Выбарчая кампанія ці зноў камедыя?

Лідзія Ярмошына паведаміла, што кіраўнік  Беларусі пагадзіўся з датай правядзення чарговых парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца 11 верасня. Але ці стане гэтая кампанія сапраўды выбарчай?

Фота www.stihi.ru

Пра 11 верасня Ярмошына заяўляла і раней, спасылаючыся на дзейнае выбарчае заканадаўства. Але тут пытанне не толькі ў даце, але і ўвогуле ў тым, ці будзе гэтае дзейства хоць чымсьці нагадваць больш-менш сапраўдныя выбары.


Вернемся да даты і часу правядзення тае кампаніі. Яна выпадае на лета, калі істотнай частцы электарату будзе не да гэтага. Адны з беларусаў, якія яшчэ штосьці маюць у кішэнях, скарыстаюць час для адпчынку. Прычым, ставараецца ўражанне, што не на Нарачы ці на Браславах, але як мага далей ад “сацыяльна-арыентаванай дзяржавы”, як мага далей ад няўрымслівай прапаганды, якая ільецца з дзяржаўных радыёкропак і такіх жа тэлеканалаў і перашкаджае паўнавартасна адпачываць.


Іншая частка скарыстае гэты час для гарантавання, хоць частковага, уласнага дабрабыту на лецішчах, на бацькоўскіх падворках у вёсках ці ў іншых месцах, каб забяспечыць сябе гуркамі, памідорамі, буракамі, моркваю, яблыкамі ды іншым правіянтам ва ўмовах, калі заробкі падаюць, праца скарачаецца, а дзяржава не ведае, як зводзіць канцы з канцамі і забяспечваць выбарцам больш-менш годнае існаванне.


І вось якую палітычную актыўнасць электарата можна прадказаць на гэты летні час? Адказ адназначны — гэтая актыўнасць будзе мінімальнай. Калі ўжо людзі не выходзяць у масавым парадку на акцыю да 30-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, наступствы якой адбіліся ледзьве не на кожнай беларускай сім’я, то што чакаць ад кампаніі, якая, па сутнасці, нічога не мяняе ў жыцці беларускага шарагоўца?


Гэта адзін момант. Другі палягае ў тым, что ўладам і не патрэбна грамадзянская актыўнасць. Афіцыйны лідар ужо прадказаў падчас свайго апошняга штогадовага паслання да народа і парламента Беларусі, што ў палату прадстаўнікоў павінны прыйсці 70 адстоткаў новых дэпутатаў. То бок, гэта наўпроставы загад мясцовым вертыкалям і выбаркамам забяспечыць пераабранне” траціны дзеючых так званых народных абраннікаў, імёны якіх, на нашу думку, не ведаюць 99,9% выбарцаў. Гэта можна расцаніць як непасрэднае ўмяшанне галоўнага тутэйшага чыноўніка ў выбарчы працэс нават яшяэ да яго пачатку. Ці адпавядае гэта Канстытуцыі? Здагадайцеся самі, хоць і гэты дакумент ужо неаднойчы перапісваўся пад фактычнага правадыра Сінявокай.


Яшчэ адзін момант. Зноў варта вярнуцца да асобы Ярмошынай, нават і не да асобы, а да яе паводзінаў і дзеянняў на гэтай высокай пасадзе. Спачатку чыноўніца, якая дэ-юрэ з’яўляецца дзяржаўнай найміткай і павінна па ўсіх канонах захоўваць нейтралітэт у пытаннях асобаў, што удзельнічаюць ці толькі збіраюцца браць удзел у электаральных кампаніях, выказваецца на той конт, што яна не жадае бачыць у парламенце маладых людзей. І пры гэтым нагадвае прыклад Вярхоўнага Савета 12-га склікання, калі менавіта маладая апазіцыя ў гэтым парламенце фактычна дабілася незалежнасці Беларусі, зрабіла дзяржаўнымі старажытныя нацыянальныя сімвалы нашае краіны — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». Паводле Ярмошынай, ткая моладзь у выніку непераабрання робіцца апазіцыяй, а гэтай дзяячцы такія абставіны вельмі недаспадобы.


І ладна б толькі гэта. Якое права, маральнае і юрдычнае, мае старшыня Цэнтральнае камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў таварыш Ярмошына інструктаваць актыў праўласнага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” наконт таго, як паводзіць сябе падчас падтрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў? Гэтыя паводзіны Ярмошынай ўжо сведчаць пра тое, што закон для яе — не панацэя. А гэта значыць, што і гэтая кампанія будзе праходзіць па ранейшых сцэнарах.


Тым больш, кіраўніцтва Цэнтрвыбаркаму заяўляе, што нават калі і будуць улічаныя некаторыя пажаданні БДІПЧ АБСЕ па дэмакратызацыі выбарчага працэсу, то толькі неістотныя. Маўляў, уносіць змены ў Выбарчы кодэкс ды іншыя заканадаўчыя ці падзаконныя акты ўжо няма часу.


Блеф. Ва ўмовах сістэмы, якая склалася ў Беларусі за апошнія больш як дваццаць гадоў, тутака магчыма ўсё. Галоўнае — была б палітычная воля Лукашэнкі, які кіруе ўсім і ўсемі, але такой палітычнай волі не праглядваецца. І не прагледзецца, калі ведаць гэтага палітычнага дзеяча. Адным словам, разлічваць на тое, што ў новы склада палаты прадстаўнікоў трапіць нехта з рэальных апазіцыянераў, не даводзіцца.


Але вось вырашаць, браць ці не браць удзел у выбарчай кампаніі, мусяць тыя, хто яшчэ лічыць сябе палітыкамі, здольнымі хоць на нешта. Аналітыкі слушна заўважаюць, што без удзелу ў палітычных кампаніях у любых, нават самых неспрыяльных умовах поспеху дабіцца немагчыма. Тым больш што практыка байкоту ў беларускіх варунках так і не прыжылася па розных прычынах: з аднаго боку, бязмежнага ўжывання ўладаю адміністрацыйнага рэсурсу, з іншага боку – недахопу апазіцыйных рэсурсаў, змяншэння даверу да апанентаў кіраўніцтва краіны і няўмення апазіцянераў пераканаць выбаршчыкаў у карыснасці байкота.


І яшчэ, натуральна, істотным момантам з’яўляецца адсутнасць адзінства сярод апазіцыі, што ніяк не можа пазітыўна адбіцца на выніках кампаніі, калі нават з неба зваліліся б больш-менш спрыяльныя ўмовы для ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. І тут нават пытанне не ў тым, ці з’ўляецца тое, што сёння завецца парламентам, легітымнай і нешта вырашальнай структураю.  



Каментаваць