«Золата партыі»: Топ-6 рэліквіяў БНФ

За гады існавання партыя назбірала вялізную колькасць артэфактаў, якія фактычна з’яўляюцца рэліквіямі найноўшай гісторыі Беларусі — яе палітычнага жыцця 1990-х і 2000-х. Мы вырашылі спыніцца толькі на топавых артэфактах, пра гісторыю якіх нам распавёў намеснік старшыні БНФ Аляксей Янукевіч.


Сёння офіс БНФ уяўляе сабой сціплае паўпадвальнае памяшканне на Чарнышэўскага, 3. Тут праходзяць партыйныя нарады, сходы моладзі, круглыя сталы. Тут жа захоўваецца і партыйны архіў, а разам з ім рэчы, без якіх нельга ўявіць сабе бурлівыя вулічныя акцыі апошніх 20 год: ікона Маці Божай Чарнобыльскай, Звон свабоды і г.д.

Шыльда БНР

Масіўная мемарыяльная шыльда — праца знакамітага мастака і скульптара Алеся Шатэрніка. Яна мусіла быць усталяваная на доме па вул. Валадарскага, дзе была абвешчаная БНР у 1918 годзе. Але ўлады дагэтуль не ўзгадняюць усталяванне, таму шыльда захоўваецца на партыйным офісе.


“На 25 сакавіка зазвычай адбываліся найбольш жорскія разгоны вулічных акцыяў, — распавядае Янукевіч, — Ва ўладаў, на жаль, сваё стаўленне да гэтай даты, таму і шыльда дагэтуль тут. Але ў кантэксце падрыхтоўкі да 100-годдзя БНР шыльда набывае надзвычайную вартасць. Мы чакаем, каб дзяржава нарэшце прызнала прыняццё ІІІ Устаўной граматы БНР як дзяржаватворчую падзею ў нашай гісторыі!”

Аляксей дадае, што партыйцы і надалей будуць прыкладаць максімум намаганняў, каб шыльда ўсё ж такі з’явілася ў публічнай прасторы сталіцы. Дарэчы, са словаў Янукевича, гэта, напэўна, адзіная рэліквія, ад якой БНФ з радасцю пазбавіўся б, у выпадку, каб яна заняла сваё належнае месца.

Ікона Маці Божай Чарнобыльскай

Ікону напісаў легендарны мастак і шматгадовы сябра Сойма БНФ Аляксей Марачкін (Алесь Мара). Вобраз паспеў стаць знакамітым: яго заўсёды нясуць наперадзе штогадовага шэсця “Чарнобыльскі шлях” 26 красавіка.


“Розныя бывалі сітуацыі, цярпела і сама ікона, і тыя, хто яе нёс, — тлумачыць Аляксей, — На вобразе ёсць плямы крыві, напамін пра гвалт падчас разгону вулічных шэсцяў. Міліцыянты спрабавалі забраць, хацелі, каб кінулі, аддалі, білі па руках… Гэта магутны сімвал не толькі Чарнобыльскага шляху, але і наогул — духоўнага абуджэння народу праз жахлівыя пакуты”.


Цікава, што падчас Чарнобыльскага Шляху можна бачыць нават выпадковых мінакоў, якія хрысцяцца перад гэтай іконай альбо нават кленчаць.

Звон Свабоды №1

Гэта самы першы Звон Свабоды, вядомы з пачатку 1990-х. Быў яшчэ адзін звон, які стаў адным з сімвалаў Плошчы-2006 — падобны, але іншы. Звон разліву 2006 году быў сканфіскаваны, а гэты, старэйшы, застаўся. Не адно дзесяцігоддзе ён падае голас як на Чарнобыльскім шляху, так і на іншых акцыях. Апошнім разам яго вывозілі ў Курапаты сёлета на “Ноч растраляных паэтаў”: пасля кожнага прозвішча забітага творцы гучаў удар звону.


“Звон таксама цярпеў: яго канфіскоўвалі, быў у міліцыі, адарвалі язык — хацелі каб ён змоўк, — з сумам канстатуе Янукевіч, — Таму зараз па ім б’юць металам са знешняга боку. Цяжка узгадаць, хто першапачаткова назваў яго “Звонам свабоды”, але назва годная. Ён б’е па тых, хто аддаў свае жыцці за свабоду, будзіць і абуджае людзей да свабоды зараз”.


Сам звон моцна пакоцаны са знешняга боку: неаднойчы падаў, яго цягалі па ашфальце міліцыянты падчас разгонаў, а калі не стала языка — кожны ўдар “званара” пакідаў зарубку.

Харугва з пагоняй

Гэта ўсяго толькі адна з серыі харугваў, вырабленых на пачатку 1990-х. Калі паглядзець фота тагачасных масавых шэсцяў Народнага фронту, яны багата аздобленыя як сцягамі, так і харугвамі: з гербамі гарадоў, рознымі надпісамі, варыяцыямі пагоні ды крыжа Еўфрасінні Полацкай. 


“Гэта жывая фарба, не друкарскі прынт, — распавядае Аляксей, — Матэрыял — натуральны лён. Памятаю, як усё гэта малявалася яшчэ на старой управе мастакамі з суполкі “Пагоня” напярэдадні шэсцяў. Замацоўвалі тканіну, спачатку алоўкам наноісіл эскіз, а пасля ўжо стваралі выяву фарбай. З аднаго боку, не было тады тэхналогіяў, якія б дазвалялі рабіць прынты, з іншага — сакральны сэнс: жывая фарба і тканіна, праца мастака. Так, як гэта рабілася стагоддзямі”.

Сапраўды, харугвы на акцыях — даволі нетыповая з’ява для постсавецкай прасторы, дзе на шэсцях, зазвычай, пануюць сцягі ды расцяжкі. У выпадку Беларусі, імаверна, гэта мастацкае пераасэнсаванне традыцыяў Грунвальда і Оршы, касінераў Касцюшкі, паўстанцаў Каліноўскага, якія выяўлялі свае азнакі на палатняных харугвах.


Брама “бастыёну свабоды”

Цікава, што на новым офісе захоўваюцца… дзверы ад старой управы БНФ, якая месцілася на Варвашэні, 8. Тое памяшканне паспела стаць легендай, бо дзейнічала ад пачатку 1990-х ажно да 2011 году, калі партыі адмовілі ў арэндзе: ягоным уласнікам была дзяржава.

“За гэтымі дзвярыма шматкроць удзельнікі акцыяў хаваліся ад “хапуноў” міліцыі, — настальгічна пасміхаецца наш субяседнік, — Міліцыя не заходзілі за дзверы, таму гэта была брама, якая давала абарону. Аднойчы толькі ў 1996-м пасля Чарнобыльскага Шляху, спецназ штурмаваў управу і дзверы не дапамаглі… Тады яны шукалі Пазняка. Але Зянон Станіслававіч выйшаў праз чорны ход, з чаго і пачалася яго “эмігранцкая адысея”.


Дзверы цікавыя і з мастацкага пункту гледжання, бо рабіліся адмыслова пад партыйную замову. З драўланях планак выкладзены шасціканцовы крыж, а зашклёнае вакенца зроблена ў форме васьміканцовай зоркі — папулярнага матыву беларускіх арнаментаў. Аляксей верыць, што некалі партыя вернецца на стары офіс на Варвашэні, тады і дзверы “бастыёну” зноў прыдадуцца.

Котка Ірыска

Не рэліквіяй, а хутчэй жывым талісманам БНФ сёння можна лічыць котку Ірыску, што жыве наўпрост на офісе партыі. Яна была выпадкова знойдзеная партыйцамі каля крыніцы ў лесе ў Лепельскім раёне. Былі паламаныя лапы, хвост, паскубаныя вусы…


“Калі ветэрынары сказалі, што котка мае ад 2-х да 3-х год, мы не давалі веры, — узгадвае Янукевіч, — Чаму? Бо яна зусім маленечкая была, як кацянё! Зараз набрала вагу, прыжылася, сталася талісманам, які стварае ўтульную атмасферу”.

Котка перанесла шмат аперацыяў, а ў назе дагэтуль мае металічную спіцу. Ірыску берагуць ды абхожваюць з усіх бакоў: на ўваходзе нават вісіць памятка, каб наведнікі зачынялі дзверы, інакш — котка ўцячэ.

Пасляслоўе

Што ж далей рабіць з усімі гэтымі скарбамі, якія па значнасці для найноўшай гісторыі Беларусі не змяшчаюцца ў фармат асобна ўзятай партыі? Пазіцыя БНФ — захоўваць да лепшых часоў.

“Калі зменіцца дзяржаўная палітыка, калі будуць створаныя належныя інстытуцыі для захавання гісторыі пратэстнага руху, калі не будзе больш патрэбы выносіць усё гэта на вуліцы падчас акцыяў, можна будзе сапраўды пакінуць нашчадкам — натуральна, перадамо дзяржаве. Пакуль гэта жывыя рэліквіі, жывое змаганне, таму яны тут”, — рэзюмуе Аляксей.


Фота Аляксандры Сергеевіч

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • МИшаня
  • 2017-12-10 22:06:45
Псевдополитик, псевдопартия. БНФ была при Зяноне, развал которой стоил 1 700 000 долларов. И этот Янукевич- обычный грантосос.
  • Ал
  • 2017-12-10 23:01:06
Вы ўласна прысутніалі пры перадачы грошай, "МИшаня"? Калі не - то вы проста троль-хрэнасос.
  • мышаня
  • 2017-12-11 00:42:11
Вельмі "цікавае" меркаванне сапраўднага эксперта))) ну-ну, так трымаць. Зянон-зянонам, а вашыя заслугі дзе? чый будзеш, радной?)
  • ш
  • 2017-12-11 09:18:12
МаШунЯ
  • Упраўскі кот
  • 2017-12-13 01:50:06
Варта было б да топ-7 дадаць яшчэ гістарычныя шыльды Сойм БНФ і Управа БНФ - таксама са старой сядзібы перавезеныя былі

Каментаваць