагучала летась у Бруселі. Яе ініцыятарамі лічацца Польшча і Швецыя. Гэта праграма, якая ажыццяўляецца і фінансуецца ў межах еўрапейскай палітыкі добрасуседства, першапачаткова адрасавалася для Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджану. Потым было прапанавана пашырыць яе і на Беларусь. Праграма мусіць садзейнічаць «палітычнаму збліжэнню» ЕС з краінамі —удзельніцамі праграмы, іх эканамічнай інтэграцыі. Еўрасаюз мае намер актыўна садзейнічаць правядзенню ў гэтых краінах рэформаў, накіраваных на развіццё дэмакратыі і рынкавых адносін. Не ўсе краіны ЕС вітаюць праграму супрацы з постсавецкімі краінамі. Партугалія, Францыя, Іспанія ўспрымаюць праграму «Усходняе партнёрства» як канкурэнцыю Міжземнаморскаму саюзу, які быў створаны пад патранатам Францыі для развіцця адносін з краінамі міжземнаморскага басейна.

Стартавы ўзровень фінансавання праграмы склаў каля 450 мільёнаў еўра,
да 2013 года Еўракамісія мае намер падняць яго да 785 мільёнаў.

Каментаваць